На фота: палітзняволеныя Андрэй Аляксандраў і Ірына Злобіна
Праваабарончы цэнтр "Вясна" апублікаваў чарговы аналітычны агляд сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі за кастрычнік 2022 года.
паглыбляецца грамадска-палітычны крызіс і крызіс правоў чалавека ў Беларусі; на працягу месяца ўлады працягвалі актыўна ўжываць крымінальны і адміністрацыйны пераслед грамадзян паводле палітычных матываў, у тым ліку за антываенныя выступы;
у месцах няволі паводле прысудаў судоў на 1 лістапада знаходзілася 1 353 палітвязні, іх колькасць расце, за месяц праваабарончая супольнасць прызнала такімі 72 чалавекі;
у следчым ізалятары згодна з новымі адвольнымі абвінавачваннямі працягваюць утрымлівацца сябры ПЦ "Вясна": старшыня арганізацыі Алесь Бяляцкі, сябра Рады ПЦ "Вясна", віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH) Валянцін Стэфановіч; юрыст, каардынатар кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Уладзімір Лабковіч;
Алесь Бяляцкі стаў адным з трох лаўрэатаў Нобелеўскай прэміі міру, Валянцін Стэфановіч пераабраны віцэ-прэзідэнтам Федэрацыі за правы чалавека (FIDH);
каардынатарка Валанцёрскай службы "Вясны" Марфа Рабкова і валанцёр Андрэй Чапюк, асуджаныя да 15 і 6 гадоў зняволення адпаведна, чакаюць апеляцыйнага перагляду крымінальнай справы; сябра ПЦ "Вясна", кіраўнік Цэнтру стратэгічнай цяжбы Леанід Судаленка асуджаны да трох гадоў і адбывае пакаранне ў папраўчай калоніі;
працягваюцца адвольныя затрыманні грамадзян за рэалізацыю сваіх грамадзянскіх правоў; за кастрычнік ПЦ "Вясна" стала вядома пра 53 выпадкі палітычна матываванага адміністрацыйнага пераследу. З іх вядома толькі пра тры пастановы суда (прызначаны адміністрацыйны арышт);
па-ранейшаму фіксуюцца факты ўжывання катаванняў і забароненых відаў абыходжання падчас расследавання палітычна матываваных крымінальных спраў;
працягваецца пераслед грамадзян пад выглядам барацьбы з экстрэмізмам і тэрарызмам;
Міжнародны дзень барацьбы супраць смяротнага пакарання адзначаецца 10 кастрычніка. Беларусь па-ранейшаму застаецца адзінай краінай у Еўропе, дзе ўжываецца такі від пакарання.
Крымінальны пераслед апанентаў улады, удзельнікаў пратэсных выступаў і іншадумцаў па-ранейшаму застаецца найбольш жорсткай і запатрабаванай уладамі формай рэпрэсій. Прыкметы пераследу паводле палітычных матываў дазваляе ацэньваць іх як злачынства супраць чалавечнасці. Па стане на 1 лістапада 2022 года палітычнымі зняволенымі ў Беларусі прызнаныя 1 353 чалавекі. Абвінавачванні, якія сустракаюцца сярод іх найчасцей, — арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх), арт. 369 КК (абраза прадстаўніка ўлады) і арт. 130 КК (распальванне варожасці ці варажнечы).
За кастрычнік 2022 года палітычнымі зняволенымі прызналі 72 чалавекі. Абвінавачванні ўладаў датычыліся распальвання сацыяльнай варожасці і варажнечы ці закліку да санкцый (заявы ад 3 кастрычніка і ад 21 кастрычніка), групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (заявы ад 5 кастрычніка і ад 31 кастрычніка) і дыфамацыі (г. зн. абраза прадстаўнікоў улады).
У справах аб распальванні сацыяльнай варожасці і варажнечы (арт. 130 КК) у якасці асобнай сацыяльнай групы, у дачыненні да якой сацыяльная варожасць ці варажнеча распальвалася, вылучаюцца прадстаўнікі сілавых структур. Дадзены крымінальны артыкул паводле свайго сэнсу павінен абараняць уразлівыя групы. Прадстаўнікі ўлады, якія валодаюць легітымным дазволам на гвалт (міліцыя, вайскоўцы і да т. п.) не могуць быць аднесены да ўразлівай групы, таму што яны знаходзяцца ў прывілеяваным становішчы і абароненыя дзяржавай з прычыны выканання сваіх функцый. Таму вылучэнне іх ва ўразлівую групу з'яўляецца злоўжываннем законам.
Не змяншаецца плынь крымінальных спраў у дачыненні да ўдзельнікаў акцый пратэсту ў жніўні 2020 года, у перыяд вулічных пратэстаў, калі з боку міліцыі мела месца непрапарцыйнае ўжыванне сілы у дачыненні да мірных пратэстоўцаў. За месяц 34 чалавекі асуджаныя за групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342 КК). Абвінавачаныя па дадзеным артыкуле не здзяйснялі падпалаў і пагромаў, не аказвалі ўзброенага супраціву праваахоўным органам — у іх дзеяннях няма складу злачынства, якое ставіцца ім у віну.
Крымінальныя пераследы паводле ч. 1 арт. 342 КК суправаджаюцца пазовамі пракурораў на карысць "Мінсктрансу" за блакаванне дарог і перашкоду працы грамадскага транспарту. Паводле крымінальнай справы ў дачыненні да Яраслава Збароўскага канфіскавалі сродак блакавання дарог — аўтамабіль.
Шэраг крымінальных спраў, абвінавачаныя па якіх прызнаныя палітычнымі зняволенымі, звязаны з абразай прадстаўнікоў улады, у тым ліку тры фігуранты "справы Зельцэра"” — серыі крымінальных спраў за негатыўныя каментары ў адносінах да прадстаўнікоў сілавых структур і іншых ведамстваў як рэакцыя на відэа, на якім быў смяротна паранены супрацоўнік КДБ.
Таксама палітвязнямі былі прызнаныя фігуранты крымінальных спраў, цяжкасць прызначанага пакарання якіх з'яўляецца непрапарцыйна жорсткім з прычыны імкнення уладаў пакараць за іншадумства і выказванне пратэсту (як, напрыклад, абвінавачванні ва ўдзеле ў тэрарыстычнай арганізацыі). Закрытыя судовыя пасяджэнні не дазваляюць ацаніць сутнасці выстаўленых абвінавачванняў і доказную базу па такіх справах, што, верагодна, і з'яўляецца адной з мэтаў нядопуску публікі і прэсы на судовыя працэсы.
Больш за 10 чалавек, асуджаных паводле палітычных матываў да абмежавання волі, былі затрыманыя, у іх правяралася змесціва тэлефонаў і перапісак у мэсэнджарах.
У следчым ізалятары паводле новых адвольных абвінавачванняў працягваюць утрымлівацца сябры ПЦ "Вясна": старшыня арганізацыі Алесь Бяляцкі, сябра Рады ПЦ "Вясна" Валянцін Стэфановіч, юрыст, каардынатар кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары Уладзімір Лабковіч. Следчы камітэт адмовіўся ад раней высунутых ім абвінавачванняў, на падставе якіх праваабаронцы больш за год ўтрымліваліся ў турме, і прад’явіў новыя, якія прадугледжваюць больш жорсткае пакаранне. Каардынатарка Валанцёрскай службы "Вясны" Марфа Рабкова і валанцёр Андрэй Чапюк, асуджаныя да 15 і 6 гадоў пазбаўлення волі адпаведна, чакаюць апеляцыйнага перагляду крымінальнай справы; сябра ПЦ "Вясна", кіраўнік Цэнтру стратэгічнай цяжбы Леанід Судаленка асуджаны да трох гадоў і адбывае пакаранне ў папраўчай калоніі.
Алесь Бяляцкі стаў адным з трох лаўрэатаў Нобелеўскай прэміі міру. Валянцін Стэфановіч пераабраны віцэ-прэзідэнтам Федэрацыі за правы чалавека (FIDH).
Упраўленне Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека апублікавала заяву з патрабаваннем вызваліць старшыню "Вясны" Алеся Бяляцкага, які быў ганараваны Нобелеўскай прэміяй міру, а таксама іншых зняволеных праваабаронцаў.
У Мінскім гарадскім судзе 13 кастрычніка асудзілі палітзняволеных старшыню пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі Свабоднага прафсаюза металістаў на ААТ "Мінскі аўтамабільны завод" Арцёма Жэрнака і Данііла Чэўнакова. Справу супраць палітвязняў разглядалі ў закрытым рэжыме паводле ч. 3 арт. 361 КК (заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь); ч. 1 арт. 342 КК (удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак); ч. 1 арт. 361-1 КК (стварэнне экстрэмісцкага фармавання ці ўдзел у ім). Суддзя Наталля Бугук прызначыла Арцёму чатыры гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму, а Даніілу — пяць гадоў ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Гэтая справа — прыклад пераследу за ажыццяўленне правоў і свабод, а таксама яркае сведчанне пераследу незалежных прафсаюзаў.
Пераслед палітвязняў не сканчаецца вынясеннем прысуду: палітзняволеную Паліну Шарэнду-Панасюк ізноў збіраюцца судзіць за злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі. У красавіку Паліну ўжо асудзілі паводле ч. 2 арт. 411 КК: тады суд прызначыў ёй у дадатак да двух гадоў зняволення яшчэ адзін год у калоніі. Ёй ізноў пагражае да двух гадоў калоніі.
На канец кастрычніка ў месцах зняволення ўтрымліваюцца 32 журналісты і супрацоўнікі СМІ. У кастрычніку скончыўся разгляд некалькіх знакавых крымінальных спраў у дачыненні да прадстаўнікоў медыя.
Так, у Мінскім абласным судзе 6 кастрычніка быў вынесены прысуд па рэзананснай "справе БелаПАН". Журналісту і медыямэнэджару Андрэю Аляксандраву прызначылі 14 гадоў калоніі, ягонай жонцы Ірыне Злобінай — 9 гадоў калоніі, галоўнай рэдактарцы і дырэктарцы "БелаПАНа" Ірыне Леўшынай — 4 гады калоніі, былому дырэктару агенцтва Дзмітрыю Наважылаву — 6 гадоў калоніі. Акрамя гэтага, палітвязням прызначылі буйныя штрафы: Аляксандраву — 1000 базавых велічыняў, Злобінай — 800 базавых, Наважылаву — 700 базавых. Таксама ім забаронена займаць пэўныя пасады на працягу пяці гадоў. Такія прысуды вынес суддзя Вячаслаў Тулейка. Суд доўжыўся ў закрытым рэжыме роўна чатыры месяцы.
Мінскі гарадскі суд 26 кастрычніка вынес рашэнне па крымінальнай справе палітзняволенага рэдактара партала "Ежедневник" Сяргея Сацука. Справу разглядала суддзя Святлана Бандарэнка. Журналіста абвінавацілі паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса: ч. 2 арт. 430 (атрыманне хабару), ч. 2 арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці і варажнечы), ч. 2 арт. 426 (перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў). Падставай для пераследу журналіста, на думку калегаў Сацука, сталіся гучныя расследаванні, найперш датычныя маштабнай карупцыі ў медыцынскай сферы. Пакаранне — пазбаўленне волі тэрмінам на восем гадоў ва ўмовах агульнага рэжыму.
На наступны дзень Мінскі гарадскі суд вынес прысуд па крымінальнай справе, распачатай на незалежнага журналіста, палітзняволенага Аляксандра Любенчука, які абвінавачваўся ва ўваходжанні ў склад экстрэмісцкага фармавання (ч. 3 арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса). Справу разглядала суддзя Алена Ананіч. Журналіста Аляксандра Любенчука затрымалі 26 траўня 2022 года пасля ператрусу ў ягонай хаце ў вёсцы Крывічы Іўеўскага раёна. Аляксандр зазнаваў арышты за журналісцкую працу на акцыях пратэсту пасля выбараў-2020. У апошнія гады ён шмат займаўся дабрачыннасцю, дапамагаў дзецям-сіротам, арганізоўваў турыстычныя паходы і аднаўляў гісторыка-культурную спадчыну Навагрудчыны. Пакаранне — пазбаўленне волі тэрмінам на тры гады ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
Больш за восем месяцаў доўжыцца актыўная фаза развязанай Расійскай Федэрацыяй поўнамаштабнай вайны ва Украіне, у якой задзейнічаны размешчаныя на тэрыторыі Беларусі войскі агрэсара і выкарыстоўваецца беларуская інфраструктура. Грамадзян па-ранейшаму пераследуюць за любыя формы антываеннага пратэсту і выказвання меркаванняў.
Юрый Станеўскі і Дзмітрый Шабетнік асуджаны да пазбаўлення волі за негатыўныя выказванні ў інтэрнэце на адрас расійскіх вайскоўцаў, праваахоўных органаў і ўладаў Беларусі. Ілля Верамееў асуджаны да пазбаўлення волі за негатыўныя каментары ў дачыненні да праваахоўных органаў і заклікі да супраціву ў якасці рэакцыі на агрэсію Расіі ў адносінах да Украіны з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі.
У Мінскім раённым судзе 17 кастрычніка быў вынесены прысуд па крымінальнай справе супраць палітзняволенага "рэйкавага партызана" Сяргея Глебкі — 11 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і штраф у 300 базавых велічынь (9 600 рублёў). Мужчына быў затрыманы ў ноч з 1 на 2 сакавіка ў Стоўбцах разам з жонкай за падпал бярвення з мэтай перашкаджэння руху цягнікоў з тэхнікай і боепрыпасамі расійскіх войскаў. Пасля затрымання Сяргей быў збіты — гэта заўважна на "пакаяльных відэа". Палітвязня абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 289 (акт тэрарызму) і ч. 4 арт. 309 (наўмыснае прывядзенне чыгуначных шляхоў злучэння ў непрыдатны для эксплуатацыі стан у мэтах здзяйснення акту тэрарызму) Крымінальнага кодэкса. Справу два месяцы ў адкрытым рэжыме разглядаў суддзя Антон Колабаў. Паводле матэрыялаў справы Глебка сёлета ў сакавіку ў Стоўбцах "у мэтах дэстабілізацыі нармальнай працы чыгуначнага транспарту распаліў вогнішча на галоўным пуці непасрэдна перад праездам пасажырскага цягніка". Лакаматыўная брыгада не паспела своечасова ўжыць экстранае тармажэнне і цягнік праехаў над агнём. Машыніст грузавога чыгуначнага састава, які ехаў праз некаторы час, спыніў цягнік перад месцам узгарання "дзякуючы папярэджанню дыспетчарскай службы Беларускай чыгункі". Сам абвінавачаны сказаў, што фактычна ўначы падпаліў два палены на рэйках. Шкоды саставам і пуцям нанесена не было.
У Гомельскім абласным судзе 12 кастрычніка судзілі Валянціна Федарэнку паводле ч. 1 арт. 361-4 і ч. 2 арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Справу разглядаў суддзя Аляксандр Піскуноў. Валянцін Федарэнка даслаў 160 тэкставых паведамленняў на польскі нумар тэлеканала "Белсат". За гэта яго абвінавацілі ў "садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці". У паведамленнях мужчына пісаў пра перасоўванне расійскай вайсковай тэхнікі ў Гомелі і ўзлёты расійскіх самалётаў з аэрадромаў Гомельскай вобласці.
