Беларускі ПЭН: Хроніка парушэнняў правоў чалавека ў сферы культуры (15–30 красавіка 2024 года)

03 May 2024, 7:38 PM
Беларускі ПЭН: Хроніка парушэнняў правоў чалавека ў сферы культуры (15–30 красавіка 2024 года)

На 30 красавіка 2024 года: Людзей Слова ў няволі – не менш за 37, дзеячаў культуры ў няволі – не менш за 156.

Паэтка і журналістка Аксана Ючкавіч асуджана на 3 гады абмежавання волі без накіравання ў месцы пазбаўлення волі («хатняя хімія»).

Пачаўся разгляд крымінальнай  справы літаратаркі, перакладчыцы з кітайскай на беларускую Дар’і Хмяльніцкай.

Пачаўся разгляд крымінальнай справы дыджэя з Кобрына Арцёма Макавея.

За вершы, выкладзеныя ў сацыяльныя сеткі, затрыманы спецыяліст па штучным інтэлекце Канстанцін Вярчак.

Ніна Багінская аштрафавана на 2400 рублёў (733 долары) за бел-чырвона-белы сцяжок у кватэры.

У Гродне з муроў Новага замка знікла мемарыяльная дошка, прысвечаная Тадэвушу Касцюшку і паўстанню 1794 года.

I. Крымінальныя палітычна матываваныя справы ў дачыненні да дзеячаў культуры, аўтараў і выканаўцаў

1. 22 красавіка ў Мінскім гарадскім судзе пачаўся разгляд крымінальнай справы Дар’і Хмяльніцкай паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса: ч. 1 арт. 342 (арганізацыя дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або ўдзел у іх), ч. 2 арт. 361-3 (вярбоўка, навучанне, іншая падрыхтоўка або выкарыстанне беларусаў для ўдзелу на тэрыторыі іншай дзяржавы ў вайне, а таксама фінансаванне або іншае матэрыяльнае забеспячэнне такой дзейнасці). Дар’я Хмяльніцкая – літаратарка, перакладчыца з кітайскай на беларускую мову, аўтарка блога «Кніжны Цмок» (апошняя публікацыя – 13 траўня 2023 года). Скончыла філфак БДУ па спецыяльнасці «ўсходняя філалогія», працавала настаўніцай беларускамоўнай гімназіі № 23 у Мінску. У 2023 годзе заняла другое месца конкурсу «Зярцала слоў» у катэгорыі «мастацкі пераклад кітайскай прозы на беларускую мову». Была затрымана ў 2023 годзе.

2. 26 красавіка ў судзе Фрунзенскага раёна Мінска вынесены прысуд паводле крымінальнай справы паэткі, арганізатаркі культурніцкіх імпрэз, журналісткі Аксаны Ючкавіч: 3 гады абмежавання волі без накіравання ў месцы пазбаўлення волі («хатняя хімія»). Аксана Ючкавіч – аўтарка зборніка дзіцячых вершаў «Святы Мікалай, да нас завітай!», адна са стваральніц дзіцячай хрысціянскай відэаперадачы «Анёлкі з вясёлкі». Займалася навуковымі даследаваннямі ў галіне беларускай філалогіі, выкладала на курсах польскай мовы. Была затрымана 23 студзеня 2023 года ў Мінску. 3 лютага стала вядома, што яе змясцілі ў следчую турму № 8 у Жодзіне. Аксане Ючкавіч выставілі ў віну арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або ўдзел у іх).

3. 29 красавіка ў Брэсцкім гарадскім судзе пачаўся разгляд крымінальнай справы дыджэя з Кобрына Арцёма Макавея паводле арт. 358-1 Крымінальнага кодэкса (агентурная дзейнасць на карысць Украіны).

ІІ. Палітычна матываваныя адміністрацыйныя затрыманні і арышты дзеячаў культуры

20 красавіка стала вядома, што ў Мінску за вершы, выкладзеныя ў сацыяльныя сеткі, затрыманы спецыяліст па штучным інтэлекце Канстанцін Вярчак. У сваіх вершах ён выказваў пачуцці, выкліканыя сацыяльна-палітычным становішчам у краіне.

III. Рэпрэсіі за беларускую і ўкраінскую нацыянальную сімволіку

26 красавіка стала вядома, што грамадская актывістка Ніна Багінская аштрафавана рашэннем суда Савецкага раёна Мінска на 2400 рублёў (733 долараў) за бел-чырвона-белы сцяжок, які падчас ператрусу напярэдадні 25 сакавіка (Дня Волі) супрацоўнікі міліцыі знайшлі на тумбачцы ў яе кватэры.

IV. Умовы ўтрымання ў месцах пазбаўлення волі, катаванні зняволеных

Шэраг палітзняволеных літаратараў трымаюць у поўнай ізаляцыі без сувязі са знешнім светам. У рэжыме інкамунікада застаецца ў тым ліку і праваабаронца, літаратар, лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі.

V. Звальненні з устаноў культуры

З кінастудыі «Беларусьфільм» звольнілі рэжысёра-аніматара Аляксандра Ленкіна – аўтара мульфільмаў «Прыгоды рэактыўнага парася», «Рыбка на імя Нельга», «Дзед», «Птаха», «Тошка і яго сябры».

VІ. Знішчэнне памятных мясцін

24 красавіка стала вядома, што ў Гродне з муроў Новага замка знікла мемарыяльная дошка, прысвечаная Тадэвушу Касцюшку і паўстанню 1794 года. Мемарыяльная дошка была ўсталявана ў 1994 годзе.

VII. Рэпрэсіі ў кніжнай сферы

15 красавіка суд Ленінскага раёна Магілёва прызнаў «экстрэмісцкімі матэрыяламі» дзве кнігі пісьменніка Віктара Суворава. У спіс унесены кнігі «День “М”. Когда началась Вторая мировая война?» і «Ледокол. Кто начал Вторую мировую войну?». У студзені 2024 года  суд прызнаў «экстрэмісцкай» кнігу пісьменніка «Беру свои слова обратно».

Арыгінальная публікацыя на сайце Беларускага ПЭНу

Share

See more news

Стваральнік Беларускага дома правоў чалавека Барыс Звозскаў ва ўспамінах сяброў і калегаў
26 February 2026, 10:13 AM
Стваральнік Беларускага дома правоў чалавека Барыс Звозскаў ва ўспамінах сяброў і калегаў
26 лютага 2026 года споўнілася 77 год з дня нараджэння Барыса Звозскава – праваабаронцы, якому належала ідэя стварэння Беларускага дома правоў чалавека.
Люстрация как элемент переходного правосудия: подходы социальных наук и международные стандарты
03 February 2026, 7:33 AM
Люстрация как элемент переходного правосудия: подходы социальных наук и международные стандарты
Именно текущий период открывает пространство для анализа, сравнительного сопоставления опыта и выработки подходов, которые не будут сформированы под давлением срочности, общественных ожиданий или политической конъюнктуры.
Агляд «Вясны». Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі ў 2025 годзе
17 January 2026, 1:57 PM
Агляд «Вясны». Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі ў 2025 годзе
Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі застаецца нязменна цяжкай.
Былы міністр працы і сацыяльных спраў Германіі стаў «хросным» Мікалая Статкевіча
17 January 2026, 1:47 PM
Былы міністр працы і сацыяльных спраў Германіі стаў «хросным» Мікалая Статкевіча
У межах кампаніі #Westandbyou Хубертус Хайль стаў "хросным" палітвязня Мікалая Статкевіча, вядомага лідара апазіцыі.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці