Адукацыйна-асветніцкая ініцыятыва Беларуская Праваабарончая школа сумесна з Беларускім нацыянальным моладзевым саветам “РАДА” абвяшчаюць набор на Базавую школу па правах чалавека і адвакацыі правоў моладзі, якая адбудзецца ў афлайнавым фармаце ў Польшчы.
На працягу васьмі дзён навучання будуць адбывацца лекцыі, семінары, воркшопы і іншыя заняткі розных інтэрактыўных формаў (напрыклад, форум-тэатр, відэа-лекцыі і інш).
Асноўныя тэмы Школы: уводзіны ў канцэпцыю правоў чалавека, роўнасць і недыскрымінацыя, нацыянальныя і міжнародныя механізмы абароны правоў чалавека, смяротнае пакаранне, мова варожасці, дзеянні ў абарону правоў чалавека і грамадскіх інтарэсаў і інш.
Скразной тэмай, якая будзе закранаць усе блокі праграмы, будзе тэма адвакацыі правоў моладзі — за час Школы вы таксама даведаецеся пра youth rights, міжнародныя інструменты абароны правоў моладзі і тое, як адвакатаваць інтарэсы беларускай моладзі.
Найбольш матываваныя ўдзельнікі_цы Школы пасля аканчэння праграмы могуць прэтэндаваць на ўдзел у адукацыйным моладзевым візіце ў Нарвегію для атрымання новага досведа, пашырэння кантактаў і дапрацоўкі уласных праектаў, накіраванах на адвакацыю правоў моладзі (кастрычнік 2023 году).
Працоўныя мовы: беларуская, руская.
Выкладчыкамі_цамі, трэнерамі_камі і экспертамі_камі Школы з’яўляюцца прадстаўнікі_цы вядучых праваабарончых арганізацый Беларусі і іншых краін, вядомыя і аўтарытэтныя спецыялісты_кі і практыкі_ні ў галіне правоў чалавека і права.
Да ўдзелу ў праграме запрашаюцца маладыя беларусы_кі (18 – 35 год) незалежна ад іх месца актуальнага пражывання, якія зацікаўленыя ў набыцці ведаў у галіне правоў чалавека. Група будзе сфармавана з 20-22 удзельнікаў_ніц на конкурснай аснове.
(пры наяўнасці высокай матывацыі і рэкамендацый узроставыя межы могуць быць пашырыныя па рашэнні арганізатараў_к праграмы)
Удзел у занятках і навучальныя матэрыялы бясплатныя. Арганізатары_кі бяруць на сябе расходы транспартных выдаткаў, пражывання і харчавання ўдзельнікаў_ніц. Магчыма дапамога ў візавым пытанні.
Арганізатары_кі пакідаюць за сабой права выключыць удзельніка_цу на любым этапе праграмы ў выпадку невыканання ўмоваў і патрабаванняў удзелу ў яе працы.
Даты правядзення Школы: 1 – 8 жніўня 2023 года ў Варшаве.
Дэдлайн падачы заявак: 15.07.2023 (уключна). Пра вынікі адбору арганізатары паведамяць не пазней за 20.07.2023.