Гісторыі падлеткаў-палітвязняў Беларусі

26 June 2024, 11:54 AM
Гісторыі падлеткаў-палітвязняў Беларусі

З пачатку пратэстаў у Беларусі тысячы дзяцей адчулі на сабе рэпрэсіі праз затрыманне і крымінальны пераслед бацькоў, а дзясяткі апынуліся за кратамі. А некаторых непаўнагадовых нават збівалі і катавалі. Па стане на 31 траўня 2024 года ў краіне налічваецца двое непаўнагадовых зняволеных — фігуранты крымінальнай справы "Чорныя салаўі" Марыя Місюк і Трафім Барысаў. Яшчэ чатыры палітзняволеныя сустрэлі 18-годдзе за кратамі: Мікіта ЗалатароўПавел ПіскунАлег ДабрыднеўМікіта Бруй. Усе яны былі непаўнагадовымі на момант затрымання, а потым асуджаныя да пазбаўлення волі.

"Вясна" распавядае, як беларускія ўлады пераследуюць дзяцей па палітычных матывах і за што падлеткі апынуліся ў зняволенні.

Каго з падлеткаў уключылі ў "Спіс экстрэмістаў"?

Па стане на 31 траўня 2024 года ў "Спіс экстрэмістаў" унесены 4119 чалавек. МУС туды ўключае асуджаных у Беларусі па "палітычных" справах пасля прэзідэнцкіх выбараў у 2020 годзе. У Спіс трапляюць у тым ліку і непаўнагадовыя. 

Так, сярод былых палітвязняў, уключаных у Спіс, лічыцца Максім Шатохін, якому ў верасні 2022 года замянілі пакаранне па памілаванні і перавялі з выхаваўчай калоніі на "хатнюю хімію". Таксама "экстрэмістамі" прызнаныя падлеткі Данііл Калеснікаў і Максім Куксачэнка, якія ўжо цалкам адбылі тэрміны і летась выйшлі на волю.

Таксама вядома, што ў лютым 2022 года быў асуджаны Аляксандр Належынскі, якому на момант разгляду справы было толькі 16 гадоў. Яго абвінавацілі ў "абразе Лукашэнкі" паводле арт. 368 Крымінальнага кодэкса. А 14 чэрвеня 2022 года асудзілі 17-гадовага Аляксандра Трафіменку за "здзек з дзяржаўных сімвалаў" (арт. 370 Крымінальнага кодэкса). Вынікі іх судоў праваабаронцам невядомы.

У студзені 2021 года непаўнагадовага Аляксандра Несцярука асудзілі за сарваны сцяг з Дому культуры гарадскога пасёлка Антопаль (арт. 370 Крымінальнага кодэкса). Суд пастанавіў прымяніць замест пакарання прымусовыя меры выхаваўчага характара ў выглядзе абмежавання волі на шэсць месяцаў. На момант вынясення рашэння хлопцу было 16 гадоў.

2 жніўня 2021 года суд Смаргонскага раёна вынес прысуд у дачыненні да Аляксея Краўцова, якому на той момант было 17 гадоў. Яго прызналі вінаватым у "здзеку з дзяржаўных сімвалаў" паводле арт. 370 Крымінальнага кодэкса і пакаралі годам "хатняй хіміі". Паводле гэтага артыкулу ў чэрвені 2023 года асудзілі і 16-гадовага Станіслава Амельянюка.

У верасні 2023 года ў Круглым за "абразу Лукашэнкі" асудзілі Вікторыю Саковіч. На момант прысуд дзяўчыне было 15 гадоў. 

"Мама, я экстрэміст". Якія абмежаванні накладаюцца на асоб, уключаных у "Спіс экстрэмістаў"

"Вясна" тлумачыць, якія абмежаванні надае статус "экстрэміста" і адказвае на іншыя актуальныя пытанні па гэтай тэме.

Непаўнагадовыя фігуранты справы "Чорныя салаўі" 

На дзяржаўным тэлеканале АНТ 29 красавіка выйшаў прапагандысцкі фільм "Дети на прицеле. Завербованные врагом", дзе паведамілі аб затрыманні сямі падлеткаў за "супрацоўніцтва з украінскімі спецслужбамі". Некаторых з іх абвінавачваюць у "акце тэрарызму" і "здрадзе дзяржаве". 

У фільме распавялі, што шэсць падлеткаў нібыта аб'ядналіся ў "анархісцкую ячэйку "Чорныя салаўі", якую "пад кіраўніцтвам Нацыянальнай вызваленчай арміі Украіны" стварыла 16-гадовая грамадзянка Украіны Марыя Місюк. Супрацоўнікі АНТ сцвярджаюць, што падлеткі аб’ядналіся, каб рабіць дыверсіі па наводцы ў Беларусі, а пасля — у Расіі.

Сярод затрыманых — навучэнцы каледжаў у Баранавічах, Нясвіжы, Міры, Мінску і Лунінцы. Гэта 17-гадовы Трафім Барысаў, Сяргей Жыгалёў, Дзмітрый Захарошка, Анастасія Кліменка і Аляксандра Пуліновіч. Папярэдне, іх абвінавачвааюць паводле ч. 2 арт. 289 КК (акт тэрарызму).

Паводле сюжэту, 16-гадовая Марыя Місюк у 2022 годзе пераехала разам з сям'ёй з Украіны ў Беларусь, дзе стварыла "анархісцкую ячэйку для падрыхтоўкі тэрактаў". З "куратарам", як паведамляецца ў фільме, Місюк мела зносіны анлайн. Паводле супрацоўнікаў АНТ, куратарка "Марычка" адпраўляла Місюк "Інструкцыі па вырабе выбуховага прыстасавання, кактэйлю Молатава і літаратуру анархісцкага і дэструктыўнага зместу".

Хто з палітвязняў сустрэў 18-годдзе за кратамі?

Хворы на эпілепсію Мікіта Залатароў — амаль чатыры гады ў зняволенні

Мікіту затрымалі 11 жніўня 2020 года. Тады яму было 16 гадоў. У лютым 2021 года хлопцу прысудзілі пяць гадоў у выхаваўчай калоніі па крымінальнай справе аб «кактэйлях Молатава». Ён неаднаразова скардзіўся бацьку на катаванні — ужывалі нават электрашокер.

Ужо ў ліпені 2021 года хлопца зноў асудзілі. Яго абвінавацілі ў нападзе на супрацоўніка СІЗА-3 па арт. 364 Крымінальнага кодэкса. Паводле матэрыялаў справы, Мікіта Залатароў "наўмысна зрабіў падножку супрацоўніку СІЗА Лучкіну Н. А., у выніку чаго той упаў на падлогу, а калі падняўся, то прыхіліў Мікіту да сцяны, але падлетак схапіў Лучкіна за валасы і шыю, прычыніўшы фізічную боль і пабоі пацярпеламу, а таксама выказаў пагрозу прымянення гвалту ў адрас супрацоўніцы Хаўбок Т. Ю. і яе блізкіх". Кожны з пацярпелых супрацоўнікаў СІЗА запатрабаваў кампенсацыю ў памеры 1000 рублёў. Шляхам частковага складання раней прысуджанага тэрміну пакарання з новым, агульны тэрмін пакарання для Мікіты склаў 4,5 гады пазбаўлення волі ў выхаваўчай калоніі.

Але ціск на гэтым не скончыўся — летам Мікіту ўзмацнілі пакаранне. Спачатку бабруйскі суддзя Павел Карцінін пастанавіў перавесці палітвязня з выхаваўчай калоніі ў папраўчую. Пры гэтым ў выхаваўчай калоніі палітвязня маглі ўтрымліваць да 21 года, але адміністрацыя бабруйскай установы вырашыла ініцыяваць яго перавод у папраўчую ўстанову адразу пасля таго, як Мікіце споўнілася 18 гадоў. 

Палітвязня Мікіту Залатарова перавялі з выхаваўчай калоніі ў папраўчую. Што цяпер для яго зменіцца?

"Вясна" распавядае, якія цяпер абмежаванні чакаюць Мікіту і як ён сябе адчувае пасля 22 месяцаў у зняволенні.

Акрамя гэтага, Мікіту паставілі на прафулікі як "схільнага да экстрэмізму і іншых дэструктыўных дзеянняў", а таксама як "схільнага да захопу закладнікаў і нападу на адміністрацыю". Вядома, што ў выхаваўчай калоніі № 2 адміністрацыя часта карала Мікіту "суткамі" ў дысцыплінарным ізалятары.

Ужо ў пачатку жніўня стала вядома, што суд палічыў такое пакаранне недастатковым і пастанавіў перавесці Мікіту на турэмны рэжым тэрмінам на тры гады. 

Падтрымайце Мікіту лістамі салідарнасці, тэлеграмамі і паштоўкамі:

Следчая турма № 8, 222163, г. Жодзіна, вул. Савецкая, 22А

Мікіта Міхайлавіч Залатароў

Алег Дабрыднеў — больш за паўтара года ў зняволенні  

Алег — жыхар Магілёўскай вобласці, якога затрымалі 8 лістапада 2022 года — за дзень да Дня народзінаў.

У пачатку лістапада 2022 года МУС даў справаздачу аб затрыманні пецярых удзельнікаў закрытага чата "Саюз беларускага нацыянальнага шчыта", які МУС прызнала экстрэмісцкім фарміраваннем тыднем раней. У ведамстве распавялі, што супраць затрыманых распачалі крымінальную справу па артыкуле аб стварэнні экстрэмісцкага фармавання.

Дзеянні Дабрыднева кваліфікавалі паводле ч.1 арт. 361-1 (стварэнне экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзел у ім), ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці).

Вядома, што хлопец з поспехам удзельнічаў у раённых спаборніцтвах інтэлектуальных гульняў сярод школьнікаў.

Праўнук Якуба Коласа Мікіта Бруй 

Мікіта — 17-гадовы стрыечны праўнук народнага пісьменніка Беларусі Якуба Коласа, вучыўся ў сярэдняй школе ў вёсцы Мікалаеўшчына. Яго затрымалі па справе «Саюза беларускага нацыянальнага шчыта» і абвінавацілі ў наўмысных дзеяннях па рэабілітацыі нацызму (ч. 1 арт. 130-1 КК) і садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці (ч. 1 і ч. 2 арт. 361-1 КК).

Суддзя Вікторыя Палешчук прызначыла хлопцу тры гады выхаваўчай калоніі.

Падтрымайце хлопца лістамі салідарнасці, тэлеграмамі і паштоўкамі:

Выхаваўчая калонія № 2. 213807, г. Бабруйск, вул. Генерала Батава, 4

Павел Піскун — больш за два гады ў зняволенні 

Жыхара Мазыра затрымалі 8 сакавіка. Яго абвінавацілі ў тым, што 27 лютага гэтага года ён зняў на мабільны тэлефон расійскую вайсковую тэхніку і даслаў гэта відэа ў "экстрэмісцкі" тэлеграм-канал разам з суправаджальным тэкстам, у якім распавёў пра колькасць тэхнікі, напрамак яе руху і адметных асаблівасцях. 

Паводле версіі абвінавачвання, гэтымі дзеяннямі Павел Піскун аказаў садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці.

У віну хлопцу ставілася і тое, што праз некалькі дзён, а менавіта 1 і 2 сакавіка, ён зноў зняў на відэа расійскую вайсковую тэхніку і зноў перадаў матэрыялы "экстрэмісцкаму" тэлеграм-каналу. Піскуна прызналі вінаватым паводле ч. 1 і 2 арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса і прысудзілі тры гады пазбаўлення волі з адбыццём пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Падтрымайце Паўла лістамі салідарнасці, тэлеграмамі і паштоўкамі:

ПК № 3. 211322, Віцебская вобласць, п. Віцьба

Павел Ігаравіч Піскун

Хто з палітзняволеных падлеткаў цалкам адбыў тэрмін?

Эдуард Кудынюк і Аляксандр Вінярскі — амаль тры гады ў зняволенні

Берасцейцаў асудзілі за "ўдзел у масавых беспарадках" у Брэсце 10 жніўня. Прысуд ім быў вынесены ў Ленінскім судзе Брэста 21 траўня. Эдуарда і Аляксандра асудзілі да трох гадоў выхаваўчай калоніі і ў зале суда надзелі на іх кайданкі.

Максім Імхавік і Іван Пацяйчук — амаль тры гады ў зняволенні

Палітвязняў асудзілі 12 ліпеня 2021 года да трох гадоў выхаваўчай калоніі па справе аб «масавых беспарадках» у Брэсце 10 жніўня. Пасля прысуду хлопцаў узялі пад варту ў зале суда. 

Арцём Вайцяховіч — больш за шэсць месяцаў у зняволенні

15-гадовы Арцём — брат адміністратара канала "Live. Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі". Яго ўзялі пад варту паводле ч. 2 арт. 208 Крымінальнага кодэксу (Вымаганне). Брат атрымлівае патрабаванні спыніць дзейнасць як умову для вызвалення Арцёма.

7 верасня 2023 года пачаўся закрыты суд над Арцёмам, яго справу разглядала Лідзія Целіца. У пачатку кастрычніка 2023 г. з'явілася інфармацыя, што Арцёму прысудзілі тры гады калоніі агульнага рэжыма з адтэрміноўкай. 

Давід Збаранскі — больш за два гады ў зняволенні

Давіда затрымалі 30 лістапада 2020 года адразу пасля таго, як вярнуўся з Польшчы. На момант затрымання яму было 17 гадоў. 12 ліпеня ў судзе Ленінскага раёна Брэста Збаранскага асудзілі да трох гадоў калоніі агульнага рэжыму за ўдзел у масавых беспарадках у Брэсце 10 жніўня. 13 красавіка гэтага года хлопец узяўся шлюбам з ягонай дзяўчынай Алінай. Прапанову Давід зрабіў яшчэ падчас іх спаткання ў СІЗА.

Хлопец цалкам адбыў тэрмін і 21 студзеня 2023 года выйшаў на волю з бабруйскай ПК № 2.

Дзяніс Хазей — больш за два гады ў зняволенні 

Дзяніс — фігурант брэсцкай справы аб "масавых беспарадках". Дзяніса, на той момант другакурсніка каледжа ў Высокім, разам з іншымі фігурантамі справы абвінавацілі ва "ўдзеле ў масавых беспарадках" у горадзе 10 жніўня. У сакавіку 2021 года суд Маскоўскага раёна Брэста асудзіў хлопца да трох гадоў пазбаўлення волі ў выхаваўчай калоніі. Пад варту Хазея ўзялі адразу пасля прысуду.

Свой тэрмін хлопец адбываў у выхаваўчай калоніі № 2. 30 снежня 2023 года Дзяніс выйшаў на волю, цалкам адбыўшы тэрмін.

Сяргей Гацкевіч — больш за два гады ў зняволенні

Хлопца абвінавацілі ва ўдзеле ў масавых беспарадках паводле (293 Крымінальнага кодэкса) 10 жніўня ў Брэсце.

Паводле версіі следства, падчас акцыі пратэсту ў цэнтры Брэста абвінавачаныя груба парушылі грамадскі парадак, учынілі пагромы, нанеслі супрацоўнікам міліцыі ўдары рукамі і нагамі, рознымі прадметамі. У ход ішлі дошкі, палкі, вулічныя скрыні для смецця, фрагменты лавак, тратуарнай пліткі і асфальту, бутэлькі, камяні, металічныя балты, ёмістасці з фарбай, піратэхнічныя вырабы.

У выніку беспарадкаў, па версіі следства, пацярпелі 24 сілавікі. З іх пацярпелымі па справе прызнаныя 19 чалавек. Адзін супрацоўнік атрымаў дзве раны ў раёне вялікага пальца правай пэндзля, якія адносяцца да катэгорыі лёгкіх цялесных пашкоджанняў. У астатніх — пабоі. Акрамя таго, абвінавачаныя спрабавалі ўжыць гвалт і прычыніць цялесныя пашкоджанні яшчэ траім сілавікам, заявіў у судзе дзяржабвінаваўца.

Усяго ж па справе агульная сума нанесенай, па версіі следства, шкоды — каля 24 тысяч рублёў: пашкоджаныя 13 аўтамабіляў міліцыі, адзін аўтобус, шчыты, шлемы, бронекамізэлькі, асфальт, тратуарная плітка, лаўкі, урны, дрэвы.

10 сакавіка 2021 года ў судзе Маскоўскага раёна Брэста Сяргею і яшчэ 8 іншым фігурантам гэтай крымінальнай справы вынеслі прысуды. Сяргею прысудзілі тры гады пазбаўлення волі ў выхаваўчай калонііЯго ўзялі пад варту ў зале суда. На момант вынясення прысуду Сяргею было 17 гадоў. 30 снежня 2023 года палітвязень выйшаў на волю.

Віталь Прохараў — амаль два гады ў зняволенні

Жыхара Жлобіна абвінавацілі па двух артыкулах Крымінальнага кодэксу: ч. 1 арт. 342 (Актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак)  і арт. 364 (Гвалт альбо пагроза прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў).

Згодна з абвінавачваннем, на акцыі пратэсту 10 жніўня Прохараў шпурнуў не менш за адзін камень у аўтазак, чым прычыніў матэрыяльную шкоду аўтамабілю. Хлопца затрымалі ў той жа дзень амапаўцы і моцна збілі.

Больш за маці: гісторыі трох палітвязняў, для якіх матулі сталі абаронцамі правоў

Тры маці распавядаюць нам, як апекаваць сына з разумовай адсталасцю, калі ён у турме; як прафесійна абараняць сына ў судзе; як клапаціцца пра непаўнагадовага сына за кратамі.

Сам Прохараў на судзе казаў, што не кідаў камень, але каб “папіярыцца ў сваім інстаграме” пахваліўся, што пабіў лабавое шкло аўтазака. Гэта запісаў на мабільны яго прыяцель і выклаў у “Тэлеграм”. 8 лютага 2021 года Віталю прысудзілі два гады выхаваўчай калоніі.

У сярэдзіне студзеня 2022 стала вядома, што хлопцу адмовілі ў памілаванні.

Хлопец цалкам адбыў пакаранне і 15 снежня 2022 года выйшаў на волю з выхаваўчай калоніі № 2.

Цалкам матэрыял з фатаздымкамі чытайце на сайце "Вясны"

See more news

«І вы гатовыя даць гэтым судам права пазбаўляць жыцця?» У Варшаве паглядзелі фільм пра смяротнае пакаранне
07 October 2024, 9:07 AM
«І вы гатовыя даць гэтым судам права пазбаўляць жыцця?» У Варшаве паглядзелі фільм пра смяротнае пакаранне
Дыскусія і паказ фільма "Жыццё Дэвіда Гейла" прайшлі ў Беларускім Моладзевым Хабе, што ў Варшаве.
«Мы вернемся ў краіну разам з канстытуцыйнай законнасцю»: Леаніда Судаленку шукае беларуская міліцыя
19 September 2024, 3:12 PM
«Мы вернемся ў краіну разам з канстытуцыйнай законнасцю»: Леаніда Судаленку шукае беларуская міліцыя
Асуджанага завочна праваабаронцу Леаніда Судаленку абвясцілі ў вышук у Беларусі. Ягонае фота з’явілася на гомельскіх стэндах «Іх шукае міліцыя».
Трое новых «хросных» з Германіі для палітвязняў у Беларусі
19 September 2024, 2:59 PM
Трое новых «хросных» з Германіі для палітвязняў у Беларусі
У межах кампаніі #WeStandBYyou Петэр Хайдт, Луіза Ліцына-Бадэ і Бруна Хенэль сталі "хроснымі" Аляксея Бародкі, Сяргея Шамецькі і Чэслава Канановіча.
Павел Сапелка аб прызнанні віны пры памілаванні
18 September 2024, 2:30 PM
Павел Сапелка аб прызнанні віны пры памілаванні
Праваабаронца "Вясны" Павел Сапелка распавядае, што значыць прызнанне віны пры памілаванні і ці будзе ўлічвацца гэты фактар пры рэабілітацыі палітвязняў.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці