Front Line Defenders патрабуе неадкладна спыніць крымінальны пераслед праваабаронцы Леаніда Судаленкі і валанцёраў "Вясны”

27 January 2021, 3:38 PM
Front Line Defenders патрабуе неадкладна спыніць крымінальны пераслед праваабаронцы Леаніда Судаленкі і валанцёраў "Вясны”

Міжнародная праваабарончая арганізацыя Front Line Defenders распаўсюдзіла заяву, у якой заклікала беларускія ўлады спыніць крымінальны пераслед праваабаронцы Леаніда Судаленкі і валанцёраў "Вясны" і адпусціць іх з-пад варты.

18 студзеня 2021 года праваабаронца Леанід Судаленка быў затрыманы ў Гомелі ў рамках расследавання паводле артыкула 342 Крымінальнага кодэкса Беларусі аб "арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўным удзеле ў іх". У той жа дзень была затрыманая Марыя Тарасенка, калега Леаніда Судаленкі. Марыя Тарасенка правяла тры дні ў ІЧУ, пасля чаго яе адпусцілі 21 студзеня.

Леанід Судаленка - вядомы праваабаронца, юрыст, кіраўнік Гомельскага аддзялення Праваабарончага цэнтра "Вясна" (ПЦ "Вясна"). Ён таксама з'яўляецца актыўным змагаром за адмену смяротнага пакарання ў Беларусі. Леанід Судаленка - лаўрэат прэміі Французскай Рэспублікі ў галіне правоў чалавека "Свабода, роўнасць, братэрства» 2018 года. Марыя Тарасенка - праваабаронца, валанцёрка Гомельскага аддзялення ПЦ "Вясна". Яна актыўна выступала супраць непапулярнага прэзідэнцкага Дэкрэта аб "дармаедстве". Гомельскае аддзяленне ПЦ "Вясна" аказвае юрыдычную падтрымку ахвярам парушэнняў правоў чалавека і дапамагае ім рыхтаваць індывідуальныя скаргі ў Камітэт ААН па правах чалавека.

18 студзеня 2021 года Леанід Судаленка быў затрыманы раніцай па дарозе ў офіс у рамках расследавання па артыкуле 342 Крымінальнага кодэкса, які прадугледжвае "групавыя дзеянні, якія сур'ёзна парушаюць грамадскі парадак". Адразу пасля затрымання праваабаронцу даставілі ў гарадское ўпраўленне Следчага камітэта на допыт. Сустрэча з адвакатам яму была дазволена толькі вечарам у 17:30. Падчас допыту Леаніду Судаленку стала кепска і яму выклікалі хуткую дапамогу. Увечары таго ж дня ў Гомелі затрымалі праваабаронцу Марыю Тарасенку. У яе доме быў праведзены ператрус. 21 студзеня, пасля трох дзён утрымання ў Гомельскім ІЧУ, Марыю Тарасенку адпусцілі. Леанід Судаленка ў цяперашні час утрымліваецца ў гомельскім СІЗА.

5 студзеня 2021 года супрацоўнікі праваахоўных органаў правялі ператрус у "Гомельскім грамадска-палітычным цэнтры", дзе знаходзіцца офіс Гомельскага аддзялення ПЦ "Вясна", у рамках расследавання крымінальнай справы ў дачыненні да актывіста Уладзіміра Няпомняшчых, якога абвінавачваюць у "пагрозах пракурору" па артыкуле 366 Крымінальнага кодэкса. Ператрус доўжыўся амаль 10 гадзін, у выніку былі канфіскаваныя: аргтэхніка, банкаўскія карты і больш за 200 файлаў са справамі рэпрэсаваных удзельнікаў мірных пратэстаў 2020 года. Леанід Судаленка знаходзіўся ў офісе падчас ператрусу, пасля чаго праваабаронцу даставілі ў мясцовае ўпраўленне па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю. Пазней ён быў вызвалены. У той жа дзень супрацоўнікі праваахоўных органаў правялі ператрус у доме Леаніда Судаленкі і канфіскавалі ягоны асабісты ноўтбук.

21 студзеня яшчэ адну мясцовую актывістку з Рэчыцы Гомельскай вобласці Таццяну Ласіцу затрымалі ў аэрапорце Менска і даставілі ў ІЧУ Гомеля. Таццяна Ласіца - актывістка кампаніі " Гавары праўду!", супрацоўнічае з Гомельскім аддзяленнем ПЦ "Вясна". У яе доме таксама прайшоў ператрус у рамках расследавання крымінальнай справы ў дачыненні да актывіста Уладзіміра Няпомняшчых.

Сябры ПЦ "Вясна" падвяргаюцца ціску з пачатку мая 2020 года. Многія прадстаўнікі мясцовых аддзяленняў ПЦ "Вясна" падвяргаюцца адвольным затрыманням, судовым пераследам або адміністрацыйным арыштам. Пасля абвяшчэння вынікаў прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня 2020 года, у Беларусі значна павялічылася колькасць рэпрэсій і судовых пераследаў у дачыненні да праваабаронцаў і журналістаў з боку прадстаўнікоў праваахоўных органаў. 12 студзеня 2021 года праваабаронцу Андрэя Аляксандрава затрымалі і пазней арыштавалі паводле падазрэння ў "навучанні і іншай падрыхтоўцы асоб для ўдзелу ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, а роўна фінансаванні і іншым матэрыяльным забеспячэнні такой дзейнасці» паводле часткі 2 артыкула 342 Крымінальнага кодэкса.

Арганізацыя Front Line Defenders глыбока занепакоеная затрыманнем праваабаронцаў Леаніда Судаленкі і Марыі Тарасенкі. Front Line Defenders лічыць, што пераследы Леаніда Судаленкі і Марыі Тарасенкі выкліканыя выключна іх працай па абароне і прасоўванні правоў чалавека ў Беларусі.

Арганізацыя Front Line Defenders заклікае ўлады Беларусі:

  1. Прыняць усе неабходныя меры для забеспячэння неадкладнага і безумоўнага вызвалення Леаніда Судаленкі, гарантаваць фізічную і псіхалагічную бяспеку і недатыкальнасць Леаніда Судаленкі і Марыі Тарасенкі;

  2. Неадкладна спыніць крымінальны пераслед Леаніда Судаленкі, паколькі яно выклікана выключна яго законнай і мірнай праваабарончай дзейнасцю;

  3. Спыніць практыку судовага пераследу праваабаронцаў, якія аказваюць дапамогу затрыманым мірным дэманстрантам;

  4. Гарантаваць, што ўсе праваабаронцы ў Беларусі маюць магчымасць ажыццяўляць сваю законную праваабарончую дзейнасць у любых абставінах без абмежаванняў і без страху помсты, у тым ліку без рызыкі судовага пераследу.

Share

See more news

У пятую гадавіну адвольнага затрымання патрабуем неадкладна вызваліць Марфу Рабкову
17 September 2025, 2:22 PM
У пятую гадавіну адвольнага затрымання патрабуем неадкладна вызваліць Марфу Рабкову
17 верасня 2020 года сябра "Вясны" Марфа Рабкова была адвольна затрыманая за сваю законную праваабарончую дзейнасць.
Камітэт ААН па ліквідацыі дыскрымінацыі жанчын заклікаў Беларусь прыняць меры па абароне Вікторыі Кульшы
02 September 2025, 9:23 AM
Камітэт ААН па ліквідацыі дыскрымінацыі жанчын заклікаў Беларусь прыняць меры па абароне Вікторыі Кульшы
25 жніўня 2025 года Камітэт ААН па ліквідацыі дыскрымінацыі жанчын (КЛДЖ) зарэгістраваў скаргу на дыскрымінацыю Вікторыі Кульшы, паведамляе Respect-Protect-Fulfill.
Lawtrend: Доступ организаций гражданского общества в Беларуси к финансированию: законодательство и практика его применения
18 August 2025, 1:17 PM
Lawtrend: Доступ организаций гражданского общества в Беларуси к финансированию: законодательство и практика его применения
Презентация подготовлена на основе доклада, представленного Lawtrend в рамках 4-го цикла Универсального периодического обзора.
Эксперты ААН: Беларусь павінна спыніць жорсткае абыходжанне з трыма зняволенымі, асуджанымі па абвінавачваннях у тэрарызме і экстрэмізме
18 August 2025, 12:08 PM
Эксперты ААН: Беларусь павінна спыніць жорсткае абыходжанне з трыма зняволенымі, асуджанымі па абвінавачваннях у тэрарызме і экстрэмізме
У лісце, накіраваным беларускім уладам, эксперты выказалі занепакоенасць у сувязі з паведамленнямі аб жорсткім абыходжанні з трыма зняволенымі – дзвюма жанчынамі і адным мужчынам.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці