«Абмежаванне ў перадачы гігіенічных пракладак жанчынам — простае самавольства», — Павел Сапелка пра новыя змены ў калоніях

29 ліпеня 2024, 12:14
«Абмежаванне ў перадачы гігіенічных пракладак жанчынам — простае самавольства», — Павел Сапелка пра новыя змены ў калоніях

У Беларусі 12 ліпеня набыў моц Закон "Аб змяненні кодэксаў па пытаннях крымінальнай адказнасці". Змены закранулі і Крымінальна-выканаўчы кодэкс — асноўны дакумент аб правах і абавязках асуджаных. Дзякуючы новаўвядзенням улады спрабуюць стварыць і без таго невыносныя ўмовы ў месцах пазбаўлення волі. Напрыклад, цяпер асуджаных змогуць адпраўляць у штрафныя ізалятары не на 10 сутак, а на 15. Пры гэтым некаторых палітвязняў і так бесперапынку ўтрымліваюць там па некалькі месяцаў запар.

Праваабаронца "Вясны" Павел Сапелка прааналізаваў новы закон і распавёў, якія змены чакаюць асуджаных да пазбаўлення волі, пра магчымасць гадзінных спатканняў па відэазванку, схілення да прызнання віны і адыёзныя змены, што абмяжоўваюць жанчын у атрыманні пракладак.  

Змены ў парадку выканання пакарання ў выглядзе пазбаўлення волі

Як і ў частцы з абмежаваннем свабоды, змены часткова замацоўваюць дэ-факта парадак, які ўжо склаўся, ды часткова ўводзяць новыя правілы — аб'ектыўна прынцыповыя.

Замест пасылак і перадач — пакупкі ў краме калоніі

Змяненнем у артыкул 84 (атрыманне і адпраўленне асуджанымі да пазбаўлення волі пасылак, бандэроляў і дробных пакетаў, атрыманне перадач) упарадкаваны працэс замены гэтых відаў падтрымкі зняволеных звонку: асуджаным па іх заяве дазваляецца замест пасылак, перадач, бандэроляў або дробных пакетаў атрымліваць набытыя іх блізкімі сваякамі ў краме папраўчай установы прадукты харчавання і прадметы першай неабходнасці вагой, вызначанай для паштовых адпраўленняў. Набыццё прадуктаў харчавання і прадметаў першай неабходнасці асобамі, якія не з'яўляюцца блізкімі сваякамі асуджанага, дапускаецца з дазволу начальніка папраўчай установы.

Гэтая норма нясе ў сабе пэўныя выклікі: сітуацыя можа застацца ранейшай, а можа змяніцца, калі адміністрацыя калоніяў будзе настойваць на тым, каб зняволеныя пераходзілі на такі фармат атрымання падтрымкі родных, аргументаў для бяспраўных зняволеных можа знайсціся дастаткова. Для калоніяў замена пасылак і перадач на набыццё тавараў у крамах калоніі мае відавочныя плюсы: не прыйдзецца дадаткова даглядаць, асартымент будзе стандартызаваны, прадпрыемствы ДВП атрымаюць сваю гандлёвую надбаўку за продажы. Зняволеныя і іх родныя могуць страціць у разнастайнасці і якасці тавараў, а таксама ў кошце: па многіх пазіцыях тавары ў крамах калоніяў вышэй, чым у гандлёвых сетак, якія пры гэтым укладаюцца ў гандлёвыя плошчы, рэкламу і дадатковыя паслугі.

Замест кароткатэрміновага спаткання — 60-хвілінны відэазванок

Новаўвядзенні ў артыкуле 86 вызначылі парадак замены чарговага паложанага кароткатэрміновага спаткання тэлефоннай размовай з выкарыстаннем сістэм відэасувязі працягласцю да шасцідзесяці хвілін. Гэтая замена відавочна нераўнацэнная: працягласць кароткатэрміновага спаткання вызначаная ў чатыры гадзіны. Як і ў выпадку з заменай перадач і пасылак, у адміністрацыі калоніі відавочна знойдуцца пераканаўчыя довады на карысць замены. У адсутнасць злоўжыванняў такія змены ў прынцыпе маглі б быць прымальнай альтэрнатывай для тых блізкіх асуджаных, каму паездкі ў калоніі не пасуюць з нейкіх прычынаў — напрыклад праз стан здароўя.

Абмежаванне ў перадачы жанчынам гігіенічных пракладак

У новай рэдакцыі артыкула КВК прадугледжана права асуджаных атрымліваць дзве замест адной рэчавых пасылак з абуткам, адзеннем ды іншымі прамысловымі таварамі, якія асуджаныя могуць мець пры сабе, акрамя прадуктаў харчавання і тытунёвых вырабаў) у год. Адносна забаронаў на перадачу гігіенічных сродкаў у ВК-4 і ВК-24: у адпаведнасці з арт. 84 УВК, парадак прыёму, атрымання, адпраўлення пасылак, бандэроляў і дробных пакетаў, атрымання перадач, іх надгляду, а таксама пералік прадметаў і рэчаў, дазволеных да атрымання, захоўвання, адпраўлення асуджанымі, вызначаюцца правіламі ўнутранага распарадку папраўчых устаноў.

У адпаведнасці з дадаткам да правілаў унутранага распарадку ў пералік прадуктаў харчавання і прадметаў першай неабходнасці, абутку, адзення ды іншых прамысловых тавараў, якія асуджаныя могуць мець пры сабе, атрымліваць у пасылках, перадачах, бандэролях, дробных пакетах і набываць у крамах установы, уваходзяць "для асоб жаночага полу: ... вата, гігіенічныя пакеты".

Такім чынам, абмежаванне ў перадачы гігіенічных пракладак — простае самавольства, бо рэчавыя пасылкі — гэта пра ўсё, акрамя прадуктаў і цыгарэт, а звычайныя — гэта пра прадукты харчавання і тавары першай неабходнасці. Нават калі прыдумаць, што пракладкі — гэта не прадметы першай неабходнасці, то гэта дакладна не так — яны прадаюцца ў турэмнай краме сярод прадметаў першай неабходнасці, і мне здаецца, у гэтым разгадка.

Страхаванне на вытворчасці ў калоніі

Спатрэбілася больш за дваццаць гадоў для таго, каб прынятае на волі абавязковае страхаванне ад няшчасных выпадкаў на вытворчасці і прафесійных захворванняў нарэшце дабралася да асуджаных да пазбаўлення волі, якія прыцягваюцца да выканання аплатных работ (артыкул 93).

Рэабілітацыйныя цэнтры для асуджаных

Новымі магчымасцямі сталі перспектывы магчымага стварэння ў якасці структурнага падраздзялення рэабілітацыйных цэнтраў для праходжання асуджанымі да пазбаўлення волі, што пакутуюць на хранічны алкагалізм, наркаманію або таксікаманію, праграм комплекснай медычнай і сацыяльнай рэабілітацыі.

Працаўладкаванне асуджаных маці

Асуджаныя жанчыны, дзеці якіх змешчаныя ў дамы маці і дзіцяці папраўчых устаноў, прыцягваюцца да працы з усталяваннем паводле іх заявы няпоўнага працоўнага часу ў адпаведнасці з заканадаўствам аб працы — гэта правіла вызначана арт. 98 УВК (хоць і да таго ў адпаведнасці з арт. 99 УВК было вызначана, што працягласць працоўнага часу асуджаных да пазбаўлення волі, патрабаванні па ахове працы вызначаюцца ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь аб працы і аб ахове працы — г. зн. мусіць рэгулявацца як у свабодных работнікаў).

Выхаваўчыя мерапрыемствы ў калоніі

Паводле новых правілаў, для правядзення выхаваўчых мерапрыемстваў работнікамі папраўчых устаноў могуць прыцягвацца "прадстаўнікі дзяржаўных і грамадскіх арганізацый, іншыя асобы, здольныя аказваць выхаваўчае ўздзеянне на асуджаных".

Псіхалагічная дапамога асуджаным

Крыху па-новаму сфармуляваны парадак і мэты аказання псіхалагічнай дапамогі зняволеным: у адпаведнасці з заканадаўствам аказваецца псіхалагічная дапамога ў адаптацыі да парадку і ўмоў адбыцця пакарання, пераадоленні канфліктаў, нармалізацыі псіхічнага стану і нейтралізацыі адмоўных установак асобы, падрыхтоўцы да вызвалення. Псіхалагічная дапамога асуджаным аказваецца з улікам асаблівасцяў адбыцця канкрэтнага віду пакарання і ўжывання мер выпрабавальнага і прафілактычнага ўздзеяння. Псіхалагічная дапамога асуджаным аказваецца псіхолагамі, адпаведнымі кваліфікацыйным патрабаванням, вызначаным заканадаўствам у сферы аказання псіхалагічнай дапамогі.

У штрафны ізалятар цяпер могуць адпраўляць на 15 сутак

Мабыць адна з самых адыёзных змен — з 12 ліпеня змяшчэнне асуджаных, якія ўтрымліваюцца ў папраўчых калоніях і турмах, у штрафны ізалятар з вывадам або без вываду на працу альбо вучобу можа працягвацца тэрмінам да 15 сутак (раней было 10). Гэта істотна спросціць задачу адміністрацыям калоніяў, хоць і да гэтага яны спраўляліся з задачамі, напрыклад, трымаць асуджаных у ШІЗА па некалькі тэрмінаў запар.

Пазбаўленне спаткання або перадачы

Ёсць і свайго роду паслабленні: спагнанне ў выглядзе пазбаўлення чарговага спаткання або перадачы могуць быць накладзеныя не раней за трыццаць дзён да наступлення права на атрыманне чарговай пасылкі або перадачы альбо прадастаўлення чарговага працяглага або кароткатэрміновага спаткання.

Другая драконаўская змена, што прайшла амаль незаўважанай — фармулёўкі крытэрыяў выпраўлення асуджаных да пазбаўлення волі: "ступень выпраўлення асуджанага да пазбаўлення волі вызначаецца адміністрацыяй папраўчай установы па выніках атэстацыі асуджанага на падставе ўсебаковага вывучэння яго асобы і ацэнкі паводзінаў у перыяд адбыцця пакарання ў частцы адпаведнасці асуджанага крытэрам, а таксама з улікам стаўлення асуджанага да здзейсненага злачынства, ліквідацыі ім наступстваў здзейсненага злачынства, прызнання віны ў здзейсненым злачынстве, гарантый правапаслухмянага ладу жыцця, якія выказваюцца асуджаным, а таксама іншых абставінаў, што заслугоўваюць увагі, і якія пацвярджаюць дасягненне асуджаным пэўнай ступені выпраўлення".

Можна запярэчыць, што і да гэтага асуджаных схілялі да прызнання віны ў працэсе вызначэння ступені выпраўлення, але ніколі да гэтага так не рабілі на падставе закона. У гэтай нормы ёсць і невідавочныя наступствы: тыя са зняволеных, хто спадзяецца на ўмоўна-датэрміновае вызваленне, хутчэй за ўсё перастануць абскарджваць з калоніяў што-небудзь акрамя тэрміну і віду пакарання — інакш скаргі на прысуд па іншых падставах хутчэй за ўсё будуць расцэненыя адміністрацыяй калоніі як непрызнанне віны, а такім чынам — неадпаведнасць крытэрам выпраўлення.

Арыгінальная публікацыя на сайце "Вясны"

Глядзiце таксама

«І вы гатовыя даць гэтым судам права пазбаўляць жыцця?» У Варшаве паглядзелі фільм пра смяротнае пакаранне
07 кастрычніка 2024, 09:07
«І вы гатовыя даць гэтым судам права пазбаўляць жыцця?» У Варшаве паглядзелі фільм пра смяротнае пакаранне
Дыскусія і паказ фільма "Жыццё Дэвіда Гейла" прайшлі ў Беларускім Моладзевым Хабе, што ў Варшаве.
«Мы вернемся ў краіну разам з канстытуцыйнай законнасцю»: Леаніда Судаленку шукае беларуская міліцыя
19 верасня 2024, 15:12
«Мы вернемся ў краіну разам з канстытуцыйнай законнасцю»: Леаніда Судаленку шукае беларуская міліцыя
Асуджанага завочна праваабаронцу Леаніда Судаленку абвясцілі ў вышук у Беларусі. Ягонае фота з’явілася на гомельскіх стэндах «Іх шукае міліцыя».
Трое новых «хросных» з Германіі для палітвязняў у Беларусі
19 верасня 2024, 14:59
Трое новых «хросных» з Германіі для палітвязняў у Беларусі
У межах кампаніі #WeStandBYyou Петэр Хайдт, Луіза Ліцына-Бадэ і Бруна Хенэль сталі "хроснымі" Аляксея Бародкі, Сяргея Шамецькі і Чэслава Канановіча.
Павел Сапелка аб прызнанні віны пры памілаванні
18 верасня 2024, 14:30
Павел Сапелка аб прызнанні віны пры памілаванні
Праваабаронца "Вясны" Павел Сапелка распавядае, што значыць прызнанне віны пры памілаванні і ці будзе ўлічвацца гэты фактар пры рэабілітацыі палітвязняў.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці