«Злачынствы супраць чалавечнасці не застануцца беспакаранымі»: выступ Наталлі Сацункевіч на Жэнеўскім тыдні правоў чалавека

12 November 2025, 9:00 PM
«Злачынствы супраць чалавечнасці не застануцца беспакаранымі»: выступ Наталлі Сацункевіч на Жэнеўскім тыдні правоў чалавека

У Жэневе 10-14 лістапада праходзіць Тыдзень правоў чалавека. У яго межах выступілі і лаўрэаты Нобелеўскай прэміі міру 2022 года. Алеся Бяляцкага, які знаходзіцца ў зняволенні з 2021 года, прадстаўляла праваабаронца ПЦ "Вясна" Наталля Сацункевіч.


Тыдзень правоў чалавека арганізаваны Інстытутам глабальных даследаванняў Жэнеўскага ўніверсітэта і прысвечаны тэме абароны вяршэнства права. Сярод выступоўцаў на яе адкрыцці — прэзідэнтка "Цэнтра грамадзянскіх свабод" Аляксандра Матвійчук, сузаснавальнік і старшыня рады дырэктараў Праваабарончага цэнтра "Мемарыял" Аляксандр Чаркасаў, а таксама Наталля Сацункевіч. Яна адзначыла, што Жэнева для яе — сімвал міжнароднай салідарнасці і веры ў тое, што закон і правы чалавека павінны абараняць кожнага, а не служыць інструментам рэпрэсій.

"Хачу адзначыць, што я далучылася да "Вясны" больш за 10 гадоў таму, — адзначыла ў сваёй прамове Наталля Сацункевіч. — Гэта было сапраўды лёсавызначальнае рашэнне, і я вельмі ўдзячная, што з'яўляюся часткай гэтай каманды, што пазнаёмілася і працую разам з гэтымі смелымі людзьмі. Гэта гонар для мяне. Многія з іх — гэта не толькі мае калегі, але і сябры. Вось ужо амаль 30 гадоў "Вясна" дакументуе парушэнні правоў чалавека, аказвае дапамогу ахвярам палітычных рэпрэсій і выступае за вызваленне палітвязняў. Мы таксама праводзім кампанію супраць смяротнага пакарання ў Беларусі, арганізуем навучанне правам чалавека для моладзі і выбудоўваем магутную сетку валанцёраў па ўсёй краіне".

"Вясна" і яе сябры заўсёды выказваліся гучна і крытычна, адзначыла праваабаронца:

"Можна здагадацца, што гэта ніколі не віталася беларускімі ўладамі. На працягу многіх гадоў мы сутыкаліся са шматлікімі ператрусамі, арыштамі, судовымі працэсамі і крымінальнымі справамі. Сёння чацвёра маіх калегаў з "Вясны" знаходзяцца ў турме, у тым ліку заснавальнік і лідар арганізацыі Алесь Бяляцкі, які атрымаў Нобелеўскую прэмію міру".

Таксама праваабаронца распавяла пра тое, як сёння працуе ПЦ "Вясна" і як арганізацыя працягвае выконваць місію перад тварам рэпрэсій і вайны. Так, важнае з пункту гледжання вяршэнства закона — гэта дакументаванне катаванняў і міжнародная адказнасць:

"З першых дзён масавых пратэстаў у 2020 годзе "Вясна" сістэматычна дакументавала катаванні і жорсткае абыходжанне, што зазналі тысячы пратэстоўцаў. Я памятаю гэтыя дні ў нашым офісе ў Мінску, калі людзі выходзілі з СІЗА збітымі, ім патрэбная была магчымасць пагаварыць з кім-небудзь і задакументаваць сваю гісторыю, каб яе пачулі. Я думаю, што ніколі не забуду першага хлопца, якога я тады сустрэла.

Мы сабралі сотні паказанняў сведак, медычных заключэнняў, фотаздымкаў, відэазапісаў і прадставілі іх у міжнародныя органы, такія як ААН, АБСЕ, Міжнародны крымінальны суд і некалькі нацыянальных юрысдыкцыяў у Еўропе, ужываючы прынцып універсальнай юрысдыкцыі. Нашы матэрыялы ўжо сталі асновай для расследаванняў у Германіі, Літве, Польшчы, Чэхіі ды іншых краінах.

Гэта дае нам надзею на тое, што злачынствы супраць чалавечнасці, якія былі здзейсненыя ў Беларусі, не застануцца беспакаранымі. Нават калі правасуддзе ўнутры краіны сёння немагчымае. Сёння беларуская праваабарончая супольнасць актыўна працуе над стварэннем міжнародных механізмаў прыцягнення да адказнасці. Таму што толькі прызнанне праўды і прыцягненне вінаватых да адказнасці могуць аднавіць давер да закона і да самой ідэі справядлівасці. Як ужо згадвалася, я не юрыстка з адукацыі, але мне лёгка зразумець сутнасць правасуддзя. Для мяне яно азначае, што вінаватыя будуць прыцягнутыя да адказнасці, а ахвяры будуць адноўленыя ў правах, якія будуць прызнаныя".

На жаль, адзначыла Наталля Сацункевіч, людзі сутыкаюцца з яшчэ адным аспектам беларускага крызісу — транснацыянальнымі рэпрэсіямі:

"Улады распаўсюджваюць судовы пераслед за межы краіны. Яны распачынаюць крымінальныя справы супраць актывістаў, што знаходзяцца ў выгнанні, патрабуюць экстрадыцыі ды пагражаюць сем'ям, якія застаюцца ў Беларусі. Такія пераследы закранаюць сотні людзей: праваабаронцаў, журналістаў, валанцёраў і юрыстаў. Гэта паказвае, што наша барацьба — гэта не толькі беларуская праблема, але і частка ўсеагульных намаганняў па абароне правоў чалавека. Вы можаце лёгка знайсці беларускіх палітвязняў тут, у Швейцарыі, а таксама ў Жэневе. Яны сярод нас".

Сёння вяршэнства закона ў Беларусі цалкам ліквідаванае, адзначыла праваабаронца ў сваёй прамове:

"Калі я пачынала сваю праваабарончую дзейнасць, я назірала за судовымі працэсамі як валанцёрка і бачыла эфект прысутнасці незалежнага назіральніка ў зале суда, як гэта ўплывае на суддзю. На жаль, я мушу сказаць, што незалежных судоў у Беларусі не было і дагэтуль няма. Судовыя працэсы цалкам палітызаваныя. Незалежных судоў больш не існуе. Адвакатаў, якія абараняюць палітвязняў, пазбаўляюць адвакацкай ліцэнзіі або садзяць у турму. Праваабарончыя арганізацыі і незалежныя СМІ прызнаюць экстрэмісцкімі фармаваннямі. Тое ж адбылося і з "Вясной". Мірны пратэст ці нават невялікае ахвяраванне могуць прывесці да пазбаўлення волі кожнага жыхара Беларусі".

Таксама Наталля Сацункевіч распавяла, што на гэты момант больш за 1 200 чалавек з'яўляюцца палітычнымі зняволенымі, іх колькасць працягвае расці. Сярод іх чацвёра сябраў "Вясны": Алесь Бяляцкі, Уладзімір Лабковіч, Валянцін Стэфановіч і Марфа Рабкова.

"Яны, як і многія іншыя палітычныя зняволеныя, утрымліваюцца ў поўнай ізаляцыі, без лістоў, спатканняў і медычнай дапамогі. Катаванні, жорсткае абыходжанне і смерці ў месцах пазбаўлення волі працягваюцца цалкам беспакарана".

Сама Наталля Сацункевіч жыве ў выгнанні з 2021 года, пасля таго як супраць яе была распачатая крымінальная справа. Праваабаронцу таксама абвясцілі ў вышук у Беларусі ды Расеі.

"І я магу сказаць, што гэта вельмі цяжкі асабісты досвед, калі я не магу вярнуцца дадому і абняць сваю бабулю. Ёй 84 гады. Атрымліваецца, яна крыху старэйшая за ААН, які сёлета адзначае сваё 80-годдзе. Але гэтая асабістая гісторыя падводзіць нас да прафесійнай. Я не магу вярнуцца дадому і я не магу атрымліваць асалоду ад свайго жыцця, пакуль у Беларусі не будуць выконвацца правы чалавека. Я нарадзілася і вырасла ў краіне, дзе правы чалавека не выконваюцца. Таму мая самая вялікая мара — убачыць Беларусь, дзе ўлады сапраўды выконваюць правы чалавека, а людзі імі карыстаюцца, і жыць у такой краіне. Я вялікая прыхільніца свабоды мірных сходаў, і я хачу бачыць, як людзі ёю карыстаюцца. Гэта мая самая запаветная мара".

Аднак, нягледзячы на ўсе гэтыя цяжкасці: на транснацыянальныя рэпрэсіі, на глыбокі крызіс у галіне правоў чалавека, "Вясна" працягвае сваю працу, падкрэсліла Наталля Сацункевіч:

"Нашы прыярытэты застаюцца ранейшымі: дакументаваць парушэнні, аказваць дапамогу ахвярам і дамагацца прыцягнення рэжыму да міжнароднай адказнасці за яго злачынствы. Мы вядзём самую вялікую базу дадзеных пра палітвязняў, сочым за судовымі працэсамі і падтрымліваем сем'і, якія засталіся без даходу і кантактаў са сваімі блізкімі. Мы таксама цесна супрацоўнічаем па ўсім рэгіёне.

Я мушу сказаць, што рэпрэсіі ў Беларусі, вайна супраць Украіны і звужэнне прасторы для грамадзянскай супольнасці ў Расеі з'яўляюцца часткай адной і той жа аўтарытарнай тэндэнцыі. Нашы супольнасці звязаныя не толькі геаграфіяй, але і агульным досведам і ўзаемнай падтрымкай. І гэтая Нобелеўская прэмія міру, і цырымонія ўзнагароджання, калі мы сустрэліся ў Осла, былі не першым выпадкам, калі нашы арганізацыі сустракаліся і супрацоўнічалі. Мы пачалі супрацоўнічаць дзясяткі гадоў таму, і ў нас склаліся партнёрскія адносіны.

У заключэнне я хачу сказаць, што абарона вяршэнства закона азначае абарону чалавечага жыцця, годнасці і веры ў тое, што справядлівасць павінна служыць усім, а не толькі моцным свету гэтага. Нават знаходзячыся ў выгнанні, мы працягваем змагацца за будучыню Беларусі. Я вельмі ўдзячная ўсім, хто падтрымлівае нас. Гэта тыя, хто слухае, запамінае і дзейнічае. Таму што кожнае слова падтрымкі і кожны акт салідарнасці дапамагаюць нам працягваць у тым жа духу".

Арыгінальная публікацыя на сайце "Вясны"

Share

See more news

Універсальны перыядычны агляд: Беларусь падтрымала 128 рэкамендацый з 332
18 December 2025, 9:00 PM
Універсальны перыядычны агляд: Беларусь падтрымала 128 рэкамендацый з 332
У Жэневе прайшло 15 пасяджэнне перад дзясятай сесіяй Рабочай групы па Універсальным перыядычным аглядзе (УПА). На ім прынялі раздзел рэкамендацый праекта дакладу УПА па ў тым ліку і Беларусі.
Што такое «Accountability for Belarus»? Тлумачыць экспертка БХК Кацярына Дзяйкала
05 December 2025, 9:00 PM
Што такое «Accountability for Belarus»? Тлумачыць экспертка БХК Кацярына Дзяйкала
"Вясна" разбіраецца разам з эксперткай БХК Кацярынай Дзяйкалай.
Шлях да Еўрапейскай Канвенцыі: чаму адмена смяротнага пакарання — ключ да абароны правоў беларусаў
04 December 2025, 9:00 PM
Шлях да Еўрапейскай Канвенцыі: чаму адмена смяротнага пакарання — ключ да абароны правоў беларусаў
Беларусы вартыя быць у Радзе Еўропы. Але адной з перашкод для гэтага становіцца наяўнасць смяротнага пакарання ў краіне.
16 справаў супраць Беларусі: Камітэт па правах чалавека ААН вынес меркаванні
28 November 2025, 6:00 AM
16 справаў супраць Беларусі: Камітэт па правах чалавека ААН вынес меркаванні
Камітэт па правах чалавека ААН вынес Меркаванні па справе адразу 16 заяўнікаў. Яны тычыліся штрафаў за вывешванне бела-чырвона-белых сцягоў (і не толькі) на вокнах уласных дамоў.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці