Ілюстрацыйнае фота tut.by
Пасля пачатку масавага выхаду на волю палітвязняў з беларускіх турмаў становяцца вядомымі ўсё новыя акалічнасці жудасных умоваў іх утрымання і паднявольнай працы. "ГУЛАГ XXI стагоддзя", "канцэнтрацыйныя лагеры", "пекла на зямлі", "катарга" – вось толькі невялікі пералік усіх тых метафарычных параўнанняў, якімі надзяляюцца месцы зняволення, і ў каторых адбываюць пакаранне тысячы палітычных апанентаў дзеючай улады. Прымусовая праца, якая выконваецца ў папраўчых установах, прыцягвае асаблівую ўвагу даследчыкаў, у тым ліку з прычыны датычнасці беларускага палітычнага кіраўніцтва да вядзення агрэсіўнай вайны Расіі супраць Украіны. Па шматлікіх звестках, атрыманых ад былых зняволеных, у калоніях вырабляецца шырокая наменклатура тавараў ваеннага прызначэння – ад спецыяльнай вопраткі і ажно да элементаў зброі. Эксплуатацыя дзяржавай зняволеных ў гэтым кантэксце расцэньваецца як парушэнне міжнародных абавязацельстваў Рэспублікай Беларусь у галіне забароны прымусовай працы і форма саўдзелу аўтарытарнага рэжыму ў вядзенні агрэсіўнай вайны.
Праваабаронца "Вясны" Алег Мацкевіч прааналізаваў адкрытыя крыніцы інфармацыі і сведчанні былых палітзняволеных, і распавёў пра сувязь паміж прымусовай працай зняволеных у беларускіх турмах і задавальненнем ваенных патрэбаў Расійскай Федэрацыі, накіраваных на вайну супраць суверэннай Украіны.
Варта адразу зазначыць, што прымусовая праца ў дакументах ААН прыраўноўваецца да рабства. Праблема маральнага выбару ў пытанні стаўлення да ваенных дзеянняў Расіі супраць Украіны для значнай часткі беларусаў, якія жывуць ва ўмовах дыктатуры, часта вырашаецца праз унутраны канфлікт паміж жаданнем захаваць уласную чалавечую годнасць і страхам перад рэпрэсіямі. Калі ў звычайных умовах грамадзяне усё яшчэ маюць магчымасць выказаць свае негатыўныя адносіны да агрэсіі праз маўклівы супраціў – ухіленне ад супрацоўніцтва з уладай, прыхаваны сабатаж на працы, або нават звальненне з яе, – дык ва ўмовах зняволення гэтыя спосабы робяцца недасяжнымі.
Як паказваюць вынікі сацыялагічных даследаванняў большая частка беларусаў працягвае адмоўна ставіцца да расійскай агрэсіі супраць Украіны. На чацвертым годзе вайны 40% нашых суайчыннікаў не падтрымліваюць ваенныя дзеянні расійскіх войск на тэрыторыі Украіны, як вынікае з даследавання, праведзенага цэнтрам Chatham House. Яшчэ 29% не змаглі вызначыцца, што ва ўмовах афіцыйнага дыскурсу на ўсебаковую падтрымку Расіі можа таксама азначаць жаданне ухіліцца ад наўпроставага адказу з мэтай схаваць "дэструктыўнае" меркаванне.
"Але калі вольны беларус, праца якога выкарыстоўваецца ў агуманных мэтах, мае магчымасць адмовіцца ад яе выканання без цяжкіх наступстваў для сваёй асобы, то ў турме гэткай опцыі практычна няма. Такое нездаровае становішча сфармавана нормамі крымінальна-працэсуальнага права, перакрочыўшымі ў сучасную Беларусь з таталітарнай мінуўшчыны, і якія абавязваюць зняволеных працаваць, пра што гаворыцца ў артыкуле 98 Крымінальна-выканаўчага кодэксу Рэспублікі Беларусь", – падкрэслівае праваабаронца.
У той час, як маральна-прававы кантэкст прымусовай працы ў мэтах падтрымкі вядзення агрэсіўнай вайны дэманструе прыкметы гуманітарнай катастрофы, палітычны кантэкст указвае на зацікаўленасць дзеючага рэжыму ў выкарыстанні працы вязняў дзеля ўмацавання сваёй ўлады, вырашэння эканамічных праблемаў, працягу геапалітычнага супрацоўніцтва з асноўным гарантам недапушчэння ўнутрыпалітычных зменаў – дыктатурай Пуціна.
Прымусовая турэмная праца, якая ў камуністычную эпоху выконвала ідэалагічныя функцыі сродку рэсацыялізацыі, "правільнага" выхавання чалавечай асобы ў супрацьлегласць заходняму заняпаду і разладу, цалкам згубіла гэтыя наратывы, і ў сучаснай Беларусі пераўтварылася ва праўладны інструмент кантролю над зняволенымі, іх падпарадкавання і дадатковага пакарання.
"Замест вяртання да здаровага ладу жыцця чалавек, перажыўшы працоўны гвалт і беззаконне, па вызваленні разважае не катэгорыямі нармальнага суб’екта грамадства, а "паняццямі" і нормамі, ужыўленымі ў ягоную свядомасць, у тым ліку паднявольнай рабскай работай на "зоне”, – тлумачыць Алег Мацкевіч.
Яшчэ адна функцыя прымусовай працы ў беларускіх месцах зняволення палягае ў эканамічнай плоскасці, а менавіта ў спробах штучнага падтрымання абранай мадэлі развіцця, якая спалучае ў сабе як элементы рынку, гэтак і адміністратыўнага кіравання. Перакос сістэмы ў бок дзяржаўнага рэгулявання найбольш яскрава праяўляецца ў гвалтоўным выкарыстанні дармавой працоўнай сілы, неэфектыўнай ва ўмовах свабодных гаспадарчых зносінаў, але цалкам прымальнай у закрытых эканамічных абшарах.
Праваабаронца адзначае, што турэмная прымусовая праца добра ўкладаецца ў змест агрэсіўнай вайны, развязанай Расіяй супраць Украіны:
"Аўтарытарная беларуская ўлада як верны саюзнік пуцінскага рэжыму працягвае супрацоўніцтва з ім, дэманструючы сваю адданасць і прыхільнасць праз магчымасць выканання ваенных заказаў, ашчаджаючы пры гэтым на заробках работнікам, стварэнні належных умоў працы і інфраструктуры".
Прымусовая праца ў Беларусі – частка сістэмнага інстытуцыяналізаванага гвалту, на якім трымаецца дыктатарскі рэжым, і які раз’ядае дзяржаву і грамадства.
"Яе выкарыстанне супярэчыць не толькі міжнародным абавязкам Рэспублікі Беларусь, але і здароваму сэнсу, і сучасным падыходам у арганізацыі вытворчага працэсу", – робіць высновы Алег Мацкевіч.
Прадукцыя ваеннага прызначэння, вырабленая ў беларускіх турмах і адпраўленая ў Расійскую Федэрацыю з мэтай падтрымкі саюзніка, стала неад’емнай часткай укладу, які рэжым Лукашэнкі ўносіць у агрэсіўную вайну.
У адкрытых крыніцах, у прыватнасці на сайце Дэпартаменту выканання пакаранняў, звестак аб выконваемых расійскіх ваенных замовах няма. Няма там таксама і ўзораў прадукцыі ваеннага прызначэння, якую можна было б ідэнтыфікаваць, як вырабленую адмыслова на экспарт у мэтах вядзення агрэсіўнай вайны Расіі супраць Украіны.
Тым не менш, аб тым, што зняволеныя ў месцах пазбаўлення волі займаюцца вырабам прадукцыі ваеннага альбо падвойнага прызначэння, можна даведацца, вывучыўшы каталог тавараў, якімі гандлюе інтэрнэт-крама ведамства, адказнага за выкананне крымінальных пакаранняў.
Яшчэ больш аб тым, што насамрэч вырабляецца ў беларускіх калоніях з выкарыстаннем рабскай працы, расказваюць пасля вызвалення самі былыя вязні.