Магілёўскі абласны суд 12 кастрычніка завяршыў разгляд па крымінальнай справе жыхара Асіповічаў Аляксея Шышкаўца, якога абвінавачвалі ў тэрарызме (арт. 289 Крымінальнага кодэкса), і ўваходжанні ў экстрэмісцкае фармаванне (ч. 3 арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса). Справу разглядаў суддзя Сяргей Мазураў. Аднаго з беларускіх "рэйкавых партызанаў", палітзняволенага Аляксея Шышкаўца затрымалі сёлета ў сакавіку і абвінавацілі ва ўваходжанні ў склад "экстрэмісцкага фармавання ByPol, аўтарызаваўшыся ў мабілізацыйным чат-боце для ажыццяўлення супрацьпраўных дзеянняў у Беларусі". 1 сакавіка ён нібы атрымаў указанні па блакаванні чыгуначных пуцей, а таксама па вырабе і выкарыстанні "кактэйляў Молатава". У выніку суддзя Сяргей Мазураў прысудзіў мужчыну 11 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.
Пасля прэзідэнцкіх выбараў у жніўні 2020 г. у Беларусі не адбылося ніводнага санкцыянаванага ўладамі масавага мерапрыемства апазіцыі. Закон "Аб масавых мерапрыемствах" ставіць непераадольныя перашкоды для правядзення мірных сходаў. Пазбаўленне і абмежаванне волі ўдзельнікаў мірных пратэстаў і іншадумцаў працягвае заставацца найболей цяжкімі парушэннямі свабоды мірных сходаў і свабоды выказвання меркаванняў.
Варта падкрэсліць, што гэта — не ініцыятыва мясцовых органаў улады, якія адказныя за забеспячэнне права на мірныя сходы згодна з законам, а вызначаная вышэйшым кіраўніцтвам палітыка: 20 кастрычніка 2020 года А. Лукашэнка заявіў: "Дрэнна, што бадзяюцца па Мінску, дрэнна, што паводзяць сябе нахабна. Але мы памянялі тактыку. Мы ў спакойным рэжыме знойдзем кожнага. Сучасныя сродкі дазваляюць гэта рабіць, што мы, дарэчы, і робім. І кожны адкажа за свае дзеянні. [...] Мы ў гэтым кірунку працуем. І гэта дае пэўны эфект".
Праз два гады затрыманні ўдзельнікаў мірных сходаў, што адбыліся пасля прэзідэнцкіх выбараў, працягваюцца. Суды выносяць выракі ў дачыненні да пратэстоўцаў 2020 года.
Трэцяга кастрычніка суддзя суда Ленінскага раёна горада Мінска Марына Клімчук прызнала Мілану Вальфовіч вінаватай паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса і прызначыла ёй пакаранне тэрмінам 2 гады і 6 месяцаў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.
Мілану абвінавацілі ў тым, што яна ўзяла ўдзел у нядзельным Маршы "з мэтай публічнага выказвання незаконнымі спосабамі сваіх грамадска-палітычных поглядаў і пратэсту, вядзення дэструктыўнай дзейнасці". Тым самым яна "прыняла актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак". Таксама жанчыне ставілася ў віну непадпарадкаванне прадстаўнікам улады і перашкаджэнне руху грамадскага транспарту. Мілану апазналі па фатаграфіях з Марша, якія сілавікі знайшлі ў ейным тэлефоне.
Трэцяга кастрычніка затрымалі былую выкладчыцу МДЛУ Наталлю Дуліну — у межах крымінальнай справы за ўдзел у пратэстах (арт. 342 Крымінальнага кодэкса). Затрымлівалі яе прынамсі шэсць сілавікоў. Да гэтага на працягу года жанчыну затрымлівалі чатыры разы і судзілі паводле палітычна матываваных адміністрацыйных артыкулаў.
Шостага кастрычніка ў судзе Кастрычніцкага раёна горада Гродна да 2,5 гадоў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу асудзілі 26-гадовага Андрэя Лагуна. Яго прызналі вінаватым паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса за ўдзел у Маршы 6 верасня 2020 года. Той "Марш адзінства" ў Гродне быў адметны жорсткімі затрыманнямі, падчас якіх сілавікі распылялі слезацечны газ супраць пратэстоўцаў. Андрэй да суда ўтрымліваўся пад вартай два месяцы ў гродзенскай турме. Справу разглядаў суддзя Віталь Лабоцкі, дзяржаўнае абвінавачванне падтрымлівала Ганна Каралько.
26 кастрычніка вынесены прысуд палітзняволеным Раману Багрыю і Вікторыі Ждановіч. Вікторыі прысудзілі адзін год пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму, Раману — два з паловай гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Пару прызналі вінаватымі паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса за ўдзел у Маршах — мірных акцыях пратэсту другой паловы 2020 года. Справу разглядаў суддзя суда Савецкага раёна горада Мінска Сяргей Шаціла.
31 кастрычніка суддзя суда Фрунзенскага раёна горада Мінска Ала Скуратовіч вынесла прысуд сябрам Аб'яднанай грамадзянскай партыі: Артуру Смалякову і Дзіяне Чарнушынай — па два гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму; Андрусю Асмалоўскаму — тры гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Усіх абвінавачаных ва ўдзеле ў мірных акцыях пратэсту прызналі вінаватымі ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або ў актыўным удзеле ў такіх дзеяннях (ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса).
Артур Смалякоў быў затрыманы 27 ліпеня 2022 года. Пасля 15 сутак адміністрацыйнага арышту на волю не выйшаў. Да суда ён ўтрымліваўся ў мінскім СІЗА № 1. Андруся Асмалоўскага і Дзіяну Чарнушыну затрымалі 29 ліпеня 2022 года. Да суда яны ўтрымліваліся ў СІЗА № 1 Мінска. Вядома, што Дзіяна выхоўвае непаўнагадовае дзіця з інваліднасцю.
Гэтыя і іншыя выпадкі асуджэння за ажыццяўленне сваіх правоў сведчаць пра працяг крызісу правоў чалавека ў Беларусі.
Адміністрацыйны пераслед: у кастрычніку 2022 года "Вясне" стала вядома пра 53 выпадкі палітычна матываванага адміністрацыйнага пераследу. З іх вядома толькі пра тры рашэнні суда, паводле якіх накладзены адміністрацыйны арышт.
6 кастрычніка 15 сутак адміністрацыйнага арышту адбыла Наста Лойка, праваабаронца Human Constanta. Гэта былі другія 15 сутак запар паводле абвінавачвання ў "дробным хуліганстве" (арт. 19.1 КаАП). Раней у дачыненні да праваабаронцы была распачата крымінальная справа і ўзята падпіска аб нявыездзе, аднак 7 кастрычніка Следчы камітэт спыніў справу. 30 кастрычніка праваабаронцу затрымалі чарговы раз, дома ў яе адбыўся ператрус. Таксама з'явілася відэа, на якім яна "прызнаецца" ў атрыманні фінансавання ад замежных арганізацый.
Улады цынічна эксплуатуюць тэму барацьбы з экстрэмізмам і тэрарызмам дзеля апраўдання рэпрэсій у дачыненні да пратэстоўцаў і іншадумцаў. Гэтаму садзейнічае спрэчны змест адпаведнага нацыянальнага заканадаўства, якое неапраўдана шырока і недакладна вызначае экстрэмізм. Мінулы месяц быў асабліва прыкметным у сувязі з гэтым: па-першае, 18 кастрычніка быў роўна год, як улады прызналі першае "экстрэмісцкае фармаванне". Па-другое, за гэты месяц улады пабілі свой рэкорд па колькасці асоб, прызнаных датычнымі да экстрэмісцкай дзейнасці.
Калі на пачатак месяца ў спісе было 573 чалавекі, то цяпер там 1 469 чалавек. Толькі за 28 кастрычніка МУС прызнаў адразу 625 чалавек "экстрэмістамі".
Асоб, датычных да экстрэмізму, і экстрэмісцкія фармаванні вылічаюць МУС і КДБ. Падставай для ўключэння чалавека ў спіс асоб, датычных да экстрэмізму, для праваахоўнікаў служаць прысуды паводле артыкулаў Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, якія самім фактам свайго існавання абмяжоўваюць асноўныя правы чалавека і якія рэжым актыўна прымяняе супраць тых, хто не адпавядае ягоным адвольным патрабаванням і абмежаванням.
За кастрычнік 437 чалавек унесены ў спіс МУС на падставе прысудаў паводле арт. 342 КК "Арганізацыя або падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх". Спіс таксама павялічыўся на 17 чалавек, якіх асудзілі паводле арт. 293 КК "Масавыя беспарадкі".
Асобы, на думку дзяржавы, датычныя да экстрэмізму, — гэта галоўная рэдактарка газеты "Новы Час" Аксана Колб, былы палітзняволены супрацоўнік БМЗ Аляксандр Баброў, які 16 верасня 2021 года быў памілаваны, былы палітвязень Данііл Калеснікаў, якога асудзілі да калоніі ў 17 гадоў, палітзняволеная Дар'я Ляўко, якой прызначана прымусовае лячэнне, і шматлікія іншыя людзі.
Беларускі рэжым пераследуе ўсіх людзей, якія не адпавядаюць "дзяржаўнай ідэалогіі", нават тых, хто адносіцца да ўразлівых груп. У гэтым месяцы такімі прыкладамі са спісу "экстрэмістаў" з’яўляюцца палітзняволены з разумовай адсталасцю Дзмітрый Гопта або былы палітзняволены — бяздомны Аляксандр Кутас. Цяпер і яны таксама, на думку дзяржавы, з’яўляюцца асобамі, датычнымі да экстрэмісцкай дзейнасці.
Другая па колькасці група людзей, якія з кастрычніка лічацца экстрэмістамі, — тыя, каго асудзілі паводле дыфамацыйных артыкулаў Крымінальнага кодэкса 369 "Абраза прадстаўніка ўлады" (238 чалавек) або 368 "Абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь" (110 чалавек).
Прыклады такіх людзей — гэта палітзняволены лекар-неўролаг Аляксандр Цялега і стваральніца Іўеўскага музея нацыянальных культур Рэгіна Лавор, якая адбывае абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.
Акрамя таго, спіс папоўніўся чатырма чалавекамі, якіх асудзілі паводле арт. 289 КК "Акт тэрарызму". Напрыклад, гэта асуджаны да 10 гадоў палітзняволены Ягор Міхайлаў, ён праходзіў па справе аб сімвалічным падпале танка Т-72 у вайсковым эшалоне на чыгуначнай станцыі ў Сцяпянцы.
З 896 асобаў, якія ўключаны ў спіс у кастрычніку, маюць у якасці падставы прысуд па артыкулах са складам злачынства, якія ўтрымліваюць у дыспазіцыі паняцце "экстрэмізм", толькі 12 чалавек (арт. 361-1,2,4,5 КК, арт. 423-1 КК).
За выказванне меркавання працягваецца пераслед людзей на падставе артыкула 19.11 "Распаўсюджванне, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або якая прапагандуе такую дзейнасць" Кодэкса аб адміністратыўных правапарушэннях. Гэта рэпосты ў прыватных паведамленнях або ў сваім профілі ў сацыяльных сетках, падпіскі на Telegram-каналы або публічныя старонкі, якія прызнаныя экстрэмісцкімі матэрыяламі, і г. д.
Спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў рэгулярна пашыраецца і публікуецца на сайце Міністэрства інфармацыі. За кастрычнік гэты пералік павялічыўся на 52 адзінкі інфармацыйнай прадукцыі. З іх — 47 Telegram-каналаў.
Пераважная большасць экстрэмісцкіх матэрыялаў, якія былі прызнаныя такімі ў кастрычніку, тычацца грамадска-палітычнага і культурнага жыцця Беларусі.
Напрыклад, цяпер экстрэмісцкімі матэрыяламі з’яўляюцца: беларускае выданне дзіцячай кнігі Нобелеўскага лаўрэата Іосіфа Бродскага "Балада пра маленькi буксiр" і кніга гісторыка Уладзіміра Арлова "Айчына: Маляўнiчая гiсторыя". Абедзве выпускала выдавецтва "Янушкевіч".
Таксама ў спісе можна пабачыць Telegram-канал "Тюрьма для жизни", які на гэты момант мае амаль 6 000 падпісчыкаў і дзе публікуюцца цытаты і думкі Сяргея Ціханоўскага; канал "Вясна: Палітвязні Беларусі"; лагатып (вадзяны знак) у выглядзе камбінацыі лічбаў "23.34", намаляваных чырвоным колерам у прамавугольніку чырвонага колеру на белым фоне; група ў сацыяльнай сетцы "Одноклассники" з назвай "Витебская Область Перемен!"; відэаролік з YouTube-канала "жизнь-малина"; Telegram-група з назвай "Volkswagen club Gomel"; шмат рэгіянальных пратэсных каналаў у Telegram і г. д.
Акрамя каналаў у мэсэнджары Telegram, у спісе за кастрычнік можна ўбачыць адну манаграфію, два наборы Telegram-стыкераў, два асабістыя профілі — у "ВКонтакте" і ў "Одноклассниках" і інш.
Выключэннем з грамадска-палітычнай тэмы з’яўляюцца сапраўдныя экстрэмісцкія матэрыялы, але іх няшмат: стыкеры ў мэсэнджары Telegram з нацысцкай сімволікай і да пяці іншых адзінак.
Акрамя спісу асобаў, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці, і спісу экстрэмісцкіх матэрыялаў, на сайце МУС ужо на працягу года абнаўляецца спіс экстрэмісцкіх фармаванняў у выглядзе пераліку арганізацый, фармаванняў, індывідуальных прадпрымальнікаў, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці. На цяперашні момант у гэтым пераліку налічваецца 97 фармаванняў.
Экстрэмісцкімі фармаваннямі ў кастрычніку былі прызнаныя шэсць адзінак, сярод якіх "SOS-BY — Свободное объединение спортсменов Беларуси", арганізацыя "Дапамога", зарэгістраваная ў Літоўскай Рэспубліцы, грамадскае аб’яднанне "Экодом", Беларускi полк "Пагоня" і "Валерий Цепкало" — "група грамадзян, аб'яднаных пад агульным кіраўніцтвам Цапкалы В. В., у тым ліку праз шэраг Інтэрнет-рэсурсаў".
Праваабаронцы працягваюць фіксаваць выпадкі катаванняў і жорсткага абыходжання, якія застаюцца беспакаранымі.
Былы палітзняволены Канстанцін Яршоў распавёў пра катаванні і жорсткае абыходжанне ў ІЧУ на Акрэсціна і ў СІЗА-1.
Пра негуманныя ўмовы абыходжання ў СІЗА-1 таксама паведамляе праваабаронца "Вясны" — палітзняволены Уладзімір Лабковіч.
Стала вядомая таксама гісторыя студэнта МДЛУ, які ў дзень канстытуцыйнага рэферэндуму быў затрыманы на выбарчым участку за тое, што прыйшоў са сцягам Украіны на плячах. Раней, у 2020 годзе, ён ужо зазнаў збіванні з боку праваахоўных органаў за ўдзел у мірным пратэсце.
Сястра Іллі Верамеева таксама падзялілася гісторыяй пра ціск на ейнага брата ў Гомельскім СІЗА.