«Не сведчыць пра сур’ёзныя змены ў сітуацыі з правамі чалавека». Павел Сапелка каментуе вызваленне палітвязняў

08 July 2024, 12:44 PM
«Не сведчыць пра сур’ёзныя змены ў сітуацыі з правамі чалавека». Павел Сапелка каментуе вызваленне палітвязняў

Трэцяга ліпеня з калоніяў вызвалілі мінімум 18 палітвязняў. Многія звязвалі гэта з Законам "Аб амністыі ў сувязі з 80-годдзем вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў", але, тым не менш, гэты закон не прадугледжваў вызваленне палітвязняў. Паводле інфармацыі праваабаронцаў іх адпусцілі па памілаванні. Акрамя гэтага, нягледзячы на заяву Лукашэнкі пра вызваленне палітвязняў з сур'ёзнымі захворваннямі, дакладна вядома толькі пра аднаго вызваленага са спісу палітвязняў, якія знаходзяцца за кратамі ў асаблівай рызыцы — гэта 67-гадовы Рыгор Кастусёў. З калоніяў адпусцілі, у асноўным мужчын, асуджаных да двух-пяці гадоў паводле артыкулаў за "ўдзел у масавых беспарадках", "актыўны ўдзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак", "абразу прадстаўнікоў улады" і паводле іншых "экстрэмісцкіх артыкулаў". Некаторым з іх да канца свайго тэрміну заставалася некалькі месяцаў.

"Вясна" ў мэтах бяспекі не публікуе імёны вызваленых, але праваабаронца Павел Сапелка каментуе сітуацыю.

Крыху статыстыкі за чатыры гады

Нагадаем, што з 2020-га года гэта не першы выпадак вызвалення палітвязняў раней за тэрмін па памілаванні або амністыі. Так, паводле інфармацыі праваабаронцаў "Вясны" за чатыры гады масавых рэпрэсій у Беларусі былі памілаваныя 29 палітвязняў. Сярод іх — валанцёрка Таццяна Ласіца, журналіст "Радыё Свабода" Алег Груздзіловіч, рэдактарка "Чорнай кнігі Беларусі" Сафія Сапега і былы рэдактар Nexta Раман Пратасевіч, грамадзянка Швейцарыі Наталля Хершэ. Прашэнне аб памілаванні, асабліва ў 2021-2022 гады, было масавым элементам ціску на палітвязняў. Некаторых з іх, па сведчаннях былых зняволеных, прымушалі пісаць хадайніцтва на імя Лукашэнкі.

З 2020 года паводле амністыі былі вызваленыя толькі чатыры палітвязня, асуджаных да "хіміі". Гэта адбылося ў 2023 годзе. Сярод іх — былы ўладальнік і галоўны рэдактар "Новай газеты Смаргоні" Рамуальд Улан. Трэба заўважыць, што так атрымалася толькі таму што арт. 188 КК (паклёп), паводле якога быў асуджаны палітвязень, не быў уключаны ў пералік тых, што перашкаджаюць амністыі.

Павел Сапелка: "Гэта не сведчыць пра сур'ёзныя або стратэгічныя змены ў сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі"

"Мы, праваабаронцы, вітаем той факт, што на волі апынуліся людзі, вырваныя з сем'яў, якія прайшлі жорсткія выпрабаванні і супраць якіх ужылі забароненае абыходжанне, у тым ліку катаванні, толькі за рэалізацыю сваіх канстытуцыйных правоў. Іх колькасць не дае падставаў для аптымізму, асабліва, калі гэта апынецца разавай акцыяй, звязанай са святкаваннем уладамі Дня незалежнасці.

З таго, што вядома пра вызваленых: яны прызнаныя праваабарончай супольнасцю палітвязнямі, частка з іх мае цяжкія захворванні, вызваленне іншых можа быць наўпрост не звязаным з гуманітарнымі меркаваннямі. З гэтага можна зрабіць цвёрдую выснову аб тым, што менавіта адвакацыйныя намаганні праваабарончай і дэмакратычнай палітычнай супольнасці даюць свае вынікі – вядома, не таго маштабу, які чакаецца.

Наўрад ці вызваленне палітвязняў было вынікам палітычных працэсаў апошніх дзён, звычайны шлях заявы аб памілаванні займае значна больш працяглы прамежак часу. Выключэнне можа складаць той выпадак, калі вызваленне ў парадку памілавання, насуперак запэўненням дыктатара, адбываецца без заявы асуджанага і адпаведна з'яўляецца выключна вынікам палітычнага рашэння – такія выпадкі былі ў практыцы.

Вызваленне па часе супала з падпісаннем і публікацыяй закона аб амністыі. Дык вось, вызваленне пералічаных палітвязняў не магло ажыццявіцца ў адпаведнасці з гэтым законам. Ён паставіў непераадольныя перашкоды для палітвязняў, за выключэннем тых, хто асуджаны па асобных складах (у пераліку практычна ўсе "экстрэмісцкія") і тых, хто ўнесены ў пералік асобаў, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці. Ніякіх выключэнняў для асобаў, пералічаных у артыкуле 1 закона аб амністыі, дзе ў тым ліку гаворка ідзе пра тых, хто з'яўляецца чалавекам з інваліднасцю 1 і 2 групы, пакутуе на некаторыя захворванні, не прадугледжана, больш за тое, для ўжывання ў дачыненні да іх вызвалення ёсць яшчэ шэраг абмежаванняў па ступені цяжкасці злачынстваў, у здзяйсненні якіх яны абвінавачваліся. Указанне ў законе на індывідуальны разгляд матэрыялаў аб ужыванні амністыі не адмяняе абавязковага ўліку ўстаноўленых Законам абмежаванняў падчас амністыі, гэта толькі не дае магчымасці прымяніць амністыю спісам, без індывідуальнага разгляду справы кожнага зняволенага.

Варта падкрэсліць, што нягледзячы на пазітыўны характар самой падзеі, яна не сведчыць пра сур'ёзныя або стратэгічныя змены ў сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. Для пачатку сапраўднага працэсу ўстанаўлення грамадзянскай згоды неабходна як мінімум спыненне палітычна матываваных рэпрэсій, асабліва крымінальнага пераследу іншадумцаў і апанентаў рэжыму, а таксама шырокі і хуткі працэс вызвалення палітвязняў з выкарыстаннем усіх наяўных крымінальна-прававых інструментаў".

Публікуецца паводле сайту "Вясны"

See more news

«І вы гатовыя даць гэтым судам права пазбаўляць жыцця?» У Варшаве паглядзелі фільм пра смяротнае пакаранне
07 October 2024, 9:07 AM
«І вы гатовыя даць гэтым судам права пазбаўляць жыцця?» У Варшаве паглядзелі фільм пра смяротнае пакаранне
Дыскусія і паказ фільма "Жыццё Дэвіда Гейла" прайшлі ў Беларускім Моладзевым Хабе, што ў Варшаве.
«Антывестэрнізм, затыканне дзірак ды рэпрэсіўная нага». Агляд БХК
30 September 2024, 2:08 PM
«Антывестэрнізм, затыканне дзірак ды рэпрэсіўная нага». Агляд БХК
Эксперты БХК апублікавалі новы агляд трэндаў дзяржаўнай палітыкі.
«Мы вернемся ў краіну разам з канстытуцыйнай законнасцю»: Леаніда Судаленку шукае беларуская міліцыя
19 September 2024, 3:12 PM
«Мы вернемся ў краіну разам з канстытуцыйнай законнасцю»: Леаніда Судаленку шукае беларуская міліцыя
Асуджанага завочна праваабаронцу Леаніда Судаленку абвясцілі ў вышук у Беларусі. Ягонае фота з’явілася на гомельскіх стэндах «Іх шукае міліцыя».
Трое новых «хросных» з Германіі для палітвязняў у Беларусі
19 September 2024, 2:59 PM
Трое новых «хросных» з Германіі для палітвязняў у Беларусі
У межах кампаніі #WeStandBYyou Петэр Хайдт, Луіза Ліцына-Бадэ і Бруна Хенэль сталі "хроснымі" Аляксея Бародкі, Сяргея Шамецькі і Чэслава Канановіча.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці