У беларускіх палітвязняў з’явіліся новыя «хросныя» з Нідэрландаў, Латвіі ды Германіі

26 June 2025, 1:49 PM
У беларускіх палітвязняў з’явіліся новыя «хросныя» з Нідэрландаў, Латвіі ды Германіі

На фота: Юргіс Клоціньш

У межах кампаніі #WeStandBYyou Іса Кахраман (партыя "Новая грамадская дамова", Нідэрланды), Юргіс Клоціньш (партыя "Нацыянальнае аб'яднанне", Латвія) і Канстанцін фон Нотц (партыя "Саюз 90 / Зялёныя", Нямеччына) узялі на сябе сімвалічнае "шэфства" над беларускімі палітвязнямі Дзмітрыем Слуком, Генрыхам (Генадзем) Акалатовічам і Людмілай Чэкінай.

Дзмітрыю Слуку 36 гадоў. Ён быў абвінавачаны паводле артыкула 290-1 КК РБ (фінансаванне тэрарыстычнай дзейнасці) за перавод сродкаў у арганізацыю, прызнаную экстрэмісцкай. Паводле версіі ўладаў, 20 жніўня 2021 года Дзмітрый Слук перавёў суму, эквівалентную $2,160 у крыптавалюце, у арганізацыю, ведаючы пра характар яе дзейнасці. 16 сакавіка 2023 года КДБ унёс палітвязня ў "спіс тэрарыстаў". 4 ліпеня 2023 года ён быў асуджаны да 8 гадоў і 6 месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму, а таксама штрафу ў памеры каля $3,475 (па стане на жнівень 2023 года). 24 чэрвеня 2024 года ў Віцебску адбыўся новы суд па змене рэжыму ўтрымання, на якім суддзя Міхаіл Зубеня пастанавіў перавесці палітвязня ў турму.

Іса Кахраман, дэпутат парламента Нідэрландаў ад партыі "Новая грамадская дамова", упершыню стаў "хросным" беларускага палітвязня. Сваю матывацыю падтрымаць Дзмітрыя ён пракаментаваў наступным чынам:

"Як сябра парламента, я лічу важным не толькі займацца ўнутранымі справамі, але і падтрымліваць нашых суседзяў. Недапушчальна, каб грамадзянская супольнасць так жорстка ўціскалася з боку ўладаў, як у выпадку Дзмітрыя Слука. Выступаць супраць такіх парушэнняў правоў чалавека — мой абавязак. Я спадзяюся, што ў будучыні Беларусь стане функцыянуючай дэмакратыяй побач са сваімі заходнімі суседзямі".

Генрыху (Генадзю) Акалатовічу 64 гады. Ён — святар. Быў затрыманы ў лістападзе 2023 года. Ён перанёс інфаркт, а таксама аперацыю на страўніку праз анкалагічнае захворванне; мае патрэбу ў пастаянным медычным назіранні і леках. У першыя дні зняволення яму не перадавалі цёплую вопратку і ежу — толькі прадметы гігіены, ніжнюю бялізну і пігулкі. Суд пачаўся ў лістападзе 2024 года. Акалатовіч абвінавачаны ў дзяржаўнай здрадзе паводле ч. 1 арт. 356 КК РБ. У снежні 2024 года суд агучыў тэрмін — 11 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Вядома, што Акалатовіч віну не прызнаў. У красавіку 2025 года святар звярнуўся да вернікаў, заявіўшы, што яго абвінавачваюць у шпіянажы на карысць Польшчы і Ватыкана, што ён назваў "грубай правакацыяй". Ён падкрэсліў, што ніколі не быў шпіёнам і "заўсёды быў толькі служкам Божым". Паводле яго слоў, у справе супраць яго "няма ні слова праўды, а абвінавачванне пабудаванае на хлусні, пагрозах і шантажы". У траўні 2025 года яго ўнеслі ў пералік асоб, якія маюць дачыненне да "экстрэмісцкай дзейнасці". У чэрвені яго перавялі ў СІЗА № 1. Ёсць здагадкі, што затым ён быў шпіталізаваны.

Юргіс Клоціньш, дэпутат Сейма Латвіі ад партыі "Нацыянальнае аб'яднанне", узяў "шэфства" над святаром і заявіў, што свабода сумлення, меркавання і веравызнання — гэта асноўныя правы чалавека, якія абавязана паважаць любая краіна. Дэпутат таксама заявіў:

"Святар Генрых Акалатовіч адстойвае гэтыя правы ў Беларусі, кіраванай аўтарытарным рэжымам. Я ўдзельнічаю ў межах кампаніі #WeStandBYyou і бяру над ім шэфства як палітык і як хрысціянін. Я ведаю, наколькі важная свабода веравызнання. У гісторыі маёй краіны былі пастары, святары і простыя вернікі, што не пабаяліся стаць на абарону праўды пры таталітарызме — гэтак жа, як святар Генрых. Яны адстойвалі права латвійскага народа на ўласную незалежную дзяржаву і свабоду вызнаваць веру ў Ісуса Хрыста, які, як вераць хрысціяне, з'яўляецца Госпадам над усімі чалавечымі ўладамі і ўрадамі. Адным з іх быў паважаны біскуп Баляслаў Слосканс, які служыў дапаможным біскупам Рыжскай архідыяцэзіі ды апостальскім адміністратарам Магілёва і Мінска. Яго жыццёвы шлях мае вялікае духоўнае значэнне як для Латвіі, так і для Беларусі".

Людміла Чэкіна — былая генеральная дырэктарка TUT.BY, найбуйнейшага незалежнага анлайн-СМІ ў Беларусі. Калегі апісваюць яе як цярплівага, добрага і спагадлівага чалавека, якая шануе людзей і заўсёды гатовая прыйсці на дапамогу. Яна любіць чытанне, кветкі і жывёл (у яе два ката). Людміла Чэкіна была арыштаваная ў маі 2021 года ў якасці абвінавачанай паводле крымінальнай справы, узбуджанай супраць TUT.BY паводле артыкула "ўхіленне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры" (частка 2 артыкула 243 Крымінальнага кодэкса). У кастрычніку 2022 года КДБ уключыў Чэкіну ў "спіс асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці". Людміле былі прад'яўленыя абвінавачванні паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса: частка 2 артыкула 243 (ухіленне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры); частка 4 артыкула 16 і частка 3 артыкула 130 (арганізацыя наўмысных дзеянняў, накіраваных на распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай ці іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы, учыненых групай асоб або якія пацягнулі цяжкія наступствы); частка 4 артыкула 16 і частка 3 артыкула 361 (заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі, распаўсюджаныя праз СМІ або інтэрнэт). У студзені 2023 года Мінскі гарадскі суд пачаў разглядаць справу TUT.BY. Працэс праходзіў у закрытым рэжыме. У сакавіку 2023 года Людміла Чэкіна была асуджаная да 12 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Таксама ёй быў прызначаны штраф у памеры каля 12 358 долараў ЗША. У жніўні 2023 года палітзняволеную перавялі ў жаночую папраўчую калонію.

Канстанцін фон Нотц, дэпутат Бундэстага, узяў шэфства над Людмілай Чэкінай:

"Для мяне — вялікі гонар узяць шэфства ў маёй калегі Тэсы Гансэрэр, якая больш не балатуецца ў Бундэстаг. Людміла больш за дзесяць гадоў змагаецца за свабоду выказвання ў Беларусі — спачатку як юрыстка, затым як дырэктарка найбуйнейшага незалежнага СМІ TUT.BY. За гэта яе ўнеслі ў тэрарыстычны спіс, арыштавалі ды асудзілі да 12 гадоў на закрытым судзе. Як дэмакраты, мы абавязаныя не забываць такіх людзей, як Людміла, і працягваць змагацца за іх вызваленне. Гэта ўжо трэці палітвязень з Беларусі, якога я падтрымліваю. Леанід Судаленка выйшаў на волю ў 2023 годзе і змог з'ехаць у эміграцыю. Тамара Каравай, шэфства над якой я ўзяў у тым жа годзе, таксама была вызвалена. Але, на жаль, больш за 1200 палітычных зняволеных па-ранейшаму несправядліва знаходзяцца за кратамі. Я зноў заяўляю: Людміла Чэкіна і ўсе іншыя несправядліва асуджаныя ў Беларусі павінны быць неадкладна вызваленыя. Беларускія ўлады павінны спыніць гвалт, рэпрэсіі і адвольныя арышты, забяспечыць правядзенне свабодных і справядлівых выбараў, а таксама нарэшце гарантаваць выкананне асноўных дэмакратычных стандартаў і вяршэнства закона".

Пераклад на беларускую мову: сайт "Вясны"

Share

See more news

Холад і голад — галоўныя прычыны хваробаў. У якіх умовах утрымлівалі вызваленых палітвязняў
26 June 2025, 1:37 PM
Холад і голад — галоўныя прычыны хваробаў. У якіх умовах утрымлівалі вызваленых палітвязняў
Сабралі выказваннні вызваленых палітвязняў пра ўмовы ўтрымання ў беларускіх калоніях і СІЗА, а таксама пра іх вызваленне.
У рэйтынгу свабоды слова Беларусь апярэджвае толькі Нікарагуа і Паўночную Карэю — справаздача Article 19
26 June 2025, 11:13 AM
У рэйтынгу свабоды слова Беларусь апярэджвае толькі Нікарагуа і Паўночную Карэю — справаздача Article 19
Па ўзроўні свабоды слова Беларусь займае 159‑е месца ў свеце з 161, вынікае са штогадовай справаздачы праваабарончай арганізацыі Article 19.
«Репортеры без границ» приветствуют освобождение Игоря Карнея
26 June 2025, 11:02 AM
«Репортеры без границ» приветствуют освобождение Игоря Карнея
Организация «Репортеры без границ» (RSF) высказывает глубокое облегчение и призывает к немедленному освобождению 94 их коллег, заключенных в тюрьмы Россией и Беларусью.
Ад Канвецый да чалавечых лёсаў. Сусветны дзень уцекачоў адзначаецца 20 чэрвеня
25 June 2025, 2:15 PM
Ад Канвецый да чалавечых лёсаў. Сусветны дзень уцекачоў адзначаецца 20 чэрвеня
Як фармаваліся правы уцекачоў і якія гісторыі тых, хто вымушаны быў пакінуць свой дом?

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці