«Злачынствы супраць чалавечнасці здзяйсняюцца ў цэнтры Еўропы проста цяпер, у 21 стагоддзі – таму, што беларусы хочуць свабодных і справядлівых выбараў».
У гэтым інтэрв’ю Фонд Дамоў правоў чалавека расказвае пра досвед Вікторыі Фёдаравай напярэдадні і падчас палітычнага крызісу.
Аўтар: Фонд Дамоў правоў чалавека
– Я думаю, што крызіс у Беларусі пачаўся з рэакцыі на падыход дзяржавы да пандэміі COVID. Нягледзячы на тое, што Лукашэнка назваў пандэмію “псіхозам”, менавіта грамадзянская супольнасць сабрала грошы, каб забяспечыць медыкаў сродкамі індывідуальнай абароны, бо іх зусім не было. Калі ў гэтым і было нешта станоўчае, то менавіта салідарнасць.
– У беларускіх уладаў – працяглая гісторыя парушэння правоў чалавека; часта хвалі гэтых парушэнняў супадаюць з электаральнымі цыкламі. Але ўлетку 202 года Беларусь спазнала не толькі крызіс з правамі чалавека, але і злачынствы супраць чалавечнасці. З-за выбараў людзей затрымлівалі, збівалі, катавалі і гвалтоўна вывозілі з краіны. Звальняюць з працы, адлічваюць з навучальных установаў. Ніхто не чакаў такога ўзроўню рэпрэсій.
– Напрыканцы 2020 года людзі кожную нядзелю хавалі пратэстоўцаў у сваіх кватэрах, каб іх не затрымала і не збіла міліцыя. Было цяжка гэта бачыць.
– Сёння сітуацыя толькі пагаршаецца. Пачалася новая хваля рэпрэсій супраць праваабаронцаў; у прыватнасці, супраць Міжнароднага камітэта па расследаванні катаванняў, дзе я працую. Многія, у тым ліку і я, былі змушаныя пакінуць краіну. Я хачу вярнуцца ў свабодную і бяспечную Беларусь, дзе паважаюць годнасць і правы кожнага чалавека.
– Колькасць зняволеных ужо перавышае 350 чалавек; суды над мірнымі дэманстрантамі адбываюцца штодня. Катаванні не спыняюцца: у ізалятарах наўмысна створаныя нечалавечыя ўмовы для затрыманых па палітычных матывах.
– Мы не ведаем, што наступнае зробіць дзяржава, каб захаваць уладу Лукашэнкі.
– Зафіксаваныя тысячы выпадкаў катаванняў: ахвяры апісваюць збіццё, працяглае стаянне ў нязручных позах, удары электрычным токам і як мінімум адзін выпадак згвалтавання. Нягледзячы на тысячы скаргаў у Следчы камітэт Рэспублікі Беларусь, не была ўзбуджаная ніводная крымінальная справа. Мы не бачым рэакцыі дзяржаўных органаў ні на адзін з гэтых фактаў. І ніводны чалавек, падазраваны ў прымяненні катаванняў, не быў адхілены ад выканання сваіх абавязкаў. Генеральны пракурор Лукашэнкі, які адначасова ачольвае Міністэрства ўнутраных справаў, не зрабіў ніводнай публічнай заявы, у якой бы асудзіў катаванні.
– Я не думаю пра заўтрашні дзень. Я не адчуваю, што сёння – красавік 2021 года. Бо мы як быццам жывем у бясконцым жніўні. Мы не заўважаем, як змяняюцца паравіны году, мы заўважаем толькі новыя рэпрэсіі, новыя затрыманні, новыя выпадкі катаванняў.
– Вельмі важна, каб сітуацыя ў Беларусі заставалася ў парадку дня сусветнай супольнасці. Кожны можа дапамагчы: падзяліцца навінамі пра Беларусь у сацыяльных сетках, праінфармаваць мясцовых палітыкаў і бізнэс.
– Беларусам патрэбная міжнародная падтрымка і рашучая рэакцыя міжнароднай супольнасці. Нажаль, беларускія рэпрэсіі знікаюць з міжнароднага парадку дня, нягледзячы на тое, што сітуацыя ў краіне не палепшылася, а толькі пагоршылася.
– Вельмі цяжка працаваць і жыць, бо мы, праваабаронцы, - неадымная частка грамадства; для нас праца – не толькі праца. Канешне, нас перапаўняюць эмоцыі, асабліва па вечарох. Скрушна глядзець на тое, як пакутваюць людзі. І канешне, сумна, што пратэсты працягваюцца ўжо восем месяцаў, але няма галоўнага жаданага выніку – новых выбараў.
– Кропкай невяртання, якую мы прайшлі яшчэ ў жніўні, былі масавыя катавані людзей і, канешне, забойствы пратэстоўцаў. І я мяркую, што людзі, якія пратэстуюць – і я ў тым ліку – разумеюць, што калі мы спынімся цяпер, калі Лукашэнка застанецца пры ўладзе, то значная колькасць людзе, асабліва самых эканамічна актыўных, уключна з IT-спецыялістамі, проста пакіне краіну. Калі Лукашэнка застанецца пры ўладзе, то нас чакаюць рэпрэсіі, як у нейкай Паўночнай Карэі, толькі ў цэнтры Еўропы, і ніхто не будзе расследаваць злачынствы супраць мірных грамадзян. І вінаватыя застануцца не пакаранымі.
– Мы не можам спыніць пратэсты, бо мы маем абавязак перад усімі ахвярамі, перад усімі людьмі, якія загінулі: мы павінныя працягваць. Мы маем шмат ахвяраў.
– Вярнуцца да ранейшага жыцця немагчыма; нас не задаволіць проста нейкі дыялог з тым чалавекам, які займае пасаду прэзідэнта. Я не магу называць яго прэзідэнтам, бо гэта не так.
Вікторыя Фёдарава,
праваабаронца, старшыня “Прававой ініцыятывы”, сяброўскай арганізацыі Беларускага дома правоў чалавека імя Барыса Звозскава
Аўтар інтэрв’ю: Фонд Дамоў правоў чалавека, Осла, Нарвегія. Пераклад з англійскай мовы. Арыгінал тут.