Былая палітзняволеная Антаніна Канавалава распавядала пра папраўчую калонію № 4 у Гомелі:
— Шылі яшчэ курткі для беларускіх лётчыкаў, а таксама курткі ішлі на пастаўкі ў Расію. Ваенныя. Пальчаткі для снайпераў, спальныя мяшкі таксама шылі для вайскоўцаў. Вось такія сумкі, куды можна, ведаеце, пляшку пакласці ці яшчэ нешта, ножык які ўсунуць, вось такія сумкі шылі дзяўчаты. Мы разумелі, што шыем для Расіі — я, прынамсі, дакладна гэта ведала.
— З чаго вы гэта разумелі?
— Ведаеце, там ёсць такія зялёныя курткі, у іх трошкі адрозніваецца малюнак, ён розны – беларускі і расійскі. Яны, у прынцыпе, па форме амаль аднолькавыя, але ёсць адрозненні. Гэта элементарная рэч, па якой можна заўважыць. І плюс былі некаторыя дакументы – калі табе прыносілі нейкую прадукцыю, ты… У маім выпадку я прымацоўвала так званыя ярлыкі на курткі… І вось ты іх або вешаеш, або прыляпляеш… Дык там быў герб Расіі.
Былая палітзняволеная Ксенія Луцкіна, якую таксама ўтрымлівалі ў папраўчай калоніі № 4 у Гомелі, расказала:
— Наколькі мы разумеем, гэта былі заказы для расійскай арміі, для СВА [спецыяльнай ваеннай аперацыі – А.М.], бо гэта былі абмежаваныя партыі, але яны былі. Там былі пальчаткі для СВА… бо сама форма па колеры і якасці тканіны адрозніваецца ад той, што шыюць для беларускай арміі.
— Вы сказалі, што выраблялі форму для расійскай арміі. Але гэта толькі здагадкі ці былі нейкія доказы?
— На тканіне стаялі пячаткі. Справа ў тым, што прызначэнне заказу ведаюць рабочыя.
— А што было на пячатцы?
— Тканіна была праштампаваная. Я цяпер даслоўна не ўспомню, але там была назва часткі.
— Ваеннай часткі?
— Так, ваеннай часткі, куды гэта ішло.
— А чаму вы вырашылі, што гэта менавіта расійская ваенная частка?
— Ну, бо там было напісана – Расія.
— Там было ўказана, што гэта расійская ваенная частка?
— Так. РФ.
Былы палітвязень Леанід Судаленка распавёў пра папраўчую калонія № 3 "Віцьба":
"У нашым лагеры ПК-3 ёсць яшчэ і швейны цэх. Што там шылі – я не ведаю, я там не працаваў. Я чуў, што там быў, у тым ліку і ваенны заказ у сувязі з падзеямі ва Украіне. Я пра гэта чуў, але сцвярджаць не буду, бо не меў доступу да гэтага цэха".
Былы палітвязень шклоўскай калоніі № 17 і горкаўскай калоніі № 9 Мікіта Літвіненка расказаў:
РУП "Семнаццаць"
"У Шклове ў нас была абутковая вытворчасць – шылі абутак, у тым ліку і ваенны, берцы. На швейнай вытворчасці, калі пачалася вайна, шылі спальныя мяхі для расійскіх вайскоўцаў, для гэтых вось сіл, шылі касцюмы, таксама ваенныя".
— А ў ПК-9, акрамя швейнага ўчастка, там, у прынцыпе, была такая ж праца – спальныя мяшкі, ваенная форма для расійскіх узброеных сілаў, таксама паддоны. І яшчэ вельмі… ПК-9, скажам так, адрозніваецца тым, што там вырабляюць патроны. Патроны вырабляюць, гільзы і скрыні для снарадаў робяць, вялікія і малыя. То бок, для ракетных снарадаў, я так разумею, бо гэтыя скрыні вельмі вялікія і доўгія. І для патронаў скрыні робяць. Ну і самі патроны, канешне. Гэты ўчастак закрыты, туды не мае права заходзіць нават ДПНК [дзяжурны памагаты начальніка калоніі – заўвага]. Туды заходзіць толькі майстар, туды можа зайсці толькі начальнік, намеснік па вытворчасці і тыя людзі, адпаведна, тыя, хто там працуе – зэкі. І гэтыя людзі, іх адбірае КДБ, то бок глядзіць ўсю іх "паднаготную", глядзіць іх сваякоў, і толькі калі даюць дабро, калонія ўжо гэтых людзей туды бярэ на працу. І зарабляе, дарэчы, вельмі нядрэнныя грошы на гэтых снарадах і скрынях.
— Патроны ці снарады вырабляюць?
— Ну, менавіта саму гільзу без пораху, толькі абалонку. Так, гільза.
— Там, значыць, стаяць адпаведныя станкі?
— Так, так. Гэта сакрэтны аб’ект, туды ніхто не можа зайсці. Зняволеныя падпісваюць дакументы аб неразгалошванні, таму таксама нічога не могуць расказваць. Вось, так, вырабляюць, ну, як бы ўсе разумеюць, што там вырабляюць снарады, таму што падчас загрузкі ў фуры іх відаць, гэтыя скрыні.
— А наконт гэтага проста размовы паміж асуджанымі?
— Так, размовы. Нягледзячы на тое, што яны там падпісвалі паперы аб неразгалошванні, як бы яны там кажуць… У мяне сам вось быў там знаёмы, які працаваў на патронах, вось, і яны працуюць нават больш, чым звычайныя асуджаныя па часе, з васьмі да пяці, потым на праверку здымаюцца, і назад ідуць на працу, да васьмі або паловы дзясятай. Так, яны мне вось расказвалі, што рабілі проста гільзы, то бок, туды проста трэба начыніць порах, і ўсё, гэта ўжо будзе гатовы баявы снарад.
Паліна Шарэнда-Панасюк, былая палітзняволеная, распавяла пра вырабы ў папраўчай калоніі № 4 і № 24 у г.п. Зарэчча:
"Аntynea пастаўляе дэталі для баявых касцюмаў. РУП-4, дырэктар Іна Ягораўна Аднаблюдава, у г.п. Зарэчча [прадпрыемства знаходзіцца ў ПК № 24 у Рэчыцкім раёне Гомельскай вобласці – заўвага] на пераломе 2024-25 дырэктарам філіяла пастаўлены з гомельскага ДВП Яськоў (дакладна прозвішча не памятаю). Прадукцыя РУП-4: форма палявая летняя-зімовая, МНС, ДАІ, пагранвойскі, унутраныя войскі, МУС, КДБ, служба аховы Лукашэнкі, у сярэднім 120 штук у год, але ў 2019-м пашылі ўжо 800, нафтавікі, геолагаразведка, метро, МАПІД, вайскова-патрыятычны клуб "Рысь", гаспадарка МУС “Хутар-Агра”, “Зелянбуд”, сетка кавярняў на запраўках “Заўжды цікава”. Вайсковае шыюць усюды, нават у ЛПП.
У Зарэччы з кастрычніка 2022-га пачалі шыць форму для танкістаў, каля 270-300 штук, гэта я сама заспела. Да гэтага шылі на Расію форму МНС, былі заказы з Якуціі, расійскае міністэрства абароны. Было закуплена абсталяванне для вышыўкі шэўронаў, вырабляюць шэўроны з расійскім арлом і трыкалорам. 2023-ці – пачатак 2025-га году на Расію шылі палявыя касцюмы ваенныя каля 80 тысяч і шыюць увесь час, тысячы спальнікаў, насілак, паясных патронташоў, маскіровачныя дэталі для касак, ніжняя бялізна, заплечнікі, пальчаткі, балаклавы.
Форму, якая была ў відэа майго "інтэрв’ю" [прапагандысцкага сюжэта БТ — заўвага], пачалі шыць з лютага 2024-га года, па словах майстра цэха Алены Міхайлаўны Астапенкі, яна “распрацаваная ў маскоўскіх лабараторыях”, тканіна гэтак жа пастаўлена з Расіі.
Першапачаткова шылася 1500 штук да 9 траўня 2024-га года – параду ў Маскве, затым планавалася яшчэ 20 тысяч. Афіцыйна – замова МА Расіі для САХР [спецыяльны атрад хуткага рэагавання – заўвага], на ўпакоўцы значылася “касцюм баявы з інтэграванай абаронай локцяў і каленаў з камплекта “БКСО”. Гэты касцюм тыпу “горка” куртка плюс футболка тыпу тэніскі з флісу плюс штаны. Фірма “Антинея” якраз пастаўляла накаленнікі і налакотнікі для гэтага касцюма, на ўпакоўцы значылася «ваенная акруга В». Па штанах час пашыву быў 22560 секунд, затым павялічыўся да 23 тысяч. У студзені 2025 году пачалося шыццё чарговых 20-80 тысяч такіх касцюмаў, тканіна была ўжо горшай. Для ваеннай формы пастаўкі робяць магілёўская “Лента”, “Хімвалакно”, ніткі з Расіі, Пецярбург, тканіны – Іжэўск, Варонеж, гэта тое што паспела вычытаць. Што цікава, да 80% гэтага касцюма шылася на рост 170-176, бураты і астатнія азіяты?"
— Яна [прадукцыя – заўвага] пастаўляецца ў Беларусь, міністэрства абароны і астатнія сілавыя структуры рэжыму... Расія, таксама расійскае міністэрства абароны там... З 22-га года прадукцыя гэтага швейнага прадпрыемства [ПК №4, г. Гомель – А.М.] пастаўляецца для арміі агрэсара. То бок, яны апранаюць расійскія войскі, якія ваююць ва Украіне.
— Гэта стала вядома дзякуючы чаму? Якія ёсць падставы сцвярджаць гэта?
— Па-першае, па характары самой гэтай прадукцыі. Па-другое, таму што гэта адкрыта гаварылася, што гэтая прадукцыя пастаўляецца ў Расію.
— Адміністрацыяй?
— Калі там шыюцца, калі пастаўляецца з Расіі тканіна, пастаўляецца матэрыял з Расіі, і гэта шыюцца насілкі, гэта ваенныя заплечнікі шыюцца, гэта шыецца… Ну, ваеннае абмундзіраванне шыецца.
— Там была нейкая маркіроўка?
— І шыецца гэта ў колькасцях пад сотню тысяч.
— Гэта была маркіроўка нейкая спецыяльная на гэтай прадукцыі, якая пастаўлялася, скажам, сыравіна і гатовыя вырабы? Там была нейкая маркіроўка?
— Я там нават на фабрыцы схітралася як бы ўзяць гэтую маркіроўку, на жаль, не ўдалося яе вынесці з сабой, але я проста запомніла, што гэта такое. Асобныя віды я вам проста скіну, як гэта гучала.
— Я думаю, што той аспект, што на многіх прадпрыемствах, якія знаходзяцца ў калоніях зараз у Беларусі, вырабляецца прадукцыя ваеннага прызначэння ў дапамогу агрэсару, ён, вядома, гэты факт павінен зацікавіць.
— Так, беларускія зняволеныя – гэта рабы расійскага ваенна-прамысловага комплексу.
Былы палітзняволены, які з меркаванняў бяспекі пажадаў застацца ананімным, распавёў пра папраўчая калонія № 3 "Віцьба":
"Але такое было ў хлопцаў [праца ў начны час – заўвага], якія працавалі ў швейным цэху. Гэта я ведаю дакладна, у хлопцаў такое было. Яны і цяпер там трошкі ўкалываюць. Яны шыюць форму для расійскіх салдат, і калі ты адмаўляешся, то потым да цябе будуць узнікаць сякія-такія пытанні”.
"Прадпрыемства вырабляла на дрэваапрацоўцы гэта былі паддоны, гэта былі нейкія скрыні. …гэта былі скрыні для снарадаў, бо там былі спецыяльныя прарэзы".
Яшчэ адзін палітвязень, імя якога не называецца з меркаванняў бяспекі, расказаў пра папраўчую калонію № 1 у Наваполацку:
— Куды пастаўлялася прадукцыя, якая выраблялася ў калоніі?
— Паддоны – Расія, напэўна, я так мяркую, што Расія. Потым, скрыні для боепрыпасаў, ну, па чутках усё, вядома… таксама расійская замова. Швейная вытворчасць — таксама не ведаю куды... але, думаю, што Расія, акрамя Расіі ніхто, напэўна, купляць... Расія, Беларусь. Гэта асноўныя два спажыўцы.
Былы палітзняволены Сяргей Наліўка, які ўтрымліваўся ў папраўчай установе адкрытага тыпу № 9 у Віцебску; калоніі № 5 у Івацэвічах і № 8 у Оршы, распавёў:
— У калоніі, на ПК-5 вырабляліся скрыні, ну, як гэта сказаць, для ракет, для Расійскай Федэрацыі…
— А чаму вы вырашылі, што менавіта для Расійскай Федэрацыі?
— Ну, казалі проста. У нас майстар казаў, што вельмі вялікія замовы ідуць на Расійскую Федэрацыю. На «Сонцапёк». Ну скрыні ішлі, вось, на гэты «Сонцапёк». На ракеты вось гэтыя вось.
— Для боепрыпасаў, для гэтых сістэм «Сонцапёк», так?
— Так.
— А ён гэта казаў, таму што бачыў накладныя там, нейкія дакументы, так?
— Так.
Былы палітзняволены, які з меркаванняў бяспекі пажадаў застацца ананімным, расказаў пра вырабы ў папраўчай калоніі № 15 у Магілёве:
"На швейнай вытворчасці рабілі форму для расійскай арміі…"
— Дрэваапрацоўчы цэх рабіў яшчэ бабіны для кабелю таксама з маркіроўкай “Зроблена ў Расіі”, гэта значыць, адпаведна з’яжджала кудысьці туды. І скрыні для боепрыпасаў і транспарціроўкі ракет.
— Форма ваенная, вы казалі, для расійскіх вайскоўцаў, вы вызначалі гэта па маркіроўцы нейкай?
— Ну, па-першае, мы размаўлялі, вязні – адзін з адным. …былі накладныя, і плюс, …я ведаю, як выглядае расійская форма, …рабілі спальныя мяшкі, намёты, матрацы, агулам, там 90% швейнага прадпрыемства працавала менавіта на абаронку Расіі.
— А драўляныя скрыні для снарадаў – таксама маркіроўка была расійская?
— Так, была маркіроўка расійская, то бок ставілася кляймо “Зроблена ў Расіі”.
— У першы час, вось як яны пачалі гэта ўсё рабіць для Расіі, там яшчэ ставілася літарка “Z”…
Таццяна Купчына, былая палітзняволеная, таксама расказала пра папраўчую калонію № 4 у Гомелі:
"“Потым шылі, было… расійскую форму вайсковую шылі, быў перыяд. Калі пачалася СВА, таму што там быў указаны атрымальнік… расійская фірма".
Былы палітзняволены, імя якога не называецца з меркаванняў бяспекі, распавёў пра папраўчую калонію № 22 у Даманава Брэсцкай вобласці:
"Спачатку рабілі толькі паддоны, потым пачалі кляпаць скрыні для ваенных снарадаў. Спачатку былі скрыні для патронаў, потым скрыні ўжо для цяжэйшай тэхнікі, артылерыі, я так разумею, такія нейкія… Ужо большыя скрыні былі, іх трэба было рабіць больш скурпулёзна, сачылі за якасцю працы, вось…"
— Ну, гэтыя скрыні з’яжджалі, я так разумею, што на фронт. Бо вялізныя замовы прыходзілі на гэтыя скрыні. Там проста тысячамі іх кляпалі. Асабліва ў разгар баявых дзеянняў. Мы грузілі па 600 скрынь у дзень. Гэтыя скрыні фарбаваліся ў зялёны, у цёмна-зялёны ахоўны колер такі... Я так разумею, што гэта рускія прыязджалі, забіралі. Проста фурамі вазілі.
— Там расійскія нумары былі на фурах?
— Не, нумары беларускія былі.
— Гэта значыць, гэта проста здагадкі аб тым, што гэтыя скрыні ішлі на расійска-украінскі фронт?
— Ну, у прынцыпе, так., здагадкі. Але такія чуткі, у прынцыпе, хадзілі. Гэта паміж намі абмяркоўвалася, канешне”.
"Ну, што да швейнай вытворчасці і ваенных мэт, прадуктаў ваеннага прызначэння, якія мы там выраблялі, там шыліся спальнікі, спальныя матрацы. Прычым таксама вялікія замовы прыходзілі, таксама ў зялёным колеры… Ну, прычым… вельмі ўважліва адносіліся да якасці выканання. Гэта значыць, калі найменшы нейкі брак, няроўны радок, прымушалі перарабляць. То бок, вельмі ўважліва, педантычна да ўсяго, да ўсіх дэталяў ставіліся. Ну і колькасць іх была вялізная.
— А чым была выклікана такая ўвага да якасці?
— Ну, гэтага я не магу сказаць, я не ведаю.
— Вялікая колькасць гэта колькі ў дзень, у змену, у месяц?
— Ну, вось у месяц па 600 мяшкоў, па-мойму, рабілі. …Там невялікая майстэрня, насамрэч, …гэта была вялізная колькасць… Ну, гэта значыць, там майстэрня невялікая была. Гэта не жаночая калонія, дзе працуе вельмі шмат людзей".
Былы палітзняволены, які з меркаванняў бяспекі пажадаў застацца ананімным, утрымліваўся ў папраўчай калоніі № 22, ст. Даманава, Брэсцкая вобласць:
"Ну, адпаведна, там адзенне для зняволеных… спецвопратка для іншых арганізацый, ваенная форма для вайскоўцаў, спальныя мяшкі для расійскіх вайскоўцаў вырабляліся... Дрэваапрацоўка, значыць… па замове ваенных ведамстваў, гэта скрыні для ракет, для снарадаў і гэтак далей… для боепрыпасаў на 22-цы вырабляюцца, вось".
"Хто заказчыкі няма афіцыйнай інфармацыі ў мяне.
— Скрыні для патронаў, для снарадаў, для вайскоўцаў якіх? Расійскіх, беларускіх вайскоўцаў? Ніякай маркіроўкі там не было?
— Ну, як кажуць, што раней такой не было б масавай вытворчасці… Напэўна, афіцыйна можа заказчык беларускае прадпрыемства, а потым яшчэ пастаўляе кудысьці для… ну, вялікія аб’ёмы, наўрад ці каб для беларускіх… для расійскіх, для беларускіх… Я так думаю і тым, і тым. Цяжка сказаць”.
"Таму што, калі ў іх шмат заказаў для вайскоўцаў ці спецадзення, то і звышурочна працавалі, і ў выходныя працавалі".
"У публікацыі прыведзеныя звесткі, атрыманыя ад былых зняволеных, якія адбывалі пакаранне ў васьмі папраўчых калоніях з тых 15-ці, якія ўваходзяць у структуру крымінальна-выканаўчай сістэмы Рэспублікі Беларусь.
Няма сумневу, што геаграфія "экспарту на крыві" больш шырэйшая, чым згаданыя васьмі папраўчых калоній. Як бачна, ва ўсіх васьмі калоніях выкарыстоўваецца рабская праца для вырабу прадукцыі ваеннага прызначэння, якая з вялікай доляй верагоднасці выкарыстоўваецца для вядзення агрэсіўнай вайны Расіі супраць Украіны.
Ці можа гэта прывесці да ўключэння Дэпартамента выканання пакаранняў Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь у будучыя санкцыйныя спісы Еўрапейскага Саюзу, накіраваных супраць суб’ектаў гаспадарання, якія спрыяюць вядзенню несправядлівай вайны? Да гэтага часу ДВП МУС там няма. Час надыйшоў?" — прыходзіць да высноваў праваабаронца Алег Мацкевіч.