На фота: Рыкарда Ланг
У межах кампаніі #WeStandBYyou Шанталь Копф, Рыкарда Ланг і Сандра Штайн ("Саюз 90/Зялёныя", Германія), а таксама Вула Цэтсі ("Еўрапейская партыя зялёных", Грэцыя) сталі "хроснымі" Дзмітрыя Івашкова, Юліі Юргілевіч, Дзмітрыя Кучука і Ганны Аблаб.
Дзмітрый Кучук — былы старшыня "Беларускай партыі зялёных", якая была звязаная з "Еўрапейскай партыяй зялёных" (EGP). Вярхоўны суд Беларусі распусціў партыю зялёных у ліпені 2023 года праз тое, што яна не падтрымлівала рэжым. 16 лютага 2024 году Дзьмітры Кучук быў затрыманы ў час спробы ўскласьці кветкі перад амбасадай Расіі ў Мінску ў памяць пра памерлага лідара расійскай апазыцыі Аляксея Навальнага. Ён быў асуджаны да шасці гадоў пазбаўлення волі і буйнога штрафу за "парушэнне грамадскага парадку" (арт. 342 КК) і "заклікі да прычынення шкоды нацыянальнай бяспецы" (арт. 361 КК).
Вула Цэтсі — сустаршыня "Еўрапейскай партыі зялёных". Яна становіцца "хроснай" Дзмітрыя Кучука і заяўляе:
"Я патрабую неадкладнага вызвалення майго калегі па партыі Дзмітрыя Кучука! Дзмітрый быў затрыманы ў 2024 годзе падчас ускладання кветак у памяць пра Аляксея Навальнага і асуджаны да шасці гадоў пазбаўлення волі па цалкам неабгрунтаваных абвінавачваннях. І гэта не адзінкавы выпадак. Рэжым Лукашэнкі працягвае выкарыстоўваць аўтарытарныя метады і практыку запалохвання, каб душыць сваіх палітычных апанентаў і пераследаваць людзей, якія карыстаюцца сваімі правамі на свабоду выказвання меркаванняў і мірных сходаў. Я салідарная са Змітром і ўсімі тымі, хто быў незаконна заключаны ў турму ў Беларусі, вымушаны пакінуць краіну або смела працягвае барацьбу за дэмакратычнае грамадства, у якім правы чалавека выконваюцца і абараняюцца".
Дзмітрый Івашкоў быў сябрам перадвыбарнай каманды Святланы Ціханоўскай. Незадоўга да прэзідэнцкіх выбараў ён быў упершыню затрыманы і жорстка збіты. 29 верасня 2020 года ён быў зноў затрыманы падчас мірнай акцыі пратэсту і атрымаў судовае абвінавачванне. Ён быў асуджаны да шасці гадоў пазбаўлення волі паводле абвінавачвання ва "ўдзеле ў масавых беспарадках" (арт. 293 КК) і "парушэнні грамадскага парадку" (арт. 342 КК).
Шанталь Копф — дэпутатка Бундэстага ад партыі "Саюз 90/Зялёныя". Яна другі раз становіцца "хроснай" і выказвае сваю падтрымку Дзмітрыю Івашкову:
"Любы, хто выступае за дэмакратыю і свабоду выказвання меркаванняў у Беларусі, зведвае ўціск і пераслед з боку рэжыму. Вось чаму мяне ўражваюць такія людзі, як ён. Насуперак цяжкасцям ён мужна змагаўся за палітычныя перамены ў Беларусі і нават далучыўся да каманды Святланы Ціханоўскай у яе перадвыбарнай кампаніі. Ён адстойваў дэмакратыю, і за гэта з 2020 года ён знаходзіцца ў турме, дзе зведвае гвалт і катаванні. Як сябра парламента, я падтрымліваю яго і хацела б выказаць салідарнасць з гэтым маладым палітычным актывістам, які прадстаўляе пільную і актыўную грамадзянскую супольнасць і дэмакратычную апазіцыю. Свабода выказвання меркаванняў — гэта права чалавека, а не злачынства. Таму я заклікаю да неадкладнага вызвалення Дзмітрыя Івашкова і ўсіх іншых палітычных зняволеных у Беларусі".
Юлія Юргілевіч была адвакаткай, якая прадстаўляла інтарэсы многіх палітвязняў у Беларусі, пакуль у лютым 2022 года яе адвольна не пазбавілі ліцэнзіі. Па вяртанні з Польшчы 30 жніўня 2022 года яна была арыштаваная і паўстала перад судом за падтрымку палітычных зняволеных. Яе абвінавацілі ў разгалошванні інфармацыі аб сваіх кліентах незалежнай газеце. Юлія была асуджаная да шасці гадоў пазбаўлення волі за "садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці" (арт. 361-4 КК). У 2023 годзе яна была ўшанаваная прэміяй Людовіка Трар'е ў знак прызнання яе працы па абароне правоў чалавека.
Рыкарда Ланг — дэпутатка нямецкага Бундэстага ад партыі "Саюз 90/Зялёныя". Стаўшы "хроснай" другі раз, яна выказвае сваю салідарнасць з Юліяй Юргілевіч і заяўляе:
"З 2022 года Юлія Юргілевіч утрымліваецца ў зняволенні ў нечалавечых умовах папраўчай калоніі № 4 у Гомелі. Быўшы юрысткай, яна абараняла мноства палітвязняў у беларускіх судах. Яна змагалася за іх правы і адстойвала пры гэтым нашы агульныя дэмакратычныя каштоўнасці. За гэта аўтарытарны рэжым Лукашэнкі назваў яе "экстрэмісткай" ды арыштаваў. Я заклікаю да неадкладнага вызвалення Юліі Юргілевіч і ўсіх палітычных зняволеных у Беларусі. Я выказваю сваю падтрымку ў межах кампаніі салідарнасці Libereco з беларускімі зняволенымі. Мы назіраем за тым, што адбываецца і выказваем салідарнасць з тымі, хто змагаецца за свабоду і дэмакратыю ў Беларусі".
Ганна Аблаб — супрацоўніца "Беларускай чыгункі", у яе трое дзяцей. Яна сябра незалежнага руху працоўных "Рабочы рух", які падтрымліваў мясцовыя страйкі пасля сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў у 2020 годзе. 22 верасня 2021 года Ганна ды іншыя сябры арганізацыі былі арыштаваныя пасля таго, як рэжым прызнаў "Рабочы рух" "экстрэмісцкім фармаваннем" і абвінаваціў іх у супрацоўніцтве з замежнымі спецслужбамі. Яна была асуджаная да 11 гадоў пазбаўлення волі за "стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім" (арт. 361-1 КК) і "здраду дзяржаве" (арт. 356 КК).
Сандра Штайн ("Саюз 90/Зялёныя") пераняла на сябе ролю "хроснай" ад сваёй калегі Беаты Мюлер-Гемеке і выступіла з наступнай заявай:
"Для мяне вялікі гонар стаць "хроснай" Ганны Аблаб. Як удзельніца працоўнага руху, яна далучылася да агульнанацыянальных страйкаў супраць рэжыму Лукашэнкі і была асуджаная да 11 гадоў пазбаўлення волі на паказальным працэсе. Кожны заслугоўвае права выказваць сваё меркаванне, не асцерагаючыся пераследаў, і аб'ядноўвацца для барацьбы за лепшую будучыню. Мы ўсе павінны абараняць гэтыя каштоўнасці і забяспечваць іх захаванне ў такіх краінах, як Беларусь. Прыняцце на сябе ролі "хроснай" — гэта невялікі, але важны крок, каб павысіць дасведчанасці аб цяжкім становішчы, у якім знаходзяцца палітвязні, і праявіць салідарнасць. Таму я вельмі рада, што магу падтрымаць Ганну Аблаб з дапамогай арганізацыі Libereco".