Беларускі ПЭН: Хроніка парушэнняў правоў чалавека ў сферы культуры (15–31 студзеня 2024 года)

02 February 2024, 4:55 PM
Беларускі ПЭН: Хроніка парушэнняў правоў чалавека ў сферы культуры (15–31 студзеня 2024 года)

На 31 студзеня 2024 года: Людзей Слова ў няволі – не менш за 35, дзеячаў культуры ў няволі – не менш за 158.

Фатографу Аляксандру Васюковічу прысудзілі 3 гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатняя хімія»).

Генеральная пракуратура завяла крымінальныя справы ў дачыненні да літаратара і журналіста Сяргея Дубаўца.

Следчы камітэт распачаў працэс спецыяльнага вядзення ў дачыненні да незалежных даследчыкаў і мысляроў.

Супраць музыкаў гурта «Nizkiz» заведзена крымінальная справа.

Вынесена рашэнне ў крымінальнай справе фатографа і кінадакументаліста Аляксандра Зянкова паводле ч. 3 арт. 361.1 Крымінальнага кодэкса (удзел у экстрэмісцкім фарміраванні): 3 гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Затрымана Аксана Ючкавіч – паэтка, арганізатарка культурніцкіх імпрэз, журналістка, аўтарка зборніка дзіцячых вершаў «Святы Мікалай, да нас завітай!».

Затрыманы дэмакратычны актывіст і распаўсюднік літаратуры Барыс Хамайда.

Педагога, маці палітвязня Таццяну Севярынец аштрафавалі на 5400 рублёў (1653 долараў).

Дырэктара гомельскага тэатра лялек Дзмітрыя Гарэліка судзілі паводле ч. 2 арт. 19.11 Кодэкса аб адмiнiстрацыйных правапарушэннях (распаўсюджанне экстрэмісцкіх матэрыялаў).

Міністэрства інфармацыі прыпыніла на месяц дзейнасць незалежнага выдавецтва Рамана Цымберава.

У Міжнародны дзень памяці ахвяр Халакосту ў Мінску ў Моладзевым тэатры адмянілі прэмʼеру спектакля «Тут была Клара» пра нацысцкія злачынствы супраць габрэяў.

I. Крымінальныя палітычна матываваныя справы ў дачыненні да дзеячаў культуры, аўтараў і выканаўцаў

1. 18 студзеня ў судзе Фрунзенскага раёна Мінска фатографа Аляксандра Васюковіча асудзілі на 3 гады абмежавання волі без  накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатняя хімія») паводле  ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх). 

2. 23 студзеня Генеральная пракуратура распачала крымінальныя справы ў дачыненні да літаратара і журналіста Сяргея Дубаўца. Яго абвінавачваюць у парушэнні заканадаўства аб супрацьдзеянні экстрэмізму, недапушчэнні рэабілітацыі нацызму і адмаўленні генацыду беларускага народа паводле арт. 369.1, ч. 1 арт. 130, ч. 1 арт. 367, ч. 1 арт. 361.1, ч. 1 арт. 130.2, ч. 1 арт. 130.1 Крымінальнага кодэкса. Сяргей Дубавец – аўтар кніг «Практыкаванні» (1991), «Русская книга» (1997), «Дзёньнік прыватнага чалавека» (1998), «Вострая Брама» (2005), «Вершы» (2007), «Як?» (2009), «Майстроўня. Гісторыя аднаго цуду» (2012), «Errata: як што называецца, так і адбываецца» (2013), «Cіні карабель у блакітным моры плыве» (2014), «Д’ябал запрэжаны ў плуг» (2018), «Тантамарэскі. Гісторыя аднаго працэсу» (2019). 

3. 23 студзеня Мінскі абласны суд разглядзеў апеляцыйную скаргу рэдактара «Рэгіянальнай газеты» Аляксандра Манцэвіча і пакінуў яе без задавальнення, а прысуд без зменаў. 3 лістапада 2023 года Аляксандра Манцэвіча асудзілі паводле арт. 369.1 Крымінальнага кодэкса (дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь) на 4 гады калоніі і прызначылі 14 800 рублёў (4530 долараў) штрафу.

4. 25 студзеня 2024 года стала вядома, што Следчы камітэт распачаў працэс спецыяльнага вядзення ў дачыненні да незалежных даследчыкаў і мысляроў, сярод якіх: палітолаг Рыгор Астапеня; сацыёлаг Філіп Біканаў; палітычны аналітык Аляксандр Дабравольскі; журналіст і палітычны аглядальнік, аўтар кніг «Акцэнты Свабоды» (2009) і «Сем худых гадоў» (2014) Юры Дракахруст; дырэктар інстытута «Палітычная сфера», палітолаг Андрэй Казакевіч; палітолаг і перакладчык Аляксандр Лагвінец; журналістка і даследчыца Ганна Любакова; даследчыца Марыя Рогава; палітолаг Алеся Руднік; сацыёлаг Наталля Рабава; палітолаг Павел Усаў; палітолаг Таццяна Чуліцкая; палітолаг Кацярына Шмаціна; філосаф, дырэктар Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў Пётр Рудкоўскі. Спецыяльнае вядзенне – вядзенне крымінальнай справы ў дачыненні да абвінавачанага, які знаходзіцца за межамі Рэспублікі Беларусь і ўхіляецца ад яўкі ў орган, які вядзе крымінальны працэс.

5. 29 студзеня стала вядома, што супраць музыкаў гурта «Nizkiz» заведзена крымінальная справа, пакуль невядома, які артыкул ставіцца ім у віну. Вакаліста і аўтара песень Аляксандра Ільіна, бас-гітарыста Сяргея Кульшу і бубнача Дзмітрыя Халяўкіна затрымалі 5 студзеня. 8 студзеня ў судзе Ленінскага раёна Магілёва над музыкамі адбыўся суд паводле арт. 19.11 Кодэкса аб адмiнiстрацыйных правапарушэннях (распаўсюджанне экстрэмісцкіх матэрыялаў). Вынік судовага пасяджэння пакуль невядомы. 10 студзеня ў Магілёве другі раз запар асудзілі саліста гурта Аляксандра Ільіна, яго зноў судзілі паводле арт. 19.11 Кодэкса аб адмiнiстрацыйных правапарушэннях.

6. 30 студзеня ў Мінскім гарадскім судзе вынесена рашэнне ў крымінальнай справе фатографа і кінадакументаліста Аляксандра Зянкова на падставе ч. 3 арт. 361.1 Крымінальнага кодэкса (удзел у экстрэмісцкім фарміраванні): 3 гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Разгляд крымінальнай справы пачаўся 12 студзеня. Аляксандра Зянкова затрымалі 22 чэрвеня 2023 года ў яго доме ў Барысаве, павезлі ў Мінск, дзе змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання на вуліцы Акрэсціна, потым перавялі ў СІЗА на вуліцы Валадарскага. Аляксандр Зянкоў – аўтар дакументальных фільмаў пра культуру і гісторыю Беларусі.

II. Палітычна матываваныя адміністрацыйныя затрыманні і арышты дзеячаў культуры

1. 16 студзеня суд Чыгуначнага раёна Гомеля разгледзеў адміністрацыйную справу дырэктара гомельскага тэатра лялек Дзмітрыя Гарэліка паводле ч. 2 арт. 19.11 Кодэкса аб адмiнiстрацыйных правапарушэннях (распаўсюджанне экстрэмісцкіх матэрыялаў). Вынікі суда пакуль невядомыя. Дзмітрый Гарэлік кіруе тэатрам з 1 чэрвеня 1992 года.

2. 18 студзеня суд Чыгуначнага раёна Віцебска разгледзеў адміністрацыйную справу мастачкі Наталлі Дзямшовай, яе абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 24.23 Кодэкса аб адмiнiстрацыйных правапарушэннях (парушэнне арганізацыі масавага мерапрыемства) і ч. 2 арт. 19.11 Кодэкса аб адмiнiстрацыйных правапарушэннях (распаўсюджанне экстрэмісцкіх матэрыялаў). Наталля Дзямшова – мастачка, выкладчыца дзіцячай мастацкай школы, менеджарка выставаў мастакоў Латвіі ў Беларусі. Вынікі суда пакуль невядомыя.

3. 23 студзеня ў Мінску затрымана Аксана Ючкавіч – паэтка, арганізатарка культурніцкіх імпрэз, журналістка, аўтарка зборніка дзіцячых вершаў «Святы Мікалай, да нас завітай!», адна са стваральніц дзіцячай хрысціянскай відэаперадачы «Анёлкі з вясёлкі». Займалася навуковымі даследаваннямі ў галіне беларускай філалогіі і выкладала на курсах польскай мовы. У 2020 годзе была сярод затрыманых на Дзяды ў Курапатах і правяла 9 сутак за кратамі.

4. 23 студзеня ў Віцебску затрыманы дэмакратычны актывіст і распаўсюднік літаратуры Барыс Хамайда. Двое сутак 76-гадовы Барыс Хамайда правёў ізалятары часовага ўтрымання. На яго склалі пратакол паводле ч. 2 арт. 19.11 Кодэкса аб адмiнiстрацыйных правапарушэннях (распаўсюджанне экстрэмісцкіх матэрыялаў). Падставай сталі знойдзеныя ў яго Facebook-акаўнце падпіскі на незалежныя інфармацыйныя рэсурсы.

5. 25 студзеня суд Першамайскага раёна Віцебска аштрафаваў Таццяну Севярынец на 5400 рублёў (1653 долараў). Яе прызналі вінаватай у распаўсюджанні экстрэмісцкіх матэрыялаў і ў несанкцыянаваным пікетаванні. Таццяна Севярынец – філолаг, педагог, маці палітзняволенага грамадскага дзеяча і літаратара Паўла Севярынца. Была затрымана 9 студзеня за падпіскі на незалежныя інфармацыйныя рэсурсы.

6. 25 студзеня стала вядома пра затрыманне за ўдзел у паслявыбарчых пратэстах саліста гурта «Минимум Дистанции», вядомага як Жэня Шум. Музыка вярнуўся ў Беларусь з Польшчы па заканчэнні візы.

III. Суды і арышты за беларускую і ўкраінскую нацыянальную сімволіку

1. 26 студзеня суд Светлагорскага раёна асудзіў былога супрацоўніка Светлагорскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Валерыя Самсоненку на 1 год калоніі агульнага рэжыму паводле арт. 370 Крымінальнага кодэкса (глумленне з дзяржаўных сімвалаў). У ноч з 13 на 14 кастрычніка 2023 года Валерый Самсоненка ў цэнтры пасёлка Сасновы Бор зняў з флагштока чырвона-зялёны сцяг, а на яго месцы ўсталяваў украінскі сцяг.

2. У судзе Глыбоцкага раёна Віцебскай вобласці на 10 сутак адміністрацыйнага арышту асудзілі Аляксандра Зарэмбу за выявы ў сацыяльных сетках бел-чырвона-белага сцяга і герба «Пагоня».

IV. Умовы ў месцах пазбаўлення волі, катаванні зняволеных

20 студзеня Наста Дашкевіч, жонка Змітра Дашкевіча, паведаміла: «Зміцер прабыў у Жодзіне паўгода ў бетоннай клетцы. Увесь час у карцары: ад ліпеня і да студзеня. Зараз яго перавялі зноў Навасады. Туды ж, дзе яму завялі крымінальную справу. Зараз ён зноў у ШІЗА, дзе скардзіцца на дзікі холад. Кажа, што яму прыходзіцца па 8 разоў за ноч уставаць на зарадку, каб сугрэцца. А за гэта яму складаюць рапарты, што ён не ляжыць пасля адбою».

V. Рэпрэсіі ў дачыненні да сваякоў Людзей Слова

У дачыненні да Арцёма Антонава, сына пісьменніка Сяргея Антонава, распачата крымінальная справа паводле арт. 368 Крымінальнага кодэкса (знявага прэзідэнта) за тое, што пасля затрымання ён нібыта абразліва выказваўся ў міліцэйскай машыне пра Лукашэнку. «Я думаю, гэта помста мне за мой ад’езд. Сын, вядома ж, быў засмучаны тым, што мяне затрымлівалі па крымінальнай справе, што дапытвалі ў КДБ. І што ён там, у машыне, казаў, а чаго не казаў – сведкамі гэтага былі толькі міліцыянты. Паводле іх слоў Арцёма і вінавацяць», – пракаментаваў здарэнне Сяргей Антонаў. Сяргей Антонаў – журналіст, карэспандэнт беларускай газеты «Прыватны дэтэктыў», аўтар шэрагу твораў міжнароднай літаратурнай серыі «Сусвет Метро 2033». Быў затрыманы ў Магілёве 5 снежня 2023 года, правёў тры дні ў ізалятары часовага ўтрымання. Супрацоўнікі спецслужбаў прыехалі да яго і на працу, і дадому, забралі ўсю тэхніку. Самога пісьменніка дапытвалі да поўначы. Яму прапанавалі прызнацца ў працы, звязанай з сайтам mogilev.media, інакш пагражалі адправіць у СІЗА КДБ. Пасля гэтага Сяргея Антонава змясцілі на двое сутак у ІЧУ. Па выхадзе ён адразу з’ехаў з Беларусі.

VI. Рэпрэсіі ў сферы кнігавыдання

24 студзеня Міністэрства інфармацыі прыпыніла на месяц дзейнасць незалежнага выдавецтва Рамана Цымберава.

VII. Цэнзура

27 студзеня, у Міжнародны дзень памяці ахвяр Халакосту, у Мінску ў Моладзевым тэатры адмянілі прэмʼеру спектакля «Тут была Клара» пра нацысцкія злачынствы супраць габрэяў. Спектакль «Тут была Клара» (рэжысёрка Таццяна Аксёнкіна) створаны паводле пʼесы Ксеніі Шталянковай «Memoria Nominis Clara». З сайта тэатра выдалілі старонку пра спектакль.

Арыгінальная публікацыя на сайце Беларускага ПЭНу

See more news

«І вы гатовыя даць гэтым судам права пазбаўляць жыцця?» У Варшаве паглядзелі фільм пра смяротнае пакаранне
07 October 2024, 9:07 AM
«І вы гатовыя даць гэтым судам права пазбаўляць жыцця?» У Варшаве паглядзелі фільм пра смяротнае пакаранне
Дыскусія і паказ фільма "Жыццё Дэвіда Гейла" прайшлі ў Беларускім Моладзевым Хабе, што ў Варшаве.
«Мы вернемся ў краіну разам з канстытуцыйнай законнасцю»: Леаніда Судаленку шукае беларуская міліцыя
19 September 2024, 3:12 PM
«Мы вернемся ў краіну разам з канстытуцыйнай законнасцю»: Леаніда Судаленку шукае беларуская міліцыя
Асуджанага завочна праваабаронцу Леаніда Судаленку абвясцілі ў вышук у Беларусі. Ягонае фота з’явілася на гомельскіх стэндах «Іх шукае міліцыя».
Трое новых «хросных» з Германіі для палітвязняў у Беларусі
19 September 2024, 2:59 PM
Трое новых «хросных» з Германіі для палітвязняў у Беларусі
У межах кампаніі #WeStandBYyou Петэр Хайдт, Луіза Ліцына-Бадэ і Бруна Хенэль сталі "хроснымі" Аляксея Бародкі, Сяргея Шамецькі і Чэслава Канановіча.
Павел Сапелка аб прызнанні віны пры памілаванні
18 September 2024, 2:30 PM
Павел Сапелка аб прызнанні віны пры памілаванні
Праваабаронца "Вясны" Павел Сапелка распавядае, што значыць прызнанне віны пры памілаванні і ці будзе ўлічвацца гэты фактар пры рэабілітацыі палітвязняў.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці