Беларускі ПЭН: Хроніка парушэнняў правоў чалавека ў сферы культуры (15–28 лютага 2023 года)

03 March 2023, 1:41 PM
Беларускі ПЭН: Хроніка парушэнняў правоў чалавека ў сферы культуры (15–28 лютага 2023 года)

На 28 лютага 2023 года: Людзей Слова ў няволі – 28, агулам у няволі дзеячаў культуры – 135.

У Мінскім гарадскім судзе ў закрытым рэжыме пачаўся разгляд крымінальнай справы Паўла Белавуса – заснавальніка крамы Symbal.by, менеджара культуры.

Сяргею Ціханоўскаму, асуджанаму на 18 гадоў пазбаўлення волі, прызначылі 1,5 года новага пакарання. У Пінску асуджаны блогер Мікалай Клімовіч – 1 год калоніі за карыкатурную выяву Лукашэнкі ў сацыяльных сетках.

Філасофу-метадолагу Уладзіміру Мацкевічу ўзмацнілі жорсткасць рэжыму і перавялі з калоніі № 7 у Шклове ў турму № 4 у Магілёве.

У мястэчку Солы Смаргонскага раёна ў касцёле Маці Божай Ружанцовай зафарбавалі фрэску «Цуд над Віслай».

I. Крымінальныя палітычна матываваныя справы ў дачыненні да дзеячаў культуры, аўтараў і выканаўцаў

  1. 20 лютага ў Мінскім гарадскім судзе ў закрытым рэжыме пачаўся разгляд крымінальнай справы Паўла Белавуса – заснавальніка крамы Symbal.by, менеджара культуры. Паўлу Белавусу выставілі абвінавачанні паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэкса: арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх), арт. 361 (заклікі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь), арт. 361-1 (стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім), арт. 356 (здрада дзяржаве). Следчы камітэт сцвярджае, што Павел Белавус «пад выглядам культурна-гістарычнага развіцця ў розных агульнадаступных сацыяльных сетках і на сайтах… распаўсюджваў ідэі беларускага нацыяналізму, мэтай якіх з’яўлялася змена дзяржаўнай улады ў Беларусі, стымуляваў варожасць суайчыннікаў у адносінах да Радзімы» і «сваімі злачыннымі дзеяннямі… на працягу дзесяці гадоў ставіў пад пагрозу знешнюю і ўнутраную бяспеку дзяржавы». Павел Белавус знаходзіцца за кратамі з 23 снежня 2021 года.

  2. 27 лютага ў Жодзіне ў выязным судовым пасяджэнні вынесены прысуд паводле новай крымінальнай справы Сяргея Ціханоўскага, якому інкрымінавана злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі. Прысуд – пазбаўленне волі на 1,5 года. Сяргей Ціханоўскі – палітык, які ў 2020 годзе хацеў балатавацца ў прэзідэнты Беларусі, блогер, аўтар youtube-канала «Страна для жизни», рэкламіст, выканаўца песні «Муры». У снежні 2021 года Сяргей Ціханоўскі быў асуджаны на 18 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэкса: ч. 1 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў), арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх), арт. 191 (перашкода ажыццяўленню выбарчых правоў), арт. 130 (распальванне варожасці або разладу).

  3. 28 лютага ў судзе Пінскага раёна і Пінска абвясцілі прысуд у крымінальнай справе блогера Мікалая Клімовіча – 1 год калоніі за карыкатурную выяву Лукашэнкі ў сацыяльных сетках паводле арт. 368 Крымінальнага кодэкса (абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь).

II. Умовы ў месцах пазбаўлення волі

  1. 13 лютага філасофу-метадолагу Уладзіміру Мацкевічу ўзмацнілі жорсткасць рэжыму і перавялі з калоніі № 17 у Шклове ў турму № 4 у Магілёве. Такое рашэнне прыняў суд, які адбыўся 13 лютага на тэрыторыі калоніі № 17. Уладзімір Мацкевіч – заснавальнік і кіраўнік Агенцтва гуманітарных тэхналогій, заснавальнік праграмы стварэння сучаснага ўніверсітэта ў Беларусі «Лятучы ўніверсітэт». Яго затрымалі 4 жніўня 2021 года, прад’явілі абвінавачанне паводле арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх). 23 чэрвеня 2022 года ў Мінскім абласным судзе ў закрытым рэжыме Уладзіміра Мацкевіча прызналі вінаватым і асудзілі на 5 гадоў зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

  2. 23 лютага стала вядома, што адміністрацыя калоніі № 15 Магілёва на тры месяцы пазбавіла журналіста і папулярызатара гісторыі Алеся Любенчука пасылак, перадач і спатканняў за парушэнне правілаў унутранага распарадку. Алеся Любенчука затрымалі 26 траўня 2022 года ў вёсцы Крывічы Іўеўскага раёну, абвінавацілі ў стварэнні экстрэмісцкага фармавання або ўдзеле ў ім. 27 кастрычніка 2022 года яго асудзілі на 3 гады калоніі. У лютым 2022 года Алеся Любенчука накіравалі ў калонію № 15.

  3. 28 лютага стала вядома пра ўмовы, у якіх знаходзіцца ў гомельскай жаночай калоніі палітычная дзяячка і музыка Марыя Калеснікава. У калоніі Марыі Калеснікавай забаронена тое, на што іншыя зняволеныя маюць права: у 2023 годзе ёй дазваляюць толькі адзін тэлефонны званок на месяц, не ўсе лісты з волі да яе даходзяць. 6 верасня 2021 года Мінскі абласны суд палічыў Марыю Калеснікаву вінаватай у здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных ч. 1 арт. 357, ч. 3 арт. 361, ч. 1 арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса, і асудзіў на 11 гадоў пазбаўлення волі за змову з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам, стварэнне экстрэмісцкага фармавання і кіраванне такім фармаваннем, публічныя заклікі да захопу дзяржаўнай улады.

III. Рэпрэсіі ў кніжнай і выдавецкай сферы

  1. 24 лютага прафесар Іван Данілаў паведаміў, што «Белкніга» скасавала з ім дамову і ён мусіць забраць свае кнігі з кнігарняў. Іван Данілаў – доктар медыцынскіх навук, аўтар нон-фікш кніг «Запіскі заходняга беларуса», «Перажытыя рэжымы: нататкі ўдзельніка і сведкі», «Пастка: разнастайнасць бальшавіцкага тэрору».

  2. 26 лютага беларускі інтэрнэт-сайт, які ладзіў кніжныя аўкцыёны, быў вымушаны на патрабаванне пракуратуры Цэнтральнага раёна Мінска выдаліць кнігу Віктара Суворава «Тень победы» (прысвечана асобе маршала Георгія Жукава) і кнігу Вадзіма Дзеружынскага «Забытая Беларусь», дзе выкрываюцца гістарычныя міфы адносна беларускай гісторыі, што выкарыстоўваліся ў часы Расійскай імперыі і СССР. Абедзве кнігі ў студзені 2023 года былі ўключаны ў «рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў».

IV. Рэпрэсіі за выкарыстанне беларускай нацыянальнай сімволікі (бел-чырвона-белага сцяга і герба «Пагоня»)

  1. 22 лютага з’явілася інфармацыя пра жорсткія затрыманні ў Салігорску на станцыі тэхнічнага абслугоўвання «Філіял». Па звестках супрацоўнікаў міліцыі, на аўтакраму данёс прарасійскі актывіст, якому не спадабалася, што ў СТА прысутнічае беларуская і ўкраінская сімволіка – бел-чырвона-белыя і сіне-жоўтыя стужкі, выявы герба «Пагоня». Затрыманы супрацоўнік «Аўтакрамы» Анатоль Карповіч, у якога на аўто была налепка «Пагоня», а пры ператрусе знайшлі беларускую і ўкраінскую сімволіку. Паводле інфармацыі супрацоўнікаў міліцыі, ён меў дома кнігі пра беларускую гісторыю. Затрымалі дырэктара станцыі тэхнічнага абслугоўвання.

  2. 23 лютага ў Мінску супрацоўнікі міліцыі ўварваліся ў кватэру да вернікаў царквы «Новае жыццё» Елізаветы і Віталя Прынеслікаў. Іх абвінавацілі ва ўдзеле ў мірных пратэстах 2020 года. Віталя арыштавалі, а Елізавету пакінулі на свабодзе, але абмежавалі права на выезд з краіны. Елізавета Прынеслік – блогерка, вядзе ў «Інстаграме» курс «Акадэмія візуалу», на якім навучае стварэнню фота- і відэакантэнту.

V. Цэнзура

  1. 23 лютага карціны мастака Андрэя Смаляка знялі з выставы, прысвечанай 100-годдзю народнага мастака Беларусі Леаніда Шчамялёва, што адбывалася ў мінскім Палацы мастацтва. Мастацкія працы знялі з выставы на распараджэнне Міністэрства культуры.

  2. 28 лютага стала вядома, што ў мястэчку Солы Смаргонскага раёна ў касцёле Маці Божай Ружанцовай зафарбавалі фрэску «Цуд над Віслай», што адлюстроўвала Варшаўскую бітву, у выніку якой Польшча змагла спыніць наступ Чырвонай арміі, дабіцца пералому падчас савецка-польскай вайны 1919–1921 гадоў і захаваць сваю дзяржаўную незалежнасць. Некаторыя ўдзельнікі бітвы сцвярджалі, што бачылі ў небе над польскімі акопамі Маці Божую, якая дапамагала абараняцца ад бальшавікоў. Фрэска ў касцёле ў Солах была адноўлена пасля распаду СССР, а цяпер зноў зафарбаваная.

Арыгінальны артыкул на сайце Беларускага ПЭНу

See more news

Прымусовая праца: як беларускі ўрад (не)выконвае міжнародныя абавязальніцтвы
28 May 2024, 7:05 AM
Прымусовая праца: як беларускі ўрад (не)выконвае міжнародныя абавязальніцтвы
З праваабаронцам "Вясны" Алегам Мацкевічам разбіраемся, што такое прымусовая праца.
Усебеларускі народны сход – форма (не)рэалізацыі права браць удзел у вядзенні дзяржаўных спраў
27 May 2024, 1:23 PM
Усебеларускі народны сход – форма (не)рэалізацыі права браць удзел у вядзенні дзяржаўных спраў
Кампанія "Праваабаронцы за свабодныя выбары", якая вядзецца Беларускім Хельсінскім камітэтам і Праваабарончым цэнтрам "Вясна", прааналізавала Усебеларускі народны сход (УНС).
Нарвежскі ПЭН прыняў у ганаровыя сябры Алеся Бяляцкага
27 May 2024, 1:10 PM
Нарвежскі ПЭН прыняў у ганаровыя сябры Алеся Бяляцкага
На гадавым сходзе Нарвежскага ПЭНа 15 траўня у ганаровыя сябры арганізацыі ўрачыста прынялі зняволенага праваабаронцу і лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру Алеся Бяляцкага.
Агляд «Вясны». Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Красавік 2024 года
27 May 2024, 11:25 AM
Агляд «Вясны». Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Красавік 2024 года
Правы чалавека ў Беларусі па-ранейшаму паўсюдна і сістэматычна парушаюцца.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці