)
Звычайны дзень у беларускіх папраўчых калоніях пачынаецца з паходу ў сталовую. Зняволеных вядуць туды строем, каб падсілкаваць перад цяжкай прымусовай працай. На вялікіх сталах, разлічаных на дзесяць чалавек кожны, вязняў чакае так званы сняданак. У металічнай талерцы – скупа адмераная порцыя таннай кашы, шчодра палітая камбіжырам, побач – луста шэрага турэмнага хлеба, а ў кубачку да паловы налітая цёплая падсалоджаная вада, зафарбаваная ў колер гарбаты. Гэта ўсё. Да абеду вязні будуць вымушаныя працаваць на галодны шлунак. Праносіць хоць якую ежу на прамысловую зону катэгарычна нельга. Вінаватых у парушэнні забароны чакае ШІЗА, дзе ўмовы ўтрымання ў разы горшыя.
Праваабаронца "Вясны" Алег Мацкевіч на падставе сведчанняў былых палітзняволеных з розных калоній Беларусі правёў даследванне пра турэмнае харчванне.
Былая палітзняволеная Алена Маўшук казала пра жаночую калонію № 24 у г.п. Зарэчча:
"Харчаванне жахлівае. Калі свайго нічога няма, то людзі ходзяць галодныя. Выходзіш з сталовай, крыху паходзіш і ўжо зноў есці хочацца. Таму што ежа нясытная, поснае ўсё".
Былы палітвязень (імя не называецца ў мэтах бяспекі) распавёў пра харчаванне ў калоніі № 4 у Навасадах:
"Ежы вельмі мала, мужык не можа там наесца. Шмат хто з асуджаных падыходзіў да супрацоўнікаў адміністрацыі і выпрошваў, ледзь не на каленях, дабаўку. У мяне ёсць чалавечая годнасць, таму я так ніколі не рабіў".
Былая палітзняволеная Таццяна Купчына з калоніі № 4 у Гомелі адзначыла:
"У асноўным гэта была пустая аднастайная ежа, пасля якой хацелася есці ўжо, мабыць, праз 15-20 хвілінаў".
Праваабаронца Алег Мацкевіч кажа:
"Чалавек без працы, што птушка без крылаў", – казалі нашыя продкі. Мы працуем, каб самарэалізавацца, раскрыць свой творчы патэнцыял, нарэшце, каб проста зарабіць сродкі на існаванне.
У беларускай турме ўсё інакш. Тут праца – сродак “перавыхавання”. Зняволеныя не маюць дзеля яе ніякай матывацыі, не адчуваюць ані кроплі задавальнення. Праца не прыносіць прыбытку, бо на заробак у некалькі рублёў немагчыма пражыць нават ва ўмовах “турэмнага пансіёну”. Згубіўшы сэнс, праца робіцца часткай пакарання. Без перабольшвання яе можна параўнаць з класічнай рабскай працай, аб якой мы чыталі ў школьных падручніках па гісторыі старажытнай Месапатаміі ці Егіпту. Як і рабоў, беларускіх зняволеных кепска кормяць. Турэмнае харчаванне вельмі беднае на бялкі, карысныя тлушчы, вітаміны, мікраэлементы і падаецца ў недастатковай колькасці".
Правіла 22 Мінімальных стандартных правілаў ААН у адносінах абыходжання са зняволенымі (Правілы Нельсана Мандэлы): 1. Турэмная адміністрацыя павінна ў звычайныя часы забяспечваць кожнаму зняволенаму харчаванне, дастаткова сытнае для падтрымання яго здароўя і сіл, якое мае дастаткова добрую якасць, добра прыгатаванае і пададзенае. 2. Кожны зняволены павінны мець пітную ваду, калі ўзнікае такая патрэба.” Ч. 3 арт. 94 Крымінальна-выканаўчага кодэксу Рэспублікі Беларусь: “Асуджаныя атрымліваюць харчаванне, якое забяспечвае нармальную жыццядзейнасць арганізма. Нормы харчавання і сродкаў асабістай гігіены ўстанаўліваюцца Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь па ўзгадненні з Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь”. |
Былая палітзняволеная Таццяна Купчына распавяла пра жаночую калонію ў Гомелі:
"Сняданак – гэта каша. Сечка, аўсянка, пярлоўка, ячная, рыс, "пшонка" з чарвякамі часта. Два разы на тыдзень – яйка і кавалачак масла. Хлеб і гарбата ў металічным кубачку, налітая напалову".
АІ прааналізаваў каларыйнасць сняданку (па магчымасці ўлічаны інгрэдыенты, іх колькасць і памер порцыі):
Каша (пярлоўка/сечка з камбіжырам) ~200–250 г, ~200–250 ккал;
Хлеб белы, 1 луста ~100 г, 250–270 ккал;
Гарбата з цукрам ~150 мл, ~30 ккал;
Агульная каларыйнасць сняданку: ~480–550 ккал.
Былы палітзняволены Мікіта Літвіненка, які адбываў тэрмін у шклоўскай калоніі № 17 і калоніі № 9 у Горках:
"На сняданак звычайна нам давалі лусту белага хлеба, гарбату і чарпак кашы. Часцей за ўсё гэта была сечка звычайная, раз на тыдзень давалі пшано або рыс ці авёс. Атрымлівалася два разы на тыдзень авёс, два разы на тыдзень сечка, і там пшано-рыс разбаўлялі. Буханка надрэзанага хлеба заўсёды стаіць на стале, зняволеныя самі яго дзеляць паміж сабой. З-за скарынак вельмі часта паміж імі адбываюцца канфлікты. У кашы пастаянна нешта плавала – ці то камбіжыр, ці то нейкі іншы тлушч".
АІ прааналізаваў каларыйнасць сняданку (па магчымасці ўлічаны інгрэдыенты, іх колькасць і памер порцыі):
Каша (пярлоўка/сечка з камбіжырам) ~200–250 г, ~200–250 ккал;
Хлеб белы, 1 луста ~100 г, 250–270 ккал;
Гарбата з цукрам ~150 мл, ~30 ккал;
Агульная каларыйнасць сняданку: ~480–550 ккал.
Таццяна Купчына распавяла пра харчаванне ў гомельскай жаночай калоніі:
"На абед давалі суп без мяса, булён з капустай, бульбай, морквай, які больш нагадваў баланду, "шчы" з кіслай капусты, гарохавы суп, расольнік, боршч з буракамі. На другое давалі “пярлагарох” – пярловая каша, перамяшаная з гарохам, і з дробна парэзанай варанай каўбасой, макароны з каўбасой – страва выглядае як каша, лянівыя галубцы – перамешаная капуста з рысам і вельмі развараным мясам, тушаная бульба з дробна парэзанай варанай каўбасой, “пярлагарох” з такой самай каўбасой ці валокнамі мяса невядома якога, капуста салёная ці свежая з каўбасой ці валокнамі мяса. Лустачка хлеба. Кампот, які нагадвае зафарбаваную ваду".
АІ прааналізаваў каларыйнасць абеду (па магчымасці ўлічаны інгрэдыенты, іх колькасць і памер порцыі):
Булён з бульбай, капустай і морквай ~250 мл, ~40–60 ккал;
Пярлоўка з гарохам і кавалкамі варанай каўбасы, а таксама камбіжырам ~200–250 г, ~320–370 ккал;
Хлеб шэры, 1 луста ~100 г, 245–260 ккал;
Кампот ~150 мл, ~30–35 ккал;
Агульная каларыйнасць абеду: ~635–725 ккал.
Мікіта Літвіненка распавёў пра абед у мужчынскай калоніі:
"На абед нам чаргавалі суп альбо боршч – гэта былі проста буракі, бульба і вада з раслінным маслам. Або давалі “шчы”, гэта тая самая капуста кіслая, бульба, вада, расліннае масла. Быў яшчэ суп такі як бы зборны. То бок, усё, што было на кухні, туды ўсё кідалі, там і пшано, і бульба, і рыс, і пярлоўка, і цыбуля, і морква, усё, што было, застаецца на кухні, накідваюць у гэты суп. Яго называлі, наколькі я памятую, “палявы”. На другое давалі макароны – па меню напісана, што з мясам, або з каўбасой, але часцей за ўсё гэта проста былі такія зліплыя кавалкі цеста, і калі там будзе які-небудзь кавалачак мяса, то пашанцуе. Макароны чаргаваліся з сечкай, гэта драблёная пярлоўка, і з звычайнай пярлоўкай. Таксама па меню з ялавічынай, з тушонкай, але калі ў бачку на 10 чалавек будзе пару кавалачкаў гэтай тушонкі, то гэта таксама будзе добра, значыць, камусьці пашанцуе. Чаргавалі кожны дзень на абед або кісель, або кампот, і лусту чорнага хлеба".
АІ прааналізаваў каларыйнасць абеду (па магчымасці ўлічаны інгрэдыенты, іх колькасць і памер порцыі):
Боршч з буракамі, бульбай і раслінным маслам ~250 мл, ~30–45 ккал;
Макароны з кавалачкамі варанай каўбасы ~200–250 г, ~270–390 ккал;
Хлеб шэры, 1 луста ~100 г, 245–260 ккал;
Хлеб белы, 1 луста ~100 г, 250–270 ккал;
Кампот ~150 мл, ~ 30–35 ккал;
Агульная каларыйнасць абеду: ~825–1000 ккал.
Таццяна Купчына – пра вячэру ў жаночай калоніі:
"На вячэру пяльмені раз на тыдзень развараныя да стану кашы і без смятаны, капуста тушаная, макароны з каўбасой, часам рыба – путасу – па два-тры смажаных кавалачкі з макаронамі. Было часам нешта падобнае да лазанні – запечаныя макароны з “ашмёткамі” мяса. "Пярлагарох” з каўбасой і “ашмёткамі” мяса ці хлебнай катлетай. Хлеб і гарбата".
АІ прааналізаваў каларыйнасць вячэры (па магчымасці ўлічаны інгрэдыенты, іх колькасць і памер порцыі):
Развараныя пяльмені з невялікай колькасцю мяса ~200–250 г, ~270–340 ккал;
Хлеб шэры, 1 луста ~100 г, 245–260 ккал;
Гарбата з цукрам ~150 мл, ~30 ккал;
Агульная каларыйнасць вячэры: ~545–630 ккал.
Мікіта Літвіненка – пра вячэру ў мужчынскай калоніі:
"На вячэру кожны дзень была бульба, проста яе чаргавалі таксама або з каўбасой, або з мясам, з якімі-небудзь іншымі напаўняльнікамі. І часцей за ўсё вячэра гэта быў самы жаласны прыём ежы, таму што пад канец дня вельмі моцна разыгрываецца апетыт, асабліва пасля працы. Калі раніцай гэта адзін чарпак кашы, і яна хаця б нейкая больш-менш хоць крыху сытная, таму што гэта каша, то вечарам гэта пустая бульба, часцей за ўсё разбаўленая вадой. Адзін чарпак гэтай вадкай бульбы, ну, гэта прама вельмі жаласна… Ну і, канешне, луста хлеба і гарбата".
АІ прааналізаваў каларыйнасць вячэры (па магчымасці ўлічаны інгрэдыенты, іх колькасць і памер порцыі):
Бульба на вадзе з камбіжырам і з невялікай колькасцю мяса ~250 г, ~180–240 ккал;
Хлеб шэры, 1 луста ~100 г, 245–260 ккал;
Гарбата з цукрам ~150 мл, ~30 ккал;
Агульная каларыйнасць вячэры: ~455–530 ккал.
Паводле Таццяны Купчыной амаль усе стравы падаваліся з камбіжырам, размазаным па талерцы жоўтым слоем.
"Гэта была бескарысная ежа для таго, каб проста набіць страўнік. Праз гадзіну-дзве ты зноў галодны. Уся ежа падаецца не парцыйна, а ў вялікіх рондалях на стол для дзесяці чалавек.
Для асобных катэгорый зняволеных існаваў так званы “ўзмоцнены” стол. За ім мелі права харчавацца ВІЧ-інфікаваныя, хворыя на дыябет, на анкалогію, цяжарныя, кормячыя. Туды ж маглі пасадзіць у выпадку, калі, напрыклад, у зняволенай падаў да крытычнага ўзровень гемаглабіну ў крыві. Такім чынам туды трапляла і я. У адрозненні ад звычайнага за гэтым сталом на сняданак заўсёды давалі кавалачак масла, яйка і тварог. На абед у супе можна было знайсці кавалачкі мяса, а таксама мяса можна было сустрэць тут замест хлебных катлет. Цяжарным даставаліся такія дэлікатэсы, як кавалачак сыра ці яблык. На вячэру дадаткова да гарбаты давалася палова кубачка яблычнага соку. Самае галоўнае – давалі кабачковую ікру. І гэта было па-царску.
Вада для піцця была ва ўмывальніку і ў прыбіральні – з кранаў. Бутэльку з вадой пад ложкам або ў тумбачцы захоўваць было нельга. Даводзілася хаваць. Я без шклянкі вады раніцай не магла. Калі б знайшлі бутэльку, быў бы рапарт аб парушэнні за неадпаведнасць парадку ў секцыі правілам унутранага распарадку".
Мікіта Літвіненка дзеліцца ўспамінамі:
"Два разы на тыдзень давалі па адной шайбе масла 15 грам і па аднаму яйку. І яшчэ давалі два разы катлету самаробную, якую ў зоне рабілі, і адзін раз замаўлялі катлету у нейкай там кавярні, я не памятую, то бок, яны паўфабрыкатныя. Што самае цікавае, гэтыя катлеты паўфабрыкатныя, іх каты не ядуць. У нас там былі каты і каты гэтыя катлеты проста не ядуць, яны ядуць пярлоўку, але катлеты гэтыя не ядуць. Якасць ежы асабліва не выклікае прэтэнзій, больш за ўсё выклікае пытанні яе колькасць, таму што вельмі моцна не хапае ежы. Калі яшчэ і ўлічыць, што ўся гэтая ежа, яна складаецца чыста з вугляводаў, прычым хуткіх вугляводаў, то праз гадзіну пасля прыёму ежы зноў хочацца есці, а калі яшчэ гэта ўсё суправаджаецца цяжкай працай, а калі яшчэ і малады арганізм, то гэта ўвогуле… То бок, ежа гэта там вельмі такое пытанне далікатнае, часта нават сняцца проста сны з ежай.
У краме можна купіць толькі гарбату, цукеркі, цыгарэты, якое-небудзь печыва. Усё. Там асабліва нічога такога няма, ні малочнага нічога, ні фруктаў. Калі раз на месяц завязуць якія-небудзь яблыкі, гэта будзе добра.
Канешне, ёсць там пэўныя пралазы, як можна, дапусцім, сабе зрабіць якую-небудзь дадатковую порцыю, але гэта ўсё забаронена, за гэта б’юць. Ну, напрыклад, чалавек, які вельмі моцна хоча курыць, пры гэтым выглядае як чалавек пасля Асвенцыму, худы, бачныя косткі ўсе, але ён хоча курыць. І людзі звычайна гэтаму чалавеку даюць цыгарэты і ён там нейкую сваю порцыю аддае, або масла, або яйка, або катлету. Вот, абы каб пакурыць. Але, ізноў жа, гэта ўсё пад забаронай і за гэта б’юць. Ну, і зразумела, што той жа раздатчык, які раздае ежу, тыя ж заўгасы, або там блатныя, “сматрашчыя” за зонай, канешне, яны ядуць добра. Яны ядуць і мяса, яны ядуць і порцыі ў два разы большыя, але аб гэтым ніхто не кажа, таму што можа атрымаць за гэты па вушах вельмі моцна і вялікія сабе праблемы нажыць.
Вада была заўсёды. Але на працы не заўсёды быў час, каб папіць".
Былая палітзняволенная Паліна Шарэнда-Панасюк, якая адбывала тэрмін у калоніі № 4 і № 24 кажа:
"Ляцяць зубы, суставы, зрок… Губляеш здароўе. Порцыі там недастатковыя, каб наесціся, таму са сталоўкі выносяць хлеб".
Руслан Акостка, які адбываў тэрмін у калоніі № 3 у Віцьбе, № 13 у Глыбокім і № 9 у Горках узгадвае:
"У Горках харчаванне вельмі паганае. Яно было нагэтулькі ўбогім, што людзі страчвалі па 20 кілаграмаў падчас адсідкі. Я асабіста там скінуў 15 кг. вагі".
Яшчэ адзін былы палітзняволены, імя якога не называецца ў мэтах бясппекі, які адбываў тэрмін у калоніі № 15 у Магілёве кажа:
"Свіней лепш кормяць. Цалкам незбалансаванае харчаванне. І маленькія порцыі. Кожную нядзелю нам давалі вараныя пяльмені. Калі я патрапіў туды, было 27 пяльменяў. Праз два гады іх колькасць зменшылася да 14. Пустыя кашы з камбіжырам. Што ты паеў, што не паеў – ніякай розніцы. Вельмі часта пасля гэтай няякаснай ежы былі праблемы з кішэчнікам – напрыклад, пасля рыбных страў, яна проста падгнілая там была. Самай ядавітай стравай быў расольнік, ён проста раз’ядае знутры ад сваёй вялікай кіслотнасці. Яго амаль ніхто не еў, усё вылівалася".
Як падлічыў Алег Мацкевіч, сумарная энергетычная каштоўнасць умоўнага сутачнага рацыёну на аднаго чалавека ў жаночай калоніі знаходзіцца прыкладна на ўзроўні 1660–1905 ккал. З улікам пары яек і кавалачкаў масла, якія чаргуюцца два разы на тыдзень, варта дадаць да вылічанай сумы яшчэ каля 50 ккал. Атрымаецца каля 1710–1955 ккал на чалавека ў дзень.
У мужчынскай калоніі сумарная энергетычная каштоўнасць умоўнага сутачнага рацыёну на аднаго чалавека складае прыкладна 1760–2080 ккал. Калі дадаць сюды пару яек і кавалачкаў масла, пададзеных двойчы на тыдзень, атрымаецца яшчэ каля 50 ккал. У суме – прыкладна 1810–2130 ккал на чалавека ў дзень.
Колькі калорый на дзень патрэбна жанчыне і мужчыне працаздольнага ўзросту пры ўмове выканання працы?Пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь №169 ад 25 сакавіка 2021 г. “Аб устанаўленні нормаў харчавання і нормаў забеспячэння сродкамі асабістай гігіены асобных катэгорый грамадзян” зацвярджае нормы харчавання асуджаных, якія адбываюць пакаранне ў папраўчых калоніях, турмах, арыштных дамах, ЛПП. У спіс уключаны назвы 30-ці прадуктаў, даецца норма сутачнага спажывання ў грамах асобна для мужчын і жанчын. Каларыйнасць “набораў” не ўказана. З дапамогай АІ удалося вылічыць, што агульная каларыйнасць мужчынскага набору складае прыкладна 2910 ккал, а жаночага – прыкладна 2640 ккал. |
Асаблівасцю зацверджаных нормаў з’яўляецца тое, што энергетычная каштоўнасць прадуктовых набораў уніфікаваная для ўсіх катэгорый і не прадугледжвае падзелу па прыкмеце "працуе – не працуе". Напрыклад, зняволеныя ў папраўчай калоніі ці ЛПП у адрозненні ад зняволеных у арыштным доме або турме амаль ва ўсіх выпадках вымушаныя працаваць, а гэта значыць, траціць значна больш фізічных сілаў і энергіі.
Скрыншот з пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь № 169
Палічыўшы, прыходзіць да высновы праваабаронца, атрымаем лічбу індэкса недаядання (дэфіцыта энергетычнага спажывання) кожнага зняволенага ў мужчынскай калоніі на ўзроўні прыкладна ад 780 да 1100 ккал на дзень, ці 27% – 38% ад нормы, прадугледжанай Пастановай № 169. Для кожнай зняволенай у жаночай калоніі індэкс недаядання складае прыкладна ад 685 да 930 ккал, ці 26% – 35% ад нормы.
Індэкс недаядання зняволеных адносна “турэмнай” нормы фізіялагічных патрэбаў
Трэба заўважыць, што нормы харчавання, уведзеныя ў 2021 г., былі зменшаныя з параўнанні з мінулымі, якія дзейнічалі ад 1992 г. Аб гэтым у свой час пісала выданне "Смартпрэс": "В Беларуси снизили нормы питания заключенных”. Скарачэнне па мерках зняволення было досыць істотным: хлеба – з 300 г да 250 г, мяса – з 100 г да 90 г, маргарынавай прадукцыі – з 25 г да 15 г, масла расліннага – з 20 г да 15 г, кіселя – з 25 г да 20 г і г.д.
Сярэдні індэкс недаядання ў папраўчых калоніях Беларусі
"Калі ж браць у разлік нормы, прадугледжаныя заканадаўствам не для “асобных катэгорый”, а для звычайных грамадзян, то энергетычны разрыў паміж імі і рэальным узроўнем турэмнага харчавання будзе яшчэ больш уражваючым", – адзначае праваабаронца Алег Мацкевіч.
Так, згодна з пастановай Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь №180 ад 20 лістапада 2012 г. “Патрабаванні да харчавання насельніцтва” нормай фізіялагічных патрэбаў для жанчын, занятых фізічнай працай сярэдняй цяжкасці або цяжкай фізічнай працай, з’яўляецца дзённае спажыванне на ўзроўні прыкладна 2500-3000 ккал. Для мужчын, занятых фізічнай працай сярэдняй цяжкасці, цяжкай фізічнай працай або асабліва цяжкай фізічнай працай, нормай з’яўляецца дзённае спажыванне на ўзроўні прыкладна 2950-4200 ккал.
Адпаведна, індэкс недаядання (дэфіцыта энергетычнага спажывання) для кожнай зняволенай у жаночай калоніі знаходзіцца на ўзроўні прыкладна ад 545 да 1290 ккал, ці 22% – 43%, а індэкс недаядання для кожнага зняволенага ў мужчынскай калоніі знаходзіцца на ўзроўні прыкладна ад 820 да 2390 ккал, ці 28% – 57%, прыходзіць да высновы праваабаронца.
Як кажа былы палітзняволены з калоніі № 4 у Гомелі (імя не называецца ў мэтах бяспекі), большасць калорый паступае з хлебам.
"Нават калі ты з’ядаеш увесь хлеб, які табе даюць, ты будзеш галодным. З раніцы лыжка кашы з талерцы. І гэта на сем гадзінаў. І ты да абеду працуеш на прамзоне вось на гэтым зарадзе энергіі".
Паводле былой палітзняволенай з калоніі № 4, імя якой не называецца ў меркаваннях бяспекі, часта прывозілі гнілую бульбу:
"Яе потым абіралі і варылі. І мы потым вымушаныя былі гэта есці".
Ксенія Луцкіна, якая адбывала тэрмін у калоніі № 4, кажа:
"Хлеб мясцовы. Я есці яго не магла. Гэты хлеб пастаянна перапрацоўваецца. То бок яны яго не выкідаюць, а проста рэшты старога дадаюцца ў новы [пры выпечцы]. Атрымліваецца, што калі ў каго-небудзь праблемы з страўнікам, то гэта можа пагражаць вялікімі праблемамі, ажно да адкрыцця язвы. Калі ў мяне абвастрылася язва і было кепска, начальнік медсанчасці спытаўся: “Вы ясьцё наш хлеб?”. А калі я адказала “так”, ён сказаў: “Не трэба. Гэта біялагічная зброя, вам яго есці ўвогуле забаронена".
Былая палітзняволеная ПК-4 у Гомелі (імя не называецца з меркаванняў бяспекі) распавядае:
"Адзін з самых жахлівых успамінаў – гэта ежа. Аднастайнае, пазбаўленае якіх-небудзь вітамінаў і іншых карысных рэчываў меню. Знаёмая зняволеная знайшла ў рагу апарыша. Белы тлусты чарвяк з чорнымі вачыма. У мяне ў рагу – капуста, бульба і крыху мяса, а з лыжкі звісаў гліст. Своечасова заўважыла яго. Плоскі, бледна-ружовы. У дзяўчыны з 25 атраду ў талерцы з кашай быў таракан. Абіралі часта бульбу, яна была такая гнілая, што ўзяць у рукі, каб абабраць, было немагчыма. Смурод стаяў жахлівы, смярдзець пачынала ўсё – сукенка, скура, валасы. Прыходзілі ў атрад і пралі адзенне. Бульбу такую, вядома ж, не елі ўжо. Чысцілі неяк моркву, дык загадчык кухняй прыгразіў, што калі хто-небудзь пасмее з’есці моркаўку, дык напіша рапарт. І паказаў на відэакамеру, якая вісела ў памяшканні. Узяць хлеб з сталовай, як правіла, не дазвалялі. Хлеб, які я аплаціла, бо з мяне ж бралі грошы за харчаванне, забаранялі браць з сабой. Пры тым, што на гаспадарчы двор сталовай пастаянна выкідвалі папяровыя мяшкі з рэштай хлеба і яго клявалі птушкі. Але галодным людзям гэты хлеб не аддавалі".
Былая палітзняволеная калоніі № 4 Вольга Такарчук адзначае:
“Харчаванне ў калоніі агіднае. Суцэльныя вугляводы, абсалютна няякасная ежа. Часта, калі абіралі бульбу, гэта былі прагнілыя агромныя мяшкі гнілля з апарышамі, смярдзючая нейкая жыжа карычневая з чарвякамі. Даводзілася з гэтага нешта вышукваць, каб абабраць для выканання нормы. І людзей гэтым кармілі. Калі гэта былі макароны, то нешта пераваранае і зліплае. Калі суп – то баланда на вадзе. Якасць і колькасць ежы – гэта агромная праблема ў калоніі”.
Што адбываецца з чалавекам, які займаецца цяжкай працай без належнага адпачынку і пры гэтым страчвае энергіі больш, чым арганізм атрымлівае праз ежу?
"Перш за ўсё пачынае губляцца маса цела. Спачатку расходуецца тлушч, а калі яго не стае – пачынае “гарэць” мышачная тканка. Потым запавольваецца абмен рэчываў: чалавек мерзне нават у адносна цёплым памяшканні. Імунітэт зніжаецца – любая дробная ранка можа загойвацца тыднямі, або зусім не загойвацца. У жанчын парушаецца гарманальны фон, пачынаюцца перабоі ў менструальным цыкле, ажно да іх спынення. Пакутуе стрававальная сістэма, якая працуе ўсё горш. Ад недастатковай колькасці калорый могуць пачацца пастаянныя галавакружэнні. У чалавека з’яўляецца хранічная стомленасць. Следам за фізічнай немаччу з’яўляецца псіхалагічны разлад: пашыраецца рызыка дэпрэсіўных станаў, трывогі, панічных атак. Зніжаюцца кагнітыўныя здольнасці асобы. Паступова змяняецца фізічнае аблічча чалавека: з’яўляецца ненатуральная худзіна, пагаршаецца стан скуры, валасы і пазуры робяцца больш крохкімі", – тлумачыць Алег Мацкевіч.
"Страціў за час адсідкі 16 кг вагі", – Леанід Судаленка, былы палітзняволены ПК-3, пас. Віцьба.
“Схуднеў на 40 кг”, – былы палітзняволены ПК-1, г. Наваполацк, імя схаванае з меркаванняў бяспекі.
“Згубіў вельмі шмат сваёй вагі. Каля 15 кг”, Сяргей Наліўка, былы палітзняволены ПК-5, г. Івацэвічы, ПК-8, г. Орша.
“Зменшыўся на цэлых 45 кг”, – Павел Вінаградаў, былы палітзняволены ПК-11, г. Ваўкавыск, ПК-12, г. Ворша, турма №1, г. Гродна.
Праваабаронца "Вясны" Алег Мацкевіч кажа, што выглядае так, што ў цывілізаваным свеце праблема турэмнага харчавання таксама існуе. Аб ёй пішуць сродкі масавай інфармацыі, адмысловыя інфармацыйныя рэсурсы, праваабаронцы і даследчыкі пенітэнцыярных сістэмаў. У Літве, Польшчы і іншых краінах рэгіёну рэгулярна з’яўляюцца расследаванні, агляды і рэпартажы аб тым, што зняволеныя часта атрымліваюць недастаткова разнастайнае і нізкаякаснае меню, а бюджэтнае фінансаванне не ў стане забяспечыць паўнавартасны рацыён.
"У той жа час варта адзначыць, што турэмнае харчаванне ў суседніх краінах бясплатнае, разлічанае на розныя катэгорыі асуджаных, у тым ліку дыферэнцыяванае па прыкмеце “працуе – без працы”, падаецца з апісаннем неабходнай колькасці калорый, бялкоў, вугляводаў, тлушчаў, мікраэлементаў, прадугледжвае такія асаблівасці зняволеных, як рэлігійныя перакананні або медыцынскія паказчыкі".
"Грамадская дыскусія на тэму рацыёну асуджаных у гэтых краінах адбываецца адкрыта, з удзелам журналістаў, інфлюэнсераў, экспертаў, прадстаўнікоў пенітэнцыярных устаноў і дзяржаўных органаў. У нашых суседзяў праводзяцца незалежныя праверкі, супастаўляюцца фактычныя порцыі ежы з афіцыйнымі нормамі, збіраюцца і публікуюцца ў адкрытым доступе сведчанні, у тым ліку выявы турэмнага харчавання. Існуюць досыць дзейсныя механізмы абскарджання ўмоваў харчавання. Карацей, ёсць амаль усё тое, чаго няма або што не дзейнічае ў Беларусі", — зазначае Алег Мацкевіч.
Узровень энергетычнай каштоўнасці ежы для розных катэгорый зняволеных у еўрапейскіх краінах прыкладна парытэтны таму ўзроўню, які закладзены нарматыўнымі актамі Рэспублікі Беларусь. Але пры гэтым існуюць пэўныя парадоксы наступстваў тамтэйшага турэмнага харчавання. Напрыклад, вынікам даследаванняў, праведзеных у Польшчы некалькі гадоў таму, стала выяўленне праблемы залішняй вагі зняволеных. Каля 57% зняволеных адной з польскіх турмаў цярпелі на атлусценне. Аналагічныя дадзеныя былі атрыманыя ў Варшаўскім цэнтры зняволення, дзе 43,4% зняволеных мелі залішнюю вагу цела. Вынікі 11-ці даследаванняў, апублікаваных у 2012 – 2015 г.г. указалі на праблему атлусцення ў дыяпазоне 23,3% да 35,6% у адпаведнасці з узроўнем фізічнай актыўнасці. Хіба што адзінай “суцяшальнай” высновай сталі статыстычныя дадзеныя аб тым, што зняволеныя церпяць на залішнюю вагу ўсё ж радзей, чым насельніцтва Польшчы ў цэлым.
У Літоўскай Рэспубліцы існуе шэраг нарматыўных актаў, якія рэгулююць пытанні, звязаныя з харчаваннем зняволеных. Артыкул 173 Крымінальна-выканаўчага кодэксу патрабуе, каб асуджаныя атрымлівалі харчаванне ў адпаведнасці з фізіялагічнымі нормамі спажывання, а па магчымасці – у адпаведнасці з іх рэлігійнымі перакананнямі і медыцынскімі паказчыкамі.
Правілы EPR (Еўрапейскія пенітэнцыярныя правілы): 22.1. Зняволеным павінны забяспечваць харчовы рацыён, які ўлічвае іх узрост, здароўе, фізічны стан, рэлігію, культуру і характар іх працы. 22.2. Патрабаванні да харчовага рацыёну, уключаючы мінімальны змест энергіі і бялку, павінны быць вызначаны ў нацыянальным заканадаўстве. |
У літоўскіх турмах прадугледжваецца некалькі розных дыетычных меню: для працуючых мужчын, для непрацуючых мужчын, для працуючых жанчын, для непрацуючых жанчын, для непаўналетніх, для цяжарных жанчын, для жанчын, што кормяць грудзьмі, для працуючых мужчын-вегетарыянцаў, для непрацуючых мужчын-вегетарыянцаў, для працуючых жанчын-вегетарыянак, для непрацуючых жанчын-вегетарыянак, дыетычнае харчаванне і меню для веганаў.
Зняволеныя ў Літве маюць і актыўна карыстаюцца магчымасцю падаваць скаргі і адстойваць сваё права на якаснае паўнавартаснае харчаванне. У нядаўнім часе гэтым правам скарысталіся зняволеныя Марыямпальскай турмы. Дарэчы, сярод скаргаў зняволеных не толькі ежа, але і пытанні недастатковай занятасці (не хапае працы).
Праваабаронца "Вясны" Алег Мацкевіч выпрацаваў наступныя рэкамендацыі для беларускай дзяржавы:
Аднавіць нормы харчавання на ўзроўні да 2021 года.
Увесці асобныя нормы харчавання для працуючых зняволеных.
Гарантаваць у рацыёне зняволеных мінімальны ўзровень бялкоў, тлушчаў і вітамінаў.
Адмовіцца ад практыкі калектыўнага раздавання ежы і ўвесці сістэму індывідуальна вымераных порцый, якія забяспечваюць роўнасць, празрыстасць і адпаведнасць устаноўленым нормам харчавання. Дазволіць захоўванне пітной вады.
Праводзіць медыцынскае абследаванне тых, хто страціў значную вагу ў месцах зняволення.
Забяспечыць пастаянны кантроль санітарнага стану кухняў і працэсу гатавання турэмнай ежы.
Стварыць эфектыўны механізм скаргаў на якасць харчавання, даступны для ўсіх зняволеных.
Правесці расследаванне ўсіх выпадкаў прымусовага пазбаўлення ежы, маніпулявання порцыямі ежы або выкарыстання харчавання як сродку пакарання ці ціску, з наступным прыцягненнем вінаватых да адказнасці і гарантаваннем непаўторнасці падобных практык.
Увесці рэгулярны незалежны маніторынг якасці харчавання ў месцах зняволення з удзелам міжнародных і нацыянальных структур.
Арыгінальная публікацыя на сайце "Вясны" з ілюстрацыямі і табліцамі
)
)
)
)
)