114 асуджаных, 99 з якіх — да турмы: «Вясна» падводзіць вынікі «Справы Зельцара»

21 лютага 2023, 13:30
114 асуджаных, 99 з якіх — да турмы: «Вясна» падводзіць вынікі «Справы Зельцара»

Па ўсёй Беларусі 29 і 30 верасня 2021 года прайшла хваля затрыманняў за каментары ў сацыяльных сетках пра забойствы IT-спецыяліста Андрэя Зельцэра і супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка. У хуткім часе Следчы камітэт заявіў, што супраць 136 затрыманых былі ўзбуджаныя крымінальныя справы паводле арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады) і арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці) Крымінальнага кодэкса. На дадзены момант праваабаронцам вядомыя прозвішчы 124 затрыманых па справе, не менш за 114 з якіх ужо асудзілі. Абсалютная большасць з іх была пазбаўлена волі, а дзясяткі чалавек ужо выйшлі на волю, цалкам адбыўшы тэрміны. Пасля затрымання фігурантаў самай масавай крымінальнай справы змясцілі на каранцін, дзе ўтрымлівалі ў нечалавечых умовах і паўтара месяца не прымалі для іх перадачы.

"Вясна" нагадвае храналогію пераследу беларусаў па "справе Зельцэра" і распавядае, за што асудзілі больш за сто чалавек, каго з іх унеслі ў "тэрарыстычны спіс" і як фігурантаў судзяць па зусім іншых крымінальных артыкулах. 

Перастрэлка ў мінскай кватэры. 28 верасня 2021 года. Скрыншот: відэа КДБПерастрэлка ў мінскай кватэры. 28 верасня 2021 года. Скрыншот: відэа КДБ

Што здарылася ў верасні 2021 года?

28 верасня 2021 года ў Мінску адбылася перастрэлка паміж супрацоўнікамі КДБ і Андрэем Зельцэрам, у кватэру да якога з ужываннем спецсродкаў ламіліся сілавікі. У выніку Зельцэр і адзін з кадэбэшнікаў загінулі, што выклікала рэзананс у карыстальнікаў сацыяльных сетак. У наступныя дні прэс-служба КДБ паведаміла, што за каментары ў сацсетках пад публікацыямі пра загінулых было затрымана каля 200 чалавек, у дачыненні да іх былі ўзбуджаныя крымінальныя справы па арт. 130 і 369 Крымінальнага кодэкса.

Для затрыманых па "справе Зельцэра" ні ў ІЧУ, ні ў следчай турме № 8 не прымалі перадачы на працягу больш за 1,5 месяца. Іх абмяжоўвалі ў ліставанні, атрыманні пасылак і ў некаторых выпадках — сустрэчах з адвакатамі. Прычынай такіх абмежаванняў супрацоўнікі жодзінскай турмы называлі «каранцін па каранавірусе». Але былыя палітвязні называюць такі ціск «прэс-хатай», бо жорсткія абмежаванні тычыліся толькі затрыманых па "справе Зельцэра", а ўмовы іх утрымання наўмысна пагаршаліся.

Паўтара месяца зняволеныя сядзелі ў перапоўненых камерах у тым адзенні, у якім іх затрымалі, без сродкаў гігіены і цёплых рэчаў. 

Праваабаронцы "Вясны" ў інтарэсах затрыманых па "справе Зельцэра" звярнуліся да спецдакладчыкаў ААН па пытанні жорсткага і бесчалавечнага абыходжання з імі пасля затрымання і падчас утрымання ў турме. Зварот быў накіраваны да Спецдакладчыкаў ААН па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі Анаіс Марэн, па пытанні аб катаваннях і іншых формах бесчалавечага і зневажальнага абыходжання Нілса Мелзара, па пытанні аб заахвочванні і абароне права на свабоду меркаванняў і іх свабоднае выказванне Ірэн Хан, а таксама ў працоўную групу ААН па адвольных затрыманнях.

Жонку Андрэя Зельцэра Марыю Успенскую абвінавацілі ў саўдзеле ў забойстве супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка па арт. 16 і ч. 2 арт. 139 Крымінальнага кодэкса. Судзілі Марыю як "асобу, якая здзейсніла грамадска небяспечнае дзеянне", таму на судзе яе інтарэсы прадстаўляла яе маці. Суддзя Валянціна Зянькевіч прызначыла ёй прымусовае лячэнне ў псіхіятрычным стацыянары. Акрамя таго, суд спагнаў матэрыяльную кампенсацыю "маральнай шкоды ў памеры 100 тысяч рублёў на карысць пацярпелай, якія будуць залічаны на карысць дзіцячага дома № 5 г. Мінска" — жонкі забітага Дзмітрыя «Нірваны» Федасюка. Цяпер Марыя знаходзіцца ў РНПЦ псіхічнага здароўя ў Навінках.

98 асуджаных да пазбаўлення волі і толькі тры — да абмежавання волі

У пачатку жніўня прэс-служба Следчага камітэта паведаміла, што ў пракуратуру было накіравана 57 крымінальных справаў за каментары пасля смерці супрацоўніка КДБ.

Па звестках "Вясны", за каментары, рэпосты, зліў дадзеных сілавікоў і публікацыі ў сацсетках было затрымана не менш за 124 чалавек. Праваабаронцам вядомыя вынікі судоў над 103 чалавекамі, а вынікі па яшчэ 11 справах пакуль высвятляюцца. Тры чалавекі асудзілі да абмежавання волі, яшчэ 99 чалавек асуджаныя да калоніі. Толькі за апошнія паўгода беларусскія суддзі вынеслі па "справе Зельцэра" больш за 60 прысудаў. 

Праз доўгі тэрмін утрымання пад вартай да суда, 26 чалавек паспелі цалкам адбыць сваё пакаранне і выйшлі на волю з месцаў зняволення.

35 фігурантаў справы ўнесены ў "тэрарыстычны спіс"  

ivonchik.jpg67-гадовы "тэрарыст" Яўген Івончык

У "пералік фізічных асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці" Камітэт дзяржаўнай бяспекі ўключыў мінімум 35 фігурантаў "справы Зельцэра", сярод іх — чатыры жанчыны. 

Так, напрыклад, статус "тэрарыста" атрымаў 67-гадовы асуджаны фігурант "справы Зельцэра" Яўген Івончык. 

У спіс дадалі і Аліну Забаштанскую, якая хварэе на эпілепсію. Дома палітзняволеную чакае дачка.

Яшчэ адна жанчана, якая трапіла ў спіс,  палітзняволеная супрацоўніца БелТА Іна Можчанка. Яе асудзілі да трох гадоў калоніі. Падчас суда Іна распавяла пра ўмовы на Акрэсціна: яна пяць сутак правяла ў двухмясцовай камеры, дзе знаходзіліся 16 чалавек, а ў Жодзіна для затрыманых зладзілі “выхаваўчы каранцін”.

Сярод «тэрарыстаў» і супрацоўнік EPAM Сяргей Кірэенка. Вядома, што Сяргей працаваў разам з загінулым Андрэем Зальцэрам.

Настаўніца музычнай школы Аксана Каспяровіч адзіная фігурантка справы, якая знаходзіцца на волі, але пры гэтым са статусам «тэрарысткі». Яе асудзілі да года і двух месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыма. Але з улікам тэрміна, які яна ўжо правяла за кратамі, ёй заставалася быць у зняволенні крыху больш за два тыдні. 8 ліпеня Аксана выйшла на волю з гродзенскай турмы № 1.

Затрымалі за каментары па "справе Зельцэра", але судзяць па іншых крымінальных артыкулах

У кстрычніку 2021 года Следчы камітэт заявіў, што супраць 136 затрыманых былі ўзбуджаныя крымінальныя справы паводле арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады) і арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці) Крымінальнага кодэкса. Але некаторых фігурантаў судзяць па іншых артыкулах. 

Так, гамяльчанку Наталлю Лупан асудзілі да трох месяцаў арышту паводле ч.1 і ч.2 арт. 203-1 КК (Незаконныя дзеянні ў дачыненні да інфармацыі аб прыватным жыцці і персанальных дадзеных). Таксама суд пастанавіў спагнаць з абвінавачванай 800 беларускіх рублёў у якасці маральнай кампенсацыі пацярпелай.

А палітзняволенаму Кірылу Сусліну выставілі канчатковае абвінавачванне паводле трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч. 3 арт. 361 (Заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь); ч. 1 арт. 361-4 (Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці); ч. 1 арт. 368 (Абраза Лукашэнкі).

Мікалая Кацуру, затрыманага ў межах "справы Зельцэра", у выніку асудзілі на паўтара года калоніі за дыскрэдытацыю Беларусі паводле арт. 369-1 КК. Яго прызналі вінаватым у тым, што ён стварыў і размясціў у суполцы "Сильные новости" у сацсетцы "Вконтакте" інфармацыю, якая дыскрэдытуе Беларусь. Вядома, што яна ўтрымлівала словы "гопота" і "ломиться".

Палітзняволенаму прадпрымальніку Глебу Гладкоўскаму выставіліабвінавачванне паводле ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса (абраза Лукашэнкі), арт. 198 КК (перашкода законнай прафесійнай дзейнасці журналіста), ч. 3 арт. 361 КК (заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь), ч. 1 арт. 130 КК (распальванне іншай сацыяльнай варожасці ці варажнечы). 6 лютага палітвязня асудзілі да пяці гадоў калоніі.

Акрамя гэтага, былы палітзняволены Аляксандр Андрушкевіч распавёў, што калі справа ягонага сукамерніка "развалілася", то яму выставілі "парнаграфічныя" артыкулы, выкарыстоўваючы шантаж і пагражаючы пераследам чальцоў сям'і:

"Так і з іншымі па "справе Зельцэра", каго за год не змаглі асудзіць па ёй. Прыходзіў супрацоўнік ГУБАЗіКа, іх выклікалі, прасавалі і прымушалі прызнавацца ў тым, чаго яны не здзяйснялі. Пасля гэтага іх накіроўвалі да следчага. 

Па "справе Зельцэра" сядзяць за зусім бяскрыўдныя каментары, за просты смайлік, за малюначак з выявай рукі, якая трымае "Оскар". Хтосьці проста напісаў: "Шкада хлопца". У шматлікіх каментарах нават экспертыза не выявіла ні распальвання варажнечы, ні абразы каго-небудзь. Па адной палітычнай справе экспертыза нічога не вызначыла, па сутнасці, разваліўшы абвінавачванне, але суддзя сказаў, што гэта новая форма пратэсту".

Арыгінальны артыкул на сайце "Вясны"

Глядзiце таксама

«І вы гатовыя даць гэтым судам права пазбаўляць жыцця?» У Варшаве паглядзелі фільм пра смяротнае пакаранне
07 кастрычніка 2024, 09:07
«І вы гатовыя даць гэтым судам права пазбаўляць жыцця?» У Варшаве паглядзелі фільм пра смяротнае пакаранне
Дыскусія і паказ фільма "Жыццё Дэвіда Гейла" прайшлі ў Беларускім Моладзевым Хабе, што ў Варшаве.
«Антывестэрнізм, затыканне дзірак ды рэпрэсіўная нага». Агляд БХК
30 верасня 2024, 14:08
«Антывестэрнізм, затыканне дзірак ды рэпрэсіўная нага». Агляд БХК
Эксперты БХК апублікавалі новы агляд трэндаў дзяржаўнай палітыкі.
«Мы вернемся ў краіну разам з канстытуцыйнай законнасцю»: Леаніда Судаленку шукае беларуская міліцыя
19 верасня 2024, 15:12
«Мы вернемся ў краіну разам з канстытуцыйнай законнасцю»: Леаніда Судаленку шукае беларуская міліцыя
Асуджанага завочна праваабаронцу Леаніда Судаленку абвясцілі ў вышук у Беларусі. Ягонае фота з’явілася на гомельскіх стэндах «Іх шукае міліцыя».
Трое новых «хросных» з Германіі для палітвязняў у Беларусі
19 верасня 2024, 14:59
Трое новых «хросных» з Германіі для палітвязняў у Беларусі
У межах кампаніі #WeStandBYyou Петэр Хайдт, Луіза Ліцына-Бадэ і Бруна Хенэль сталі "хроснымі" Аляксея Бародкі, Сяргея Шамецькі і Чэслава Канановіча.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці