«Быць праваабаронцам у Беларусі – гэта злачынства»

22 December 2022, 2:33 PM
«Быць праваабаронцам у Беларусі – гэта злачынства»

Сусветная арганізацыя супраць катаванняў (ОМСТ) узяла ананімнае інтэрв’ю ў праваабаронцы, якая працягвае сваю працу ў Беларусі.


Жэня – беларуская абаронца правоў мігрантаў. Яна жыве ў Мінску. Жэня расказвае  OMCT пра сваё паўсядзённае жыццё, дапамогу мігрантам і пра перашкоды, якія ўлады ставяць на яе шляху.

Як вы сталі займацца абаронай правоў мігрантаў у Беларусі?

Я пачала працаваць валанцёрам у 2016 годзе, калі вялікая колькасць людзей з Каўказа ўцякала са сваіх краін. Яны пераязджалі па розных прычынах: каб пазбегнуць катаванняў і пераследаў з боку паліцыі або таму, што іх статус ЛГБТК+ падвяргаў іх рызыцы. Яны хацелі папрасіць прытулку ў Польшчы ці Літве, але ім не дазволілі гэта зрабіць, і замест гэтага яны затрымаліся ў Беларусі.

Мы бачылі, што яны не ведалі, што рабіць і куды ісці, калі прыехалі сюды, і не было арганізацый, якія маглі б ім дапамагчы. Я ўдзельнічала ў арганізацыі нефармальнай місіі па аказанні дапамогі. Мы дапамагалі ім звяртацца па абарону ў Польшчы і падаваць скаргі, а мая роля як валанцёра была ў тым, каб браць у іх інтэрв'ю аб катаваннях.

 

У Беларусі вельмі складаныя ўмовы для праваабаронцаў. Як гэта паўплывала на вашу працу?

У 2021 годзе нашая арганізацыя была ліквідаваная падчас шырокіх рэпрэсій супраць НДА і СМІ ў Беларусі. Са студзеня 2021 года праваабарончая дзейнасць у Беларусі з`яўляецца крымінальным злачынствам і караецца пазбаўленнем волі на тэрмін да двух гадоў. Працаваць без рэгістрацыі вельмі складана: мы не можам атрымаць фінансаванне і рызыкуем падпасці пад судовы пераслед за арганізацыю публічных мерапрыемстваў і аказанне прамой дапамогі.

Арганізацыя нелегальнай міграцыі з'яўляецца крымінальным злачынствам, і некалькі гадоў таму юрыст, які займаецца пытаннямі міграцыі, была пакараная за тое, што дала жытло і падтрымлівала матэрыяльна мігранта – які, як яна ведала, быў у краіне незаконна. У выніку яе пазбавілі ліцэнзіі.

Наведванне масавых акцый пратэсту звязана з рызыкай крымінальнага пераследу, і ўлады знаходзяць удзельнікаў па фатаграфіях у сацыяльных сетках. Размяшчэнне ў сацыяльных сетках інфармацыі, звязанай з праваабарончай дзейнасцю, таксама можа прывесці да крымінальнага пераследу, як у выпадку з Настай Лойкай, якую абвінавацілі ў "хуліганстве" ў адпаведнасці з антыэкстрэмісцкім заканадаўствам і трымалі ў вельмі кепскіх умовах.

 

Як вы працягваеце працу ў такіх умовах?

З дапамогай асцярожнай камунікацыі! У нас ёсць калегі за мяжой, якія выступаюць пасярэднікамі, звязваючы нас з мігрантамі праз Messenger, WhatsApp і Telegram. Але прамых званкоў не бывае.

Выключэньне складаюць сытуацыі, калі нам трэба сустрэцца зь людзьмі асабіста. Пасля гуманітарнага крызісу ў Беларусі, які адбыўся ўлетку 2021 года, пацярпелыя людзі былі занадта напалоханыя магчымым затрыманнем і высыланнем, каб звяртацца ў асноўныя службы або па дапамогу да НДА, якія цесна супрацоўнічаюць з уладамі. Таму нам трэба было сустракацца з людзьмі, каб забяспечыць іх адзеннем, ежай і доступам да медыцынскай дапамогі. Мы таксама працягваем працаваць, але вельмі таемна і без прыцягнення валанцёраў.

 

Якой вы бачыце будучыню?

Шчыра кажучы, я не ведаю пра будучыню, бо, відавочна, ўсё залежыць ад палітычнай волі аднаго чалавека.

Нам трэба, каб людзі на высокіх пасадах ведалі аб нашай працы. Напрыклад, Спецыяльны дакладчык ААН па правах чалавека мігрантаў наведаў Беларусь у ліпені 2022 года і публічна заявіў, што тут няма арганізацый, якія займаюцца правамі мігрантаў, што сталася для нас шокам.

Я мяркую, вельмі важна, каб органы ААН і міжнародныя арганізацыі, якія ўсё яшчэ працуюць у Беларусі, таксама пачалі выказвацца. Цяпер міжнародныя арганізацыі за мяжой, падтрымліваюць праваабаронцаў у Беларусі, але тыя, хто знаходзіцца ў краіне, маўчаць. Іх удзел быў бы вельмі карысным для ціску на беларускія ўлады на ўсіх узроўнях.

Нам таксама патрэбны лёгкі доступ да візаў. Як праваабаронца ў небяспецы, вы можаце мець усяго некалькі дзён ці гадзін, каб уцячы з краіны. Калі ў вас няма візы для ўезду ў ЕС, то ваш адзіны выбар – Расея ці Украіна, якія небяспечныя. Мой калега звярнуўся па візу ў амбасаду Германіі, і яму выдалі від на жыхарства на шэсць месяцаў. Для бяспекі гэтага недастаткова.

Арыгінальны артыкул (на ангельскай мове) на сайце ОМСТ.

Пераклад на беларускую мову: БДПЧ

Share

See more news

Максім Знак зняў плакат са сваім партрэтам у Вільні
20 July 2026, 12:59 PM
Максім Знак зняў плакат са сваім партрэтам у Вільні
Сёння ў Вільні Максім Знак асабіста зняў плакат са сваім партрэтам, які быў размешчаны насупраць амбасады Беларусі падчас акцыі салідарнасці ў чэрвені 2024 года.
Прайшла трэцяя канфэрэнцыя правайдэраў нефармальнай адукацыі ў галіне правоў чалавека
01 July 2026, 12:56 PM
Прайшла трэцяя канфэрэнцыя правайдэраў нефармальнай адукацыі ў галіне правоў чалавека
26–27 чэрвеня адбылася трэцяя канфэрэнцыя правайдэраў нефармальнай адукацыі ў галіне правоў чалавека.
Ліквідацыя 140 НДА і выхад з экалагiчных канвенцый ААН: «Экадом» прэзентаваў агляд экалагічнага сектара Беларусі
29 June 2026, 11:48 AM
Ліквідацыя 140 НДА і выхад з экалагiчных канвенцый ААН: «Экадом» прэзентаваў агляд экалагічнага сектара Беларусі
Экадом» з «Зялёнай сеткай» прэзентаваў аналітычны агляд «Становішча экалагічных арганізацый і актывістаў у Беларусі ва ўмовах грамадска-палітычнага крызісу».
«Гэта надзейная сістэма дапамогі». Першае інтэрв’ю Алеся Бяляцкага пра «Вясну» ў 1998 годзе
27 April 2026, 11:29 AM
«Гэта надзейная сістэма дапамогі». Першае інтэрв’ю Алеся Бяляцкага пра «Вясну» ў 1998 годзе
26 красавіка Праваабарончаму цэнтру "Вясна" спаўняецца 30 гадоў.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці