На 15 снежня 2023 года: Людзей Слова ў няволі – не менш за 32, дзеячаў культуры ў няволі – не менш за 148.
У дачыненні да журналіста, гісторыка, літаратара і праваабаронцы Уладзіміра Хільмановіча распачата крымінальная справа.
Мастак Уладзімір Лыкшын затрыманы ў межах крымінальнай справы арганізатараў сэрвісу Письмо.бел.
Міністэрства ўнутраных спраў унесла праваабаронцу, літаратара, лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру Алеся Бяляцкага ў «Пералік грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці».
Быў затрыманы і правёў тры дні ў ізалятары часовага ўтрымання літаратар Сяргей Антонаў.
15 сутак арышту прысудзілі арганізатару культурніцкіх імпрэз, папулярызатару беларускай мовы Кастусю Тэнцу.
Затрымалі дацэнта кафедры камунікатыўнага дызайну факультэта сацыякультурных камунікацый Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Аляксея Семянцова.
Затрымалі былога дырэктара музея гісторыі Магілёва Аляксея Бацюкова, журналіста Барыса Вырвіча, былога выкладчыка Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта, літаратара Аляксандра Агеева і кандыдата педагагічных навук Ігара Шаруху.
Творчая суполка «Пагоня», якая існавала ў межах Беларускага саюза мастакоў, ліквідаваная паводле патрабавання Міністэрства культуры.
Апісалі маёмасць маёнтка «Падароск», у якім быў музей беларускай шляхты.
Свіслацкую гімназію № 1 імя нацыянальнага героя Беларусі Кастуся Каліноўскага перайменавалі, цяпер яна будзе названа імем падпольшчыцы Другой сусветнай вайны Праскоўі Васіленкі.
I. Крымінальныя палітычна матываваныя справы ў дачыненні да дзеячаў культуры, аўтараў і выканаўцаў
1. 1 снежня 2023 года стала вядома, што ў дачыненні да журналіста, гісторыка, літаратара і праваабаронцы Уладзіміра Хільмановіча распачата крымінальная справа на падставе арт. 361.4 Крымінальнага кодэкса (садзеянне экстрэмісцкай дзейнасці): ч. 1 (вярбоўка, іншае ўцягванне асобы ў экстрэмісцкую дзейнасць, навучанне, а таксама іншае садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці), а таксама ч. 2 (тыя ж дзеянні, учыненыя паўторна, ці групай асоб па папярэдняй змове, ці службовай асобай з выкарыстаннем сваіх службовых паўнамоцтваў). 1 снежня 2023 года ў Гродне ў кватэры жонкі Уладзіміра Хільмановіча, дзе ён жыў з 2014-га па 2021 год, быў праведзены ператрус. Супрацоўнікі міліцыі вынеслі з кватэры працэсар камп’ютара, 25 кніг, музычны дыск, калекцыйныя паштовыя маркі, канверты, паштоўкі, буклеты, значкі, газеты. Была апісана бытавая тэхніка (тэлевізар, лядоўня, пральная машына). Уладзімір Хільмановіч – кіраўнік шэрагу адукацыйных праектаў, сурэдактар серыі брашур для настаўнікаў «Праз адукацыю – да грамадзянскай супольнасці» (Шчэцін, 2001–2006), аўтар «Беларускага календара-даведніка» (Вільня, 2007), кнігі пра беларускія матэрыяльныя і духоўныя каштоўнасці «Беларускае золата» (2014), сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў. З 2021 года Уладзімір Хільмановіч жыве за межамі Беларусі.
2. 8 снежня 2023 года стала вядома, што мастак Уладзімір Лыкшын затрыманы разам братам Аляксандрам Лыкшыным на падставе крымінальнай справы. Іх абвінавачваюць ва ўдзеле ў пратэстах і ў датычнасці да сэрвісу Письмо.бел, праз які людзі маглі адпраўляць лісты палітвязням.
3. 8 снежня 2023 года Міністэрства ўнутраных спраў унесла праваабаронцу, літаратара, лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру Алеся Бяляцкага ў «Пералік грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці». Для палітзняволеных, якіх дадаюць у «экстрэмісцкі спіс», моцна пагаршаюцца ўмовы ўтрымання.
II. Палітычна матываваныя адміністрацыйныя затрыманні і арышты дзеячаў культуры
1. 5 снежня 2023 года ў Магілёве быў затрыманы і правёў тры дні ў ізалятары часовага ўтрымання Сяргей Антонаў – журналіст, карэспандэнт беларускай газеты «Прыватны дэтэктыў», аўтар шэрагу твораў міжнароднай літаратурнай серыі «Сусвет Метро 2033». Супрацоўнікі спецслужбаў прыехалі да Сяргея Антонава і на працу, і дадому, забралі ўсю тэхніку. Самога пісьменніка дапытвалі да поўначы. Яму прапанавалі прызнацца ў працы, звязанай з сайтам mogilev.media, інакш пагражалі адправіць у СІЗА КДБ. Пасля гэтага Сяргея Антонава змясцілі на двое сутак у ІЧУ. Па выхадзе ён адразу з’ехаў з Беларусі.
2. 7 снежня 2023 года ў Гродне затрымалі вядоўцу і арганізатара культурніцкіх імпрэз Міхаіла Манькевіча за нібыта распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў.
3. 8 снежня 2023 года ў Гомелі затрымалі і асудзілі на 15 сутак адміністрацыйнага арышту паводле арт. 19.11 Кодэкса аб адміністрацыйных парушэннях (распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў) студэнта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту, арганізатара культурніцкіх імпрэз, папулярызатара беларускай мовы Кастуся Тэнца.
4. 8 снежня 2023 года ў Мёрах Віцебскай вобласці затрыманы разьбяр па дрэве Аляксандр Мацура.
5. 15 снежня 2023 года стала вядома пра затрыманне ў Мінску Аляксея Семянцова – дацэнта кафедры камунікатыўнага дызайну факультэта сацыякультурных камунікацый Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Аляксей Семянцоў – сябра Саюза дызайнераў Беларусі. Яго абвінавачваюць ва ўдзеле ў чатырох мірных маршах пратэсту ў 2020 годзе.
6. 15 снежня 2023 года ў Магілёве затрымалі былога дырэктара музея гісторыі Магілёва Аляксея Бацюкова, журналіста Барыса Вырвіча, былога выкладчыка Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта, літаратара Аляксандра Агеева і кандыдата педагагічных навук Ігара Шаруху.
III. Суды і арышты за беларускую і ўкраінскую нацыянальную сімволіку
1. Суд Полацкага раёна і Полацка за выяву бел-чырвона-белага сцяга ў асабістым Telegram-канале асудзіў на 15 сутак адміністрацыйнага арышту менеджара.
2. У Гродне затрымалі і асудзілі за нібыта распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў чалавека, у сацыяльных сетках якога знайшлі фотаздымак з бел-чырвона-белымі сцягамі, зроблены 25 сакавіка 2018 года падчас дазволенага мітынгу і канцэрта, прысвечаных 100-годдзю Беларускай Народнай Рэспублікі.
3. 12 снежня 2023 года ў Чэрвені Мінскай вобласці затрымалі чалавека, які ў 2020 годзе вывешваў беларускі нацыянальны бел-чырвона-белы сцяг на даху свайго прыватнага дома.
IV. Умовы ў месцах пазбаўлення волі, катаванні зняволеных
1. Андрэя (Анджэя) Пачобута ў калоніі ў Наваполацку пазбавілі перадачы і спаткання. Ад пачатку адбыцця тэрміну ў яго не было ні сустрэч, ні перадач. Андрэй Пачобут – эсэіст, журналіст, публіцыст, блогер, паэт, аўтар песень, музыка. Сябра Саюза палякаў на Беларусі. Аўтар кнігі «Сістэма Беларусь» («System Białoruś», 2013), якая была напісана на замову польскага выдавецтва і ўздымае праблемы, уласцівыя не толькі Беларусі, але і краінам постсавецкай прасторы. 8 лютага 2023 года Гродзенскі абласны суд прысудзіў Андрэю Пачобуту 8 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, прызнаўшы яго вінаватым паводле ч. 3 арт. 361 Крымінальнага кодэкса (заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы), ч. 3 арт. 130 Крымінальнага кодэкса (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці або разладу). 26 траўня 2023 года Вярхоўны суд разгледзеў апеляцыйную скаргу Андрэя Пачобута і пакінуў прысуд без зменаў, а скаргу – без задавальнення.
23 чэрвеня 2023 года Міністэрства ўнутраных спраў дадало Андрэя Пачобута да «Пераліку грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці». Адбываць тэрмін пакарання Андрэя Пачобута накіравалі з турмы № 1 у калонію № 1 у Наваполацку.
2. У турме № 4 у Магілёве краязнаўцу Уладзіміра Гундара, у якога няма адной нагі, трымаюць у адзіночнай камеры без прагулак, бо ў яго сцерліся гумовыя наканечнікі мыліц, а замяніць іх у турме няма чым.
V. Рэпрэсіі ў дачыненні да сям’яў дзеячаў культуры
1 снежня 2023 года ў Наваполацку на 15 сутак адміністрацыйнага арышту асудзілі 69-гадовага Анатоля Трубкіна. З 30 лістапада 2023 года ён знаходзіцца за кратамі, нягледзячы на тое, што мае інваліднасць па зроку, хварэе на дыябет, перанёс інсульт. Анатоль Трубкін быў затрыманы 30 лістапада 2023 года ў Наваполацку падчас ператрусу кватэры, дзе да 2006 года разам з ім жыў яго сын, даследчык, папулярызатар беларускай гісторыі і культуры Аляксей Трубкін, які выехаў з Беларусі ў 2006 годзе ў выніку палітычнага пераследу.
VI. Рэпрэсіі ў дачыненні да культурніцкіх арганізацый
1. 11 снежня 2023 года стала вядома, што творчая суполка «Пагоня», якая існавала ў межах Беларускага саюза мастакоў, ліквідаваная паводле патрабавання Міністэрства культуры. Аб’яднанне было створана ў 1990 годзе з мэтамі «развіцця нацыянальнага мастацтва, зберажэння і памнажэння мастацкіх набыткаў культурна-гістарычнай спадчыны дзеля абуджэння нацыянальнай самасвядомасці народа». Суполка аб’ядноўвала 50 мастакоў. З ініцыятывы чыноўнікаў ад культуры творы сябраў суполкі неаднаразова здымаліся з выстаў. Кіраўнікі саюза раней выключылі з арганізацыі палітзняволенага Генадзя Драздова, які ўзначальваў суполку з 2011-га па 2016 год. Мінскі гарадскі суд у траўні 2023 года пакараў Генадзя Драздова трыма гадамі пазбаўлення волі на падставе ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх) і ч. 4 арт. 361 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці).
2. 14 снежня 2023 года стала вядома пра судовую ліквідацыю ў Гродне аб’яднання літоўцаў «Клуб “Гервечай”». Арганізацыя аб’ядноўвала 394 сябраў з мэтай умацавання паразумення паміж народамі Беларусі і Літвы.
3. 13 снежня 2023 года каманда культурніцкай прасторы і бара «Вершы» на сваёй Instagram-старонцы паведаміла пра закрыццё. Перад гэтым паведамленнем два тыдні «Вершы» былі зачынены нібыта паводле тэхнічных прычын.
4. 14 снежня 2023 года прадстаўнікі ўлады апісалі маёмасць маёнтка «Падароск», у якім знаходзіўся музей беларускай шляхты. Маёнтак будзе перададзены на баланс аддзела культуры Ваўкавыскага райвыканкама, на якім ён быў да 2013 года. 4 верасня 2023 года Ваўкавыскі раённы суд вынес рашэнне паводле пазову Ваўкавыскага аддзела культуры да мецэната Паўла Падкарытава аб скасаванні дамовы 2013 года наконт набыцця маёнтка ў Падароску. Суд скасаваў дамову за нібыта «невыкананне ўмовы ўводу аб’ектаў у гаспадарчы абарот». Сядзіба ў Падароску – шляхецкі маёнтак, які на працягу 8 гадоў аднаўляўся як музей беларускай шляхты і турыстычны цэнтр. Павел Падкарытаў плануе абскарджваць рашэнне суда ў вышэйшых інстанцыях.
VII. Рэпрэсіі ў кніжнай сферы
6 снежня 2023 года ў «экстрэмісцкія» залічана кніга Аляксандра Татаранкі «Горкія гады: Трагедыя Заходняй Беларусі 1944–1954». Такое рашэнне прыняў суд Баранавіцкага раёна і Баранавічаў. Аляксандр Татаранка – таксама аўтар кнігі «Недазволеная памяць: Заходняя Беларусь у дакументах і фактах: 1921–1954 гады».
VIII. Рэпрэсіі ў моўнай сферы
Скасаванне лацінкі з найменняў геаграфічных аб’ектаў у Беларусі, паводле загада Лукашэнкі, мусяць завяршыць да 18 снежня 2023 года.
IX. Дэбеларусізацыя, фальсіфікацыя беларускай гісторыі
6 снежня 2023 года свіслацкую гімназію № 1 імя нацыянальнага героя Беларусі Кастуся Каліноўскага перайменавалі, цяпер яна будзе названа імем падпольшчыцы Другой сусветнай вайны Праскоўі Васіленкі. Гімназія № 1 у Свіслачы – адна з найстарэйшых устаноў адукацыі Беларусі, дзейнічае з 18 верасня 1804 года.
X. Звальненні дзеячаў культуры
З дырэктарам Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Фёдара Шклярава Пятром Цалкам не працягнулі кантракт, які заканчваецца 1 студзеня 2024 года.