З нагоды гадавіны ліквідацыі Беларускага ПЭН-цэнтра

09 August 2022, 9:00 AM
З нагоды гадавіны ліквідацыі Беларускага ПЭН-цэнтра

Праваабарончая арганізацыя "Беларускі ПЭН" апублікавала заяву з нагоды гадавіны сваёй ліквідацыі год таму:

"Беларускі ПЭН ліквідавалі ў Беларусі рашэннем Вярхоўнага суда 9 жніўня 2021 года, на гадавіну прэзідэнцкіх выбараў. З 2020-га да цяперашняга года мы перажылі праверкі Міністэрства юстыцыі, ператрусы, юрыдычную ліквідацыю, блакаванне сайта, рэлакацыю актыву ў Варшаву – але ні на дзень не спынялі нашай дзейнасці. Пазіцыя каманды і Рады Беларускага ПЭНа акрэсленая ў Маніфесце Няпэўнага Часу (па-англійску: Vague Time Manifesto). 

У выніку мы зарэгістравалі Беларускі ПЭН у Польшчы і працягваем адтуль сваю працу як асацыяцыя. 

Напачатку чэрвеня 2021 года Міністэрства юстыцыі Беларусі «ў мэтах правядзення маніторынгу» запатрабавала ў ПЭНа дакументы за чатыры з паловай гады дзейнасці. А ўжо 8 ліпеня накіравала пазоў у Вярхоўны суд (пры гэтым на сайце Вярхоўнага суда пэўны час пазоўнікам было пазначанае Міністэрства юстыцыі Расійскай Федэрацыі).

Прэтэнзіі да Беларускага ПЭНа зводзіліся да трох пунктаў. Мінюст сцвярджаў, што нашая арганізацыя:

  1. атрымлівала замежную бязвыплатную дапамогу і не рэгістравала яе ў належным парадку;

  2. выкарыстоўвала фінансаванне не на статутныя мэты;

  3. размяшчала на сваім сайце навіны, датычныя палітычнай і (або) агітацыйнай дзейнасці.

Беларускі ПЭН гэтых прэтэнзіяў не прызнаў, сфармуляваў доказы іх незаконнасці і выказаў сваю пазіцыю ў судзе.

Сродкі, якія Міністэрства юстыцыі называе замежнай бязвыплатнай дапамогай, Беларускі ПЭН атрымаў ад сябры арганізацыі, грамадзянкі Беларусі Святланы Алексіевіч. Яны былі атрыманыя ў Беларусі ў беларускіх жа рублях і залічаныя на рахунак арганізацыі як ахвяраванне.

Ахвяраванне Святланы Алексіевіч не магло (на момант судовага разбору) разглядацца як замежная фінансавая дапамога, якую неабходна рэгістраваць у Дэпартаменце па гуманітарнай дзейнасці. Заканадаўства Рэспублікі Беларусь сцвярджае, што замежнай дапамогай лічацца сродкі ад беларускага грамадзяніна са статусам «пастаяннага пражывання за мяжой» – а гэты статус мае вельмі дакладныя крытэрыі.

Для таго, каб адпавядаць гэтаму статусу, Святлана Алексіевіч мусіла б перааформіць свой пашпарт серыі MP на пашпарт грамадзяніна, які пастаянна пражывае за мяжой, – серыі PP, а таксама быць у базе такіх асобаў. Пры гэтым для беларускага заканадаўства не мае значэння працягласць замежнага пражывання.

Больш за тое, менавіта такой пазіцыяй пры вызначэнні «грамадзянаў, якія пастаянна пражываюць за мяжой» кіруецца сам Дэпартамент па гуманітарнай дзейнасці, то-бок, паводле гэтай структуры, дапамога накшталт той, што давалася ПЭНу Святланаю Алексіевіч, не мусіла рэгістравацца ў згаданым дэпартаменце.

Такім чынам, Святлана Алексіевіч паводле крытэрыяў беларускага заканадаўства не была грамадзянкай, якая пастаянна пражывае за мяжой, а значыць, грашовае ахвяраванне ад яе не магло лічыцца замежнай фінансавай дапамогай. Дэталёвую аргументацыю ПЭНа можна прачытаць у стэнаграме суда, з якой таксама будзе відаць, што яна не была аспрэчаная ні пракурорам, ні пазоўнікам. 

Другая прэтэнзія Міністэрства юстыцыі да ПЭНа тычылася нібыта нямэтавага выкарыстання фінансавання.

Грошы выдаткавалі на рамонт (будаўніча-мантажныя, праектныя ды іншыя працы), а таксама на аплату камунальных паслуг памяшкання, якое належыць Беларускаму ПЭНу і якое мы дастасоўвалі да патрабаванняў заканадаўства (сярод тых патрабаванняў – вывядзенне памяшкання з жылога фонду). Гэта стала часткаю адміністрацыйных выдаткаў, неабходных, каб арганізацыя магла выконваць сваю асноўную дзейнасць, а супрацоўнікі мелі месца для працы. Больш за тое, са стэнаграмы суда відаць, як для прадстаўніка Мінюста факт, што сродкі накіроўваліся ПЭНам на парадкаванне ўласнага памяшкання, стаў адкрыццём. Калі кіравацца логікай міністэрства, усе выдаткі, звязаныя з утрыманнем міністэрскага будынка, з’яўляюцца нямэтавай тратаю Мінюстам бюджэтных сродкаў.  

Трэцяя прэтэнзія Мінюста да Беларускага ПЭНа заключалася ў тым, што міністэрства без якой-кольвек экспертызы і аналізу залічыла матэрыялы на нашым сайце ў «палітычныя і (або) агітацыйныя», пасля чаго зрабіла выснову, што ПЭН за кошт замежнай фінансавай дапамогі і насуперак дзейнаму заканадаўству ладзіў палітычныя ды агітацыйныя мерапрыемствы. Гэтую прэтэнзію таксама не выпадае лічыць абгрунтаванай. Па-першае, як ужо было даведзена, ахвяраванні Святланы Алексіевіч нават паводле беларускага заканадаўства не былі замежнай фінансавай дапамогай. Па-другое ж, ніякіх палітычных і агітацыйных мерапрыемстваў ПЭН не ладзіў. Мала таго, Беларускі ПЭН як праваабарончая арганізацыя прынцыпова трымаў дыстанцыю ад палітычнай дзейнасці, хаця пакідаў за сабой права (згодна са статутам) абвяшчаць свой пункт гледжання ў пытаннях, звязаных з мэтай арганізацыі і з абаронай ідэалаў гуманізму.

Такім чынам, на судовым пасяджэнні Беларускі ПЭН аспрэчыў усе абвінавачванні Міністэрства юстыцыі, пацвердзіў сваю пазіцыю дакументальна, але, як бачым, на вынік суда гэта не паўплывала. 

Сёння мы дзелімся з вамі стэнаграмаю судовага пасяджэння – гістарычным для ПЭНа дакументам, сведчаннем часу, што дэманструе логіку развіцця суда, пазіцыі абароны і абвінаваўцы, а таксама невідушчасць Феміды.

Падтрымаць дзейнасць Беларускага ПЭНа можна, падпісаўшыся на Патрэон або дабрачынным ахвяраваннем на рахунак Беларускага ПЭНа:

mBank

BREXPLPWMBK

EUR PL21 1140 2004 0000 3812 1651 0640

USD PL94 1140 2004 0000 3112 1651 0639

PLN PL32 1140 2004 0000 3002 8261 7144

Bialoruski PEN

Rynek Starego Miasta 2

Warszawa 00-272

Арыгінал артыкула

See more news

Даследванне Беларускага ПЭНу: Беларуская мова ў перыяд грамадска-палітычнага крызісу. Праявы моўнай дыскрымінацыі
26 September 2022, 9:46 AM
Даследванне Беларускага ПЭНу: Беларуская мова ў перыяд грамадска-палітычнага крызісу. Праявы моўнай дыскрымінацыі
Беларускі ПЭН аналізуе, як развівалася сітуацыя з заканадаўчым рэгуляваннем правоў носьбітаў беларускай мовы ў апошнія дзесяцігоддзі.
1000 некоммерческих организаций в Беларуси ликвидированы с сентября 2020 года
19 September 2022, 9:31 AM
1000 некоммерческих организаций в Беларуси ликвидированы с сентября 2020 года
Такое число сообщает правозащитная организация Lawtrend, которая специализируется на свободе ассоциаций в Беларуси и ведет мониторинг ликвидации общественных организаций.
Еўрапейская і Міжнародная федэрацыі журналістаў: «Вырак Дзянісу Івашыну – гэта пародыя на суд»
19 September 2022, 9:12 AM
Еўрапейская і Міжнародная федэрацыі журналістаў: «Вырак Дзянісу Івашыну – гэта пародыя на суд»
Еўрапейская і Міжнародная федэрацыі журналістаў (EFJ-IFJ) далучаюцца да сваёй сяброўскай арганізацыі ў Беларусі, Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ), вырак на 13 гадоў журналіста Дзяніса Івашына.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці