)
Летась "Вясна" задакументавала 73 гісторыі пацярпелых ад дзеянняў уладаў. Сведкі распавядалі пра вобшукі і затрыманні, фізічны і псіхалагічны гвалт, пра невыносныя ўмовы ўтрымання ў зняволенні і нечалавечае стаўленне з боку сілавікоў, пра адмову ў медычнай дапамозе і вымушаную эміграцыю. Новай тэндэнцыяй гэтага году стала масавая прымусовая дэпартацыя.
"Вясна" распавядае пра вынікі дакументавання ў 2025 годзе, а супрацоўнікі аддзелу тлумачаць, чаму важна працягваць іх працу і дзеляцца кранальнымі назіраннямі з уласнай практыкі.
Сярод 73 чалавек, якія распавялі свае гісторыі пераследу праваабаронцам "Вясны", было 14 жанчын і 59 мужчын узростам ад 22 да 74 гадоў. У асноўным, сведкі знаходзяцца ў Польшчы і Літве, а таксама ў Швейцарыі, Ізраілі, Беларусі і іншых краінах Еўропы.
Сведкі дакументавання распавядалі пра пагрозы, у тым ліку іх блізкім, пра збіццё сілавікамі, пра допыты і вобшукі. Рэспандэнты казалі, што падчас затрымання і пазней у няволі сутыкаліся з фізічным і псіхалагічным гвалтам.
Дакументатары зафіксавалі шмат сведчанняў пра невыносныя ўмовы ўтрымання ў месцах зняволення: сведкі пакутвалі ад нястачы паветра, праз пастаянна ўключанае святло ноччу ў камерах. Палітычным зняволеным не выдавалі пасцельную бялізну і матрасы, праз гэта яны былі вымушаныя спаць на жорсткіх жалезных ложках. Таксама ў месцах няволі часта адмаўлялі ў аказанні медычнай дапамогі, распавядалі сведкі.
Важнай часткай сведчанняў беларусаў, пацярпелых ад дзеянняў уладаў, з’яўляюцца наступствы рэпрэсій. Апытаныя зазналі на сабе пагаршэнне фізічнага і псіхалагічнага здароўся пасля працяглага ўтрымання ў месцах няволі або збіцця сілавікамі. Таксама распаўсюджаная практыка пастаноўкі экс-палітвязняў на прафілактычны ўлік і дадаванне іх у “спіс экстрэмістаў”. Праз гэта сведкі па вызваленні не адчуваюць цалкам сябе на волі, сутыкаюцца з дадатковым кантролем з боку ўладаў і праблемамі з працаўладкаваннем. Фінансавыя наступствы не меней распаўсюджаныя – падчас вобшукаў у затрыманых вымалі тэхніку, а ў некаторых канфіскоўвалі маёмасць.
Сярод новых тэндэнцый з’яўляецца прымусовая дэпартацыя вызваленых па памілаванні палітвязняў.
Супрацоўнікі аддзелу дакументавання катаванняў агучылі 24 самых распаўсюджаных словы, якія сустракаліся ў 2025 годзе ў гісторыях беларусаў: эміграцыя, Мінск, крымінальная справа, КДБ, СК, пагрозы, кайданкі, затрыманне, суд, ІЧУ, вобшук, РАУС, фізічны гвалт, ГУБАЗіК, допыт, збіццё, прафулік, 2024, жнівень 2020, аўтазак, брак паветра, АМАП, абразы, адміністрацыйны пратакол.
Як распавядаюць супрацоўнікі адзелу дакументавання, іх праца – гэта не толькі спосаб зразумець масштаб рэпрэсій і тэрапеўтычны працэс для сведкаў, але і пэўная форма супраціву забыццю.
"Падрабязнае, храналагічнае дакументаванне вопыту заключэння – гэта спосаб разумець маштабы таго, што адбылося з чалавекам, якія часта сціскаюцца да кароткіх фактаў у выглядзе "цяжкія ўмовы ўтрымання". Калі чалавек паслядоўна прагаворвае ўсё, што з ім здарылася, становіцца зразумелым механізм самой сістэмы, у якой гэта стала магчымым. Для многіх гэты працэс аказваецца тэрапеўтычным: з'яўляецца прастора, дзе можна казаць доўга і падрабязна. Дакументатар ў гэтым выпадку ўважлівы слухач, які дапамагае выгрузіць траўміруючы вопыт з галавы, бо такі вопыт ператвараецца ў фон пастаяннага напружання. У дакументавання ёсць і іншы ўзровень: гістарычны. Гэта пэўная форма супраціва забыццю, напамін, што ўсё гэта застанецца ў аналах гісторыі, не забудзецца".
Супрацоўніца дакументавання дзеліцца назіраннямі з уласнай практыкі і распавядае, як яе натхняе прага да жыцця былых палітвязняў і наколькі крохкай аказваецца ідэя "нармальнага жыцця".
"Гэта кранальныя моманты зносін з людзьмі, якія толькі што выйшлі. Яны дзівяць рэакцыяй на самыя звычайныя рэчы. Шчырае здзіўленне існаванню ШІ і ChatGPT. Пытанні накшталт: "А вы ведалі, што ў Instagram зараз ёсць рылсы, як у ТыкТоку?". Тое, што для нас даўно стала штодзённасцю, для іх выглядае як рэзкі скачок у кібер-панк-будучыню. Мяне вельмі кранаюць іх жыццёвы запал, прага хутчэй жыць і адначасова вельмі простыя мары. Амаль усе хочуць шкоднай ежы – з Макдональдсу, напрыклад. Гэтакі сімвал вяртання да нармальнасці, да асабістага выбару, да простага задавальнення. І адначасова гэта нагадвае, наколькі далікатнай аказваецца сама ідэя "нармальнага жыцця".
)
)
)
)
)