Як пісаць пра палітвязняў, каб не нашкодзіць? БАЖ расказвае, пра што гаварылі ў Празе на Кангрэсе па палітзняволеных

19 June 2024, 11:13 AM
Як пісаць пра палітвязняў, каб не нашкодзіць? БАЖ расказвае, пра што гаварылі ў Празе на Кангрэсе па палітзняволеных

Крыніца: Георгій Леўкавец, БАЖ

У Празе прайшоў Кангрэс па палітзняволеных у Беларусі. У мерапрыемстве прынялі ўдзел больш за 70 грамадскіх структураў, якія займаюцца праблемамі палітвязняў. Беларускую асацыяцыю журналістаў на форуме прадстаўляў намеснік старшыні арганізацыі, кіраўнік прававога цэнтра БАЖ Алег Агееў.

Намеснік старшыні БАЖ Алег Агееў (другі злева) на Кангрэсе па палітзняволеных. Фота: БАЖ

Пісаць, каб не нашкодзіць

Удзельнікі Кангрэсу па палітзняволеных абмяркоўвалі дапамогу, якую беларуская і міжнародная грамадскасць можа аказваць ахвярам палітычна матываванага пераследу. 

— Гаворка ідзе як пра тых людзей, што зараз знаходзяцца за кратамі, так і пра тых, хто нядаўна вызваліўся, — ахарактарызаваў агульную накіраванасць Кангрэсу намеснік старшыні БАЖ Алег Агееў.

Пісаць ці не пісаць пра палітзняволеных? Гэта адно з найбольш вострых і дыскутуемых праблем у асяроддзі дэмакратычнай грамадскасці.

— Як можна і як трэба пісаць пра праблему палітвязняў, каб заставацца ў межах стандартаў? Трэба ўлічваць, што большасць незалежных медыяў, якія могуць пісаць пра палітвязняў, знаходзяцца па-за межамі Беларусі. Адпаведна, беларускія медыі мусяць адпавядаць стандартам краінаў знаходжання, еўрапейскім стандартам, — падкрэслівае праваабаронца.

Але адным з галоўных пытанняў, якое дыскутавалася на форуме, — пытанне бяспекі тых, хто знаходзіцца ў Беларусі, сваякоў палітзняволеных. Як не нашкодзіць, як улічваць меркаванні людзей, якія могуць пацярпець яшчэ больш, пры асвятленні праблем палітзняволеных? Ці ўдалося Кангрэсу ў выніку выпрацаваць агульныя рэкамендацыі, якія б дазволілі незалежным медыям і пісаць пра палітвязняў, але пры гэтым ніяк не нашкодзіць ні ім, ні сваякам?

— Я выказаў меркаванне, якое як раз і грунтуецца на стандартах працы з персанальнымі дадзенымі. Пісаць пра чалавека без яго згоды можна толькі ў тым выпадку, калі ёсць грамадскі інтарэс,  — тлумачыць юрыст. — Тэма беларускіх палітзняволеных, безумоўна, мае грамадскі інтарэс. Значыцца, калі кіравацца стандартам, то апісваць кейсы палітзняволеных можна без згоды сваякоў і саміх зняволеных.

Толькі ёсць адно «але». Правілы бяспекі патрабуюць або звяртацца да іх па згоду, або ўлічваць іх просьбы пра зняццё патэнцыйна небяспечных тэкстаў. Гэтая рэкамендацыя не толькі медыям, але і ўсім, бо людзі пішуць пра палітвязняў у сваіх акаўнтах у сацсетках.

Хто ладзіў Кангрэс па беларускіх палітзняволеных?

Кангрэс па палітзняволеных у Беларусі #WithoutJustCause праходзіў у Празе 23–25 траўня. У Кангрэсе ўдзельнічалі больш за 70 прадстаўнікоў беларускіх праваабарончых арганізацый і ініцыятыў гуманітарнай дапамогі, прадстаўнікі дэмсілаў.

Форум правёў Офіс дэмакратычных сіл Беларусі ў Чэшскай Рэспубліцы пры падтрымцы Амбасады ЗША ў Чэхіі і пад патранажам рэктаркі Карлавага ўніверсітэта.

Першы дзень Кангрэса па палітзняволеных у Беларусі, які ладзіцца на базе Карлавага ўніверсітэта ў Празе.Фота: Наша Ніва

#WithoutJustCause — гэта першае пасля падзей 2020 года буйное экспертна-палітычнае мерапрыемства, прысвечанае крызісу ў галіне правоў чалавека ў Беларусі, а таксама дапамозе тым, хто прайшоў праз рэпрэсіі.

На кангрэсе абмяркоўваліся тэндэнцыі рэпрэсій у Беларусі і новыя выклікі; уразлівыя групы палітзняволеных у беларускіх турмах; праблемы, з якімі сутыкаюцца сваякі палітзняволеных; што могуць рабіць палітыкі для палітзняволеных; эвакуацыя (былых) палітзняволеных з Беларусі, яе прычыны і статыстыка; візавая і іншая інстытуцыйная падтрымка (былых) палітзняволеных; магчымасці рэабілітацыі і рэсацыялізацыі для (былых) палітзняволеных; асвятленне сітуацыі палітзняволеных незалежнымі СМІ.

See more news

Праваабаронцы перадалі ў Міжнародны крымінальны суд доказы злачынстваў супраць чалавечнасці ў Беларусі
07 April 2025, 12:06 PM
Праваабаронцы перадалі ў Міжнародны крымінальны суд доказы злачынстваў супраць чалавечнасці ў Беларусі
Шэсць беларускіх і міжнародных арганізацый перадалі 20 сакавіка 2025 года ў Офіс пракурора Міжнароднага крымінальнага суда доказы магчымых злачынстваў супраць чалавечнасці, здзейсненых прадстаўнікамі беларускай улады.
У ААН занепакоеныя жорсткім абыходжаннем з жанчынамі ў беларускіх турмах
07 April 2025, 12:01 PM
У ААН занепакоеныя жорсткім абыходжаннем з жанчынамі ў беларускіх турмах
"Мы глыбока занепакоеныя жорсткім абыходжаннем з жанчынамі, асуджанымі ў сувязі з пратэстамі супраць прэзідэнцкіх выбараў 2020 года", – заявілі эксперты.
«За кошт тэрору душаць іншадумства». Што казалі НДА на інтэрактыўным дыялогу па Беларусі
07 April 2025, 11:58 AM
«За кошт тэрору душаць іншадумства». Што казалі НДА на інтэрактыўным дыялогу па Беларусі
На інтэрактыўным дыялогу, падчас якога група незалежных экспертаў ААН прэзентавала даклад аб сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, выступіў і шэраг НДА.
FIDH заклікала адмяніць прысуды праваабаронцам «Вясны» і неадкладна вызваліць іх
04 March 2025, 8:44 AM
FIDH заклікала адмяніць прысуды праваабаронцам «Вясны» і неадкладна вызваліць іх
Абсерваторыя па абароне праваабаронцаў (FIDH-OMCT) зноў заклікала да іх неадкладнага і безумоўнага вызвалення і спынення пераследу ўсіх беларускіх праваабаронцаў.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці