На Міжнароднай канферэнцыі працы звярнулі ўвагу на пераслед працаўнікоў і незалежных прафсаюзаў у Беларусі

10 June 2025, 12:31 PM
На Міжнароднай канферэнцыі працы звярнулі ўвагу на пераслед працаўнікоў і незалежных прафсаюзаў у Беларусі

На фота: Сцяг Беларускага Незалежнага прафсаюза на мітынгу

На 113-й сесіі Міжнароднай канферэнцыі працы (МКТ), якая штогод арганізуецца Міжнароднай арганізацыяй працы (МАП), разгледзелі пытанне пераследу працаўнікоў і незалежных прафсаюзаў у Беларусі. Міжнародная федэрацыя за правы чалавека (FIDH) і Праваабарончы цэнтр "Вясна" заклікалі ўсіх сябраў МАП узмацніць ціск на ўлады Беларусі, каб забяспечыць захаванне правоў працоўных на свабоду аб'яднанняў і выказвання меркаванняў.

Сёмага чэрвеня 2025 года МАП цягам штогадовай канферэнцыі правяла спецыяльную сесію, прысвечаную сістэматычным парушэнням асноўных правоў працоўных у Беларусі, уключна з правам на свабоду асацыяцыі, правам на арганізацыю і вядзенне калектыўных перамоваў (Канвенцыі МАП № 87 і 98). Пасяджэнне арганізаванае як працяг працэдуры, ужытай у дачыненні да Беларусі ў адпаведнасці з артыкулам 33 Статута МАП у чэрвені 2023 года, у адпаведнасці з якім да Беларусі быў звернуты заклік тэрмінова прыняць місію МАП для ацэнкі сітуацыі з правамі чалавека ў краіне, і ўсім удзельнікам МАП (урадам, працаўнікам і працадаўцам) было прапанавана прыняць адпаведныя захады для забеспячэння таго, каб беларускі ўрад не мог выкарыстоўваць свае адносіны з якім-небудзь суб'ектам для падтрымання або ўзмацнення парушэнняў правоў працоўных. Гэтая працэдура была ўжытая пасля таго, як Беларусь сістэматычна не выконвала рэкамендацыі Камісіі МАП паводле расследаванняў, якія змяшчаюцца ў яе дакладзе, апублікаваным яшчэ ў 2004 годзе.

"Пастаянны пераслед працоўных і прафсаюзных актывістаў у Беларусі па-ранейшаму выклікае глыбокую занепакоенасць. Ужыванне артыкула 33 Статута, амаль беспрэцэдэнтнае ў гісторыі МАП, стала паваротным момантам, які мусіць і надалей падахвочваць міжнародную супольнасць да рашучых дзеянняў па прыцягненні да адказнасці за грубыя парушэнні правоў працоўных", — заявіў Ілля Нузаў, кіраўнік аддзела FIDH па Усходняй Еўропе і Цэнтральнай Азіі.

Беларускія ды міжнародныя арганізацыі грамадзянскай супольнасці, а таксама эксперты ААН зафіксавалі, што беларускія ўлады — асабліва пачынаючы з 2022 года — сістэматычна парушаюць правы беларускіх працоўных, у тым ліку шляхам ліквідацыі ўсіх незалежных прафсаюзаў — Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП) і яго чатырох сябраў — а таксама пераследу прафсаюзных лідараў і актывістаў, многія з якіх сутыкнуліся з пагрозамі, звальненнямі, пазбаўленнем волі, прызнаннем "экстрэмістамі" або выгнаннем і завочным пераследам за выказванне сваіх палітычных поглядаў. Паводле даных асацыяцыі "Салідарнасць", заснаванай прафсаюзнымі дзеячамі, што знаходзяцца ў выгнанні, 29 прафсаюзных лідараў і актывістаў, уключна з прэзідэнтам БКДП і сябрам Кіруючага органа МАП Аляксандрам Ярашуком, што па стане на сакавік 2025 года незаконна знаходзіліся ў зняволенні.

"Санкцыянаваныя дзяржавай рэпрэсіі супраць іншадумства, у тым ліку звальненне прыхільнікаў незалежных кандыдатаў у прэзідэнты на выбарах 2020 года і асабліва пазбаўленне волі прафсаюзных лідараў і актывістаў, непрымальныя. Міжнародная салідарнасць мусіць пакласці канец гэтай ганебнай практыцы", — заявіў Павел Сапелка, праваабаронца "Вясны" і выконваючы абавязкі віцэ-прэзідэнта Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH).

У святле сістэматычнага парушэння правоў працоўных FIDH і "Вясна" заклікалі беларускія ўлады пры любых абставінах забяспечваць правы на свабоду асацыяцый і выказвання меркаванняў, у тым ліку шляхам поўнага выканання рэкамендацый, вынесеных беларускім уладам у дакладзе Камісіі па расследаванні за 2004 год, і напоўніцу супрацоўнічаць з МАП.

FIDH і "Вясна" таксама заклікаюць беларускія ўлады неадкладна спыніць пераслед працаўнікоў, прафсаюзных актывістаў і арганізацый грамадзянскай супольнасці, а таксама даць адэкватную кампенсацыю за парушэнне правоў чалавека.

Арыгінальны артыкул на сайце "Вясны"

Share

See more news

Універсальны перыядычны агляд: Беларусь падтрымала 128 рэкамендацый з 332
18 December 2025, 9:00 PM
Універсальны перыядычны агляд: Беларусь падтрымала 128 рэкамендацый з 332
У Жэневе прайшло 15 пасяджэнне перад дзясятай сесіяй Рабочай групы па Універсальным перыядычным аглядзе (УПА). На ім прынялі раздзел рэкамендацый праекта дакладу УПА па ў тым ліку і Беларусі.
Што такое «Accountability for Belarus»? Тлумачыць экспертка БХК Кацярына Дзяйкала
05 December 2025, 9:00 PM
Што такое «Accountability for Belarus»? Тлумачыць экспертка БХК Кацярына Дзяйкала
"Вясна" разбіраецца разам з эксперткай БХК Кацярынай Дзяйкалай.
Шлях да Еўрапейскай Канвенцыі: чаму адмена смяротнага пакарання — ключ да абароны правоў беларусаў
04 December 2025, 9:00 PM
Шлях да Еўрапейскай Канвенцыі: чаму адмена смяротнага пакарання — ключ да абароны правоў беларусаў
Беларусы вартыя быць у Радзе Еўропы. Але адной з перашкод для гэтага становіцца наяўнасць смяротнага пакарання ў краіне.
16 справаў супраць Беларусі: Камітэт па правах чалавека ААН вынес меркаванні
28 November 2025, 6:00 AM
16 справаў супраць Беларусі: Камітэт па правах чалавека ААН вынес меркаванні
Камітэт па правах чалавека ААН вынес Меркаванні па справе адразу 16 заяўнікаў. Яны тычыліся штрафаў за вывешванне бела-чырвона-белых сцягоў (і не толькі) на вокнах уласных дамоў.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці