Беларускі ПЭН апублікаваў хроніку парушэнняў правоў чалавека ў сферы культуры з 15 па 30 чэрвеня

04 July 2022, 9:45 AM
Беларускі ПЭН апублікаваў хроніку парушэнняў правоў чалавека ў сферы культуры  з 15 па 30 чэрвеня

Выйшла чарговая хроніка парушэнняў правоў чалавека ў сферы культуры ў Беларусі, якую збірае і публікуе двойчы на месяц Беларускі ПЭН.

У перыяд 15–30 чэрвеня 2022 года вынесены прысуды ў крымінальных справах філосафа-метадолага Уладзімір Мацкевіча (5 гадоў у калоніі ўзмоцненага рэжыму), вікіпедыста Марка Бернштэйна (3 гады «хатняй хіміі» – абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу), выкладчыцы музыкі Аксаны Каспяровіч (1 год і 2 месяцы пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму). У Гродне асуджаны на 10 сутак грамадскі і культурны дзеяч Мікола Маркевіч, у Гомелі на 7 сутак асудзілі арганізатарку свята для ўкраінскіх дзяцей Алу Караленку. Падчас суда ў дачыненні да краязнаўцы з Баранавічаў Уладзіміра Гундара былі ўжыты катаванні. Дзяржава імкнецца манапалізаваць дзейнасць у сферы культуры – у Беларусі ствараюць рэестр арганізатараў культурна-забаўляльных мерапрыемстваў. Працягваюцца палітычна матываваныя арышты дзеячаў культуры, звальненні за грамадзянскую пазіцыю, пераслед за антываенную пазіцыю, а таксама рэпрэсіі ў дачыненні да дзеячаў культуры, якія мусілі выехаць з Беларусі, а таксама іх родных.

I. Крымінальныя палітычна матываваныя справы ў дачыненні да дзеячаў культуры, аўтараў і выканаўцаў

1. 23 чэрвеня Мінскі абласны суд у закрытым рэжыме прызнаў філосафа-метадолага Уладзіміра Мацкевіча вінаватым і прысудзіў яму 5 гадоў зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Уладзімір Мацкевіч – філосаф, метадолаг, эсэіст, публіцыст, грамадскі дзеяч і тэлевядоўца. Заснавальнік і кіраўнік Агенцтва гуманітарных тэхналогій, заснавальнік праграмы стварэння сучаснага ўніверсітэта ў Беларусі «Лятучы ўніверсітэт». Удзельнічаў у стварэнні грамадзянскай ініцыятывы «Хартыя’97», аўтар тэксту дэкларацыі ініцыятывы. Рэгулярна выступаў з публічнымі лекцыямі і прамовамі, у тым ліку для дваровых супольнасцяў у 2020 годзе. З 2012 года — вядоўца праграмы «Размова дня» на тэлеканале «Белсат». Аўтар вялікай колькасці публіцыстычных артыкулаў і каля 50 навуковых прац у пытаннях філасофіі, палітыкі, культуры і трансфармацыі адукацыі. Суаўтар серыі кніг на тэмы грамадзянскай супольнасці, дыялогу і каштоўнасцяў «Беларусь для пачаткоўцаў» (2006–2009). Аўтар відэакурсаў на тэмы філасофіі і трансфармацыі грамадства. Уладзіміра Мацкевіча затрымалі 4 жніўня 2021 года, з гэтага часу ён застаецца за кратамі — спачатку ў ізалятары на вуліцы Акрэсціна, потым у СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага ў Мінску. Яму прад’явілі абвінавачванне паводле арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх).

2. 24 чэрвеня суд Заводскага раёна Мінска вынес прысуд у крымінальнай справе вікіпедыста Марка Бернштэйна: 3 гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатняя хімія»). Марк Бернштэйн з 2009 года ўваходзіць у лік 50 найлепшых рэдактараў рускамоўнай «Вікіпедыі». Аўтар шматлікіх артыкулаў на тэму Халакосту, аўтар артыкула пра цэнзуру ў Савецкім Саюзе, дзе ён працытаваў каля 250 крыніц. 10 сакавіка 2022 года расійскі праўладны Telegram-канал «Мракоборец» апублікаваў асабістыя звесткі Бернштэйна і абвінаваціў яго ў парушэнні новага расійскага закона аб публікацыі фэйкавых навін. Канал заявіў, што рэдагаванне Маркам Бернштэйнам артыкулаў «Вікіпедыі» пра ўварванне Расіі ва Украіну парушае новы «закон аб фэйках». 11 сакавіка 2022 года Марк Бернштэйн быў затрыманы ў Мінску. У тэлеграм-канале ГУБАЗіКа апублікавалі яго фота з надпісам: «Гэты чалавек распаўсюджвае фэйкавыя антырасійскія матэрыялы». 12 сакавіка 2022 года Марк Бернштэйн быў асуджаны на 15 сутак адміністрацыйнага арышту паводле арт. 24.3 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях Рэспублікі Беларусь (непадпарадкаванне законнаму распараджэнню або патрабаванню службовай асобы пры выкананні ёй службовых паўнамоцтваў). Пасля 15 сутак арышту не выйшаў на волю. Крымінальную справу ў дачыненні да яго завялі паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх).

3. 29 чэрвеня ў Гродзенскім абласным судзе адбыўся суд у крымінальнай справе выкладчыцы музыкі Аксаны Каспяровіч. Яе асудзілі паводле арт. 130 Крымінальнага кодэкса (распальванне варожасці), прысудзілі ёй 1 год і 2 месяцы пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Аксана Каспяровіч была затрымана 30 верасня 2021 года за каментарыі ў сацыяльных сетках на тэму гібелі супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка і IT-спецыяліста Андрэя Зельцэра. 

4. 29 чэрвеня з’явілася інфармацыя, што судовы працэс у справе БелаПАН прыпынены пранамсі на 2 месяцы дзеля аднаўлення працэсуальных дзеянняў. Сярод абвінавачваных у справе – паэт і медыяменеджар Андрэй Аляксандраў. Андрэй Аляксандраў стварыў «Беларусский журнал» — інтэлектуальнае анлайн-выданне, дзе планаваў развіваць свабодную і незалежную беларускую думку, сутыкаць розныя ідэі, погляды і меркаванні, часам — цалкам супрацьлеглыя. Шмат гадоў Андрэй удзельнічаў у праектах метадолага і філосафа Уладзіміра Мацкевіча. Быў затрыманы 12 студзеня 2021 года і абвінавачаны паводле ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (навучанне або іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак, а таксама фінансаванне і іншае забеспячэнне такой дзейнасці). Падставай для абвінавачвання стала тое, што, паводле Міністэрства ўнутраных спраў, Андрэй Аляксандраў з 22 жніўня да 9 лістапада 2020 года аплаціў 250 штрафаў, прысуджаных удзельнікам мірных пратэстаў. 30 чэрвеня 2021 года Андрэю Аляксандраву выстаўлена новае абвінавачванне паводле ч. 1 арт. 356 (здрада дзяржаве). Разгляд крымінальнай справы БелаПАН у закрытым рэжыме пачаўся 6 чэрвеня ў Мінскім абласным судзе. Абвінавачванымі ў ёй праходзяць галоўная рэдактарка Ірына Леўшына, экс-дырэктар агенцтва Дзмітры Наважылаў, журналіст і медыяменеджар Андрэй Аляксандраў і Ірына Злобіна. Цяпер суд прыпынены з прычыны аднаўлення працэсуальных дзеянняў. У дачыненні да каго яны праводзяцца або будуць праводзіцца, невядома.

II. Палітычна матываваныя адміністрацыйныя затрыманні і арышты дзеячаў культуры, аўтараў і выканаўцаў

1. 21 чэрвеня ў Гродне затрыманы і асуджаны на 10 сутак адміністрацыйнага арышту Мікола Маркевіч. Яго асудзілі за перапост у сацыяльных сетках «экстрэмісцкіх матэрыялаў». Мікола Маркевіч – былы дэпутат Вярхоўнага Савета 12-га склікання, 1995 годзе ўдзельнічаў у галадоўцы дэпутатаў супраць правядзення рэферэндуму, што скасаваў бел-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня» ў якасці дзяржаўнай сімволікі і надаў афіцыйны статус рускай мове. Заснавальнік і галоўны рэдактар газеты «Пагоня», адзін з першых палітвязняў у Беларусі – у 2002 годзе яго асудзілі на 2 гады абмежавання волі за паклёп на Лукашэнку.

2. 29 чэрвеня ў Гомелі затрымалі Алу Караленку, адну з арганізатарак свята для дзяцей-уцекачоў. Яе асудзілі на 7 сутак адміністрацыйнага арышту. 27 чэрвеня ў Гомелі ў парку планавалася свята «Дзень дзён нараджэння», арганізатары запланавалі гульні і конкурсы для ўсіх узростаў, гістарычны квэст, падарункі. Дзецям трэба было прынесці з сабой самаробнага «голуба міру» або зрабіць яго ў парку разам з іншымі ўдзельнікамі. Супрацоўнікі міліцыі разагналі дзіцячае свята. Праўладныя тэлеграм-каналы паведамілі, што міліцыя ўмяшалася ў свята, каб папярэдзіць «правакацыі і палітычныя лозунгі», а ўдзельнікі не падалі заяўкі ў гарвыканкам на масавае мерапрыемства.

III. Умовы ў месцах пазбаўлення волі

1. Алег Груздзіловіч, журналіст, аўтар нон-фікшн кнігі «Хто ўзарваў мінскае метро?» з пачатку чэрвеня двойчы трапляў у штрафны ізалятар. Пра гэта паведаміла ягоная жонка Мар’яна. Днямі Алег Груздзіловіч выйшаў з другой адседкі ў ШІЗА. Інтэрвал паміж першым і другім карцарамі склаў 2 дні. За што менавіта Алег Груздзіловіч туды трапляў, невядома.

2. 28 чэрвеня ў судзе Горацкага раёна вынесена пастанова, што Міколу Дзядка, анархіста, аўтара кнігі «Фарбы паралельнага свету», пераводзяць з папраўчай калоніі ў «крытую» турму на 2 гады і 10 месяцаў да канца 5-цігадовага тэрміна зняволення. Падстава: «шматлікія парушэнні правілаў унутранага распарадку».

IV. Катаванні

Краязнаўца з Баранавічаў Уладзімір Гундар з II групай інваліднасці (няма нагі) у зале суда стаяў у клетцы ў адных майтках, рукі былі прыкутыя кайданкамі да кратаў у расцяжцы. У гродзенскай турме № 1 падчас разгляду крымінальнай справы «групы Аўтуховіча» Уладзімір Гундар адмовіўся ад дачы паказанняў, але заявіў, што яго білі падчас затрымання. На знак пратэсту ён абвясціў сухую галадоўку. Дачка Уладзіміра Гундара, Інга, паведаміла: «Калі ўвайшоў суддзя, адвакат папрасіла даць дазвол трохі аслабіць кайданкі або даць магчымасць тату сесці. Ігнор ад суддзі. Тата заспяваў песню. Суддзя выслухаў і сказаў выдаліць з залы пасяджэння. Тады тата сказаў, што абвяшчае сухую галоўку, і калі да яго будуць прынятыя нейкія гвалтоўныя меры, сказаў, што ён ускрыецца». 

V. Звальненні

1. Аляксандр Груша звольнены з пасады дырэктара Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Я. Коласа НАН Беларусі, на якой працаваў з 2014 года. Аляксандр Груша – гісторык-медыевіст, доктар гістарычных навук, даследаваў пісьмовую культуру ў ВКЛ у XIII–XVI стст. Працаваў у Акадэміі навук з 1996 года. Стаяў ля вытокаў аднаўлення выдання Метрыкі Вялікага Княства Літоўскага ў Беларусі – збору рукапісных кніг, што маем у выніку дзейнасці канцылярыі Вялікага княства Літоўскага XV–XVIII стст. Адзін з ініцыятараў стварэння навукова-выдавецкай серыі «Помнікі гістарычнай думкі Беларусі», у рамках якой ажыццяўляецца крытычнае перавыданне найбольш значных навуковых прац, прысвечаных гісторыі Беларусі. Заснавальнік і адзін з арганізатараў некалькіх цыклаў міжнародных навуковых канферэнцый.

VI. Дзяржава манапалізуе дзейнасць у сферы культуры

У Беларусі ствараюць рэестр арганізатараў культурна-забаўляльных мерапрыемстваў. Гэта прадугледжана пастановай № 401 Савета Міністраў ад 22 чэрвеня 2022 года. Мэта – улік і сістэматызацыя звестак аб арганізатарах. Для ўключэння ў рэестр арганізатару трэба накіраваць у ведамства заяву з пакетам дакументаў. Дакументы разгледзіць экспертная камісія пры Міністэрстве культуры. Арганізатары, якія падлягаюць уключэнню ў рэестр, але не ўключаны ў яго, не могуць праводзіць культурна-забаўляльных мерапрыемстваў. Асноўныя палажэнні пастановы ўваходзяць у сілу пасля яе афіцыйнага апублікавання.

VII. Рэпрэсіі ў дачыненні да кніжнай сферы

У гродзенскай краме «Green» знялі з продажу кнігі «Мифы о Беларуси» Вадзіма Дзеружынскага і «Welcome to Belarus» Алеся Гутоўскага. Прычыны – зварот праўладнай актывісткі Вольгі Бондаравай. У краме «OZ» у Гродне пасля звароту Бондаравай прыбралі кнігу «Лето в пионерском галстуке», што распавядае пра ЛГБТК+ каханне ў савецкім піянерлагеры.

VIII. Рэпрэсіі ў дачыненні да дзеячаў культуры, якія мусілі выехаць з Беларусі, а таксама іх родных

Супрацоўнікі міліцыі разграмілі кватэру маці Антона Матолькі. Відэа з наступствамі ператрусу, праведзенага ў кватэры, з’явілася ў адным з праўладных телеграм-каналаў. На ім відаць раскіданыя па падлозе рэчы, разбітыя люстэркі і сляды зямлі ад пабітага вазона з пакаёвымі раслінамі. Антон Матолька – культурны і грамадскі дзеяч, з 2020 года застаецца за межамі Беларусі ў сувязі з пагрозай пераследу за дзейнасць і погляды.

Арыгінал публікацыі на сайце Беларускага ПЭНа.

See more news

«І вы гатовыя даць гэтым судам права пазбаўляць жыцця?» У Варшаве паглядзелі фільм пра смяротнае пакаранне
07 October 2024, 9:07 AM
«І вы гатовыя даць гэтым судам права пазбаўляць жыцця?» У Варшаве паглядзелі фільм пра смяротнае пакаранне
Дыскусія і паказ фільма "Жыццё Дэвіда Гейла" прайшлі ў Беларускім Моладзевым Хабе, што ў Варшаве.
«Антывестэрнізм, затыканне дзірак ды рэпрэсіўная нага». Агляд БХК
30 September 2024, 2:08 PM
«Антывестэрнізм, затыканне дзірак ды рэпрэсіўная нага». Агляд БХК
Эксперты БХК апублікавалі новы агляд трэндаў дзяржаўнай палітыкі.
«Мы вернемся ў краіну разам з канстытуцыйнай законнасцю»: Леаніда Судаленку шукае беларуская міліцыя
19 September 2024, 3:12 PM
«Мы вернемся ў краіну разам з канстытуцыйнай законнасцю»: Леаніда Судаленку шукае беларуская міліцыя
Асуджанага завочна праваабаронцу Леаніда Судаленку абвясцілі ў вышук у Беларусі. Ягонае фота з’явілася на гомельскіх стэндах «Іх шукае міліцыя».
Трое новых «хросных» з Германіі для палітвязняў у Беларусі
19 September 2024, 2:59 PM
Трое новых «хросных» з Германіі для палітвязняў у Беларусі
У межах кампаніі #WeStandBYyou Петэр Хайдт, Луіза Ліцына-Бадэ і Бруна Хенэль сталі "хроснымі" Аляксея Бародкі, Сяргея Шамецькі і Чэслава Канановіча.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці