«Мы назіраем гуманітарны крызіс, які адбываецца за сценамі турмаў і калоній», — праваабаронца «Вясны» падчас выступу ў Жэневе

04 July 2025, 10:54 AM
«Мы назіраем гуманітарны крызіс, які адбываецца за сценамі турмаў і калоній», — праваабаронца «Вясны» падчас выступу ў Жэневе

У Жэневе 2 ліпеня ў межах 59-й сесіі Савета па правах чалавека ААН адбыўся сайд-івэнт па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. Сустрэчы была арганізаваная пастаяннымі місіямі Літвы і Латвіі. У панэльнай дыскусіі, прысвечанай катастрафічнай сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, прынялі ўдзел: юрыстка "Вясны" Вікторыя Рудзянкова, Спецыяльны дакладчык па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі Нілс Муйжніекс, журналістка, запрошаная супрацоўніца Atlantic Council Ганна Любакова, а таксама юрыстка, прадстаўніца Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Марыя Жарылоўская.

"Вясна" расказвае, пра што эксперткі і Спецдакладчык казалі падчас сустрэчы, а таксама публікуе вытрымкі з выступу юрысткі "Вясны" Вікторыі Рудзянковай.

На панэлі абмяркоўвалася пагаршэнне сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. Эксперткі звярнулі ўвагу на бесперапынныя палітычна матываваныя рэпрэсіі, а таксама адзначылі, што некаторыя з парушэнняў правоў чалавека прыраўноўваюцца да злачынстваў супраць чалавечнасці. Нілс Муйжніекс заключыў, што ніякіх прыкметаў паляпшэння становішча з грамадзянскімі і палітычнымі правамі ў краіне не назіраецца.

"Гэта не толькі прававы крызіс — гэта гуманітарны крызіс"

Падчас дыскусіі юрыстка "Вясны" ўзгадала пра юрыста і каардынатара кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Уладзіміра Лабковіча, а таксама распавяла пра нечалавечыя ўмовы ўтрымання ў беларускіх месцах пазбаўлення волі, а таксама пра наступствы зняволення для тых, хто ўжо выйшаў на волю.

"Калі мы сёння гаворым пра Беларусь, то гэта ўжо не толькі прававы ці палітычны крызіс. Мы назіраем паўнамаштабны гуманітарны крызіс — той, які адбываецца ціха, за сценамі турмаў і папраўчых калоній.

Умовы арышту і ўтрымання палітычных зняволеных у Беларусі можна ахарактарызаваць як жорсткае, нечалавечае і прыніжаючае годнасць абыходжанне. У шматлікіх выпадках яны адпавядаюць вызначэнню катаванняў.

Я ўпэўненая, што многія з вас бачылі першыя публічныя словы Сяргея Ціханоўскага пасля пяці гадоў поўнай ізаляцыі. Але тое, што ён апісаў, — не выключэнне, а норма. Кожны чалавек, які выйшаў з турмы — а іх цяпер ужо амаль 3000 — расказвае пра тую ж рэчаіснасць. Для параўнання: гэта ўдвая больш, чым насельніцтва мястэчка, у якім я нарадзілася і вырасла".

Як адзначыла Вікторыя, цяпер у месцах няволі па палітычных матывах утрымліваюцца больш за 1160 чалавек, з іх больш за 200 палітвязняў знаходзяцца за кратамі ў асаблівай рызыцы

Яны ў тым ліку маюць праблемы са здароўем, шматдзетныя і іншыя людзі ў цяжкіх сямейных абставінах, людзі, якія знаходзяцца на прымусовым псіхіятрычным лекаванні ў закрытых установах. Некаторыя палітвязні з сур'ёзнымі захворваннямі былі памілаваныя Лукашэнкам. Але вялікая колькасць людзей працягвае знаходзіцца за кратамі з рызыкамі для жыцця і здароўя.

"Адзін з тых, чые імёны былі ў нашым спісе, — Валянцін Штэрмер, які памёр у турме ў гэтым годзе. Яму было за 60 гадоў, і ён меў праблемы з сэрцам. Афіцыйна расследаванне яго смерці не распачата. Але мы ведаем наступнае: ён перанёс інсульт, і нават пасля гэтага яго змясцілі ў штрафны ізалятар, а потым накіравалі на цяжкую працу. Паводле словаў сукамерніка, ён амаль не мог хадзіць і размаўляць. Але яго ўсё адно прымушалі працаваць. Гэта адбылося ў той жа калоніі, дзе ў 2021 годзе пры загадкавых абставінах памёр актывіст Вітольд Ашурак.

Агулам як мінімум восем палітычных зняволеных памерлі ў зняволенні без належнага расследавання. Таксама нам вядома як мінімум пра адзін суіцыд і пра тры выпадкі смерці пасля вызвалення — у выніку псіхалагічнага ціску ці доўгатэрміновых наступстваў нечалавечага ўтрымання.

Але дзяржаўны гвалт у Беларусі не спыняецца на турэмных брамах. Пасля выбарчых пратэстаў 2020 года як мінімум тры чалавекі былі забітыя падчас мірных дэманстрацый. За кожнай лічбай — твар, сям’я і зламанае жыццё. Гэта не толькі прававы крызіс — гэта гуманітарны крызіс. І мы заклікаем міжнародную супольнасць адрэагаваць адпаведна.

Таксама мы заклікаем да мабілізацыі рэсурсаў для спынення дыскрымінацыі і бесчалавечнага абыходжання з імі ў турмах, дамагацца аказання ім належнай медыцынскай дапамогі, спыненне рэжыму інкамунікада.

Трэба працягваць і нарошчваць намаганні па вызваленні беларускіх палітвязняў, уключаючы правядзенне гуманітарных перамоваў, звяртаючы асаблівую ўвагу на ўразлівыя групы".

Арыгінальная публікацыя на сайце "Вясны"

Share

See more news

Камітэт ААН па ліквідацыі дыскрымінацыі жанчын заклікаў Беларусь прыняць меры па абароне Вікторыі Кульшы
02 September 2025, 9:23 AM
Камітэт ААН па ліквідацыі дыскрымінацыі жанчын заклікаў Беларусь прыняць меры па абароне Вікторыі Кульшы
25 жніўня 2025 года Камітэт ААН па ліквідацыі дыскрымінацыі жанчын (КЛДЖ) зарэгістраваў скаргу на дыскрымінацыю Вікторыі Кульшы, паведамляе Respect-Protect-Fulfill.
Lawtrend: Доступ организаций гражданского общества в Беларуси к финансированию: законодательство и практика его применения
18 August 2025, 1:17 PM
Lawtrend: Доступ организаций гражданского общества в Беларуси к финансированию: законодательство и практика его применения
Презентация подготовлена на основе доклада, представленного Lawtrend в рамках 4-го цикла Универсального периодического обзора.
Эксперты ААН: Беларусь павінна спыніць жорсткае абыходжанне з трыма зняволенымі, асуджанымі па абвінавачваннях у тэрарызме і экстрэмізме
18 August 2025, 12:08 PM
Эксперты ААН: Беларусь павінна спыніць жорсткае абыходжанне з трыма зняволенымі, асуджанымі па абвінавачваннях у тэрарызме і экстрэмізме
У лісце, накіраваным беларускім уладам, эксперты выказалі занепакоенасць у сувязі з паведамленнямі аб жорсткім абыходжанні з трыма зняволенымі – дзвюма жанчынамі і адным мужчынам.
Пытки и дискриминация женщин в Беларуси: «Правовая инициатива» обратилась в CEDAW с требованием начать расследование
18 August 2025, 11:16 AM
Пытки и дискриминация женщин в Беларуси: «Правовая инициатива» обратилась в CEDAW с требованием начать расследование
Беларуская правозащитная организация «Правовая инициатива» направила в Комитет ООН по ликвидации дискриминации в отношении женщин (CEDAW) официальное обращение с требованием начать расследование в соответствии со статьей 8 Факультативного протокола к Конвенции.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці