Беларускі ПЭН: Хроніка парушэнняў правоў чалавека ў сферы культуры (1–15 кастрычніка 2023 года)

27 October 2023, 11:46 AM
Беларускі ПЭН: Хроніка парушэнняў правоў чалавека ў сферы культуры (1–15 кастрычніка 2023 года)

На 15 кастрычніка 2023 года: Людзей Слова ў няволі – не менш за 30, дзеячаў культуры ў няволі – не менш за 123, піша Беларускі ПЭН у чарговым выпуску хронікі парушэнняў правоў чалавека ў сферы культуры за 1-15 кастрычніка 2023 года.

Следчы камітэт распачаў крымінальную справу ў дачыненні да ўдзельнікаў трансляцыі марафону салідарнасці з палітвязнямі «Нам не ўсё адно». Сярод удзельнікаў марафону шмат дзеячаў культуры – літаратараў, мастакоў, музыкаў.

У Мінску затрымалі спявачку Кацярыну Шапавалаву, якая 13 жніўня 2020 года выконвала на прыступках філармоніі гімн «Магутны Божа».

Пачаўся новы суд над палітзняволеным грамадскім дзеячам і аўтарам турэмнай літаратуры Змітром Дашкевічам.

У закрытым рэжыме працягваецца суд над музыкамі гурта «Tor Band».

Затрыманы лідар музычнага гурта «Krumkač» Арцём Раманаў.

Затрымалі і арыштавалі на 10 сутак краязнаўцу і экскурсавода Алега Дзьячкова.

Затрыманы і арыштаваны на 15 сутак Ігар Шаруха – кандыдат педагагічных навук, географ і краязнаўца.

У месцы масавых расстрэлаў Курапаты зноў апаганілі крыжы, у тым ліку крыж памяці палітычнага дзеяча, гісторыка і пісьменніка Вацлава Ластоўскага, а таксама расстраляных палякаў.

У Гродне ў гарадской прасторы прыбралі шыльды і ўказальнікі з беларускай лацінкай.

I. Крымінальныя палітычна матываваныя справы ў дачыненні да дзеячаў культуры, аўтараў і выканаўцаў

1. 3 кастрычніка Следчы камітэт распачаў крымінальную справу ў дачыненні да ўдзельнікаў трансляцыі марафону салідарнасці з палітвязнямі «Нам не ўсё адно». Сярод удзельнікаў марафону было шмат дзеячаў культуры – літаратараў, мастакоў, музыкаў. Падазраванымі ў крымінальнай справе сталі каля 60 чалавек. Крымінальная справа заведзена паводле ч. 2 арт. 361.2 Крымінальнага кодэкса (фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці), артыкул прадугледжвае да 8 гадоў пазбаўлення волі.

2. 10 кастрычніка ў Мінску затрымалі спявачку Кацярыну Шапавалаву, якая 13 жніўня  2020 года выконвала на прыступках філармоніі гімн «Магутны Божа» на словы Наталлі Арсенневай. Кацярына Шапавалава была супрацоўніцай філармоніі, спявала ў камерным хоры, пасля звальнення выкладала бразільскія парныя танцы. Праўладныя інфармацыйныя рэсурсы сцвярджаюць, што ў дачыненні да Кацярыны Шапавалавай распачалі крымінальную справу.

3. 11 кастрычніка ў судзе Барысаўскага раёна пачаўся новы суд над палітзняволеным грамадскім дзеячам і аўтарам турэмнай літаратуры Змітром Дашкевічам, які 11 ліпеня 2023 года меўся выйсці з калоніі на волю, але ў дачыненні да яго распачалі новую справу паводле арт. 411 Крымінальнага кодэкса (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі). Зміцер Дашкевіч – публіцыст, аўтар кнігі турэмнай літаратуры «Чарвяк» (2014), за якую ў 2014 годзе стаў лаўрэатам прэміі Францішка Аляхновіча, заснаванай Беларускім ПЭН-цэнтрам супольна з «Радыё Свабода» – за найлепшы твор, напісаны ў зняволенні. 11 ліпеня 2022 года ў судзе Маскоўскага раёна Мінска пачаўся разгляд крымінальнай справы Змітра і Насты Дашкевічаў, якім інкрымінавалі ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак) – абвінавацілі ва ўдзеле ў акцыі пратэсту 23 жніўня 2020 года. Падчас следства (Зміцер Дашкевіч ужо быў за кратамі) Наста Дашкевіч нарадзіла чацвёртае дзіця. У апошнім слове на судзе Зміцер Дашкевіч заявіў пра катаванні, якія ўчынялі супрацоўнікі міліцыі за тое, што ён гаварыў на беларускай мове: «Падчас арышту мяне білі пры маёй жонцы цяжарнай і казалі: «Что говорит этот человек? Пусть говорит нормально. Пусть нормально разговаривает». Прысуд сужэнцам быў агучаны 14 ліпеня 2022 года ў судзе Маскоўскага раёна Мінска: Змітру Дашкевічу – 1,5 года калоніі, Насце Дашкевіч – 3 гады «хатняй хіміі».

4. У Гомельскім абласным судзе ў закрытым рэжыме працягваецца суд над музыкамі гурта «Tor Band», які пачаўся 14 верасня. Разглядаецца крымінальная справа музыкаў Яўгена Бурло, Дзмітрыя Галавача і Андрэя Ярэмчыка. «Tor Band» – беларускі гурт, яго кліпы на песні «Мы – не народец», «Жыве!», «Кто, если не ты?!» маюць больш за мільён праглядаў на YouTube. Музыкі гурта былі затрыманы 28 кастрычніка 2022 года, ім некалькі разоў запар прызначалі 15 сутак арышту. У студзені 2023 года Дзмітрыя Галавача, Яўгена Бурло і Андрэя Ярэмчыка перавялі ў СІЗА ў Гомелі, у дачыненні да іх была распачата крымінальная справа. Падчас знаходжання музыкаў у зняволенні гурт быў прызнаны ўладамі «экстрэмісцкім фарміраваннем».

II. Палітычна матываваныя адміністрацыйныя затрыманні і арышты дзеячаў культуры, аўтараў і выканаўцаў

1. 5 кастрычніка ў Гомелі затрыманы музыка, заснавальнік і лідар гурта «Krumkač» Арцём Раманаў.

2. 9 кастрычніка ў Магілёве затрымалі і арыштавалі на 10 сутак краязнаўцу і экскурсавода Алега Дзьячкова. 

3. 10 кастрычніка ў Мінску затрымалі Зарыну Канапацкую – гісторыка, старэйшую навуковую супрацоўніцу інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук. На відэа, знятым супрацоўнікамі міліцыі, Зарына Канапацкая кажа, што яна займалася выключна сваімі навуковымі даследаваннямі, скончыла дактарантуру і рыхтавала да абароны манаграфію пра беларускіх татараў. Маўляў, яе віна тым, што яна была падпісана на экстрэмісцкія каналы і знаёмілася з іх зместам.

4. 10 кастрычніка на падставе арт. 19.11 Кодэкса аб адміністрацыйных парушэннях (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў) у Магілёве затрыманы і арыштаваны на 15 сутак Ігар Шаруха – кандыдат педагагічных навук, географ і краязнаўца, які ў 1993–2021 гадах працаваў у Магілёўскім дзяржаўным універсітэце імя Аркадзя Куляшова, кіраваў кафедрай прыродазнаўства, а пасля быў звольнены за грамадзянскую пазіцыю. 

III. Суды і арышты за беларускую і ўкраінскую нацыянальную сімволіку

У судзе Барысаўскага раёна вынесена пастанова аб адміністрацыйным арышце на 10 сутак Уладзіміра Толкача, у тэлефоне якога супрацоўнікі міліцыі знайшлі бел-чырвона-белую сімволіку.

IV. Умовы ў месцах пазбаўлення волі, катаванні зняволеных

1. Палітзняволеная даследчыца і рэдактарка Валерыя Касцюгова ў кастрычніку пазбаўлена тэлефанаванняў на волю і кароткіх спатканняў з блізкімі, бо ў калоніі яе ўнеслі ў спіс «тэрарыстаў». Валерыя Касцюгова – заснавальніца і рэдактарка сайта экспертнай супольнасці «Наше мнение», рэдактарка і аўтарка зборніка аналітычных аглядаў пра развіццё сітуацыі ў Беларусі за год «Белорусский ежегодник», кіраўніца групы экспертаў маніторынгу «Беларусь у фокусе». Прысуд у крымінальных справах Валерыі Касцюговай і Таццяны Кузінай быў вынесены ў Мінскім гарадскім судзе 17 сакавіка 2023 года. Кожную з даследчыц асудзілі на 10 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму, іх прызналі вінаватымі паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса: ч. 1 арт. 357 (дапамога дзеянням, учыненым з мэтай захопу ўлады), ч. 3 арт. 361 (заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы) і ч. 3 арт. 130 (распальванне сацыяльнай варожасці або разладу).

2. Краязнаўцу Уладзіміра Гундара, асуджанага на 20 гадоў калоніі, перавялі на турэмны рэжым у Магілёў.

3. Менеджару культуры, журналісту і выдаўцу Паўлу Мажэйку не перадаюць лекі ў турму № 1 у Гродне.

V. Знішчэнне культурных устаноў і аб’ектаў

1. З Пакроўскага сабора ў Гродне прыбралі два абразы – выявы святых пакутнікаў Уладзіміра, мітрапаліта Кіеўскага (закатаваны камуністамі ў 1918 годзе) і Веньяміна, мітрапаліта Петраградскага (расстраляны ў 1922 годзе). Святыя намаляваны ў момант свайго пакутніцтва, а іх забойцы апрануты ў форму чырвонаармейцаў і чэкістаў.

2. У месцы масавых расстрэлаў Курапаты зноў апаганілі крыжы, у тым ліку крыж памяці палітычнага дзеяча, гісторыка і пісьменніка Вацлава Ластоўскага, а таксама расстраляных палякаў. На крыжах з’явіліся надпісы на рускай мове: на крыжы памяці Ластоўскага – слова «упырь», а на крыжы памяці польскіх ахвяр рэпрэсій – «Сидите в “Крэсах”, ляхи! Припоминайте плахи».

VI. Рэпрэсіі ў моўнай сферы

9 кастрычніка стала вядома, што ў Гродне з гарадской прасторы прыбралі шыльды і ўказальнікі з беларускай лацінкай.

Арыгінальная публікацыя на сайце Беларускага ПЭНа.

See more news

Распавядае «Вясна»: Мінімум 65 чалавек судзяць за атрыманне «замежнай дапамогі» праз INeedHelpBY
15 February 2024, 4:44 PM
Распавядае «Вясна»: Мінімум 65 чалавек судзяць за атрыманне «замежнай дапамогі» праз INeedHelpBY
"Вясна" распавядае пра вынікі пераследу беларусаў за прадукты для сем'яў палітзняволеных.
Запрашаем на канферэнцыю. Штрафны ізалятар, карцар, ПКТ: інструмент выпраўлення ці знявагі?
15 February 2024, 4:41 PM
Запрашаем на канферэнцыю. Штрафны ізалятар, карцар, ПКТ: інструмент выпраўлення ці знявагі?
“Пакаранне ў зняволенні: інструмент выпраўлення ці знявагі? Міжнароднае і нацыянальнае права і практыка” – канферэнцыю на гэтую тэму праводзіць 20 лютага ў Вільні праваабарончая ўстанова “Лекары за праўду і справядлівасць”.
«Не будзе АБСЕ, ну дык што?» Хто будзе назіраць за выбарамі* ад місіі СНД
15 February 2024, 4:33 PM
«Не будзе АБСЕ, ну дык што?» Хто будзе назіраць за выбарамі* ад місіі СНД
Ужо на наступным тыдні пройдзе адзіны дзень галасавання, падчас якога прапануюць выбраць дэпутатаў у парламент і мясцовыя саветы.
Аналітычны агляд БХК. «Для парушэнняў правоў чалавека ствараецца законная рамка»
15 February 2024, 4:25 PM
Аналітычны агляд БХК. «Для парушэнняў правоў чалавека ствараецца законная рамка»
Беларускі Хельсінкскі Камітэт падрыхтаваў агляд найбольш значных зменаў у беларускай дзяржаўнай палітыцы ў галіне правоў чалавека і рэакцыях на яе з боку міжнароднай супольнасці. Аналітыка дапамагае лепш зразумець трэнды ў галіне правоў чалавека, дае магчымасць адсочваць сістэмныя і якасныя змены сітуацыі, пашырыць правачалавечны фокус аналітыкі ў сумежных галінах.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці