10 кастрычніка 2017 года Беларускі дом правоў чалавека імя Б. Звозскава далучыўся да “Прынцыпаў дзейнасці праваабаронцаў Беларусі”.
Гэты дакумент уяўляе сабой звод прафесійных і этычных прынцыпаў, якія вызначаюць патрабаванні да праваабаронцы і яго прафесійнай дзейнасці. Ён заснаваны на маральных крытэрах і традыцыях праваабарончай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь, а таксама на міжнародных стандартах і правілах праваабарончай дзейнасці.
“Апошнія крыху больш за 20 гадоў – гэта час з’яўлення, станаўлення і развіцця праваабарончай супольнасці Беларусі. Гэтыя гады – гэта і час самаўсведамлення сябе як асобнай часткі грамадзянскай супольнасці, прафесіяналізацыі, заяўлення пра сябе як частку сусветнага праваабарончага руху. Зараз можна дакладна казаць, што праваабарончая супольнасць Беларусі сфармавалася, ёсць, развіваецца, упітвае ў сябе міжнародныя стандарты. І зараз мы дасягнулі пэўнай “спеласці” для самаасэнсавання сябе, сваёй дзейнасці, сваіх каштоўнасцяў. Тое, што Прынцыпы з’явіліся — гэта якраз і прыкмета гэтай “спеласці”. Гэта дакумент не толькі для нас саміх, але і пэўны пасыл грамадству: хто мы, якімі каштоўнасцямі кіруемся, якіх стандартаў і правіл прытрымліваемся”, – распавяла Таццяна Рэвяка, Прэзідэнт Беларускага ДПЧ ім. Б.Звозскава.
Мэтай дадзеных прынцыпаў з’яўляецца стварэнне ў праваабарончай супольнасці адказнай карпаратыўнай культуры, што, з улікам сацыяльнай значнасці праваабарончай дзейнасці, будзе садзейнічаць падвышэнню грамадскага даверу і павагі да праваабарончай супольнасці. Прытрымлівацца гэтых прынцыпаў – маральны абавязак кожнага праваабаронцы.
Таццяна Рэвяка таксама падкрэсліла, што Прынцыпы накіраваныя на тое, каб аб’ядноўваць праваабарончую супольнасць: “Калі пачыланася праца над Прынцыпамі, былі апасенні, што выкладзеныя ў ім стандарты стануць не аб’ядноўваючымі, а раз’ядноўваючымі: маўляў, тут сапраўдныя праваабаронцы, а тут не. Але на выніках можна казаць, што Прынцыпы з’яўляюцца аб’ядноўваючымі для праваабаронцаў: калі вы абараняеце і прасоўваеце правы чалавека, прытрымліваецеся прынцыпу ўніверсальнасці і робіце гэта мірнымі сродкамі – вы дзейнічаеце згодна з праваабарончымі стандартамі. Але калі штосці з гэтых кампанентаў “выпадае”, то, можа, ваша дзейнасць у нейкім накірунку важная і карысная, але праваабарончай назваць яе не выпадае. Нельга быць за смяротнае пакаранне ці выступаць супраць бежанцаў і ЛГБТ і лічыць гэта праваабарончай пазіцыяй”.
Прынцыпы дзейнасці праваабаронцаў распаўсюджваюцца на ўзаемаадносіны праваабаронцаў паміж сабой, з ахвярамі парушэнняў правоў чалавека, з дзяржаўнымі органамі, з міжнароднымі арганізацыямі, арганізацыямі грамадзянскай супольнасці, іншымі прафесійнымі супольнасцямі, сродкамі масавай інфармацыі.
“На мой погляд, праца над Прынцыпамі адчыніла вельмі важную дыскусію пра стандарты праваабароны, самаідэнтыфікацыю арганізацый і асобных людзей у якасці праваабаронцаў. Верагодна, дыскусія будзе няпростай, але вельмі спадзяюся, што яна падштурхне і да больш глыбокага асэнсавання як самой канцэпцыі правоў чалавека, так праваабарончых стандартаў”, – адзначыла Таццяна Рэвяка.
Дакумент распаўсюджвае сваё дзеянне на беларускія праваабарончыя арганізацыі і праваабаронцаў у індывідуальным парадку і адкрыты для далучэння.
Documents: