)
Фота: Nelson Cardenas / FIDH
C 27 па 31 кастрычніка ў Багоце (Калумбія) адбыўся 42-гі Кангрэс Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH). Падчас яго была прынятая рэзалюцыя, што рэзка асуджае агрэсію Расеі супраць Украіны, масавыя парушэнні правоў чалавека ў Расеі ды Беларусі, а таксама пагаршэнне сітуацыі з дэмакратыяй і грамадзянскімі свабодамі ў рэгіёне Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі, піша "Вясна".
Рэзалюцыя была вылучаная па ініцыятыве праваабарончых арганізацый з рэгіёну — АДЦ "Мемарыял", Праваабарончага цэнтра "Вясна", пры падтрымцы Нарвежскага Хельсінкскага камітэта, Фонду "Міжнародная Прававая ініцыятыва", Цэнтра грамадзянскіх свабод, Харкаўскай праваабарончай групы і Бір Дуйна Кыргызстан.
Дакумент адсылае да 50-годдзя Хельсінкскага заключнага акта (1975), падкрэсліўшы, што прынцыпы, закладзеныя ў ім — павага суверэнітэту, тэрытарыяльнай цэласнасці, правоў чалавека і свабоды народаў на самавызначэнне — сёння груба парушаюцца.
FIDH заявіла, што расейская агрэсія супраць Украіны, што пачалася з анексіі Крыма ў 2014 годзе і перарасла ў поўнамаштабнае ўварванне ў 2022-м, з'яўляецца "абуральным парушэннем" міжнароднага права і хельсінкскіх прынцыпаў.
Рэзалюцыя фіксуе сістэматычныя ваенныя злачынствы, якія здзяйсняюцца расейскімі войскамі ва Украіне: пазасудовыя пакаранні смерцю, катаванні, сексуальны гвалт, масавае перамяшчэнне ўкраінскіх дзяцей, разбурэнне грамадзянскай інфраструктуры і экалагічную шкоду. FIDH кваліфікуе гэтыя дзеянні як ваенныя злачынствы, злачынствы супраць чалавечнасці і — магчыма — злачынствы генацыду.
Арганізацыя падкрэслівае, што беспакаранасць за папярэднія злачынствы Расеі — у Чачні, Грузіі ды Сірыі — спрыяла цяперашняй вайне. Дадатковым фактарам сталі сістэмныя рэпрэсіі ўнутры Расіі, дзе колькасць палітычных зняволеных, паводле даных праваабаронцаў, перавышае тысячу чалавек.
Асаблівая ўвага нададзеная Беларусі, дзе, як паведамляецца ў дакуменце, рэжым Аляксандра Лукашэнкі нясе адказнасць за саўдзел у расейскай агрэсіі ды працягвае "шырокамаштабныя і сістэматычныя парушэнні правоў чалавека". FIDH нагадала, што ў беларускіх турмах застаюцца амаль 1 200 палітвязняў, уключна з лаўрэатам Нобелеўскай прэміі міру Алесем Бяляцкім і віцэ-прэзідэнтам FIDH Валянцінам Стэфановічам.
Арганізацыя таксама выказала трывогу з нагоды распаўсюджвання рэпрэсіўнага заканадаўства і ціску на НДА ў Грузіі, Кыргызстане, Казахстане ды іншых краінах рэгіёну, дзе, паводле словаў аўтараў рэзалюцыі, узмацняецца ўплыў Масквы і падрываюцца дэмакратычныя інстытуты.
У сваім дакуменце Кангрэс патрабуе:
Неадкладнага спынення расейскай агрэсіі ды поўнага вываду войскаў з тэрыторыі Украіны;
Вызвалення ўсіх палітычных зняволеных у Расеі, Беларусі ды іншых краінах рэгіёну;
Вяртання незаконна вывезеных украінскіх дзяцей і вызвалення ваеннапалонных;
Стварэння эфектыўных механізмаў адказнасці, уключна з падтрымкай міжнароднага крымінальнага суда і спецыяльнага трыбунала па злачынстве агрэсіі супраць Украіны;
Падтрымкі грамадзянскай супольнасці як ключавога партнёра ў забеспячэнні правоў чалавека і бяспекі.
FIDH падкрэсліла важнасць умацавання ролі правоў чалавека ў дзейнасці АБСЕ, ЕС, Рады Еўропы і ААН, а таксама ўзаемасувязь паміж бяспекай, дэмакратыяй і правамі чалавека. Арганізацыя заявіла аб сваёй "нязменнай падтрымцы" намаганняў па абароне правоў чалавека ў шматбаковых структурах і заклікала дзяржавы-ўдзельніцы "паставіць інтарэсы і правы людзей у цэнтр любых мірных перамоваў".
)
)
)
)
)