Доказы ў крымінальным працэсе, або Як адвакату вывучыць напамяць 100 тамоў справы за месяц

18 February 2025, 2:22 PM
Доказы ў крымінальным працэсе, або Як адвакату вывучыць напамяць 100 тамоў справы за месяц

Даследніцкая лабараторыя праграмы ILIA-By працуе над праектам рэформаў некаторых беларускіх законаў – каб яны былі справядлівымі і адпавядалі стандартам правоў чалавека.

Разгледзім Беларусь, ад 1991 года і да цяперашняга часу. Чалавека абвінавацілі ў злачынстве, адкрылі крымінальную справу. А калі ён – невінаваты? Калі ён зрабіў не тое, у чым яго абвінавачваюць? Тыя беларускія законы, якія дзейнічаюць цяпер – ці гарантуюць яны, што праўда будзе даказаная? Ці мае адвакат такія ж самыя правы, як і пракурор?

Што не так з беларускімі законамі датычна доказаў у крымінальным працэсе і што менавіта трэба рэфармаваць? Публікуем гэты артыкул паводле гутаркі з юрысткай, удзельніцай даследніцкай лабараторыі ILIA-By.

Юрыдычныя дакументы (праекты новых законаў) праграма ILIA-By апублікуе неўзабаве; а ў гэтым артыкуле тлумачым асобныя хібы заканадаўства, якія груба парушаюць правы чалавека, у прыватнасці – права на справядлівы суд.

ЗНАЁМСТВА З КРЫМІНАЛЬНАЙ СПРАВАЙ

 Што гэта:

Па тым, як чалавека абвінавацілі ў злачынстве, пачынаецца следства: абвінавачванне збірае ўсе магчымыя доказы віны, усе акалічнасці падзеяў, пратаколы допытаў і інш. – усё тое, што ў прастамоўі называецца “шыць справу”. Калі вытворчасць па крымінальнай справе скончаная, то са справай могуць азнаёміцца абвінавачаны і яго адвакат.

 Знаёмства з матэрыяламі крымінальнай справы – вельмі важны элемент рэалізацыі права на абарону. Знаёмства са справай дазваляе адвакату даведацца, якія паказанні далі супраць яго сведкі, ці дастаткова сабрана доказаў, каб давесці віну абвінавачанага… На гэтай падставе адвакат будуе стратэгію абароны: што абвінавачанаму казаць на судовых працэсах, як абвергнуць доказы, якія пытанні задаваць сведкам…

 Ці дазваляе беларускае заканадаўства паўнавартасна і бесперашкодна азнаёміцца адвакату з крымінальнай справай?

Якія парушэнні:

 На знаёмства са справай – адзін месяц

Адзін месяц – роўна столькі часу ў адваката, каб азнаёміцца з крымінальнай справай.

Пры гэтым у справе могуць быць два тамы, а могуць – 200 і болей; па справе могуць праходзіць 15 абвінавачаных і ў іх – 15 адвакатаў; і ўсе яны павінныя азнаёміцца з крымінальнай справай за адзін месяц. Гэты час можа быць працягнуты правкурорам , але толькі па яго жаданні. Але ўплываць на жаданні пракурора немагчыма.

Нельга рабіць копіі – толькі перапісваць ад рукі

Калі адвакат знаёміцца са справай, то рабіць копіі матэрыялаў ён можа толькі з дазволу следчага. Калі следчы не дазволіць рабіць копіі, то адвакат можа толькі перапісваць справу ад рукі (фатаграфаваць таксама нельга).

Адвакату, для лепшай абароны, трэба не проста прагледзець справу, а як след абдумаць яе; магчыма, адвакат захоча перачытаць пратаколы допытаў, etc. У ідэале, адвакат мае атрымаць доступ да справы ў любы момант, калі пажадае. Як гэта забяспечыць?

 Нават калі ў справе не 200 тамоў, а два, іх нерэальна перапісаць.

 А што наконт малюнкаў, схемаў? Фотаздымкаў? А відэа- і аўдыёзапісы, напэўна, адвакату трэба запомніць напамяць з аднаго прагляда?

Следчы можа (але не абавязаны) дазволіць рабіць копіі; але, паўторымся, уплываць на жаданні следчага немагчыма.

Пракурор мае неабмежаваны доступ да справы.

Якія наступствы парушэнняў:

Такія абмежаванні, такое рознае стаўленне да бакоў абвінавачвання і абароны немагчыма патлумачыць здаровым сэнсам. Тое, што адвакат фактычна не можа паўнавартасна знаёміцца са справай, не можа мець неабмежаваны доступ да матэрыялаў, нельга абумовіць ніякім законам.

У выніку адвакат можа не ўлічыць усіх фактаў, можа памыліцца, забыцца, не можа другі раз перагледзець відэа- і аўдыёзапісы – і абвінавачаны не будзе абаронены належным чынам.

Як рэфармаваць:

Трэба забяспечыць роўны доступ да матэрыялаў справы і абароне, і абвінавачванню.

Напрыклад, у Літве матэрыялы справы загружаюцца ў спецыяльную электронную сістэму, і адвакат мае да іх бесперашкодны доступ.

 

НЕДАПУШЧАЛЬНЫЯ ДОКАЗЫ

 Што гэта:

Адвакат, падчас знаёмства са справай, можа знайсці там доказы, якія, па яго меркаванні, недапушчальныя.

Што можа быць недапушчальным доказам? Напрыклад, ператрус з парушэннем закона; або допыт, які ладзіла зацікаўленая асоба, etc.

 Недапушчальныя доказы павінныя быць выдаленыя са справы.

 Сёння адвакат можа толькі падчас судовага паседжання звярнуцца да суддзі з просьбай не вывучаць недапушчальныя доказы, і суддзя вырашае, вывучаць іх ці не.

 Чаму так не павінна быць?

Якія парушэнні:

Калі суддзя вывучае недапушчальны доказ (зачытвае пратакол, вывучае меркаванні сведак, і г.д.), гэтая інфармацыя ў любым выпадку ўплывае на фармаванне ў суддзі пэўнага стаўлення да абвінавачанага. І  нават калі суддзя ў прысудзе не стане спасылацца на недапушчальныя доказы, ён не зможа “выдаліць” іх са сваёй памяці.

Якія наступствы парушэнняў:

Недапушчальныя доказы могуць паўплываць на рашэнне суддзі аб віне абвінавачанага.

Як рэфармаваць:

Для прызнання доказаў недапушчальнымі трэба ладзіць папярэднія паседжанні, якія будзе праводзіць іншы суддзя.

 

ДАСУДОВАЕ ПАГАДНЕННЕ АБ СУПРАЦЫ СА СЛЕДСТВАМ

Што гэта:

Абвінавачаны мае права напісаць на імя пракурора хадайніцтва аб тым, што ён гатовы супрацоўнічаць са следствам, і гэта можа змякчыць яго прысуд.

Напісанае хадайніцтва вывучае следчы і дасылае пракурору. 

Якія парушэнні:

Калі чалавек заяўляе хадайніцтва аб заключэнні пагаднення аб супрацы, удзел адваката становіцца абавязковы – але з моманту затрымання і да моманту напісання хадайніцтва няма ніякага абавязковага ўдзелу адваката.

Гэта азначае, што ў той перыяд, калі закон не прапісвае ўдзел адваката, ёсць рызыка непрацэсуальных дзеянняў: то бок, на абвінавачанага маглі націснуць, прымусіць, etc.

Таксама ў Беларусі падаць хадайніцтва аб супрацы можна толькі на стадыі следства, да суда.

 

Якія наступствы парушэнняў:

Прыняцце рашэння аб супрацы са следствам без адваката:

У некаторых краінах наўпрост прапісана, што заявіць хадайніцтвы аб супрацы са следствам можна толькі пасля кансультацыі з адвакатам. Бо затрыманы чалавек, без юрыдычнай адукацыі, у стрэсе, не можа цвяроза ацаніць сваё становішча, сутнасць абвінавачвання, ступень сваёй віны; чалавеку складана самастойна вырашыць, ці сапраўды яму трэба прызнаваць сваю віну і віну іншых фігурантаў крымінальнай справы. І калі з’яўляецца адвакат, чалавек ужо прызнаў сваю віну, і штосьці змяняць ужо позна.

Хадайніцтва аб супрацы са следствам толькі да суда:

У Беларусі можна скласці пагадненне аб супрацы са следствам толькі да таго, як скончылася следства, да суда.

На стадыі следства абвінавачаны яшчэ не можа знаёміцца з матэрыяламі справы: не ведае, якія доказы ёсць супраць яго, на чым грунтуецца абвінавачванне. Не ведаючы гэта, немагчыма прыняць узважанае рашэнне аб супрацы са следствам. Раптам у справе няма ніякіх доказаў? А ў пагадненні абвінавачаны ўжо прызнаў сваю віну.

Калі пачынаецца суд, пачынаць супрацу са следствам ужо нельга; так, можна прызнаць віну, але суддзя не абавязкова ўлічыць гэта пры вынясенні прысуду.

Як рэфармаваць:

  • Забяспечыць права напісаць хадайніцтва аб супрацы са следствам не толькі да суда, але і цягам судовага працэса;

  • забяспечыць абвінавачанаму права на кансультацыю з адвакатам перад напісаннем хадайніцтва аб супрацы са следствам.

 

САЎДЗЕЛЬНІКІ: ВІНАВАТЫЯ ДА СУДА

Што гэта:

Калі ў крымінальнай справе шмат фігурантаў, шмат абвінавачаных, то некаторых абвінавачаных могуць выдзеліць у асобную вытворчасць (напрыклад, калі з абвінавачаным заключанае  пагадненне аб супрацы са следствам).

Тады ён, як правіла, дае паказанні і аб сваіх саўдзельніках у меркаваным злачынстве: хто што рабіў, хто кіраваў, а хто быў проста выканаўцам, і ўсё, што можна пра іх расказаць.

Справу абвінавачанага, які супрацоўнічае са следствам, могуць выдзеліць у асобную вытворчасць і судзіць яго раней, чым усіх астатніх; раней вынесці яму прысуд. У гэтым прысудзе суддзя абавязкова апісвае ўсе акалічнасці крымінальнай справы – і выносіць прысуд з улікам дзеянняў іншых фігурантаў справы, фактычна робячы высновы пра іх вінаватасць. Фармальна ў прысудах не называюцца імёны іншых фігурантаў справы і ўжываюцца фразы кшталту “іншыя асобы”, але па сутнасці і суддзя, і публіка разумеюць, пра каго ідзе гаворка ў прысудзе. 

Якія парушэнні:

Так саўдзельнікі абвінавачанага, які супрацоўнічаў са следствам, аказваюцца вінаватымі да суда.  Цяпер існуе прысуд, які пацвярджае факт злачынства і ўсе яго акалічнасці. Паводле прынцыпа прэюдыцыі, які дзейнічае ў беларускім заканадаўстве, факты, якія ўстанавіў адзін суд, прызнаюцца іншым судом. Таму папярэдні прысуд у іншай крымінальнай справе ўплывае на наступныя прысуды ў дачыненні да канкрэтнага чалавека

Наступствы:

Такім чынам, следства яшчэ не скончанае, суд яшчэ не адбыўся, а чалавек ужо мае прысуд, дзе апісаная яго віна (толькі без узгадвання яго імя). Гэта – парушэнне прэзумпцыі невінаватасці.

Прыклад:

Прыкладам можа быць справа Сяргея Ціханоўскага. У траўні 2020 года разам з Сяргеем затрымалі шмат людзей. І іншых фігурантаў ягонай справы асудзілі раней за самога Ціханоўскага (хаця іх трэба было б судзіць усіх разам). Гэтыя прысуды мелі прэюдыцыяльнае значэнне для справы Ціханоўскага.

Як рэфармаваць:

трэба прыбраць прэюдыцыяльны ўплыў прысудаў у адных крымінальных справах на прысуд у іншай.

Так, напрыклад, у Малдове: калі справа ў дачыненні да чалавека была выдзеленая, і ў судзе ён расказваў пра акалічнасці злачынства, у тым ліку пра дзеянні яго меркаваных саўдзельнікаў, то прысуд па гэтай справе не паўплывае на прысуд па справе меркаваных саўдзельнікаў. Суд у кожным выпадку наноў павінен усталяваць факты і давесці віну абвінавачаных.

ВЫСНОВА:

Дзейныя беларускія законы не забяспечваюць роўнасць бакоў (абароны і абвінавачвання) у працэсе правасуддзя. Гэта цягне парушэнне права на абарону ў судзе, парушэнне прэзумпцыі невінаватасці. Задача, якая стаіць перад рэфарматарамі, - у новых законах забяспечыць роўнасць бакоў у крымінальным працэсе, каб адвакат мог паўнавартасна абараняць свайго падабароннага; тады права на справядлівы суд будзе магчыма рэалізаваць.

Гэта – далёка не ўсе парушэнні правоў чалавека, якія ёсць у беларускім заканадаўстве. Для артыкула мы абралі толькі некалькі. Цалкам юрыдычныя дакументы (праекты законаў) праграма ILIA-By апублікуе неўзабаве.

See more news

Лаборатория ILIA-By BELIEVE. Досудебное соглашение
31 March 2025, 4:23 PM
Лаборатория ILIA-By BELIEVE. Досудебное соглашение
Сделка о признании вины, соглашение о сотрудничестве между подозреваемым, обвиняемым и государством в лице прокурора позволяет сторонам путем взаимных уступок ускорить разрешение уголовных дел, избежать неопределенности для обвиняемого и значительных расходов для государства.
Лаборатория ILIA-By BELIEVE. Меры пресечения, связанные с лишением личной свободы
31 March 2025, 12:13 PM
Лаборатория ILIA-By BELIEVE. Меры пресечения, связанные с лишением личной свободы
Высокая степень терпимости к вмешательству государства в жизнь гражданина сформировалась исторически и сильно укрепилась в период существования СССР, когда государство фактически диктовало людям не только как им жить, но и как им думать.
Лаборатория ILIA-By BELIEVE. Закон об адвокатуре. Проект
27 March 2025, 2:55 PM
Лаборатория ILIA-By BELIEVE. Закон об адвокатуре. Проект
Авторы и программа ILIA-By напоминают, что данные документы являются объектом авторского права и не могут использоваться без разрешения автора.
Лаборатория ILIA-By BELIEVE. Отдельные аспекты электронного правосудия в уголовном процессе
27 March 2025, 2:26 PM
Лаборатория ILIA-By BELIEVE. Отдельные аспекты электронного правосудия в уголовном процессе
Авторы и программа ILIA-By напоминают, что данные документы являются объектом авторского права и не могут использоваться без разрешения автора.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці