ОМСТ (Міжнародная арганізацыя супраць катаванняў) выступіла на прэзентацыі даклада Анаіс Марэн на 50-й сэсіі Рады па правах чалавека ААН.
Тэкст выступлення (на ангельскай мове) ў інтэрактыўным дыялогу ОМСТ змясціла на сайце. Публікуем тут пераклад выступа.
«Мы вітаем справаздачу спецдакладчыцы і дзякуем ёй за важную працу па Беларусі.
OMCT падзяляе меркаванне, выказанае ў справаздачы: сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі далёкая ад паляпшэння, і кожны, хто лічыцца нелаяльным, рэжым сістэматычна пераследуе.
Толькі за мінулы тыдзень: філосаф і грамадзкі дзяяч Уладзімер Мацкевіч асуджаны на 5 гадоў зняволення; журналістку Кацярыну Андрэеву, якая ўжо адбыла 2 гады зняволення, чакае новы суд па абвінавачванні ў здрадзе дзяржаве, што пагражае ад 7 да 15 гадоў пазбаўлення волі; адвакат Андрэй Мачалаў, якога летась пазбавілі ліцэнзіі, асуджаны на 2 гады абмежавання волі.
Літаральна праз два тыдні мы будзем адзначаць першую гадавіну адвольнага затрымання кіраўнікоў Праваабарончага цэнтру «Вясна» – Алеся Бяляцкага, Валянціна Стэфановіча і Уладзіміра Лабковіча. За кратамі знаходзяцца яшчэ чатыры сябры «Вясны», а таксама не менш за 30 журналістаў і супрацоўнікаў СМІ і чатыры юрысты. У Беларусі больш за 1200 палітвязняў.
Катаванні і жорсткае абыходжанне як у дачыненні да палітычных і іншых зняволеных застаюцца шырока распаўсюджанымі.
Міжнародны кантроль вельмі важны, і таму мы заклікаем Раду па правах чалавека працягнуць мандат Спецыяльнага дакладчыка па Беларусі.
Спадарыня спецдакладчык: у выпадку падаўжэння вашага мандата, чаму будзе прысвечаны ваш наступны тэматычны даклад?
Дзякуй».
Арыгінал тэкста выступа на сайце ОМСТ.
Пераклад на беларускую мову - БДПЧ.