21 траўня — Дзень палітвязня ў Беларусі. Далучайся да акцый салідарнасці!

13 мая 2022, 12:18
21 траўня — Дзень палітвязня ў Беларусі. Далучайся да акцый салідарнасці!

Праваабарончы цэнтр «Вясна» абвяшчае 21 траўня Днём палітвязня ў Беларусі. У гэты дзень год таму ў шклоўскай калоніі №17 пры нявысветленых абставінах памёр палітзняволены актывіст з Бярозаўкі Вітольд Ашурак. Праваабаронцы заклікаюць у гэты дзень узгадаць Вітольда, выказаць салідарнасць з палітвязнямі Беларусі і ў чарговы раз запатрабаваць ад уладаў іх вызвалення. 

21 траўня ў калоніі памёр палітзняволены Вітольд Ашурак

Праваабаронцы абралі дату Дня палітвязня ў Беларусі невыпадкова. 21 траўня — гадавіна смерці ў калоніі палітзняволенага Вітольда Ашурка.

Вітольд — актывіст з Бярозаўкі, супраць якога ў жніўні 2020-га распачалі крымінальную справу за паслявыбарчыя падзеі. Суддзя суда Лідскага раёна Максім Філатаў у закрытым рэжыме асудзіў Вітольда да пяці гадоў зняволення. Адбываць тэрмін яго накіравалі ў шклоўскую калонію. 21 траўня 2021 года, на 244-ы дзень свайго зняволення, палітвязень Вітольд Ашурак памёр у шклоўскай калоніі. Афіцыйная прычына — спыненне сэрца, хоць, па словах сваякоў, да зняволення на здароўе мужчына не скардзіўся. Родныя дагэтуль не ведаюць, чаму памёр мужчына. Крымінальнай справы па факце ягонай смерці таксама да гэтага часу няма. 

Застанецца свабодным навечна. У зняволенні памёр Вітольд Ашурак

Пайшоў з жыцця палітвязень з Бярозаўкі Вітольд Ашурак, якому 18 студзеня ў Лідзе на закрытым працэсе прысудзілі да 5 гадоў калоніі агульнага рэжыму.

Менавіта Вітольд быў першым палітзняволеным за падзеі 2020 года, хто распавёў пра масавую пазнаку палітвязняў у калоніях жоўтымі біркамі. Пра гэта ён напісаў у сваім лісце на волю:

«Палітычных тут [у шклоўскай калоніі] не бракуе. Так што сумаваць нагоды няма. Тым больш, што адміністрацыя выдала загад мець жоўты колер бірак на адзенні, і таму палітычных можна адрозніць здалёк».

Нагадаем, падчас Другой сусветнай вайны нацысты нашывалі яўрэям жоўтыя «зоркі Давіда».

1452 чалавекі за два гады атрымалі статус палітвязня

На дадзены момант у Беларусі налічваецца 1185 палітычных зняволеных. За кратамі знаходзяцца амаль усе прадстаўнікі беларускага грамадства: праваабаронцы, журналісты, актывісты, палітыкі, студэнты, завадчане, былыя чыноўнікі і сілавікі, настаўнікі, культурныя дзеячы, лекары, будаўнікі, навукоўцы і іншыя. За ўдзел у акцыях пратэсту ў калоніі адпраўляюць шматдзетных маці, непаўнагадовых, пенсіянераў і людзей з захворваннямі. Палітвязняў у месцах зняволення ўтрымліваюць у бесчалавечых умовах, збіваюць, катуюць і не аказваюць неабходную медыцынскую дапамогу. 

У сувязі з палітычнай сітуацыяй у Беларусі з 1 ліпеня 2020 года статус палітычнага вязня атрымалі 1452 чалавекі! Гэта беспрэцэндэнтная сітуацыя па рэпрэсіях у Беларусі. Праваабаронцы патрабуюць вызвалення палітвязняў і спынення палітычных рэпрэсій супраць жыхароў Беларусі. 

Што можна зрабіць да Дня палітвязня?

Праваабаронцы заклікаюць далучыцца да акцый салідарнасці па падтрымцы палітвязняў у Беларусі:

  1. арганізуй ці далучыся да акцыі салідарнасці ў тваім горадзе 21 траўня ў падтрымку беларускіх палітвязняў і ў памяць пра Вітольда Ашурка (паведамі пра акцыю нам у тэлеграме @Spring96info, каб мы пазней унеслі яе ў агульную афішу);

  2. прычапі да адзення “жоўтую бірку экстрэміста” ў знак салідарнасці з палітвязнямі (прамавугольнік жоўтага колеру памерам 4 на 10 см);

  3. распавядзі ў сацсетках гісторыю аднаго ці некалькіх палітвязняў з хэштэгам #МойСябраПалітвязень;

  4. напішы адкрыты ліст-пост палітзняволенаму з хэштэгам #свабодупалітвязням;

  5. запалі ўвечары 21 траўня ў сябе дома ці ў іншым месцы свечку памяці палітзняволенаму Вітольду Ашурку;

  6. далучайся да праекту па вышыванні партрэтаў палітвязняў framedinbelarus.net;

  7. дашлі палітвязню ліст салідарнасці (гэта можна зрабіць анлайн праз Майстэрню паштовак салідарнасці, а абраць палітвязня можна з дапамогай рандамайзера

  8. падтрымай палітвязняў іншым спосабам: пасылкай, грашовым пераводам, тэлеграмай;

  9. прыдумай і рэалізуй іншае дзеянне з патрабаваннем вызваліць палітзняволеных (можаш прапанаваць сваю ідэю нам у тэлеграме @Spring96info).

Дзяліся акцыямі салідарнасці ў сацсетках з хэштэгамі #свабодупалітвязням #свободуполитзаключенным #freepoliticalprisoners 

Свабоду палітвязням! 

Артыкул з сайту "Вясны"

Глядзiце таксама

Беларускі ПЭН: Хроніка парушэнняў правоў чалавека ў сферы культуры 1–15 красавіка 2025 года
17 красавіка 2025, 12:57
Беларускі ПЭН: Хроніка парушэнняў правоў чалавека ў сферы культуры 1–15 красавіка 2025 года
На 15 красавіка 2025 года: Людзей Слова ў няволі (ці з абмежаваннем волі – адбываюць «хатнюю хімію») – не менш за 36, дзеячаў культуры ў няволі (ці з абмежаваннем волі – адбываюць «хатнюю хімію») – не менш за 165.
Агляд «Вясны». Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі ў сакавіку 2025 года
14 красавіка 2025, 13:08
Агляд «Вясны». Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі ў сакавіку 2025 года
Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі застаецца крытычна цяжкай.
Тбіліскі Дом правоў чалавека вінавацяць у сабатажы і падтрымцы гвалту, яго рахункі заблакаваныя
07 красавіка 2025, 15:51
Тбіліскі Дом правоў чалавека вінавацяць у сабатажы і падтрымцы гвалту, яго рахункі заблакаваныя
На рахунках арганізацыі, якія былі замарожаныя на патрабаванне пракуратуры Грузіі, знаходзіліся ахвяраванні, сабраныя для пакрыцця штрафаў.
«Рэакцыя на грамадскі супраціў». У Беларусі за «экстрэмісцкія фармаванні» асудзілі мінімум 258 чалавек
07 красавіка 2025, 12:27
«Рэакцыя на грамадскі супраціў». У Беларусі за «экстрэмісцкія фармаванні» асудзілі мінімум 258 чалавек
У апошнія гады рэжым Лукашэнкі маштабна выкарыстоўвае антыэкстрэмісцкае заканадаўства для пераследу іншадумцаў.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці