«Няма закона аб гендарнай роўнасці». Як у ААН крытыкавалі беларускія ўлады

11 February 2025, 9:32 AM
«Няма закона аб гендарнай роўнасці». Як у ААН крытыкавалі беларускія ўлады

На фота: Ларыса Бельская. Скрыншот з трансляцыі веб-тэлебачання ААН

У ААН прайшло 2124-е пасяджэнне Камітэта па ліквідацыі ўсіх формаў дыскрымінацыі ў адносінах да жанчын (КЛДЖ, англ. CEDAW). Камітэт разгледзеў дзявяты перыядычны даклад Беларусі, які быў прадстаўлены паводле спрошчанай працэдуры прадстаўлення дакладаў. Беларусь як дзяржава-удзельніца Канвенцыі па ліквідацыі ўсіх формаў дыскрымінацыі ў адносінах да жанчын адсправаздачылася ўпершыню за апошнія дзевяць гадоў.

«Вясна» паглядзела пяцігадзіннае пасяджэнне і ў трох частках (адпаведных раздзелам Канвенцыі) распавядае пра тое, як дакладчыкі Камітэта крытыкавалі беларускія ўлады ў сваіх выступах і якія пытанні задавалі. Тут вы прачытаеце першую частку гэтых выступленняў (артыкулы з 1 па 6 Канвенцыі), у якой гаворыцца пра дыскрымінацыю ў адносінах да жанчын, гендарныя перадузятасці, гандаль жанчынамі і эксплуатацыю прастытуцыі.

«Кожная пятая — доктар навук», або што гаварылася ў справаздачы дэлегацыі Беларусі

Дэлегацыя ўладаў Беларусі выступала ў Камітэце пад кіраўніцтвам Ларысы Бельскай, пастаяннай прадстаўніцы Беларусі пры аддзяленні ААН і іншых міжнародных арганізацыях у Жэневе.

«Мы разлічваем на прафесійны і зацікаўлены дыялог з вамі па сутнасці Канвенцыі, — заявіла Ларыса Бельская ў сваім уступным слове. — На жаль, штучна створаны па палітычных матывах часам напружаны фон вакол маёй краіны можа перашкаджаць канструктыўным і прадметным дыскусіям. На нашу думку, гэта пазбаўляе саму ідэю супрацоўніцтва ў сферы правоў чалавека яе сутнасці як механізму падтрымкі і накіравання намаганняў дзяржавы. Спадзяюся, што сёння мы з вамі не трапім у гэтую пастку».

Таксама Ларыса Бельская ў сваім выступленні намалявала партрэт «сучаснай беларускай жанчыны»:

«Гэта 44-гадовая жанчына, якая мае вышэйшую адукацыю, жыве ў горадзе, працуе ў сферы аховы здароўя, адукацыі, фінансаў або страхавой дзейнасці. Сярэднестатыстычная беларуска ўпершыню выходзіць замуж амаль у 27 гадоў і, адпаведна, пасля 27 гадоў упершыню становіцца маці».

Бельская таксама прывяла статыстыку, якая, на яе думку, павінна адлюстроўваць гендарную роўнасць у Беларусі:

«У Нацыянальным сходзе, парламенце, доля жанчын у 2023 годзе склала 36%, прычым у ніжняй палаце гэты паказчык дасягае 40,6%. Тысячы жанчын былі абраныя ў мясцовыя Саветы дэпутатаў, і на іх долю прыпадае 47% складу органаў мясцовага кіравання. Больш за 30% органаў мясцовага кіравання ўзначальваюцца жанчынамі. Сярод дзяржаўных службоўцаў вышэйшага звяна доля жанчын у 2023 годзе склала 54%, сярод суддзяў — 64,4%. Доля жанчын у навуцы: кожная пятая — доктар навук».

На думку беларускіх уладаў, важным паказчыкам дасягнення правоў жанчын у Беларусі з'яўляецца касманаўтка Марына Васілеўская.

Акрамя Ларысы Бельскай, дэлегацыю Беларусі як дзяржавы-ўдзельніцы прадстаўлялі: начальніца ўпраўлення народанасельніцтва, гендарнай і сямейнай палітыкі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Святлана Белаш, кансультантка гэтага ж упраўлення Алена Комлік, намесніца начальніка галоўнага ўпраўлення арганізацыі медыцынскай дапамогі Інна Вазняк, начальнік упраўлення спецыялізаванай дапамогі Міністэрства аховы здароўя, а таксама дыпламаты пастаяннага прадстаўніцтва місіі ў Жэневе.

Падрабязней пра тое, што казалі беларускія ўлады ў сваёй справаздачы, можна паглядзець у трансляцыі на вэб-тэлебачанні ААН. Пасяджэнне праходзіла раніцай і вечарам.

«Няма асобнага закона аб гендарнай роўнасці»

Артыкул 1 Канвенцыі прысвечаны вызначэнню таго, што такое дыскрымінацыя ў адносінах да жанчын, а артыкул 2 гаворыць пра тое, што дзяржава-удзельніца асуджае дыскрымінацыю.

Экспертам па гэтых артыкулах выступіў Елгун Сафараў.

«Нягледзячы на тое, што ўрад дасягнуў значных вынікаў, у заканадаўстве няма комплекснага антыдыскрымінацыйнага закона, — адзначыў Сафараў. — У Беларусі няма асобнага закона аб гендарнай роўнасці. Усе прававыя абавязацельствы па забеспячэнні гендарнай роўнасці і пашырэнні магчымасцяў жанчын замацаваны ў Канстытуцыі, Сямейным, Працоўным і Крымінальным кодэксах, а таксама адпаведных падзаконных актах. У Беларусі няма закона, які фармальна забараняе ўсе формы гендарнага гвалту, уключаючы хатні гвалт».

Прадстаўніца беларускай дэлегацыі адказала, што антыдыскрымінацыйны закон не патрэбны, бо мэты Канвенцыі ўсё роўна дасягаюцца:

«Універсальныя антыдыскрымінацыйныя нормы адлюстраваны ў Канстытуцыі, а таксама ў галіновых заканадаўчых актах, напрыклад, у сферы працоўных адносін, — сказала прадстаўніца. — Гэты пытанне разглядалася ўрадам у 2017–2019 гадах, і высветлілася, што беларускае заканадаўства ўжо дастаткова ўключае нормы Канвенцыі. 380 законаў, з іх 12 утрымліваюць прамы забарон на дыскрымінацыю. Для іх рэалізацыі існуюць падзаконныя акты.

У Беларусі вельмі актыўна дзейнічае сістэма выпраўлення сітуацыі на месцах, шмат у чым дзякуючы таму, што дзяржаўныя органы складаюцца з жанчын, якія добрасумленна выконваюць свае абавязкі… Справы вырашаюцца да суда, і гэта ў інтарэсах дзяржавы».

Сафараў таксама звярнуў увагу на праблему сэксуальных дамаганняў на працоўным месцы, якія застаюцца нявырашанымі праз адсутнасць юрыдычнага вызначэння такога парушэння.

«Ні ў Крымінальным, ні ў Працоўным кодэксе няма палажэнняў, якія непасрэдна змагаюцца з сэксуальнымі дамаганнямі, — падкрэсліў Сафараў. — У Крымінальным кодэксе ёсць артыкул пра прымус да здзяйснення сэксуальных дзеянняў, але гэтага недастаткова. Працоўнае заканадаўства ўсё яшчэ змяшчае нормы, якія забараняюць жанчынам працаваць у некаторых сферах эканомікі дзеля іх дабрабыту. Урад прыняў два дакументы па гендарнай роўнасці, але іх рэалізацыя выглядае складанай з-за існавання Нацыянальнага плана і іншых планаў».

12 лютага 2024 года КЛДЖ апублікаваў інфармацыю аб умовах утрымання беларускіх жанчын у месцах пазбаўлення волі. Сафараў заявіў, што гэтае пытанне будзе разглядацца асобна.

Прадстаўніца Міністэрства працы і сацыяльнай абароны адзначыла, што праводзілася даследаванне меркавання насельніцтва:

«Паводле дадзеных Нацыянальнага статыстычнага камітэта, толькі каля 5% жанчын заяўляюць, што адчувалі дыскрымінацыю. Гэта сведчыць пра эфектыўнасць нашага падыходу».

Сафараў адзначыў, што існуе шмат праблем, на якія звяртае ўвагу Камітэт:

«Напрыклад, жанчыны, якія маюць патрэбу ў абароне, часта не валодаюць інфармацыяй пра свае правы. Адсутнічае вызначэнне «ўскоснай дыскрымінацыі», адпаведна, няма і патрабаванняў да мераў па яе прадухіленні.

Яшчэ адна праблема — абарона ад дыскрымінацыі. У Беларусі няма асобнага органа, які займаўся б пытаннямі дыскрымінацыі супраць жанчын. Ёсць толькі судовыя інстанцыі, куды можна звярнуцца, але адмысловага механізму няма.

Жанчыны-зняволеныя, асабліва палітвязні, застаюцца ўразлівымі перад злоўжываннямі. У вашай справаздачы няма канкрэтнай інфармацыі пра іх правы і ўмовы ўтрымання».

Інна Васілеўская адказала, што афіцыйная статыстыка судовых разглядаў па пытаннях дыскрымінацыі не вядзецца:

«Але гэта не значыць, што такія справы адсутнічаюць або што адвакаты не спасылаюцца на Канвенцыю».

Сафараў згадаў і ўплыў пандэміі COVID-19:

«Пандэмія негатыўна адбілася на доступе да правасуддзя. Шмат судовых рашэнняў прымаліся без інфармавання шырокай грамадскасці».

Ён таксама адзначыў, што беларускія суды рэдка разглядаюць дыскрымінацыю па прыкмеце полу і запытаўся, ці ёсць улады намеры выправіць гэтую сітуацыю.

Сафараў закрануў і пытанне беларускай мовы:

«Якія ёсць пацверджанні таго, што міжнародныя праваабарончыя дакументы перакладзены на беларускую мову?»

На гэта Ларыса Бельская адказала «невялікім каментарыем адносна мовы»:

«У Рэспубліцы Беларусь дзве дзяржаўныя мовы — руская і беларуская, яны аднолькава даступныя і зразумелыя грамадзянам. Безумоўна, руская мова займае больш значнае месца ў афіцыйным справаводстве, але гэта не абмяжоўвае доступ да інфармацыі».

«Рост рэпрэсій у дачыненні да праваабаронцаў»

Артыкул 3 Канвенцыі прадугледжвае, што дзяржава павінна прымаць меры для забеспячэння ўсебаковага развіцця і прагрэсу жанчын на роўных умовах з мужчынамі. Эксперткай па гэтым артыкуле выступіла Бандана Рана.

«Мы глыбока занепакоеныя слабымі інстытуцыйнымі рамкамі для забеспячэння гендарнай роўнасці, у тым ліку адсутнасцю нацыянальнага плана дзеянняў па жанчынах, міры і бяспецы, недахопам мэтавага фінансавання і выразных механізмаў маніторынгу нацыянальнага плана дзеянняў па гендарнай роўнасці, а таксама адсутнасцю незалежнай праваабарончай установы (НПЗУ), — заявіла Рана. — Мы таксама занепакоеныя значным выключэннем у многіх выпадках арганізацый грамадзянскай супольнасці, асабліва жаночых праваабарончых груп, што істотна аслабляе нацыянальны патэнцыял у пытаннях забеспячэння правоў жанчын. Працяглая адсутнасць незалежнага НПЗУ стварае сур’ёзны прабел у інстытуцыйных механізмах па садзейнічанні і абароне правоў чалавека і жанчын у Беларусі. НПЗУ адыгрываюць ключавую ролю ў маніторынгу і прасоўванні забеспячэння гендарнай роўнасці».

Бандана Рана пацікавілася, ці разгледзіць Беларусь канкрэтныя крокі па стварэнні НПЗУ ў адпаведнасці з Парыжскімі прынцыпамі. Беларуская дэлегацыя адказала адмоўна.

«На наш погляд, на фоне эфектыўна функцыянуючай [у Беларусі] сістэмы спецыялізаваных органаў стварэнне НПЗУ не з’яўляецца вострай неабходнасцю, — сказала Ларыса Бельская. — Не трэба ствараць нешта дзеля чагосьці, каб дубляваць функцыі. Але мы не паставілі кропку. Keep it in mind. Магчыма, мы да гэтага вернемся».

Экспертка Камітэта прывітала Беларусь у сувязі з нядаўняй распрацоўкай метадалагічных рэкамендацый па гендарнай ацэнцы як інструмента для маніторынгу і эфектыўнай рэалізацыі нацыянальнага плана дзеянняў па гендарнай роўнасці на 2021–2025 гады, які накіраваны на садзейнічанне гендарнай роўнасці шляхам пашырэння эканамічных магчымасцей, прадухілення гвалту, умацавання інстытутаў і распрацоўкі законаў з улікам гендэрных фактараў.

«Аднак недахоп мэтавага фінансавання перашкаджае рэалізацыі. Акрамя таго, закрыццё арганізацый грамадзянскай супольнасці, якія працуюць з пытаннямі гендарнай роўнасці, аслабляе патэнцыял і экспертызу», — адзначыла экспертка.

Бандана Рана пацікавілася, якія меры ў Беларусі прымаюцца для аднаўлення супрацоўніцтва з арганізацыямі грамадзянскай супольнасці і забеспячэння іх значнага ўдзелу ў распрацоўцы палітыкі ў галіне гендарнай роўнасці.

«Мы глыбока занепакоеныя звужэннем грамадзянскай прасторы і ростам рэпрэсій у дачыненні да праваабаронцаў у Беларусі. У 2022 годзе ў Крымінальны кодэкс была дададзеная норма, якая забараняе працаваць ад імя незарэгістраванай або ліквідаванай арганізацыі. У выніку такая дзейнасць караецца пазбаўленнем волі тэрмінам да двух гадоў. Многія праваабаронцы сутыкаюцца з адвольнымі затрыманнямі, запалохваннем і высылкай. Ліквідацыя шматлікіх арганізацый грамадзянскай супольнасці яшчэ больш абмяжоўвае магчымасці жанчын адстойваць свае правы».

Бандану Рану цікавілі планы па аднаўленні ліквідаваных арганізацый грамадзянскай супольнасці і забеспячэнні абароны жанчын-актывістак ад гендарнага гвалту і палітычнага пераследу.

На пытанні Раны адказвала, у тым ліку, Інна Васілеўская. Яна запэўнівала, што ў Беларусі ёсць арганізацыі грамадзянскай супольнасці, і яны актыўныя: зарэгістравана амаль паўтары тысячы грамадскіх аб’яднанняў, найбуйнейшае з іх — Беларускі саюз жанчын.

«Якія існуюць механізмы для абароны праваабаронцаў, актывістаў, палітычных апанентаў ад гендэрнага гвалту і рэпрэсій дзяржавы? Якое абгрунтаванне ліквідацыі арганізацый грамадзянскай супольнасці, якія займаюцца прасоўваннем і абаронай правоў жанчын? Як гэта ўзгадняецца з абавязацельствамі дзяржавы згодна з міжнароднымі праваабарончымі нормамі?» — пыталася Бандана Рана.

«Так бы мовіць, атмасфера, у якой дзейнічаюць праваабаронцы… У Беларусі адсутнічае тэрмін “праваабаронца” як такі… Усе роўныя перад законам…», — адказала Інна Васілеўская.

Беларусь адчувае значны ўплыў геапалітычнай нестабільнасці ў рэгіёне, што можа прывесці да павышэння ўразлівасці жанчын, адзначыла экспертка Камітэта:

«Беларусь не прыняла дакладны нацыянальны план дзеянняў у адпаведнасці з рэзалюцыяй Савета Бяспекі 13/25 і наступнымі рэзалюцыямі па жанчынах, міры і бяспецы, што стварае сур’ёзны прабел у садзейнічанні ўдзелу жанчын у мірным працэсе, абароне ад гендарнага гвалту ў канфлікце і інтэграцыі гендарных фактараў у пытанні бяспекі».

На гэта Ларыса Бельская адказала, што паколькі Беларусь не з’яўляецца ўдзельніцай якога-небудзь канфлікту, то спецыяльныя меры гэтай рэзалюцыі ёй не патрэбныя.

«Ніводная жанчына ніколі не была кіраўніком вобласці»

Дакладчыцай па артыкуле 4 Канвенцыі (пра тое, што спецыяльныя меры не лічацца дыскрымінацыйнымі) выступіла Эрыка Шлапі.

«Ёсць дадзеныя пра тое, што жанчыны і мужчыны знаходзяцца ў няроўных умовах у розных сферах жыцця, — заўважыла Шлапі. — Напрыклад, у палітыцы на кіраўнічых пасадах. Жанчыны добра прадстаўлены ў парламенце і дзяржаўнай службе, аднак іх вельмі мала на кіраўнічых, лідарскіх пазіцыях на нацыянальным і рэгіянальным узроўні. Напрыклад, паводле нашай інфармацыі, ніводная жанчына ніколі не была кіраўніцай вобласці, і толькі адна з 24 міністраў — жанчына. Паслоў сярод жанчын таксама вельмі мала.

Розныя крыніцы паказваюць, што абмежаваная прысутнасць жанчын у грамадскай сферы звязаная, у тым ліку, з гендэрнымі стэрэатыпамі, якія ўпісваюцца ў традыцыйныя сямейныя каштоўнасці нацыянальнай культуры».

Шлапі цікавілася, ці прымаюцца якія-небудзь меры для павышэння прадстаўніцтва жанчын у палітычным жыцці, у прыняцці рашэнняў і на кіраўнічых пасадах.

«Так, вы правільна сказалі, што адзін міністр, але ж становішча вызначаецца прафесіяналізмам. Гэта высокаканкурэнтная сфера. Перашкод для жанчын у гэтым плане ў нас няма», — сказала Ларыса Бельская і нагадала, што яна, жанчына, таксама займае высокую пасаду.

«Задакументаваны шматлікія выпадкі, якія паказваюць, што жанчыны, якія выказваюць палітычныя погляды публічна, падвяргаюцца паклёпніцкім кампаніям, замоўчванню, пераследу, рэпрэсіям з боку ўладаў, — адзначыла Шлапі. — Таксама яны знаходзяцца ў высокай рызыцы быць прызнанымі экстрэмісткамі і тэрарысткамі, нават калі яны карыстаюцца міжнародна-гарантаванымі свабодамі выказвання меркаванняў, сходаў і аб’яднанняў».

З адказаў дэлегацыі Беларусі на пытанні Шлапі зрабіла выснову, што беларускія ўлады не лічаць неабходным прымяняць спецыяльныя меры для павышэння ўдзелу жанчын у прыняцці палітычных рашэнняў.

«Дзяржава і яе інстытуты ўспрымаюцца як асноўныя крыніцы гендарнай стэрэатыпізацыі, дыскрымінацыі і гвалту»

Артыкул 5 Канвенцыі гаворыць пра выкараненне забабонаў і прызнанне агульнай адказнасці мужчын і жанчын за выхаванне і развіццё сваіх дзяцей. Пытанні тут задавала Жэнеў’ева Цішава.

«Я хацела б абмеркаваць праблемы гендарнага гвалту і стэрэатыпізацыі, — сказала Цішава. — Агульная сітуацыя з абаронай жанчын і барацьбой з гендарнымі стэрэатыпамі ў Беларусі, на жаль, пагоршылася за апошнія гады. Бо сама дзяржава і яе інстытуты ўспрымаюцца як асноўныя крыніцы гендарных стэрэатыпаў, дыскрымінацыі і гвалту. Гендарныя сацыяльныя нормы і стэрэатыпы пра ролю жанчыны ў грамадстве зводзяцца да вобразу маці і захавальніцы сямейнага ачага. Мы бачым некалькі канкрэтных прыкладаў пагаршэння гэтай сітуацыі».

Цішава адзначыла, што, нягледзячы на пэўныя поспехі ў павышэнні інфармаванасці жанчын пра недапушчальнасць гвалту ў дачыненні да іх, колькасць ахвяр расце:

«Няроўнае размеркаванне ўлады, прамая і ўскосная дыскрымінацыя жанчын, пераважанне гендарных стэрэатыпаў ніяк не асвятляюцца і не згадваюцца ў дакладах урада. Прыніжэнне становішча жанчын прыводзіць да таго, што іх прымушаюць маўчаць, іх меркаванне не ўлічваецца. У дачыненні да палітычных выказванняў выкарыстоўваецца цэнзура.

Будучы ў зняволенні, жанчыны падвяргаюцца неналежнаму абыходжанню, іх правы парушаюцца. Жанчыны-палітыкі, праваабаронцы, кіраўніцы жаночых НДА часта сутыкаюцца з пераследам, іх прымушаюць маўчаць. Гэта дэманстрацыя сілы з боку дзяржавы, якая імкнецца запалохаць і прымусіць маўчаць іншых жанчын, якія бачаць, што адбываецца з тымі, хто не згодны. Уразлівыя групы жанчын, такія як ахвяры гвалту, часта падвяргаюцца стыгматызацыі і дыскрымінацыі.

Адзіны механізм звароту па дапамогу — дзяржаўныя ўстановы. Але тут жанчыны сутыкаюцца з рызыкай, што, напрыклад, іх дзяцей могуць адабраць як дзяцей з «нябяспечных сем’яў». Нягледзячы на пашырэнне сферы абароны ад хатняга гвалту, дзяржава не забяспечвае сапраўднай абароны з дапамогай судовых забаронаў працягласцю больш за 30 дзён. Жанчыны павінны самі адстойваць свае правы. Адсутнічаюць сродкі экстранай абароны, бо адміністрацыйныя і крымінальныя працэдуры маюць абмежаванні. Мы лічым неабходным звярнуць увагу дзяржавы на важнасць прыняцця безадкладных мер».

Цішава цікавілася, ці мае намер Беларусь распрацаваць і прыняць усеабдымную стратэгію, якая ахоплівала б усё грамадства, у тым ліку прафесійныя групы, для барацьбы з гендарнымі стэрэатыпамі і забабонамі.

«Што датычыцца гендарнага гвалту, — працягнула экспертка. — Ці мае намер дзяржава аднавіць працу над канцэпцыяй законапраекта аб прадухіленні хатняга гвалту? Гэтая праца была спыненая.

Калі Беларусь мае намер увесці крымінальны пераслед за сэксуальны гвалт і забяспечыць крымінальную абарону ад гвалту ў шлюбе?

Якія меры вы плануеце прыняць для заахвочвання жанчын паведамляць пра выпадкі хатняга гвалту?

Падайце дадзеныя пра колькасць судовых рашэнняў аб абмежаванні кантактаў з гвалтаўніком. А таксама ці былі выпадкі, калі дзяржаўны пракурор выступаў як бок абвінавачання?

Падайце інфармацыю пра колькасць абвінаваўчых прысудаў за злачынствы, звязаныя з хатнім гвалтам. Калі магчыма, прадставіце дэзагрэгаваныя дадзеныя па колькасці апраўдальных і абвінаваўчых прысудаў. Колькі жанчын загінула ў выніку хатняга гвалту? Ці былі прысуды па гэтых справах?»

Жэнеў’ева Цішава звярнула ўвагу, што ў дакладзе Беларусі нічога не гаворыцца пра смяротныя выпадкі гвалту.

«Заявы пра тое, што ахвяры хатняга гвалту могуць быць пад пагрозай разлучэння з дзецьмі, не адпавядаюць рэчаіснасці. Што датычыцца крыміналізацыі хатняга гвалту, у нас ёсць адпаведныя артыкулы ў Крымінальным кодэксе, якія прадугледжваюць пакаранне за нанясенне цялесных пашкоджанняў», — адказала дэлегацыя ўладаў Беларусі.

Акрамя таго, Цішава цікавілася, чаму былі ліквідаваныя і закрытыя жаночыя НДА, якія аказвалі дапамогу пацярпелым, асабліва тыя, што вялі гарачыя лініі.

«Гандляры людзьмі часта карыстаюцца жанчынамі і дзяўчынкамі ў ўразлівых сітуацыях»

Згодна з артыкулам 6 Канвенцыі, дзяржавы-удзельніцы прымаюць меры для спынення ўсіх відаў гандлю жанчынамі і эксплуатацыі прастытуцыі жанчын. Пытанні дэлегацыі Беларусі па гэтым артыкуле задавала Брэнда Акія.

«Я дзякую дзяржаве-удзельніцы за яе прыхільнасць да барацьбы з гандлем людзьмі, эксплуатацыяй прастытуцыі за кошт ратыфікацыі Канвенцыі аб барацьбе з гандлем людзьмі і з эксплуатацыяй прастытуцыі трэцімі асобамі, — сказала Акія. — Прымаючы пад увагу непасрэдны досвед дзяржавы ў барацьбе з гандлем людзьмі і эксплуатацыяй прастытуцыі, ці не магло б дзяржава-удзельніца даць Камітэту актуальны сітуацыйны аналіз сітуацыі з гандлем жанчынамі, уключаючы агульныя тэндэнцыі і формы гандлю жанчынамі і дзяўчынкамі.

Таксама будзем удзячныя за актуальны аналіз сітуацыі з эксплуатацыяй прастытуцыі. Мы таксама будзем удзячныя, калі дзяржава зможа падаць нам дадзеныя, дэзагрэгаваныя па ўзросце, поле і інваліднасці па гандлі жанчынамі і дзяўчынкамі ў краіне, а таксама па эксплуатацыі прастытуцыі. Гандляры людзьмі часта карыстаюцца жанчынамі і дзяўчынкамі ў ўразлівых сітуацыях, уключаючы жанчын і дзяўчынак з інваліднасцю, бежанак, без дакументаў, мігрантак. Гэта павышае іх рызыкі гандлю людзьмі з мэтай сексуальнай і працоўнай эксплуатацыі.

Якія канкрэтныя меры былі прынятыя для абароны жанчын і дзяўчынак з інваліднасцю ад гандлю людзьмі? Ці не маглі б вы падаць інфармацыю па стандартных аперацыйных працэдурах для выяўлення расследаванняў перанакіравання пераследу і прыняцця рашэнняў па справах, якія звязаны з эксплуатацыяй у прастытуцыі і гандлем жанчынамі і дзяўчынкамі?

Падайце апошнія дадзеныя па колькасці расследаванняў, пераследаў і асуджэнняў вінаватых у гандлі жанчынамі і дзяўчынкамі, а таксама па выпадках, звязаных з эксплуатацыяй прастытуцыі. Якія канкрэтныя меры прымае дзяржава для ўмацавання прадухілення і абароны жанчын і дзяўчынак ад гандлю людзьмі, эксплуатацыі прастытуцыі, уключаючы выяўленне, ідэнтыфікацыю ахвяр, службы абароны, павелічэнне колькасці прытулкаў для ахвяр, доступ да правасуддзя і прававой дапамогі, гарачыя лініі, усёабдымныя шляхі перанакіравання і, што важна таксама, як умацоўваецца патэнцыял судовых органаў, праваахоўных органаў, і ў тым ліку памежных службаў па гендарных аспектах гандлю людзьмі?»

Як адзначыў прадстаўнік дэлегацыі Беларусі, у пытанні па трафікінгу і гандлі людзьмі стабільная і кантралюемая сітуацыя. Згодна са статыстыкай, у 2024 годзе выяўлена больш за 1600 злачынстваў. Больш чым па 1500 крымінальных справах устаноўленыя падазраваныя. Спынена шэсць каналаў трафікінгу.

Аб прастытуцыі выказалася Ларыса Бельская:

«Прастытуцыя з'яўляецца пэўнай праблемай нашага грамадства. Пытанню гэтаму надаецца сур'ёзная ўвага. І занятак прастытуцыяй у Рэспубліцы Беларусь — гэта адміністрацыйна каральнае дзеянне. Многія дзяржавы разглядаюць пытанне крыміналізацыі спажыўцоў паслуг. І мне гэта бачыцца перспектыўным».

Акія ў дадатковым пытанні папрасіла падаць больш інфармацыі пра сувязь паміж жанчынамі з інваліднасцю і гандлем людзьмі.

На што Бельская адказала, што гэта нетыпова для Беларусі, «але мы запросім профільнае ведамства і пададзім статыстыку».

Частка 1 Канвенцыі аб ліквідацыі ўсіх формаў дыскрымінацыі ў адносінах да жанчын утрымлівае 6 артыкулаў (з 1 па 6).

Арыгінальная публікацыя на сайце "Вясны"

Share

See more news

Камітэт ААН па ліквідацыі дыскрымінацыі жанчын заклікаў Беларусь прыняць меры па абароне Вікторыі Кульшы
02 September 2025, 9:23 AM
Камітэт ААН па ліквідацыі дыскрымінацыі жанчын заклікаў Беларусь прыняць меры па абароне Вікторыі Кульшы
25 жніўня 2025 года Камітэт ААН па ліквідацыі дыскрымінацыі жанчын (КЛДЖ) зарэгістраваў скаргу на дыскрымінацыю Вікторыі Кульшы, паведамляе Respect-Protect-Fulfill.
Lawtrend: Доступ организаций гражданского общества в Беларуси к финансированию: законодательство и практика его применения
18 August 2025, 1:17 PM
Lawtrend: Доступ организаций гражданского общества в Беларуси к финансированию: законодательство и практика его применения
Презентация подготовлена на основе доклада, представленного Lawtrend в рамках 4-го цикла Универсального периодического обзора.
Эксперты ААН: Беларусь павінна спыніць жорсткае абыходжанне з трыма зняволенымі, асуджанымі па абвінавачваннях у тэрарызме і экстрэмізме
18 August 2025, 12:08 PM
Эксперты ААН: Беларусь павінна спыніць жорсткае абыходжанне з трыма зняволенымі, асуджанымі па абвінавачваннях у тэрарызме і экстрэмізме
У лісце, накіраваным беларускім уладам, эксперты выказалі занепакоенасць у сувязі з паведамленнямі аб жорсткім абыходжанні з трыма зняволенымі – дзвюма жанчынамі і адным мужчынам.
Пытки и дискриминация женщин в Беларуси: «Правовая инициатива» обратилась в CEDAW с требованием начать расследование
18 August 2025, 11:16 AM
Пытки и дискриминация женщин в Беларуси: «Правовая инициатива» обратилась в CEDAW с требованием начать расследование
Беларуская правозащитная организация «Правовая инициатива» направила в Комитет ООН по ликвидации дискриминации в отношении женщин (CEDAW) официальное обращение с требованием начать расследование в соответствии со статьей 8 Факультативного протокола к Конвенции.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці