Як разбурыць сцяну маўчання вакол Крыма?

24 February 2019, 7:46 AM
Як разбурыць сцяну маўчання вакол Крыма?

20 лютага ў Беларускім доме правоў чалавека праваабаронцы, якія наведалі Крым з маніторынгавай місіяй, прэзентавалі справаздачу аб сваёй вандроўцы.

Падрабязней аб місіі

Сімвалічнасць даты падкрэсліла Таццяна Пячончык, кіраўніца Цэнтра інфармацыі аб правах чалавека (Украіна): менавіта 20 лютага 2014 года на Майдане адбылося кровапралітнае сутыкненне паўстанцаў і міліцыі, якое стала пераломным момантам супрацьстаяння. І гэты ж дзень паклаў пачатак расейскай агрэсіі супраць Украіны: на паўвыспе Крым у гэтыя дні упершыню з’явіліся вайскоўцы без апазнавальных знакаў.

Кірыл Якімаў, Таццяна Пячончык, Мэцью Джоўнс

ЧЫТАЦЬ СПРАВАЗДАЧУ

Таццяна Равяка, удзельніца місіі і мадэратар сустрэчы, патлумачыла, чаму справаздача аб паездцы мае такую назву – “Разбіць сцяну маўчання”: за пяць гадоў анэксіі Крым нібыта ператварыўся з паўвыспы ў выспу, стаў ізаляванай зонай. Адтуль амаль не выходзіць верыфікаваная інфармацыя; там не працуюць міжнародныя механізмы; у Крым няма доступу маніторынгавай місіі ААН, АБСЕ; – і адначасова крымскае пытанне паступова знікае з павесткі дня ў свеце.

Таццяна Равяка і кадр з дакументальнага фільма па выніках місіі

Гэтую сцяну маўчання і намагаюцца разбурыць міжнародныя праваабарончыя арганізацыі, сярод якіх – Фонд Дамоў правоў чалавека, які скіраваў міжнародную місію ў Крым у верасні 2018 года.

Місія Фонда дамоў правоў чалавека адрознівалася ад падобнага кшталту паездак, якія ладзілі іншыя праваабаронцы, тым, што адкрыта дэкларавала праваабарончыя задачы – назвала такую мэту паездкі памежнікам расейскага боку. На мяжы праваабаронцаў спачатку затрымалі, аднак потым прапусцілі. Не вядома, які фактар адыграў вырашальную ролю, аднак місія патрапіла ў Крым легальна.

Удзельнік місіі ад Беларускага дома правоў чалавека Алег Мацкевіч падкрэсліў, што паездка была важная для яго не толькі як для праваабаронцы, але і як для беларуса. Па ягоным меркаванні, Крым – узор таго, у што можа ператварыцца Беларусь пры падобных падзеях: у месца дыслакацыі вайсковых баз; у зону, дзе людзі пазбаўлены магчымасцяў абараняць свае правы; ім фактычна забаронена ідэнтыфікаваць сябе украінцамі.

Алег Мацкевіч, Кірыл Якімаў

Кірыл Якімаў, удзельнік місіі ад Чарнігаўскага дома правоў чалавека, расказаў, што падчас чатырох дзён місіі атрымалася правесці 20 сустрэчаў і пагутарыць з паўсотняй чалавек. Усе інтэрвію былі складаныя эмацыйна, бо размаўляць даводзіцца з ахвярамі парушэння правоў. У справаздачы, за рэдкімі выключэннямі, не згадваюцца прозвішы апытаных – каб не паставіць людзей пад пагрозу апублічваннем іх інтэрвію.

Таццяна Равяка, Алег Мацкевіч, Кірыл Якімаў

Чаму “замаўчаў” Крым?

Праваабаронцы распавялі, што адным з першых дзеянняў вайскоўцаў у Крыме были захоп тэлебачання і зачыстка інфармацыйнай прасторы. За першы год акупацыі большасць прафесійных журналістаў былі змушаныя выехаць з Крыма або змянілі прафесію, бо ім пагражала небяспека, калі б яны працягнулі працаваць: “Спосабы прыціскання свабоды слова – варварсскія; пакаранні – публічныя, жорсткія з адзінай мэтай: запалохаць людзей”.

Зачышчаным у Крыме аказалася не толькі інфармацыйнае поле, але і грамадская прастора: паводле новых правілаў перарэгісторацыі, грамадскія арганізацыі не здолелі перарэгістравацца і спынілі дзейнасць.

Але паступова ў Крыме з’яўляецца новы голас.

Наша задача – дапамагчы новай праваабарончай супольнасці, спрыяць умацаванню тых людзей, якія цяпер гатовыя ўзяць на сябе абарону правоў чалавека ў Крыме.

Алег Мацкевіч пабачыў, што цяжкія ўмовы аб’ядноўваюць людзей:

– Я бы сказаў, што адбыўся росквіт грамадскай, сацыяльнай журналістыкі, калі можна было б ужыць да такіх умоваў слова “росквіт”. Людзі карыстаюцца тым, што ў кожным смартфоне ёсць інтэрнэт і магчымасць трансляцыі: яны збіраюцца каля судоў, падтрымліваючы адно аднога.

І новай супольнасці, якая цяпер паўстае ў Крыме насуперак ціску, вельмі важная падтрымка звонку, на думку праваабаронцаў:

– Часта мы чулі ад апытаных: яны пачуваюцца ўсімі кінутымі. Вельмі важна, каб тэма Крыма не сыходзіла з павесткі дня. Бо там, у Крыме, ёсць людзі, якія дагэтуль змагаюцца.

Таццяна Равяка дадала, што новую грамадзянскую супольнасць, якая цяпер нараджаецца на паўвыспе, можна параўнаць з беларускай супольнасцю 20-гадовай даўніны:

– Напрыканцы дзевяностых у нас, беларускіх актывістаў, не было досведа, не было разумення, што рабіць, і магчыма, мы нават былі не вельмі эфектыўнымі. І сёння наша задача – дапамагчы новай праваабарончай супольнасці, спрыяць умацаванню тых людзей, якія цяпер гатовыя ўзяць на сябе абарону правоў чалавека ў Крыме.

 

Яўгенія Парашчанка, Беларускі дом правоў чалавека


Справаздачу прэзентавалі:

● Таццяна Пячончык, кіраўнік Цэнтра інфармацыі аб правах чалавека (Украіна)
● Кірыл Якімаў, член місіі ў Крыме, прадстаўнік Адукацыйнага Дома правоў чалавека (Чарнігаў, Украіна);
● Алег Мацкевіч, член місіі ў Крыме, прадстаўнік Беларускага Дома правоў чалавека імя Б.Звозскава;
● Мэцью Джоўнс (Matthew Jones), супрацоўнік па міжнароднай адвакацыі Фонда Дамоў правоў чалавека (Швейцарыя, Жэнева)

Мадэратар – Таццяна Равяка, член місіі ў Крыме, прадстаўнік Беларускага Дома правоў чалавека імя Б.Звозскава

See more news

Новы спецыяльны дакладчык ААН аб стане правоў чалавека ў Беларусі Нільс Муйжніекс
16 October 2024, 12:41 PM
Новы спецыяльны дакладчык ААН аб стане правоў чалавека ў Беларусі Нільс Муйжніекс
11 кастрычніка ў Жэневе на пасяджэнні 57-й сесіі Рады ААН па правах чалавека на пасаду спецдакладчыка па Беларусі быў прызначаны Нільс Муйжніекс, эксперт у абароне правоў чалавека з 25-гадовым досведам.
«Я займалася Беларуссю амаль кругласуткава»
28 September 2024, 9:51 AM
«Я займалася Беларуссю амаль кругласуткава»
Падкаст «Вясна прыйдзе» пагаварыў з Анаіс пра яе шлях да Беларусі, пра яе прызначэнне, як гэта ўспрынялі беларускія праваабаронцы, як зарабляла на жыццё (бо быць Спецдакладчыкам — гэта валанцёрская праца).
«Задушэнне іншадумства». Незалежныя эксперты па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі выступілі ў ААН
24 September 2024, 3:30 PM
«Задушэнне іншадумства». Незалежныя эксперты па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі выступілі ў ААН
«Вясна» расказвае, што казалі незалежныя эксперты, дэлегацыя Беларусі, праваабаронцы, і каго ў выніку падтрымалі розныя дзяржавы.
Пашпарты, бежанцы, прымусовае лячэнне... Як беларускія ўлады справаздачыліся ў Камітэце па правах людзей з інваліднасцю
19 September 2024, 4:40 PM
Пашпарты, бежанцы, прымусовае лячэнне... Як беларускія ўлады справаздачыліся ў Камітэце па правах людзей з інваліднасцю
"Вясна" паглядзела шасцігадзіннае пасяджэнне Камітэта правоў людзей з інваліднасцю і распавядае пра самыя асноўныя пытанні, якія Камітэт задаў беларускім уладам.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці