)
Пасля 2020 года беларускі экалагічны рух, які раней уплываў на дзяржаўныя рашэнні, сутыкнуўся з сістэматычным разгромам: у краіне ліквідавалі больш за 140 тэматычных НДА, дзясяткі актывістаў прайшлі праз крымінальныя справы, а дзяржава афіцыйна выйшла з ключавых міжнародных пагадненняў па ахове прыроды.
«Экадом» у супрацоўніцтве з «Зялёнай сеткай» прэзентаваў аналітычны агляд «Становішча экалагічных арганізацый і актывістаў у Беларусі ва ўмовах грамадска-палітычнага крызісу».
Агляд фіксуе страты сектара за апошнія пяць гадоў і паказвае, што, нягледзячы на рэпрэсіі, экалагічная дзейнасць усё роўна працягваецца як унутры краіны, так і з-за мяжы.
З 2021 года ў Беларусі прымусова ліквідавалі больш за 80 экалагічных арганізацый. Сярод іх — найстарэйшыя і найбольш уплывовыя: «Ахова птушак Бацькаўшчыны», «Экадом», «Багна», Мінскае веласіпеднае таварыства, і шэраг іншых. Яшчэ звыш 60 арганізацый былі вымушаныя спыніць дзейнасць самастойна праз ціск уладаў або пагрозу бяспецы. Ціск не абмежаваўся закрыццём юрыдычных асоб. У 2022 годзе «экстрэмісцкім фарміраваннем» прызналі «Экадом», а ў ліпені 2025 года — «Зялёную сетку». Шэраг экалагічных медыярэсурсаў краіны апынуліся ў спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў, а частка актывістаў і экспертаў прайшлі праз адміністрацыйны, крымінальны пераслед, былі вымушаныя эміграваць.
Разгром сектара фактычна знішчыў незалежны грамадскі кантроль і пазбавіў беларусаў міжнародных інструментаў абароны сваіх правоў. У 2022 годзе, пасля таго як Нарада бакоў Орхускай канвенцыі ААН прызнала ліквідацыю «Экадома» пераследам і заклікала аднавіць рэгістрацыю, улады Беларусі прынялі рашэнне выйсці з канвенцыі. У 2023 годзе краіна таксама афіцыйна пакінула Бёрнскую канвенцыю аб ахове дзікай прыроды.
Звужэнне грамадскага кантролю за экалагічнай палітыкай непазбежна пагаршае якасць рашэнняў, якія прымаюцца ў краіне, і наўпрост уплывае на бяспеку навакольнага асяроддзя, прадуктаў харчавання і вады. Незалежная экспертыза ўнутры Беларусі цяпер фактычна заблакаваная», — адзначаюць аўтары даследавання.
Нягледзячы на ціск, экалагічная супольнасць здолела рэарганізавацца. Унутры Беларусі актывісты працягваюць адстойваць свае правы. За мяжой эксперты засяродзіліся на міжнароднай адвакацыі, экспертнай аналітыцы і асвеце. За гэты час аформіліся і новыя ініцыятывы, якія распрацоўваюць стратэгію будучых экалагічных рэформаў для краіны, манітораць уплыў вайны ва Украіне на экалогію ўсяго рэгіёна, займаюцца экалагічнай асветай беларуса.
Аналітычны агляд даступны для спампоўвання па спасылках:
На рускай мове
На англійскай мове
)
)
)
)
)