У межах праграмы навучаньня правам чалавека ILIA-By дзейнічае праект пасьляадукацыйнай падтрымкі выпускнікоў, у тым ліку – навукова-практычная лябараторыя ILIA-By BELIEVE. У 2024–2025 гадах дасьледнікі Лябараторыі стварылі шэраг тэкстаў, прысвечаных рэформе беларускага заканадаўства. Гэтыя матэрыялы вы можаце прачытаць на старонцы праекта.
У гэтым артыкуле мы прапануем чытачу папулярны пераказ аднаго з дасьледаваньняў — аналіза праблемы катаваньняў у Беларусі. Для тых, хто хоча вывучыць тэму глыбей, цалкам тэкст дасьледаваньня можна прачытаць па спасылцы.
У 2020 годзе каля пяці тысяч чалавек падалі скаргі ў сьледчыя органы Беларусі. Людзі паведамлялі пра гвалт з боку міліцыянтаў, вайскоўцаў унутраных войскаў і іншых сілавікоў.
Толькі за тыдзень, зь 9 па 15 жніўня, 640 чалавек паведамілі пра зьбіцьцё і катаваньні ў ізалятарах на Акрэсьціна і на Валадарскага ў Менску.
Што зрабіла дзяржава? Яна адмовіла ва ўзбуджэньні крымінальных спраў па ўсіх гэтых скаргах. Людзям даслалі адпіскі, што нібыта ўсё праверылі — і нічога супрацьпраўнага ня выявілі. Больш за тое, улады назвалі гэтыя скаргі «дэзінфармацыяй», маўляў, гэта была спроба расхістаць сытуацыю ў краіне і паўплываць на міжнародную супольнасьць, каб тая ўвяла санкцыі супраць Беларусі.
Але такая пазыцыя выглядае вельмі цынічна. Ёсьць мноства сьведчаньняў, што з жніўня 2020 году ў Беларусі катаваньні сталі масавымі і сыстэмнымі. Паводле зьвестак Упраўленьня Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека (УВКПЧ), за час з траўня 2020 да канца 2022 году ў краіне зафіксаваныя сур’ёзныя парушэньні правоў чалавека — у тым ліку катаваньні.
Да мая 2021 году было затрымана каля 37 тысяч чалавек, з іх 13,5 тысячы — толькі за першыя дні пасьля выбараў, з 9 па 14 жніўня 2020 году. Людзей збівалі, зьдзекаваліся зь іх, пазбаўлялі свабоды, а таксама здзяйсьнялі сэксуальны гвалт. Усё гэта было часткай мэтанакіраванай палітыкі запалохваньня, каб задушыць любы пратэст супраць Лукашэнкі.
Паводле дакладу УВКПЧ, гэтыя катаваньні былі ня проста асобнымі здарэньнямі, а плянаванымі дзеяньнямі, у якіх удзельнічалі розныя дзяржаўныя структуры. У дакуменце гаворыцца, што ёсьць усе падставы ацэньваць гэтыя факты як злачынствы з пункту гледжаньня міжнароднага крымінальнага права.
Такое разыходжаньне паміж афіцыйнай вэрсіяй і рэчаіснасьцю паказвае галоўнае: у Беларусі няма дзейснай сыстэмы, каб расьсьледаваць катаваньні і караць вінаватых. Катаваньні ў Беларусі пачаліся не ў 2020 годзе, але тады яны сталі масавымі. І пакуль краінай кіруюць сілавікі, ніякія законы самі па сабе не дапамогуць.
Але нават калі зьменіцца ўлада, гэтага мала, каб катаваньні зьніклі. У Беларусі за доўгія гады выпрацаваўся падыход, што катаваньне — гэта «нармальны» мэтад у працы сьледчых. Таму каб сапраўды спыніць гэтую практыку, патрэбныя ня толькі новыя законы, але і рэальныя, празрыстыя працэдуры: і каб папярэджваць катаваньні, і каб расьсьледаваць іх, калі яны ўсё ж адбываюцца.
Няма доступу незалежных арганізацыяў у месцы несвабоды. Сыстэма грамадзкіх камісіяў цалкам падкантрольная МУС. Незалежныя назіральнікі ня маюць права заходзіць у ізалятары ці шпіталі.
Гвалт успрымаецца як нешта «нармальнае».
У грамадзтве дагэтуль жыве стэрэатып, што сілай можна і трэба вырашаць праблемы — асабліва калі гэта «дзяржаўныя інтарэсы». А турма - гэта «не санаторый».
Катуюць тыя ж, хто павінен расьсьледаваць катаваньні.
У Беларусі няма асобных структураў, куды вязьні маглі б бясьпечна і канфідэнцыйна падаць скаргу. Часто міліцыянты і сьледчыя працуюць у адным будынку, ведаюць адзін аднаго асабіста. Сам Следчы камітэт падпарадкоўваецца Лукашэнку, а значыць — не зьяўляецца незалежным. Скаргі на катаваньні не разглядаюцца хутка і сур’ёзна. Пацярпелых не аглядаюць лекары, іх не дапытваюць своечасова, а калі сьледчы безьдзейнічае, скаргі трапляюць да яго начальства — якое нічога не робіць.
Суды не абараняюць людзей. Калі чалавек кажа на судзе, што яго катавалі, суд абыякавы. Паводле закона, суд ня мусіць спыняць справу або пачынаць праверку, нават калі чалавек адкрыта заяўляе пра гвалт. Палітвязьні з 2020 году неаднаразова распавядалі пра катаваньні, але суды гэта ігнаруюць. Больш за тое — запісы зьняволеных, дзе іх прымушаюць прасіць прабачэньня пад прымусам, выкарыстоўваюцца як доказы ў судзе.
Зьняволены ня можа паскардзіцца, калі адміністрацыя не дазволіць. Калі самі турэмшчыкі не захочуць — чалавек у няволі ня зможа паведаміць пра катаваньні. Скарга проста ня выйдзе за муры ізалятара.
Улады ня толькі ведаюць пра катаваньні, але і адобраюць іх.
Праваабаронцы пацьвярджаюць: усе скаргі людзей на гвалт з боку міліцыі і іншых сілавікоў пасьля выбараў 2020 году былі праігнараваныя — крымінальныя справы нават не адкрывалі. Хоць закон і прадугледжвае, што сілавікоў можна прыцягнуць да адказнасьці за перавышэньне паўнамоцтваў, на справе гэта не працуе. Існуюць сьведчаньні, што міліцыянты прымянялі сілу бязь меры як падчас затрыманьняў, так і ўжо пасьля — у турмах і ізалятарах. Больш за тое, у 2021 годзе быў прыняты закон, які пашырыў правы сілавікоў: цяпер ім прасьцей ужываць зброю нават супраць мірных грамадзян.
Стварэньне ўмоваў поўнай ізаляцыі.
Зьняволеных часта трымаюць «інкамунікада» — гэта калі чалавек цалкам адрэзаны ад кантактаў з роднымі, адвакатам і вонкавым сьветам. Гэта робіць катаваньні яшчэ больш бяськарнымі.
Няма сыстэмы дапамогі ахвярам.
Дзяржава ня дае ніякай рэальнай кампэнсацыі тым, хто пацярпеў ад катаваньняў. Няма мэханізмаў рэабілітацыі, няма падтрымкі. Гэта значыць, што чалавек застаецца сам-насам з траўмай.
Адвакатаў не пускаюць.
Затрыманым часта не даюць сустрэцца з абаронцам. Гэта наўмысна: каб ніхто ня мог зафіксаваць сляды катаваньняў і распавесьці пра тое, што адбываецца за кратамі.
Сілавікоў ніхто ня вучыць, што катаваньні — гэта злачынства.
Правілы, паводле якіх мусілі б працаваць міліцыянты (напрыклад, як праводзіць допыт ці як паводзіць сябе з арыштаванымі), на справе ігнаруюцца. Афіцыйнай падрыхтоўкі пра тое, што катаваньні — недапушчальныя, амаль няма. А калі і ёсьць, то гэта чыстая фармальнасьць.
Сілавікоў не адхіляюць ад працы нават падчас расьсьледаваньня.
Калі чалавека абвінавачваюць у катаваньнях, ён працягвае працаваць. Закон не патрабуе яго часова адхіліць, таму ён можа ціснуць на ахвяру або сьведкаў. Больш за тое, нават калі ў 2020 годзе людзі падалі больш за тысячу скаргаў, нікога з сілавікоў не адхілілі. Наадварот: Лукашэнка 13 жніўня 2020 году ўзнагародзіў больш за 300 міліцыянтаў «за ўзорнае выкананьне абавязкаў».
Словы міліцыянта — «сьвятыя».
У Беларусі існуе прэзумпцыя даверу да паказаньняў сілавікоў. На судзе іх паказаньні успрымаюцца як праўда па змоўчаньні. Нават калі ёсьць доказы, што яны хлусяць, іх словы ўсё роўна лічацца надзейнымі. Гэта пазбаўляе пацярпелых шанцу быць пачутымі.
У законе няма асобнага артыкула за катаваньні.
У Крымінальным кодэксе Беларусі няма дакладна вызначанага злачынства «катаваньні». Існуюць толькі два артыкулы, дзе гэта згадваецца ўскосна — адзін пра «злачынствы супраць чалавецтва», другі пра «прымус да дачы паказаньняў». Але яны вельмі вузкія: першы артыкул тычыцца масавых выпадкаў, а другая — толькі тых, хто вядзе сьледзтва ці працуе ў судзе. Гэта супярэчыць міжнароднаму вызначэньню катаваньняў.
Няма асобнай працэдуры для расьсьледаваньня катаваньняў.
У Беларусі няма адмысловага мэханізму, як праводзіць расьсьледаваньне, калі чалавек заяўляе пра катаваньні. Няма ні сьпецыялізаваных груп, ні выразных правілаў, што трэба рабіць, каб абараніць пацярпелага і сабраць доказы.
"Прызнаньне віны" — галоўны доказ. З савецкіх часоў у Беларусі лічыцца, што галоўнае — выбіць прызнаньне: “Прызнаньне – царыца доказаў”. Іншыя доказы шукаць ня ўмеюць, а прызнаньне пад катаваньнямі зручнае і хуткае.
Суд ігнаруе катаваньні. Суды не правяраюць, ці быў прымус, і не спыняюць справу, нават калі чалавек адкрыта кажа пра катаваньні. Калі ня скардзіўся адразу — значыць, усё законна: “Ну, а дзе вы былі?”
Культура гвалту ў праваахоўных органах. Сярод міліцыянтаў катаваньні — нагода для гонару, а не злачынства. У навучаньні міліцыянтаў няма фокусу на правах чалавека.
Абмежаваньне доступу і інфармацыі. Суды па палітычных справах часта закрытыя. Людзей затрымліваюць за спробу трапіць на працэс. Вязьні ня могуць пісаць, адвакатаў не пускаюць.
Гвалт афіцыйна апраўдваецца. Лукашэнка адкрыта кажа, што дзяцей можна выхоўваць сілай, і што не заўсёды трэба кіравацца законам. Ён сам заблякаваў закон аб супрацьдзеяньні хатняму гвалту.
Ахвяры баяцца. Тыя, хто перажыў катаваньні, часта маўчаць. Яны пад кантролем тых жа людзей, што іх катавалі. Ім пагражаюць зноў, ужо на волі.
Забарона на публічную абарону. Адвакат Аляксандар Мачалаў страціў ліцэнзію за тое, што распавёў у СМІ пра катаваньні сваёй кліенткі. Дзяржава лічыць, што гаварыць пра катаваньні можна толькі пасьля судовага выраку, што практычна выключае магчымасьць грамадзкага абмеркаваньня.
Чым кіравацца Беларусі, рэфармуючы заканадаўства і грамадзкае жыцьцё так, каб катаваньняў больш не было? На гэта ёсьць адказ: ужо існуюць міжнародныя стандарты правоў чалавека, датычныя катаваньняў.
Катаваньні забароненыя шэрагам міжнародных дакумэнтаў, якія вызначаюць агульнапрынятыя стандарты правоў чалавека. Артыкул 5 Усеагульнай дэклярацыі правоў чалавека і артыкул 7 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах абвяшчаюць: ніхто не павінен падвяргацца катаваньням, жорсткаму, бесчалавечнаму або прыніжальнаму абыходжаньню ці пакараньню.
У 1975 годзе Генэральная асамблея ААН прыняла Дэклярацыю аб абароне ўсіх людзей ад катаваньняў, а ў 1987 годзе Беларусь далучылася да Канвэнцыі супраць катаваньняў і іншых жорсткіх, бесчалавечных або прыніжальных відаў абыходжаньня і пакараньня.
Паводле артыкула 2 Канвэнцыі, кожная дзяржава абавязана прыняць эфэктыўныя заканадаўчыя, адміністрацыйныя і судовыя меры, каб прадухіліць катаваньні. Пры гэтым ніякія абставіны — вайна, надзвычайнае становішча, палітычны крызіс — ня могуць апраўдаць катаваньні.
Забараніць катаваньні — абавязак дзяржавы без выняткаў.
Аўтар артыкула прапануе шэраг захадаў, якія мусяць зьменшыць рызыку катаваньняў:
1. Стварыць незалежны мэханізм папярэджаньня катаваньняў (МПК).
2. Стварыць асобны мэханізм, які расьсьледуе катаваньні, і які ня мае ніякіх сувязяў з тымі, на каго падаюць скаргі.
3. Забясьпечыць недатыкальнасьць супрацоўнікаў МПК і сьледчых, што расьсьледуюць катаваньні, каб на іх нельга было ціснуць.
4. Зрабіць магчымасьць падаць заяву пра катаваньні рэальнай і даступнай.
5. Прымаць заяву пра катаваньні як праўдзівую па змаўчаньні — пакуль іншы бок не давядзе супрацьлеглае. Пры гэтым асобны супрацоўнік усё роўна лічыцца невінаватым, пакуль віна не даказаная. Гэта можа быць часовай мерай, пакуль няма іншага мэханізму абароны.
6. Стварыць умовы, пры якіх катаваньні будуць фіксавацца, а да гэтай фіксацыі павінен мець доступ незалежны кантроль.
7. Абараніць тых, хто заявіў пра катаваньні — каб ім не пагражалі і не перашкаджалі.
8. Зьменшыць ролю прызнаньня віны ў якасьці доказу.
9. Забясьпечыць доступ родных і адвакатаў у месцы несвабоды.
10. Зрабіць удзел незалежных мэдыкаў абавязковым падчас аглядаў затрыманых і зьняволеных.
11. МПК мусіць праводзіць абавязковае навучаньне для ўсіх: супрацоўнікаў праваахоўных органаў, судзьдзяў, адвакатаў.
12. Удзел МПК у распрацоўцы законаў, якія тычацца зьняволеньня, мусіць стаць нормай.
13. Ізалятары і турмы мусяць кантралявацца грамадзянскімі асобамі, а не структурамі, зьвязанымі з МУС.
14. Увесьці асобны артыкул у Крымінальны кодэкс — “Катаваньні”.
Сыстэма катаваньняў у Беларусі працуе не выпадкова. Яна добра арганізаваная, замацаваная на ўсіх узроўнях улады: ад закону да штодзённай практыкі. Бязь зьменаў у структуры, сыстэмы падпарадкаваньня, стварэньня мэханізмаў кантроля і фармаваньня грамадзкай пазіцыі катаваньні будуць адбывацца зноў і зноў.
Для спыненьня катаваньняў адных толькі законаў недастаткова. Патрэбная палітычная воля, незалежны суд, грамадзкі кантроль і сапраўдная павага да чалавечай годнасьці – ва ўсім грамадзтве.