21 траўня ў Беларусі адзначаецца Дзень салідарнасці з палітвязнямі. У гонар гэтай даты "Вясна" публікуе інтэрв'ю з удзельнікамі кампаніі салідарнасці #WeStandBYyou. Гэтая кампанія з'яўляецца ініцыятывай міжнароднай праваабарончай арганізацыі Libereco. Яна была створана ў знак падтрымкі тых, хто несправядліва заключаны ў турму.
У гэтай гутарцы гучаць некаторыя з многіх галасоў, што дапамагаюць праліць святло на рэальнасць, з якой сутыкаюцца палітычныя зняволеныя ды іх сем'і. Дзяліцца гэтымі гісторыямі — не толькі акт сведчання. Гэта таксама спосаб захаваць надзею і мабілізаваць падтрымку з-за мяжы.
Запушчаная ў 2020 годзе кампанія #WeStandBYyou аб'ядноўвае палітвязняў у Беларусі з прадстаўнікамі Еўрапейскай грамадскасці, уключна з парламентарыямі і дзеячамі культуры, якія становяцца іх сімвалічнымі "хроснымі", каб прыцягнуць увагу да праблемы і выступіць за іх вызваленне. Гэта яскравы прыклад таго, як салідарнасць можа пераадольваць межы і надаваць сілу тым, хто ў ёй больш за ўсё мае патрэбу.
Што для вас значыць салідарнасць з палітвязнямі ў кантэксце праваабарончай дзейнасці? Што заахвоціла заняцца гэтым пытаннем асабіста вас?
— Я лічу, што гэта адна з самых важных тэмаў праваабарончай працы, бо гаворка ідзе не пра абстрактныя каштоўнасці, такія як свабода і дэмакратыя. Гаворка ідзе пра рэальных людзей, з рэальным вопытам, з мінулым і будучыняй. Маёй матывацыяй было жаданне дапамагчы людзям з суседняй краіны. Я цвёрда веру, што кожны чалавек заслугоўвае свабоды і права свабодна выказвацца. Мяне ўзрушыла жорсткасць рэжыму і з 2020 года я кожны дзень чытаю пра лёсы беларусаў, — кажа адзін з рэспандэнтаў.
— Больш за ўсё мяне турбуюць несправядлівасць і жорсткасць. Мяне прыводзіць у лютасць тое, што людзі гатовыя разбурыць жыцці столькіх іншых людзей, каб падтрымліваць сваю ўладу і становішча. Занадта часта мы бачым, як у свеце адбываецца шмат жудасных рэчаў, і адчуваем сябе нямоглымі змяніць што-небудзь да лепшага. Удзел у гэтай кампаніі — адзін са спосабаў паўплываць на сітуацыю, — сцвярджае іншы рэспандэнт.
З якой мэтай людзі становяцца "хроснымі" у межах кампаніі салідарнасці з беларускімі палітвязнямі? Як арганізатары ацэньваюць іх эфектыўнасць?
— Мэта кампаніі — павысіць дасведчанасць аб сітуацыі ў Беларусі, нагадаць беларусам, што яны не забытыя, і падтрымаць цяперашніх і былых палітвязняў ды іх сем'і на асабістым узроўні. Калі заходнія палітыкі больш даведаюцца пра сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі і будуць выкарыстоўваць свае галасы, уплыў і вядомасць, каб выказвацца, уздымаць гэтае пытанне з розных нагодаў або займацца яго лабіяваннем, гэта можа рэальна змяніць сітуацыю. Яшчэ гэта дае надзею і моц пацярпелым і паказвае ім, што іх намаганні маюць значэнне.
Далучэннем да кампаніі парламентарыі прымаюць больш асабісты ўдзел у гэтым праваабарончым працэсе, паколькі даведаюцца аб канкрэтным чалавеку, аб тым, як прыгнёт і гвалт з боку Лукашэнкі ўплываюць на асобных людзей ды сем'і. Мы хочам, каб яны ў тым ліку выкарыстоўвалі сваё становішча ў сваіх парламентах для барацьбы за свабодную Беларусь. Мы таксама спадзяемся, што зняволеныя ды іх сем'і змогуць знайсці некаторае суцяшэнне ў тым, што парламентарый у іншай краіне ведае пра іх ды іх гісторыі. "Хросныя" не могуць вызваліць зняволенага, але мы спадзяемся, што іх салідарнасць ацэняць.
З якімі цяжкасцямі вы сутыкаецеся пры рэалізацыі гэтай праграмы?
— Адной з самых вялікіх праблем на гэты момант з'яўляецца ўтрыманне Беларусі ў міжнародным парадку дня. Пасля поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну гэтая вайна, па зразумелых прычынах, стала цэнтральнай праблемай у многіх краінах. Некаторыя дзяржавы ставяць у аснову ўласную бяспеку і схільныя разглядаць Беларусь хутчэй як яшчэ аднаго агрэсара, чым як ахвяру дыктатуры. Нягледзячы на тое, што многія разумеюць, што беларусы і беларускі — гэта не тое самае, што рэжым, парушэнні правоў чалавека часта аказваюцца па-за фокусам увагі. Наша кампанія служыць напамінам, што нельга забываць пра людзей, што стаяць па-за дзеяннямі рэжыму.
У 2020 годзе, падчас пандэміі ды беларускіх пратэстаў, здавалася, цяжка было ўявіць, што свет можа стаць яшчэ больш нестабільным і небяспечным, але, на жаль, менавіта такім ён і стаў. Цяпер ёсць важныя навіны, якія прыцягваюць увагу людзей больш, чым стабільна жорсткае кіраванне Лукашэнкі ў адносінах да свайго народа. Але палітычная сітуацыя і парушэнні правоў чалавека ў Беларусі не з'яўляюцца другараднай гісторыяй. У 2025 годзе Беларусь ёсць наглядным прыкладам таго, з чым змагаецца ўвесь свет: з наступствамі аўтарытарнага кіравання, безадказнага выкарыстання ўлады і беспакаранасцю за гвалт і несправядлівасць.
Што кажуць пра кампанію самі "хросныя"? Як звычайна рэагуюць палітыкі, калі вы прапануеце ім узяць удзел у кампаніі?
— Цяпер у нас больш за 400 "хросных", іх рэакцыі вельмі розныя. Некаторыя палітыкі звяртаюцца да нас самі, некаторыя вельмі актыўныя і пераўзыходзяць усе нашыя чаканні. Многія шчыра залучаюцца, калі даведаюцца, наколькі абсурдныя абвінавачванні высунутыя супраць палітычных зняволеных, — абвінавачванні неймаверныя ў заходніх дэмакратычных краінах. Часта палітыкі выбіраюць кагосьці, з кім у іх ёсць нешта агульнае, напрыклад журналістаў, лекараў ці кагосьці, хто мае дачыненне да іх краіны. Ім таксама цікавыя лёсы замежных грамадзян, якія знаходзяцца ў беларускіх турмах. Часам патэнцыйныя "хросныя" могуць падтрымаць кампанію толькі ў прыватным парадку праз роднасныя сувязі. Іх удзел таксама залежыць ад таго, наколькі яны занятыя.
Як сем'і ды самі палітвязні рэагуюць на сваіх "хросных"?
— Тут рэакцыі таксама бываюць розныя. Многія сваякі цэняць падтрымку з-за мяжы і магчымасць падзяліцца сваімі думкамі. Але бываюць і такія выпадкі, калі сем'і баяцца выходзіць на сувязь або сумняваюцца ў тым, ці патрэбны ім "хросны". У некаторых могуць быць чаканні, якія мы не заўсёды можам апраўдаць, што цалкам вытлумачальна. Мы атрымлівалі станоўчыя водгукі ад былых зняволеных: яны распавядалі нам, як шмат значылі для іх словы іх "хросных" і як гэта натхняла — ведаць, што камусьці не ўсё адно.
Таксама мы чулі, што некаторыя сем'і расчараваныя сваімі "хроснымі" або лічаць іх бессэнсоўнымі, бо што іх любімы чалавек усё яшчэ знаходзіцца ў турме, а ўмовы ўтрымання не змяніліся. Відавочна, што існуюць межы таго, што можа зрабіць парламентарый, каб дапамагчы камусьці, хто знаходзіцца ў беларускай турме. Мы ўсе хацелі б, каб яны маглі зрабіць больш і адчувальна змяніць становішча зняволенага.
Як бы вы ацанілі ролю міжнароднай салідарнасці ў падтрымцы беларускіх палітвязняў?
— Напэўна, лепш за ўсё яе ацэняць тыя, хто знаходзіцца ўнутры Беларусі. З вонкавага боку, міжнародная салідарнасьць неабходная для таго, каб гэтае пытаньне заставалася ў палітычным і грамадзкім парадку дня. У свеце поўным крызісаў і канфліктаў цяжка засяродзіць увагу на якой-небудзь адной праблеме. Падчас савецкай акупацыі краін Балтыі актывісты за мяжой падтрымлівалі дух свабоды, і ў канчатковым выніку салідарнасць дапамагла пракласці шлях да незалежнасці. Я думаю, што нешта падобнае магло б адбыцца і з Беларуссю, — кажа адзін з рэспандэнтаў.
— Менавіта тут кампанія "хросных" выходзіць за межы асабістай салідарнасці са зняволенымі ды іх сем'ямі. Парламентарыі таксама могуць аказваць ціск на свой уласны ўрад, выкарыстоўваць платформу, якую яны маюць у парламенце, і сродкі масавай інфармацыі сваёй краіны, каб сітуацыя з беларускімі палітвязнямі заставалася ў цэнтры ўвагі Еўропы. Было б жудасна, калі б пра гэтых зняволеных забыліся, таму казаць пра іх гісторыі і праблемы ў парламентах па ўсёй Еўропе — гэта спосаб не забыцца пра рэпрэсіі ды сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі, — дзеліцца іншы рэспандэнт.
Як вы думаеце, якія спосабы праявы салідарнасці з палітвязнямі з'яўляюцца найбольш эфектыўнымі? Якія з іх усё яшчэ могуць быць актуальныя ў беларускім кантэксце?
— Кантакт з вядомымі ды ўплывовымі палітыкамі можа прыцягнуць увагу да праблемы. Таксама важна ствараць фізічныя напамінкі ў грамадскіх прасторах, як напрыклад фрагменты Берлінскай сцяны, якія выклікаюць цікаўнасць, асабліва ў тых, хто не знаёмы з гэтай тэмай. Я памятаю, як былы мэр Рыгі Марціньш Стакіс змяніў сцяг падчас чэмпіянату па хакеі, а потым танцаваў на сцэне з беларускім сцягам — людзям было цікава, і яны пыталіся, чый гэта сцяг. Такія сімвалічныя дзеянні могуць быць вельмі эфектыўнымі.
Якія дзеянні маглі б дапамагчы падтрымаць розныя групы палітычных зняволеных, напрыклад уразлівыя групы, ці тых, хто ўтрымліваецца без сувязі са знешнім светам, або малавядомых палітычных зняволеных?
— Мне вельмі спадабалася акцыя, падчас якой людзі на адзін дзень змянялі свае фота ў профілі, каб "стаць" палітвязнем. Сумесныя дзеянні з партнёрскімі арганізацыямі могуць быць эфектыўнымі — напрыклад, праца з групамі, што дапамагаюць людзям з інваліднасцю, нават калі яны не факусуюцца на правах чалавека. Лакальныя мерапрыемствы, якія праводзяць адначасова ў розных гарадах, могуць дапамагчы прыцягнуць увагу і наладзіць сувязі. Такія групы разбіраюцца ў сітуацыі і, магчыма, змогуць аказаць падтрымку пацярпелым сем'ям. Супрацоўніцтва павінна быць узаемавыгадным — напрыклад, ствараць сеткі для будучай кааперацыі.
Як вы супрацоўнічаеце з іншымі праваабарончымі арганізацыямі ў падтрымку палітвязняў у Беларусі?
— Мы цесна супрацоўнічаем з "Вясной" і рознымі мясцовымі арганізацыямі па ўсёй Еўропе. Мы дзелімся інфармацыяй ды кантактамі, сумесна арганізуем мерапрыемствы, плануем кампаніі. Салідарнасць такая важная, бо ва ўсіх нас адны і тыя ж мэты, нават калі мы працуем з рознымі аўдыторыямі і рэсурсамі. Мы можам вучыцца адно ў аднаго, пазбягаць дублявання намаганняў і больш эфектыўна выкарыстоўваць свой час. Мы суседзі, і тое, што адбываецца ў адной частцы Еўропы, рана ці позна непазбежна адбіваецца на іншых. А яшчэ актывісты ды актывісткі могуць натхняць адно аднаго і надаваць сілаў для працягу працы.
Libereco арганізуе як афлайн, так і анлайн-мерапрыемствы. Якія фарматы, на вашу думку, найбольш эфектыўныя для інфармавання еўрапейцаў?
— Анлайн-акцыі маюць вырашальнае значэнне для надання кампаніі глабальнага характару, а таксама для магчымага ахопу беларусаў і беларусак унутры краіны. Нягледзячы на ўзмоцненую цэнзуру, рэжым не можа цалкам кантраляваць доступ да інтэрнэту. Анлайн-мерапрыемства можа стаць эфектыўным спосабам закрануць людзей з усяго свету і ліквідаваць бар'еры, звязаныя з візамі і дарожнымі выдаткамі.
Афлайн-сустрэчы за межамі Беларусі не менш важныя, паколькі яны дазваляюць узаемадзейнічаць наўпрост, наладжваць кантакты і ўмацоўваць асабістыя сувязі, — кажа першы рэспандэнт. — Гэта зараджае значна мацней, калі ты знаходзішся ў адным пакоі з кімсьці, адчуваеш яго моцныя эмоцыі і лепш разумееш, што адбываецца ў Беларусі. Нам важны кожны раз, калі ў нас атрымліваецца нагадаць пра сябе ў парламентах Еўропы. Трэба адзначыць, што большасць парламентарыяў Еўропы не атрымліваюць галасы, калі праяўляюць цікавасць да Беларусі. Таму любы час, які мы праводзім з парламентарыямі, бо ім важныя правы чалавека і, у прыватнасці, беларусы, з'яўляецца каштоўным і абнадзейваючым.
На ваш погляд, якія захады можна было б распачаць для ўмацавання міжнароднай салідарнасці з беларускімі палітвязнямі? Што варта зрабіць як на інстытуцыянальным, так і на мясцовым узроўнях?
— Калі людзі дастаткова дасведчаныя, дзейнічаць становіцца лягчэй. Але спачатку нам часта даводзіцца тлумачыць, што адбываецца ў Беларусі. Вельмі важна, каб мясцовыя супольнасці падтрымлівалі беларускую дыяспару, каб у выгнанні яна магла заставацца актыўнай. Гэтыя людзі могуць навесці масты для будучага супрацоўніцтва паміж краінамі, — кажа адзін з рэспандэнтаў.
— Улічваючы, што адбываецца так шмат міжнародных крызісаў і так шмат небяспечных і больш жорсткіх сітуацый, чым нават у Беларусі, важна, каб мы не прадстаўлялі Беларусь як ізаляваную праблему і не спрабавалі канкураваць з іншымі канфліктамі за ўвагу або падтрымку. Тое, што адбываецца ў Беларусі, з'яўляецца часткай больш шырокай глабальнай барацьбы паміж дэмакратыяй, справядлівасцю і вяршэнствам закона супраць аўтарытарызму, несправядлівасці ды гвалтоўнага прыгнёту. Мы дамагаемся актыўнай падтрымкі з боку дэмакратычных і свабодалюбных краін свету не таму, што рэпрэсіі ў Беларусі самыя страшныя і жудасныя, а таму, што гэта частка больш шырокай барацьбы нашых саюзнікаў за прынцыпы, у якія мы верым, і супрацьстаяння сілам, якія, як мы ведаем, паступаюць няправільна, — кажа іншы.
Якія перспектывы адкрывае міжнародная салідарнасць для палітвязняў?
— Міжнародная салідарнасць — гэта тое, што беларускі рэжым з усяе моцы спрабуе здушыць. Хоць яму, магчыма, і ўдаецца заглушыць галасы ўнутры краіны, яму значна цяжэй кантраляваць тое, што адбываецца за мяжой. Як і ў эпоху жалезнай заслоны, салідарнасць можа закласці аснову не толькі на асабістым узроўні, але і для будучых міжнародных партнёрстваў, калі Беларусь зноў стане свабоднай.
Чаму такія падзеі, як Дзень палітвязняў, так важныя?
— Неабходна выкарыстоўваць любую магчымасць, каб нагадаць свету пра палітвязняў. Сітуацыя працягвае пагаршацца, таму гэтыя даты служаць важным напамінам. Яны таксама дапамагаюць прыцягнуць новых прыхільнікаў, што вельмі важна, паколькі гэтая праца знясільваючая і патрабуе пастаянных намаганняў і рэсурсаў.