"Я пакінула наш дом 12 лістапада дзіцём і вярнуся дарослай". Amnesty International пра тое, як у Беларусі пераследуюць студэнтаў і выкладчыкаў

24 May 2021, 12:11 PM
"Я пакінула наш дом 12 лістапада дзіцём і вярнуся дарослай". Amnesty International пра тое, як у Беларусі пераследуюць студэнтаў і выкладчыкаў

Беларускіх студэнтаў арыштоўваюць па крымінальных абвінавачваннях, пераследуюць за мірную актыўнасць і выключаюць з навучальных устаноў у адплату за ўдзел у пратэстным руху, які працягваецца, супраць шырока аспрэчваемых афіцыйных вынікаў прэзідэнцкіх выбараў у жніўні 2020 года. Як гэта адбываецца, Amnesty International распавядае ў брыфінгу, які яна падрыхтавала ў рамках кампаніі #StandWithBelarus. Ён — шосты ў серыі нарысаў, прысвечаных пераследу самых розных грамадскіх груп у Беларусі — дзяцей і падлеткаў, жанчын і прафсаюзных актывістаў, работнікаў культуры і пенсіянераў.

СПАМПАВАЦЬ (НА АНГЛІЙСКАЙ МОВЕ)

"Студэнты і настаўнікі, якія пратэставалі па ўсёй Беларусі, пачалі бягучы навучальны год у краіне, якая радыкальна змянілася ў выніку летніх падзей. З самага пачатку было ясна, што іх удзел у пратэстах не будзе памяркоўна сустрэты ні ўладамі, ні адміністрацыяй многіх універсітэтаў. 27 кастрычніка Аляксандр Лукашэнка адкрыта заклікаў ВНУ адлічыць іх. А далей, як мы ўжо ўбачылі з трывогай, універсітэты сталі менавіта так і паступаць са мноствам студэнтаў",  заявіла Айша Джанг, старшая кіраўніца кампаній Amnesty International па Беларусі.

Па стане на 17 траўня 2021 года, па звестках Асацыяцыі беларускіх студэнтаў, незалежнага студэнцкага саюза, было затрымана не менш за 466 студэнтаў, амаль траціна з якіх — жанчыны. Многія былі адміністратыўна затрыманыя або аштрафаваныя ў сярэднім на 120 еўра, што складае чвэрць сярэднямесячнай заработнай платы ў Беларусі. Прынамсі 153 студэнты былі адвольна выключаныя з універсітэтаў, а многія ўцякалі ў суседнія краіны, баючыся за сваю бяспеку. 42 студэнты сталі падазраванымі па крымінальных справах, шасцёра былі асуджаныя да пазбаўлення волі.

Падчас аднага з самых нахабных нападаў на студэнцкія арганізацыі ўлады пачалі крымінальнае расследаванне ў дачыненні да 11 студэнцкіх актывістаў і аднаго выкладчыка, большая частка з якіх былі затрыманыя ў сваіх дамах 12 лістапада 2020 года — гэты дзень цяпер называюць "чорны чацвер". Суд над імі пачаўся 14 траўня і, як чакаецца, ён будзе доўжыцца да сярэдзіны чэрвеня. Усім прад'яўленае абвінавачванне згодна з арт. 342 Крымінальнага кодэкса Беларусі ("арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак"), які прадугледжвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам да трох гадоў.

19-гадовая Анастасія Булыбенка — адна з падсудных. У дзень арышту Анастасія спала ў сваім ложку ў кватэры, дзе яна жыве з маці, калі пачула голас, які загадвае ёй ўставаць. Яна адкрыла вочы і ўбачыла шасцярых невядомых мужчын — яны ўварваліся ў яе кватэру, а цяпер стаялі вакол яе ложка. Анастасія знаходзіцца ў СІЗА з моманту арышту больш за паўгода — за ўвесь гэты час яе маці, Аксане, было дазволена адно 45-хвіліннае спатканне.

"Для мяне ўвесь свет спыніўся, і я проста глядзела на яе... Яна пасталела, дзіцячыя рысы цалкам зніклі з яе твару. Пазней, яна напісала мне пра гэта ў сваім лісце: "Я пакінула наш дом 12 лістапада дзіцём і вярнуся дарослай", — сказала Аксана Amnesty International, успамінаючы тую сустрэчу.

Атакі на палітычна актыўных студэнтаў і выкладчыкаў — не новая тактыка беларускіх уладаў ці навучальных устаноў. Аднак, як і ў выпадку ўсіх тых, хто выступае супраць урада, маштабы пераследу і гвалту ў дачыненні да іх беспрэцэдэнтныя ў гісторыі незалежнай Беларусі.

Amnesty International заклікае беларускія ўлады неадкладна спыніць рэпрэсіі супраць студэнтаў, навукоўцаў і ўсіх мірных дэманстрантаў.

"Беларускія ўлады павінны выконваць свае абавязацельствы па міжнародным праве ў галіне правоў чалавека і паважаць правы студэнтаў мірна выказваць сваё меркаванне, разам ці супольна, і мірна пратэставаць, не асцерагаючыся пераследаў або рэпрэсій", — сказала Айша Джанг.

Яна дадала: 

"Мы заклікаем студэнцкія саюзы і студэнцкіх лідараў па ўсім свеце праявіць салідарнасць са сваімі таварышамі ў Беларусі і патрабуем, каб улады іх краін неадкладна распачалі крокі для аказання ціску на ўрад Аляксандра Лукашэнкі, каб пакласці канец задушэнню грамадскага і акадэмічнага жыцця, ціску на моладзь краіны".

АРЫГІНАЛ АРТЫКУЛА

Пераклад на беларускую мову - spring96.org

See more news

Новы спецыяльны дакладчык ААН аб стане правоў чалавека ў Беларусі Нільс Муйжніекс
16 October 2024, 12:41 PM
Новы спецыяльны дакладчык ААН аб стане правоў чалавека ў Беларусі Нільс Муйжніекс
11 кастрычніка ў Жэневе на пасяджэнні 57-й сесіі Рады ААН па правах чалавека на пасаду спецдакладчыка па Беларусі быў прызначаны Нільс Муйжніекс, эксперт у абароне правоў чалавека з 25-гадовым досведам.
«Я займалася Беларуссю амаль кругласуткава»
28 September 2024, 9:51 AM
«Я займалася Беларуссю амаль кругласуткава»
Падкаст «Вясна прыйдзе» пагаварыў з Анаіс пра яе шлях да Беларусі, пра яе прызначэнне, як гэта ўспрынялі беларускія праваабаронцы, як зарабляла на жыццё (бо быць Спецдакладчыкам — гэта валанцёрская праца).
«Задушэнне іншадумства». Незалежныя эксперты па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі выступілі ў ААН
24 September 2024, 3:30 PM
«Задушэнне іншадумства». Незалежныя эксперты па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі выступілі ў ААН
«Вясна» расказвае, што казалі незалежныя эксперты, дэлегацыя Беларусі, праваабаронцы, і каго ў выніку падтрымалі розныя дзяржавы.
Пашпарты, бежанцы, прымусовае лячэнне... Як беларускія ўлады справаздачыліся ў Камітэце па правах людзей з інваліднасцю
19 September 2024, 4:40 PM
Пашпарты, бежанцы, прымусовае лячэнне... Як беларускія ўлады справаздачыліся ў Камітэце па правах людзей з інваліднасцю
"Вясна" паглядзела шасцігадзіннае пасяджэнне Камітэта правоў людзей з інваліднасцю і распавядае пра самыя асноўныя пытанні, якія Камітэт задаў беларускім уладам.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці