)
Праваабарончы цэнтр "Вясна" вітае вызваленне Алеся Бяляцкага, Уладзя Лабковіча і іншых беларускіх палітычных зняволеных 13 снежня 2025 года. Гэтая падзея стала вынікам працяглых, паслядоўных і прынцыповых намаганняў беларускага грамадства, міжнароднай дэмакратычнай супольнасці, міжнародных арганізацый і дыпламатыі Злучаных Штатаў Амерыкі і еўрапейскіх дэмакратый, якія на працягу многіх гадоў уздымают пытанне незаконнага пазбаўлення волі праваабаронцаў, журналістаў, грамадзянскіх актывістаў і іншадумцаў у Беларусі і дамагаюцца іх вызвалення.
Алесь Бяляцкі – заснавальнік "Вясны", праваабаронца, лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру, чалавек, чыё імя непарыўна звязана з абаронай чалавечай годнасці, свабоды і салідарнасці ў Беларусі. Яго вызваленне мае вялізарнае значэнне не толькі для праваабарончай супольнасці і грамадства краіны, але і для ўсіх, хто працягвае змагацца за правы чалавека ва ўмовах рэпрэсій. Гэта пацвярджэнне таго, што міжнародная салідарнасць, ціск і прынцыповая пазіцыя дэмакратычных дзяржаў здольныя прыносіць рэальныя вынікі. Гэта магчымасць для аднаўлення ўнутранага дыялогу ў Беларусі.
У той жа час "Вясна" падкрэслівае, што радасць ад вызвалення Алеся Бяляцкага не можа засланіць той факт, што больш за тысячу беларускіх палітычных зняволеных, у тым ліку сябры "Вясны" Марыя Рабкова і Валянцін Стэфановіч, па-ранейшаму застаюцца за кратамі, падвяргаючыся жорсткаму абыходжанню, абмежаванню правоў, ціску і ізаляцыі. Кожны дзень пазбаўлення волі для гэтых людзей – гэта працяг несправядлівасці і парушэння фундаментальных правоў чалавека.
Мы заклікаем улады Беларусі неадкладна і безумоўна вызваліць усіх палітычных зняволеных, спыніць крымінальны і адміністрацыйны пераслед па палітычных матывах, а таксама стварыць умовы для аднаўлення вяршэнства права, правоў чалавека і асноўных свабод.
Праваабарончы цэнтр "Вясна" выказвае шчырую падзяку ўрадам дэмакратычных краін, дыпламатам, міжнародным арганізацыям, праваабарончым сеткам і ўсім людзям, якія на працягу гэтых гадоў праяўлялі настойлівасць і салідарнасць, не дазваляючы забыць пра лёсы палітычных зняволеных у Беларусі. Мы заклікаем і надалей працягваць гэтую працу, дамагаючыся свабоды для кожнага і кожнай, хто быў пазбаўлены яе за свае перакананні.
)
)
)
)
)