Гадавая справаздача БАЖ: СМІ ў Беларусі ў 2022 годзе

23 January 2023, 1:01 PM
Гадавая справаздача БАЖ: СМІ ў Беларусі ў 2022 годзе

Беларуская асацыяцыя журналістаў апублікавала электронны бюлетэнь «СМІ ў Беларусі» № 1 (71) 2023. Вынікі медыйнага года-2022і»:

У 2022 годзе ўлады працягнулі сістэмны ціск на СМІ і журналістаў ва ўсіх формах: 

  • крымінальны пераслед журналістаў, 

  • перашкода іх дзейнасці з боку сілавых ведамстваў, 

  • прымяненне заканадаўства аб супрацьдзеянні экстрэмізму для абмежавання ўплыву незалежных медыя, 

  • адміністрацыйныя меры па абмежаванні доступу да інфармацыі.

У апублікаваным да Сусветнага дня свабоды прэсы «Індэксе свабоды прэсы 2022» Беларусь заняла 153-е месца з 180[1]. Гэта найгоршы вынік сярод дзяржаваў, якія знаходзяцца ў Еўропе (нароўні з Расіяй).

За год было вынесена 17 прысудаў па крымінальных справах – журналісты і медыяпрацаўнікі атрымалі тэрміны пазбаўлення волі ад 1,3 да 14 гадоў. Журналістку Кацярыну Андрэеву, асуджаную ў 2020 годзе да двух гадоў пазбаўлення волі, незадоўга да заканчэння тэрміну пакарання прызналі вінаватай яшчэ і ў «здрадзе дзяржаве» (артыкул 356 Крымінальнага кодэкса) і другі раз прысудзілі да пазбаўлення волі – на гэты раз на восем гадоў (з улікам папярэдняга прысуду). Яшчэ 11 новых крымінальных справаў былі ўзбуджаныя, але пакуль не разгледжаныя судом.

На канец 2022 года 33 журналісты знаходзіліся ў зняволенні. Паводле дадзеных міжнароднай няўрадавай арганізацыі «Рэпарцёры без межаў», Беларусь замыкае пяцёрку краінаў свету з найбольшай колькасцю журналістаў за кратамі і знаходзіцца на чацвёртым месцы па колькасці зняволеных-журналістак (9)[2]

Сілавыя ведамствы працягвалі ціск на незалежных прадстаўнікоў прэсы. У 2022 годзе БАЖ зафіксаваў 43 затрыманні журналістаў і 55 вобшукаў. 20 разоў журналісты зазнавалі пазбаўленне волі ў выглядзе адміністрацыйных арыштаў. Чатыры разы журналістаў прысуджалі да штрафу. Акрамя таго, прадстаўнікі сілавых ведамстваў выклікалі журналістаў для апытання, наведвалі сваякоў і абшуквалі дамы журналістаў, у тым ліку і тых, хто з'ехаў з Беларусі[3].

Дырэктар фонду «Справядлівасць для журналістаў» Марыя Арджанікідзэ адзначыла, што ў 2020 годзе ў Беларусі было зафіксавана больш за паўтары тысячы атак на журналістаў усіх відаў, у 2021 годзе – крыху болей за тысячу, у 2022-м – каля трохсот[4]. Але гэта адбываецца таму, што дзейсных журналістаў у краіне становіцца ўсё менш (кагосьці «выціснулі» з краіны, кагосьці пазбавілі волі, хтосьці змяніў сферу дзейнасці) – такое становішча прынята называць «туркменізацыяй».

Антыэкстрэмісцкае заканадаўства, як і раней, з'яўлялася зброяй барацьбы з незалежнай прэсай – перш за ўсё як падстава для абмежавання доступу да кантэнту незалежных СМІ і прыцягнення да адказнасці за любы ўдзел у іх дзейнасці. 

Так, першая крымінальная справа па новым «экстрэмісцкім» артыкуле Крымінальнага кодэкса 130-2 (адмаўленне генацыду беларускага народа) была ўзбуджаная ў сувязі з публікацыямі ў незалежных СМІ – «Флагшток» і «Зеркало». Ваеннаму эксперту Ягору Лебядку было прад'яўленае абвінавачанне ў садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці па артыкуле 361-4 Крымінальнага кодэкса за каментарыі, якія ён даў «Еўрарадыё» (прызнанаму «экстрэмісцкім фарміраваннем» ужо пасля інтэрв'ю). 

Больш за 5000 «экстрэмісцкіх злачынстваў» зафіксавала Генеральная пракуратура па выніках адзінаццаці месяцаў 2022 года[5]. Пры гэтым 76% ад дадзенай колькасці склалі выказванні ў інтэрнэце, як правіла, у кантэксце падзеяў 2020 года, якія вызначаліся ўладамі як паклёп на дзяржаву і вышэйшае кіраўніцтва, абразы прадстаўнікоў улады, наўмыснае распальванне варожасці, дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь. 

14 чэрвеня Вярхоўны суд прызнаў таварыства з абмежаванай адказнасцю «ТУТ БАЙ МЕДЫЯ» (раней найбуйнейшы анлайн-рэсурс Беларусі, супрацоўнікі якога знаходзяцца пад следствам) «экстрэмісцкай арганізацыяй»[6]. У сувязі з гэтым экс-міністр інфармацыі Ігар Луцкі заявіў:

«Было прамое пасягальніцтва на суверэнітэт і незалежнасць нашай краіны, фінансаванне гэтых СМІ, недзяржаўных, ажыццяўлялася звонку, і каардынавалася таксама звонку. Яркі прыклад гэтаму – цяперашняе рашэнне па TUT.BY. Яго прызналі экстрэмісцкім!»[7]

Працягвалася ўключэнне сайтаў і старонак у сацсетках, якія належаць незалежным выданням, у пералік экстрэмісцкіх матэрыялаў, а іх супрацоўнікаў, якія знаходзяцца пад следствам і асуджаныя па пэўных крымінальных артыкулах, – у пералікі «экстрэмістаў» і «тэрарыстаў». На працягу года 9 незалежных медыя былі прызнаныя «экстрэмісцкімі фарміраваннямі», з іх два медыя – гэта так званы «самвыдат» (пратэсныя друкаваныя газеты, якія выдаваліся і распаўсюджваліся непрафесійнымі журналістамі). Усяго на працягу 2022 года публікацыі каля 1500 інтэрнэт-рэсурсаў (галоўным чынам Telegram-каналаў і інтэрнэт-супольнасцяў) былі прызнаныя судамі «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а больш за сотню сталі «экстрэмісцкімі фарміраваннямі» па рашэнні КДБ ці МУС[8]. Гэта мела вынікам, як і раней, масавае прыцягненне карыстальнікаў інтэрнэту да адказнасці за распаўсюд «экстрэмісцкага» медыякантэнту. 

Міністэрства інфармацыі працягвала рэпрэсіўную дзейнасць па абмежаванні доступу да «непажаданай» інфармацыі, забараняючы дзейнасць незалежных СМІ і выконваючы функцыі цэнзара.

Паводле афіцыйных дадзеных, за студзень–лістапад 2022 года дзяржавай быў абмежаваны доступ, поўнасцю ці часткова, да 3002 інтэрнэт-рэсурсаў (галоўным чынам Telegram-каналаў і чатаў)[9]. Пры гэтым за сем папярэдніх гадоў такія абмежаванні зазналі крыху болей за 5000 рэсурсаў. Сярод СМІ, сайты якіх былі заблакаваныя, аказаліся «‎Вячэрні Бабруйск»[10], «‎Бабруйскі кур'ер»[11], «Народная Воля», Польскае радыё, CityDog.io[12], s13.ru і іншыя. Сацыяльная сетка «УКантакце» заблакавала шэраг старонак і груп беларускіх незалежных СМІ – «Хартыі-97» і «Флагштока» паводле скаргі Міністэрства інфармацыі Беларусі, «Зеркала» і беларускай «Медыязоны» паводле патрабавання Генеральнай пракуратуры Расіі. 

Працэдура блакіроўкі непажаданых інтэрнэт-рэсурсаў змянілася: калі раней інтэрнэт-правайдары павінны былі правяраць спіс сайтаў для абмежавання доступу адзін раз у дзень, то цяпер яны абавязаныя рабіць гэта кожныя тры гадзіны на працягу дня і рэалізоўваць блакіроўку на працягу чатырох гадзінаў з моманту ўнясення ў спіс[13].

Акрамя таго, прэзідэнцкім указам ад 18 кастрычніка быў істотна спрошчаны доступ спецслужбаў да кантэнту інтэрнэт-рэсурсаў. Пэўныя пастаўшчыкі паслуг электрасувязі і ўладальнікі інтэрнэт-рэсурсаў будуць абавязаныя ў трохмесячны тэрмін рэгістравацца ў спецыяльнай інфармацыйнай сістэме электроннага ўзаемадзеяння са спецслужбамі і настройваць свае рэсурсы для бесперашкоднага доступу сілавікоў у рэжыме анлайн. 

Як вынік такой палітыкі, Беларусь пагоршыла свае пазіцыі ў сусветным рэйтынгу ўзроўню свабоды інтэрнэту, складзеным праваабарончай арганізацыяй Freedom House, у параўнанні з далёка не простым 2021 годам, на тры пункты: працягваючы заставацца краінай з несвабодным інтэрнэтам, яна атрымала ўсяго 28 балаў з 100[14]

Новай з'явай 2022 года стала блакіроўка доступу карыстальнікаў з Расіі да беларускіх незалежных медыя ў сувязі з тым, што ў іх асвятляўся вайсковы канфлікт ва Украіне. Па рашэнні Федэральнай службы ў галіне сувязі, інфармацыйных тэхналогій і масавых камунікацый (Раскамнагляд) ці Генеральнай пракуратуры Расійскай Федэрацыі былі заблакаваныя інфармацыйныя сайты Zerkalo.io, «Наша Ніва», «Еўрарадыё», «Медыя-Палессе», «Салiдарнасць» і іншыя. 

На працягу 2022 года без тлумачэння прычынаў спыніў вяшчанне тэлеканал «БелБізнэсЧэнэл». Гэта быў адзіны ў Беларусі тэлеканал пра бізнэс, пабудаваны на рэтрансляцыі праграмаў расійскага тэлеканала РБК і здымцы ўласных праграмаў на беларускую тэматыку. Перасталі выходзіць рэгіянальная газета «УзГорак» (па не паведамленых публічна прычынах) і найстарэйшая газета Беларусі «Беларусы і рынак» (у адпаведнасці з загадам міністра інфармацыі).

У Беларусі фактычна дзейнічала цэнзура, у тым ліку ў дзяржаўным медыясектары.

У сакавіку Міністэрства інфармацыі вынесла папярэджанні дзвюм папулярным беларускім радыёстанцыям – «Радыё Рокс-М» і «Радыё Бі-Эй» – у сувязі з «распаўсюдам матэрыялаў, што не датычацца складальнікаў спецыялізацыі, якая адлюстраваная ў рэгістрацыйных дакументах радыёпраграмы».

Навінавы сайт ‎Blizko.by быў часова заблакаваны паводле рашэння Міністэрства інфармацыі[15]. Пасля разблакіроўкі на ім не аказалася палітычных навінаў, у тым ліку архіўных. 

Сама меней тры супрацоўнікі дзяржаўных СМІ былі звольненыя за выказванні, якія ўлады палічылі праявамі нелаяльнасці, іншыя супрацоўнікі зазналі спагнанні.

Практычна ўсе буйныя незалежныя інфармацыйныя рэсурсы працягнулі функцыянаваць з-за мяжы, пры гэтым некаторыя рэдакцыі перажылі паўторную рэлакацыю пасля пачатку вайны ва Украіне.

Беларуская асацыяцыя журналістаў таксама ажыццяўляла сваю дзейнасць, знаходзячыся ў выгнанні. 

3 мая ў Мантэвідэа адбылася цырымонія ўзнагароджання БАЖ Сусветнай прэміяй ЮНЭСКА/Гільерма Кано за ўнёсак у свабоду прэсы. 

«Сваім рашэннем узнагародзіць БАЖ мы выказваем сваю салідарнасць з журналістамі па ўсім свеце, якія крытыкуюць аўтарытарных палітыкаў і рэжымы, пярэчаць ім і праліваюць святло на іх дзеянні, распаўсюджваючы праўдзівую інфармацыю і абараняючы свабоду слова, – адзначыў кіраўнік Міжнароднага журы прэміі Альфрэд Лэла. – Мы сёння вітаем [такіх журналістаў] і ўсхваляем іх. Такім чынам мы кажам ім: мы з вамі і мы цэнім вашу мужнасць»[16]

Акрамя прэміі ЮНЭСКА, тады ж БАЖ атрымаў узнагароду шведскай секцыі арганізацыі «Рэпарцёры без межаў» (RSF) і Difference Day Honorary Title for Freedom of Expression, які прысуджаецца двума ўніверсітэтамі Брусэля (ULB і VUB).

Арыгінальны артыкул на сайце БАЖ

See more news

«І вы гатовыя даць гэтым судам права пазбаўляць жыцця?» У Варшаве паглядзелі фільм пра смяротнае пакаранне
07 October 2024, 9:07 AM
«І вы гатовыя даць гэтым судам права пазбаўляць жыцця?» У Варшаве паглядзелі фільм пра смяротнае пакаранне
Дыскусія і паказ фільма "Жыццё Дэвіда Гейла" прайшлі ў Беларускім Моладзевым Хабе, што ў Варшаве.
«Антывестэрнізм, затыканне дзірак ды рэпрэсіўная нага». Агляд БХК
30 September 2024, 2:08 PM
«Антывестэрнізм, затыканне дзірак ды рэпрэсіўная нага». Агляд БХК
Эксперты БХК апублікавалі новы агляд трэндаў дзяржаўнай палітыкі.
«Мы вернемся ў краіну разам з канстытуцыйнай законнасцю»: Леаніда Судаленку шукае беларуская міліцыя
19 September 2024, 3:12 PM
«Мы вернемся ў краіну разам з канстытуцыйнай законнасцю»: Леаніда Судаленку шукае беларуская міліцыя
Асуджанага завочна праваабаронцу Леаніда Судаленку абвясцілі ў вышук у Беларусі. Ягонае фота з’явілася на гомельскіх стэндах «Іх шукае міліцыя».
Трое новых «хросных» з Германіі для палітвязняў у Беларусі
19 September 2024, 2:59 PM
Трое новых «хросных» з Германіі для палітвязняў у Беларусі
У межах кампаніі #WeStandBYyou Петэр Хайдт, Луіза Ліцына-Бадэ і Бруна Хенэль сталі "хроснымі" Аляксея Бародкі, Сяргея Шамецькі і Чэслава Канановіча.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці