Спецдакладчык ААН: «Беларусь працягвае жыць у змроку рэпрэсій»

27 May 2025, 12:19 PM
Спецдакладчык ААН: «Беларусь працягвае жыць у змроку рэпрэсій»

Спецыяльны дакладчык па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі Нільс Муйжніекс апублікаваў свой першы гадавы даклад на гэтай пасадзе, піша "Вясна". Да 59-й сесіі Рады па правах чалавека ААН падрыхтаваны агляд асноўных падзей у галіне правоў чалавека ў Беларусі ў перыяд з 1 красавіка 2024 года па 31 сакавіка 2025 года. Апроч іншага, у дакуменце заяўляецца, што прэзідэнцкія выбары 26 студзеня 2025 года не могуць лічыцца адпаведнымі праву абіраць і быць абраным на сапраўдных перыядычных выбарах, праз палітычна матываваныя рэпрэсіі, якія працягваюцца, а таксама поўнага ўціску свабоды выказвання меркаванняў, сходаў і асацыяцыі.

Спецдакладчык заявіў, што ва ўмовах поўнага ўціску свабоды выказвання меркаванняў, сходаў і асацыяцыі, уключна з жорсткімі рэпрэсіямі супраць усіх, хто падазраецца ў палітычным іншадумстве, Аляксандр Лукашэнка быў пераабраны прэзідэнтам Беларусі на сёмы тэрмін. У цяперашні час законы аб барацьбе з тэрарызмам і супрацьдзеянні экстрэмізму працягваюць выкарыстоўвацца для палітычна матываванага пераследу апазіцыйных палітыкаў, праваабаронцаў, журналістаў і грамадзянскіх актывістаў. Усё часцей людзі, якія пакінулі Беларусь пасля шырокамаштабных палітычных рэпрэсій, развязаных у 2020 годзе, сутыкаюцца з экстэрытарыяльным пераследам, у тым ліку ў форме завочных судовых працэсаў без выканання асноўных гарантый справядлівага судовага разбору і экспрапрыяцыі іх уласнасці ў Беларусі. Тыя, хто застаўся ў краіне, жывуць у атмасферы страху, цэнзуры і самацэнзуры.

Нільс Муйжніекс адзначае, што нягледзячы на тое, што больш за 200 зняволеных, асуджаных паводле палітычна матываваных абвінавачванняў, былі вызваленыя ў выніку памілавання Лукашэнкам і дыпламатычных намаганняў іншых дзяржаў, колькасць зняволеных, прызнаных праваабаронцамі палітычнымі зняволенымі, застаецца нязменна высокай, а рэпрэсіі за законнае ажыццяўленне грамадзянскіх і палітычных правоў працягваюцца і становяцца ўсё больш выдасканаленымі. Былыя зняволеныя сутыкаюцца з сур'ёзнымі абмежаваннямі сваіх правоў чалавека і дэ-факта працягваюць заставацца пазбаўленымі волі. Спецыяльны дакладчык прыходзіць да высновы, што Беларусь працягвае жыць у змроку рэпрэсій пасля папярэдніх прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня 2020 года, што былі адзначаныя дакладнымі заявамі аб шырокамаштабнай фальсіфікацыі выбараў і жорсткім уціскам мірных пратэстаў.

Працягваюць паступаць паведамленні аб вельмі жорсткім абыходжанні са зняволенымі, бестэрміновым пазбаўленні волі ў выніку вынясення паўторных прысудаў паводле артыкула 411 Крымінальнага кодэкса (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы) і палітычна матываваным накіраванні людзей ва ўстановы для прымусовага псіхіятрычнага лекавання. Расце колькасць калектыўных пакаранняў, прычым рэпрэсіўныя меры накіраваныя супраць родных асоб, якіх улады лічаць нелаяльнымі. Больш за тое, апошнія змены ў заканадаўстве адкрылі шлях для хвалі рэпрэсіўных захадаў у дачыненні да ЛГБТК+ людзей.

Спецыяльны дакладчык выказвае шкадаванне з нагоды таго, што сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі застаецца вельмі трывожнай, прычым рэпрэсіўныя меры накіраваныя як супраць асобных асоб унутры краіны, так і супраць беларускіх грамадзян у выгнанні.

Прэзідэнцкія выбары 26 студзеня 2025 года, у выніку якіх Аляксандр Лукашэнка быў пераабраны на сёмы тэрмін, не могуць разглядацца як сапраўдныя перыядычныя выбары ў адпаведнасці з артыкулам 25 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. Як і парламенцкія выбары 2024 года, яны прайшлі без любой магчымасці для палітычнай апазіцыі весці агітацыю, без незалежнага назірання за выбарамі, без асвятлення ў незалежных СМІ і без магчымасці для беларусаў у выгнанні рэалізаваць свае выбарчыя правы.

"Беларусь працягвае жыць у змроку рэпрэсій пасля папярэдніх прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня 2020 года, якія былі адзначаны дакладнымі заявамі аб шырокамаштабнай фальсіфікацыі выбараў і жорсткім прыгнётам мірных пратэстаў. На працягу разгледжанага перыяду ўлады працягвалі пазбаўляць волі, пераследаваць, ужываць жорсткае абыходжанне ды іншым чынам караць тых, хто пратэставаў, падтрымліваў або лічыўся тым, хто падтрымліваў палітычную апазіцыю ў 2020 годзе. Спецыяльны дакладчык узрушаны бязлітаснасцю і маштабамі рэпрэсій, якія працягваюцца, ахвярамі якіх становяцца людзі ўнутры краіны і за яе межамі за дзеянні, учыненыя пяць гадоў таму, уключна з помстай сем'ям і за ініцыятывы салідарнасці".

Спецыяльны дакладчык заклікае міжнародную супольнасць падтрымліваць праваабарончыя механізмы Арганізацыі Аб'яднаных Нацый і беларускую грамадзянскую супольнасць, уключна з арганізацыямі, пазбаўленымі юрыдычнага прызнання ў Беларусі. Ён настойліва заклікае дзяржавы працягваць весці інфармацыйна-прапагандысцкую працу з уладамі Беларусі ў мэтах садзейнічання пошуку заснаваных на правах чалавека рашэнняў надзённых праблем, указаных у гэтым дакладзе.

Таксама Нільс Муйжніекс паўтарае рэкамендацыі, выкладзеныя ў дакладах яго папярэдніцы, Анаіс Марэн. Акрамя таго, ён рэкамендуе ўраду Беларусі, апроч іншага наладзіць поўнае і канструктыўнае супрацоўніцтва з мандатарамі спецыяльных працэдур, неадкладна спыніць пераслед у якасці помсты за законнае ажыццяўленне грамадзянскіх і палітычных правоў, вызваліць і рэабілітаваць усіх асоб, асуджаных паводле палітычна матываваных абвінавачванняў. Спецдакладчык рэкамендуе пачаць аператыўныя, эфектыўныя, бесстароннія і празрыстыя расследаванні ўсіх выпадкаў жорсткага абыходжання ў месцах утрымання пад вартай і смерці ў месцах пазбаўлення волі, выяўленых мандатарыямі спецыяльных працэдур і групай незалежных экспертаў па становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі, а таксама высноў УВКПЧ аб здзяйсненні злачынстваў супраць чалавечнасці ў Беларусі.

У дакладзе заклікаюць неадкладна спыніць утрыманне пад вартай без сувязі са знешнім светам усіх зняволеных, уключаючы Максіма Знака, Мікалая Статкевіча, Сяргея Ціханоўскага, Віктара Бабарыкі ды Ігара Лосіка, і забяспечыць рэгулярныя і неабмежаваныя спатканні ўсіх зняволеных з іх сем'ямі і адвакатамі паводле іх выбару; і ўнесці змены ў нацыянальнае заканадаўства і правапрымяняльную практыку, каб забяспечыць магчымасць зносін паміж зняволенымі і адвакатамі з ініцыятывы апошніх. Таксама Спецдакладчык заклікаў неадкладна пакласці канец практыцы "пакаяльных відэа", якія запісваюцца з удзелам асоб, пазбаўленых волі, і расследаваць, ці ўжывалася ў дачыненні асобаў, знятых у такіх відэа, жорсткае абыходжанне.

Нільс Муйжніекс рэкамендуе адмяніць артыкул 411 Крымінальнага кодэкса (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы) і неадкладна вызваліць і рэабілітаваць усіх асоб, асуджаных паводле гэтага артыкула, а таксама адмяніць неапраўданыя і несуразмерныя абмежаванні на ажыццяўленне свабоды перамяшчэння і на асабістую свабоду, а таксама спыніць умяшальніцтва ў прыватнае жыццё былых зняволеных у межах "наглядных" працэдур.

Таксама Спецдакладчык заклікае спыніць запалохванне і пераслед родных ды сем'яў асоб, прызнаных НДА палітычнымі зняволенымі, і асоб, якія знаходзяцца ў выгнанні, і адмяніць крымінальныя і адміністрацыйныя пакаранні, вынесеныя за сумеснае выкарыстанне і атрыманне гуманітарнай дапамогі, у тым ліку ў межах ініцыятывы "INeedHelpBy".

Арыгінальная публікацыя на сайце "Вясны"

See more news

Заява Міжнароднага ПЭНа: Вызваліць турэцкіх журналістаў Хамзы Каа́на і Мехмета Учара
27 May 2025, 10:30 AM
Заява Міжнароднага ПЭНа: Вызваліць турэцкіх журналістаў Хамзы Каа́на і Мехмета Учара
PEN International мяркуе, што Каан і Учар сталі мішэнню выключна за мірную рэалізацыю свайго права на свабоду выказвання меркаванняў.
Брытанская праваабарончая арганізацыя: «ARTICLE 19 з гонарам падтрымлівае беларусаў і працягвае абараняць іх справу»
26 May 2025, 2:29 PM
Брытанская праваабарончая арганізацыя: «ARTICLE 19 з гонарам падтрымлівае беларусаў і працягвае абараняць іх справу»
У Міжнародны дзень салідарнасці з палітычнымі зняволенымі ў Беларусі брытанская праваабарончая арганізацыя ARTICLE 19 выпусціла заяву, у якой пацвердзіла свой намер выкарыстоўваць любую магчымасць, каб выказаць сваю непахісную падтрымку і захапленне беларускім народам.
Libereco: «Трэба выкарыстоўваць любую магчымасць нагадаць свету пра палітычных зняволеных»
26 May 2025, 2:27 PM
Libereco: «Трэба выкарыстоўваць любую магчымасць нагадаць свету пра палітычных зняволеных»
— Больш за ўсё мяне турбуюць несправядлівасць і жорсткасць. Мяне прыводзіць у лютасць тое, што людзі гатовыя разбурыць жыцці столькіх іншых людзей, каб падтрымліваць сваю ўладу і становішча.
«Сістэматычны наступ на асноўныя свабоды». Наталля Сацункевіч выступіла на канферэнцыі АБСЕ
06 May 2025, 9:20 AM
«Сістэматычны наступ на асноўныя свабоды». Наталля Сацункевіч выступіла на канферэнцыі АБСЕ
Праваабаронца ПЦ «Вясна» Наталля Сацункевіч выступіла на канферэнцыі АБСЕ «Абарона грамадзянскай прасторы — роля праваабаронцаў і свабода мірных сходаў: Дадатковая нарада па чалавечым вымярэнні II».

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці