6 верасня 2021 года ў будынку Мінскага раённага суда ў закрытым рэжыме кіраўніцы выбарчага штаба Віктара Бабарыкі Марыі Калеснікавай і адвакату Максіму Знаку агучылі прысуд: 11 і 10 гадоў пазбаўлення волі адпаведна. Суддзя Мінскага абласнога суда Сяргей Епіхаў прызнаў іх вінаватымі паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса: ч. 3 арт. 361 (заклікі да дзеянняў супраць нацбяспекі), ч. 1 арт. 357 (змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам), ч. 1 арт. 361-1 (стварэнне экстрэмісцкага фармавання і кіраўніцтва ім). У зняволенні на Марыю і Максіма аказваюць ціск. Апроч гэтага, палітзняволеных утрымліваюць у рэжыме інкамунікада з лютага 2023 года, таму інфармацыі пра іх стан амаль няма.
Максім Знак і Марыя Калеснікава падчас суда
Марыю і Максіма затрымалі ў верасні 2020 года. Ужо праз год, 6 верасня 2021 года, суд прызначыў Марыі 11 гадоў зняволення ва ўмовах агульнага рэжыма, а Максіму — 10 гадоў зняволення ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Іх абвінавацілі адразу па трох крымінальных артыкулах: ч.1 арт. 357 КК, ч. 3 арт. 361 КК і ч.1 арт. 361-1 КК. У крымінальнай справе 41 том. У сувязі з тым, што суд праходзіў у закрытым рэжыме, падрабязнасці працэса невядомыя.
Сярод іншага, Марыю і Максіма асудзілі за стварэнне "Кардынацыйнай рады". Згодна з матэрыяламі справы, абвінавачваныя "на прэс-канферэнцыі, праведзенай 18 жніўня 2020 года ў Мінску, Калеснікава, Знак і шэраг іншых асобаў заявілі пра стварэнне па ініцыятыве Ціханоўскай С.Г. так званай «кардынацыйнай рады» як адзінага прадстаўнічага органа беларускага грамадства для арганізацыі перадачы ўлады.
Хаваючы свой матыў, у якасці афіцыйнай мэты стварэння «кардынацыйнай рады» яны заявілі арганізацыю працэсу пераадолення палітычнага крызісу, забеспячэнне згоды ў грамадстве, а таксама абарону суверэнітэту і незалежнасці Беларусі.
Разам з тым сапраўднай мэтай стварэння «кардынацыйнай рады» з'яўлялася каардынацыя пратэснай актыўнасці, у тым ліку па арганізацыі і правядзенні дзеянняў, накіраваных на:
захоп дзяржаўнай улады і змену палітычнага кіраўніцтва неканстытуцыйным шляхам;
распальванне палітычнай, ідэалагічнай і сацыяльнай варожасці ў грамадстве;
публічныя заклікі да перашкаджэння законнаму функцыянаванню органаў дзяржаўнай улады і кіравання.
Названыя кірункі працы «кардынацыйнай рады» сведчаць пра ажыццяўленне ім экстрэмісцкай дзейнасці".
Напрыканцы 2021 года адбыўся разгляд апеляцыйных скаргаў палітзняволеных, якія не былі задаволеныя. Прысуд пакінулі без зменаў.
Свае тэрміны Марыя і Максім пачалі адбываць са студзеня 2022 года. Знака накіравалі ў віцебскую калонію № 3, а Калеснікаву — у гомельскую жаночую калонію № 4. Вядома, што ўтрымліваюць іх пад асаблівым наглядам з боку адміністрацыі. Апроч гэтага, з лютага 2023 года палітзняволеных утрымліваюць без сувязі са знешнім светам, таму ад іх няма ніякіх навінаў.
У калоніі ў Марыі пачаліся сур'ёзныя праблемы са здароўем. У лістападзе 2022 года палітзняволеную змясцілі ў ШІЗА, пасля чаго яе даставілі ў хірургічнае аддзяленне гомельскай бальніцы хуткай дапамогі і прааперавалі з прычыны прабадной язвы і перытаніту. Праз некалькі дзён палітзняволеную перавялі назад у калонію, у медыцынскі стацыянар, дзе ёй дазволілі сустрэцца са сваім бацькам.
Вядома, што з сакавіка 2023 палітзняволеную некалькі месяцаў утрымлівалі ў ПКТ. Летам 2024 года былая палітзняволеная распавяла "Вясне", што адміністрацыя калоніі забараняе жанчынам камунікаваць з Марыяй. З ёй заўсёды ходзяць ахоўніцы, нават у прыбіральню. Сочаць за ёй і іншыя зняволеныя, якія супрацоўнічаюць з адміністрацыяй.
12 лістапада 2024 года стала вядома, што яна сустрэлася з бацькам. Апошні раз сваякі размаўлялі з Марыяй за 18 месяцаў да гэтага. Пасля сувязь абарвалася, і з таго часу прыходзілі толькі навіны, са словаў іншых зняволеных, якія былі ў той самай гомельскай жаночай калоніі, пра просьбы Калеснікавай аб медычнай дапамозе. Сустрэча Марыі з татам адбывалася ў турэмнай бальніцы, былыя палітзняволеныя пазналі антураж месца здымкаў. Невядома, ці яна на той момант праходзіла лячэнне, ці яе прывялі з памяшкання камернага тыпу, дзе, хутчэй за ўсё, утрымлівалі. Напачатку 2025 года Марыю вярнулі ў атрад да іншых жанчын.
Пра Максіма інфармацыі яшчэ менш. Ён, як і Марыя, больш за два з паловай гады знаходзіцца ў рэжыме інкамунікада. Вядома, што яго неаднаразова змяшчалі ў штрафны ізалятар і ПКТ. У зняволенні Максім напісаў кнігу "Зэкамэрон", якая трапіла ў шорт-ліст беларускай літаратурнай прэміі "Гліняны Вялес". Паводле яго апавяданняў, напісаных у СІЗА на Валадарскага, вольныя "Купалаўцы" паставілі спектакль. У ліпені 2024-ага Максім стаў намінантаў на прэмію Цэнтру Вацлава Гавела, якая ўручаецца пісьменнікам, якія праявілі мужнасць у іншадумстве і зазналі пераслед. 4 верасня Максім пяты раз запар адзначыў свой Дзень народзінаў у зняволенні. Яму споўнілася 44 гады.