Наталля Сацункевіч: «Наяўнасць палітвязняў у краіне — паказчык сітуацыі з правамі чалавека»

15 September 2025, 5:43 PM
Наталля Сацункевіч: «Наяўнасць палітвязняў у краіне — паказчык сітуацыі з правамі чалавека»

Праз запалоханасць і пагрозы беларусы менш паведамляюць і распавядаюць гісторыі пераследу. "Вясна" пагаварыла з праваабаронцай "Вясны" Наталляй Сацункевіч пра тое, што (не) дае статус палітвязня, ці варта апублічваць факты пераследу і на што гэта ўплывае.

"Наяўнасць палітвязняў у краіне — паказчык сітуацыі з правамі чалавека"

Праваабаронца "Вясны" Наталля Сацункевіч растлумачыла, чаму важна паведамляць пра затрыманні і апублічваць факты пераследу ў Беларусі:

"Наяўнасць палітвязняў у краіне — адна з характарыстыкаў дзеючай улады і паказчык сітуацыі з правамі чалавека. Лічба колькасці палітвязняў дапамагае нам адвакаваць на міжнародным узроўні сітуацыю з правамі чалавека і паказваць, што яна не стала лепшай, а толькі пагаршаецца. Таму гэта такі інструмент для праваабаронцаў, каб паляпшаць сітуацыю і намагацца вызвалення кожнага палітвязня.

Калі чалавек прызнаны праваабарончай супольнасцю палітвязнем, гэта значыць, што яго пераследуюць па палітычных матывах. Паводле міжнароднага права такога быць не павінна".

Палітычным зняволеным чалавека прызнае ўся беларуская праваабарончая супольнасць, а не толькі Праваабарончы цэнтр "Вясна", як многія памылкова думаюць. Гэта такія арганізацыі як Беларускі Хельсінкскі камітэт, Прававая ініцыятыва, Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава, Lawtrend, Беларуская асацыяцыя журналістаў, Беларускі ПЭН, Офіс па правах людзей з інваліднасцю і іншыя. Пад кожнай заявай можна знайсці спіс падпісантаў. Праваабаронцы "Вясны" публікуюць сумесныя заявы праваабарончай супольнасці і вядуць спіс палітычных зняволеных. Праваабарончая супольнасць пры прызнанні чалавека палітычным зняволеным кіруецца Кіраўніцтвам па вызначэнні паняцця “Палітычны зняволены”.

Наталля Сацункевіч адзначае, што, калі пра затрыманне чалавека стала вядома з адкрытых крыніц, то згода чалавека на прызнанне яго палітвязнем не трэба.

"Калі да нас звяртаюцца людзі і просяць не публічыць інфармацыю, то мы, канешне, паважаем рашэнне чалавека і яго сваякоў. Важна падкрэсліць, што такая інфармацыя — гэта агульна-грамадскі інтарэс, таму, калі нам стала вядома з адкрытага паста ў фэйсбуку, раскладу суда, праўладнага тэлеграм-канала, то наш праваабарончы абавязак — зафіксаваць інфармацыю і распаўсюдзіць".

"Публічнасць дапамагае спыніць катаванні ў большасці выпадкаў"

Праваабаронца "Вясны" адзначае, што важна апублічваць факты пераследу на вязня ў СІЗА ці ў калоніі.

"Там яны сутыкаюцца з нечалавечымі ўмовамі, катаваннямі, а таксама дадатковым ціскам з боку адміністрацыі. Такім чынам ствараецца дадатковае пакаранне для чалавека. У прынцыпе суд прызначае пакаранне ў выглядзе абмежавання або пазбаўлення волі — і гэта само па сабе ёсць пакаранне. Чалавека ж караюць дадаткова праз рэпрэсіі, невыносныя ўмовы, збіццё, катаванні фізічныя і псіхалагічныя. І, як кажуць, катаванні любяць цішыню, і лепш за ўсё катаванні і злачынствы робяцца, калі ніхто не бачыць, таму публічнасць дапамагае гэта спыняць у большасці выпадкаў".

"Тое, што чалавека прызналі палітвязнем, не робіць яго справу палітычнай, бо яна была такой яшчэ да гэтага"

Наталля параўноўвае прызнанне чалавека палітвязнем з грамадскім кантролем:

"Гэта агулам падобна на механізм працы грамадскага кантролю: калі людзі кантралююць, што робяць улады. І гэта кантроль дапамагае рабіць, каб стандарты выконваліся, напрыклад.

Я заўсёды кажу пра лісты салідарнасці, нават калі ён не дойдзе да самога палітвязня, то яго атрымае і пабачыць адміністрацыя ўстановы, дзе ён знаходзіцца. І калі да чалавека ёсць міжнародная ўвага, і з ім штосьці здарыцца, то ўвага да гэтага будзе вялікая. Звычайна стаўленне да чалавека мяняецца.

Улады фактычна ведаюць, калі чалавек пераследуецца па палітычных матывах, нават калі ён яшчэ не прызнаны палітвязнем па нейкіх прычынах: ці не хапае інфармацыі, ці пра яго проста не ведаюць, ці яшчэ не адбыўся суд у некаторых выпадках. Таму пагоршыць становішча чалавека ў зняволенні статус палітвязня не можа, бо дзяржава і так ведае, што яго пераследуюць па палітычных матывах. Тое, што нарэшце кейс стаў публічным і чалавека прызналі палітвязнем, не робіць яго справу палітычнай, бо яна была такой яшчэ да гэтага.

Магу ўзгадаць прыклад Арцёма Анішчука, які сутыкаўся з катаваннямі і падчас затрымання, да і пасля суда, і пасля таго, як паехаў у калонію. Пасля таго, як яго прызналі палітвязнем, сітуацыя з рэпрэсіямі фактычна не змянілася, у сэнсе, што яны не сталі горшымі. Яшчэ да прызнання да яго ставіліся як да палітвязня.

Былыя палітвязні кажуць, што гэта вялікая падтрымка маральная, калі яны дазнаюцца, што пра яго памятаюць, што пра яго не забылі, што свет яго не лічыць звычайным злачынцам, забойцам. І гэта важна".

Артыкул цалкам чытайце на сайце "Вясны"

Share

See more news

«Гэта працяг рэпрэсій, а не вызваленьне». Чаму палітвязьняў, якіх адпусьцілі з-за кратаў, вывозяць за мяжу
13 September 2025, 7:12 PM
«Гэта працяг рэпрэсій, а не вызваленьне». Чаму палітвязьняў, якіх адпусьцілі з-за кратаў, вывозяць за мяжу
Распыталі праваабаронцаў і юрыстаў, чаму для ўладаў важна выціснуць гэтых людзей з Беларусі.
Палітвязень Андрэй Паднябенны памёр у магілёўскай калоніі № 15
08 September 2025, 4:53 PM
Палітвязень Андрэй Паднябенны памёр у магілёўскай калоніі № 15
Пра гэта паведаміла ў сацыяльных сетках яго маці.
Роўна 4 гады таму асудзілі Марыю Калеснікаву і Максіма Знака. З імі няма сувязі больш за 2,5 гады
06 September 2025, 10:58 AM
Роўна 4 гады таму асудзілі Марыю Калеснікаву і Максіма Знака. З імі няма сувязі больш за 2,5 гады
6 верасня 2021 года ў будынку Мінскага раённага суда ў закрытым рэжыме кіраўніцы выбарчага штаба Віктара Бабарыкі Марыі Калеснікавай і адвакату Максіму Знаку агучылі прысуд: 11 і 10 гадоў пазбаўлення волі адпаведна.
«Прававыя летапісы». «Вясна» прэзентуе відэапраект аб правах чалавека ў гісторыі Беларусі
02 September 2025, 10:56 AM
«Прававыя летапісы». «Вясна» прэзентуе відэапраект аб правах чалавека ў гісторыі Беларусі
Статуты ВКЛ, паўстанне 1863, савецкія часы, феномен дысідэнства і 1990 гады... Як усе гэтыя падзеі звязаныя з правамі чалавека?

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці