Беларускі ПЭН: Хроніка парушэнняў правоў чалавека ў сферы культуры 15–31 студзеня 2025 года

03 February 2025, 10:37 AM
Беларускі ПЭН: Хроніка парушэнняў правоў чалавека ў сферы культуры 15–31 студзеня 2025 года

На 31 студзеня 2025 года: Людзей Слова ў няволі (ці з абмежаваннем волі – адбываюць «хатнюю хімію») – не менш за 37, дзеячаў культуры ў няволі (ці з абмежаваннем волі – адбываюць «хатнюю хімію») – не менш за 168.

Пачаўся суд у новай крымінальнай справе палітвязня Міхаіла Лабаня, які вырабляў упрыгажэнні для ўдзельнікаў рэканструктарскіх суполак.

У дачыненні да папулярызатара беларускай мовы Ігара Случака заведзена крымінальная справа.

Пачаўся разгляд крымінальнай справы лаўрэата вакальных конкурсаў Даніэля-Ландсея Кейты.

Дызайнерку Наталлю Захараву-Прангішвілі судзілі за «парушэнне заканадаўства аб выбарах».

Спіс забароненай для распаўсюджвання літаратуры папоўніўся 30 найменнямі.

Суд прызнаў «экстрэмісцкімі» сацыяльныя сеткі ініцыятывы сваякоў ахвяр сталінскіх рэпрэсій «Кабылякі. Расстраляны ў Оршы».

Дакументальны фільм Марыі Булавінскай «Лес» пра сталінскія рэпрэсіі ўключаны ў спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў».


I. Крымінальны пераслед дзеячаў культуры, аўтараў і выканаўцаў

1. 22 студзеня ў судзе Маскоўскага раёна Мінска пачаўся разгляд крымінальнай справы Даніэля-Ландсея Кейты паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя або актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Даніэль-Ландсей Кейта – лаўрэат I ступені рэспубліканскага конкурсу юных вакалістаў імя Шаляпіна і лаўрэат III ступені міжнароднага конкурсу юных вакалістаў імя Шаляпіна. Быў затрыманы ў чэрвені 2024 года ў Гродне.

2. 29 студзеня ў Віцебскім абласным судзе пачаўся суд у новай крымінальнай справе палітвязня Міхаіла Лабаня, яго абвінавачваюць паводле арт. 361.2 Крымінальнага кодэкса (фінансаванне дзейнасці экстрэмісцкага фармавання). Міхаіл Лабань – гаспадар ювелірнай майстэрні «Самародак», вырабляў упрыгажэнні для ўдзельнікаў рэканструктарскіх суполак. Быў затрыманы 17 лютага 2022 года, абвінавачаны паводле арт. 369 Крымінальнага кодэкса (знявага прадстаўніка ўлады), арт. 368 Крымінальнага кодэкса (знявага прэзідэнта Рэспублікі Беларусь), арт. 367 Крымінальнага кодэкса (паклёп у дачыненні да прэзідэнта Рэспублікі Беларусь), арт. 361.2 Крымінальнага кодэкса (фінансаванне дзейнасці экстрэмісцкага фарміравання). На закрытым пасяджэнні суда Наваполацка 20 траўня 2022 года быў асуджаны на 4 гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму і штраф у памеры 100 базавых велічынь.

3. 30 студзеня стала вядома, што ў дачыненні да папулярызатара беларускай мовы Ігара Случака заведзена крымінальная справа. Пра гэта ён паведаміў на сваёй старонцы ў Facebook. Ігара Случака абвінавачваюць паводле ч. 2 арт. 361.4 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Вядома, што крымінальная справа была распачата яшчэ 22 траўня 2024 года. З 5 кастрычніка 2023 года Ігар Случак жыве не ў Беларусі.

II. Затрыманні і адміністрацыйныя суды

28 студзеня дызайнерку Наталлю Захараву-Прангішвілі судзілі ў судзе Ленінскага раёна Мінска паводле арт. 10.9 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях (парушэнне заканадаўства аб выбарах, рэферэндуме, рэалізацыі права заканадаўчай ініцыятывы грамадзян).

III. Умовы ў месцах пазбаўлення волі

30 студзеня з’явілася інфармацыя пра ўмовы ўтрымання за кратамі Ларысы Шчыраковай. Пра гэта праваабаронцу Леаніду Судаленку распавяла жанчына, якая нядаўна вызвалілася з калоніі: «Ларысу адразу з каранціну паднялі ў атрад № 17, які называўся «швейкай». Гэта значыць, увесь атрад працуе ў дзве змены якраз на пашыў зімовых куртак светла-плямістага колеру для ўнутраных войск. Іншымі словамі, увесь персанал беларускіх турмаў, СІЗА ды калоній абшываецца зняволенымі жанчынамі. Атрад № 17 люта «чырвоны», дзе звычайныя зняволеныя без сарамлівасці працуюць на операў, за пачак цыгарэт гатовыя выканаць любое заданне або ўчыніць на іх замову супраць палітычных правакацыю. Палітычных у атрадах недзе 7-8». Ларыса Шчыракова – журналістка, краязнаўца, рэжысёрка-дакументалістка, папулярызатарка гісторыі і культуры, выканаўца народных песень, рэканструктарка народных абрадаў, каардынатарка праекта ўшанавання памяці рэпрэсаваных «Забітыя і забытыя». 31 жніўня 2023 года ў Гомельскім абласным судзе ёй быў вынесены прысуд – 3,5 года калоніі і штраф 3500 рублёў (1386 долараў) паводле арт. 369.1 Крымінальнага кодэкса (дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь) і арт. 361.4 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці).

IV. Рэпрэсіі ў кніжнай сферы

24 студзеня на пасяджэнні Рэспубліканскай камісіі для правядзення ацэнкі сімволікі, атрыбутыкі, інфармацыйнай прадукцыі былі разгледжаны кнігі, «распаўсюджванне якіх здольнае нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам». Спіс забароненай для продажу літаратуры, размешчаны на сайце Міністэрства інфармацыі, папоўніўся 30 найменнямі. Цяпер у спісе 65 выданняў, сярод іх кнігі, прысвечаныя гісторыі Беларусі.

V. Манапалізацыя дзяржавай права на змест гістарычнай памяці

1. 23 студзеня Аршанскі суд прызнаў «экстрэмісцкімі» сацыяльныя сеткі ініцыятывы «Кабылякі. Расстраляны ў Оршы», якая аб’ядноўвае сваякоў ахвяр, расстраляных у лесе на Кабыляцкай гары пад Оршай, і займаецца зборам інфармацыі пра рэпрэсаваных у часы СССР.

2. 29 студзеня судом Цэнтральнага раёна Гомеля фільм Марыі Булавінскай «Лес» пра сталінскія рэпрэсіі быў уключаны ў спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў». Фільм заснаваны на сведчаннях ахвяр сталінскіх рэпрэсій, сведак расстрэлаў.

Share

See more news

Апублікаваны дапаможнік па дакументаванні пацярпелых ад катаванняў і жорсткага абыходжання
07 July 2025, 2:21 PM
Апублікаваны дапаможнік па дакументаванні пацярпелых ад катаванняў і жорсткага абыходжання
Разам з дакументатарамі "Вясны" і эксперткай REDRESS Кацяй Равінскай тлумачым, што гэта такое і чаму было важна стварыць такі дакумент цяпер.
«Жанчыны сутыкаюцца з сістэмай, якая не разумее і не ўлічвае іх патрэбы»: у Вільні абмеркавалі праблемы жанчын у зняволенні
07 July 2025, 2:17 PM
«Жанчыны сутыкаюцца з сістэмай, якая не разумее і не ўлічвае іх патрэбы»: у Вільні абмеркавалі праблемы жанчын у зняволенні
24 траўня 2025 году ў Вільні прайшла канферэнцыя «Жанчыны ў зняволенні: нябачны боль пенітэнцыярнай сістэмы Беларусі».
БХК опубликовал дайджест трендов государственной политики в области прав человека за начало 2025 года
07 July 2025, 1:33 PM
БХК опубликовал дайджест трендов государственной политики в области прав человека за начало 2025 года
Беларусский Хельсинкский Комитет подготовил обзор тенденций государственной политики в области прав человека за период январь – апрель 2025 года.
Беларускі ПЭН: Хроніка парушэнняў правоў чалавека ў сферы культуры 1–15 чэрвеня 2025 года
07 July 2025, 12:42 PM
Беларускі ПЭН: Хроніка парушэнняў правоў чалавека ў сферы культуры 1–15 чэрвеня 2025 года
На 15 чэрвеня 2025 года: Людзей Слова ў няволі (ці з абмежаваннем волі – адбываюць «хатнюю хімію») – не менш за 37, дзеячаў культуры ў няволі (ці з абмежаваннем волі – адбываюць «хатнюю хімію») – не менш за 159.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці