Агляд «Вясны»: Фотаздымак сабачкі, лозунг «Слава Украіне», БЧБ-налепкі: вынікі адміністратыўнага пераследу ў жніўні

18 верасня 2023, 10:22
Агляд «Вясны»: Фотаздымак сабачкі, лозунг «Слава Украіне», БЧБ-налепкі: вынікі адміністратыўнага пераследу ў жніўні

Па ўсёй Беларусі штодзённа працягваюцца жорсткія затрыманні беларусаў, большасць з якіх адпраўляюць у краты паводле адміністратыўных пратаколаў.

У жніўні праваабаронцам "Вясны" стала вядома мінімум пра 615 выпадкаў палітычнага пераследу, у тым ліку было разгледжана мінімум 307 адміністратыўных справаў. 

Суддзямі было прызначана не менш за 98 адміністратыўных арышта і 65 штрафаў.

"Вясна назірае" склала штомесячны спіс самых дзіўных і недарэчных прычын, па якіх беларусаў судзілі ў жніўні. 

ЦІП на Акрэсціна. Ілюстрацыя Вольгі ПранкевічЦІП на Акрэсціна. Ілюстрацыя Вольгі Пранкевіч

Менчука арыштавалі за лозунг "Слава Украіне" на Зыбіцкай

Паводле пратакола, В. Булаўка быў затрыманы ноччу з 18 на 19 жніўня ў Мінску на вул. Зыбіцкая.Падставай для затрымання стаў лозунг "Слава Украіне", якім мінчук нібыта правёў "несанкцыянаванае пікетаванне". Булаўка віну не прызнаў і заявіў, што лозунгаў не выкрыкваў. У выніку суддзя Цэнтральнага раёна Мінска Таццяна Сергіенка прызнала мужчыну вінаватым паводле арт. 24.23 КаАП і асудзіла яго да 15 сутак арышту.

Штраф і арышт за бел-чырвона-белыя налепкі на машыне

У судзе Лунінецкага раёна 10 жніўня адбыўся суд над мясцовай жыхаркай, якую абвінавацілі ў "несанкцыянаваным пікеце" бел-чырвона-белай налепкай на бамперы машыны. Суд пастанавіў аштрафаваць жанчыну на 30 базавых велічыняў (1 110 рублёў). Вядома, што ў яе ёсць непаўнагадовае дзіця.

Акрамя гэтага, у судзе Маскоўскага раёна Мінска 18 жніўня таксама разглядзелі справу аб "пікетаванні" налепкай. Мінчука затрымалі за тое, што на нумарным знаку ён размясціў налепку з "Пагоняй". Суд арыштаваў яго на 12 сутак.

У Наваполацку мужчыну асудзілі за фота на фоне гор і сцягоў Грузіі і Украіны з адпачынку ў 2021 годзе

У судзе Наваполацка 17 жніўня адбыўся суд над мясцовым жыхаром, якога затрымалі напярэдадні раніцай. Мужчыну абвінавацілі паводле арт. 24.23 КаАП (несанкцыянаванае пікетаванне). Падставай для затрымання стаў апаблікаваны ў Instagram фотаздымак жыхара Наваполацка з адпачынку ў Грузіі, на якім ён стаіць на фоне гор і сцягоў Грузіі і Украіны. Пры гэтым фота было апублікавана яшчэ 8 жніўня 2021 года, але міліцыянты заўважылі яго толькі праз два гады.

Навапалачанін у судзе віну прызнаў часткова. Ён растлумачыў, што ў памяць пра турыстычнае падарожжа ў Грузію ў 2021 годзе размясціў на сваёй старонцы фота, на якім таксама была выява сцягоў Грузіі і Украіны, аднак не меў мэты правесці пікетавання. Акрамя гэтага, ён адзначыў, што "факт публікацыі фота з выявай сцяга Украіны і падзеямі, якія адбываюцца ва Украіне — супадзенне".

Жыхарку Наваполацка аштрафавалі за фотаздымак белага сабачкі ў камбінезоне чырвонага колера і подпіс "Жыве Беларусь! Насилию нет!"

Наваполацкага лекара-стаматолага Аляксандра Грудніцкага двойчы асудзілі на 15 сутак, ягоную жонку Аллу Грудніцкую двойчы аштрафавалі. Прычым апошні штраф, які прысудзіла суддзя Наваполацкага гарсуду Зінаіда Балаболава, складае ажно 3 700 рублёў (100 базавых велічыняў), а агульная сума штрафаў — 4 810 рублёў.

22 жніўня Аллу прызналі вінаватай у "несанкцыянаваным пікетаванні" па арт. 24.23 КаАП. Паводле пратакола, жанчына размясціла ў "Аднакласніках" фотаздымак белага сабачкі ў камбінезоне чырвонага колера. Пад фотаздымкам быў подпіс: "Жыве Беларусь!!!!! Насилию нет!!!".

Сваей віны жанчына не прызнала ні на адным, ні на другім судовым працэсе.

Бацьку палітзняволенага Мікіты Залатарова тройчы асудзілі да арышту

Міхаіл Лупанаў

Нядаўна ў судзе Цэнтральнага раёна Гомеля адбыўся яшчэ адзін суд над гамельчуком Міхаілам Лапуновым. Як і ў абодва папярэднія разы, яго судзілі паводле ч. 2 арт. 19.11 (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў), піша "Гомельская Вясна". Суддзя Алеся Осіпава прызначыла яму чарговыя 15 сутак. Раней Міхаілу прызначылі 30 сутак арышту.

Сын Міхаіла — адзін з наймалодшых затрыманых у выніку пратэстаў 2020 года. На той момант 16-гадовага Мікіту, хворага на эпілепсію, абвінавацілі ажно па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса і асудзілі на 5 гадоў выхаваўчай калоніі. Пазней на хлопца завялі яшчэ адну крымінальную справу — за тое, што ён нібыта напаў на супрацоўніка СІЗА і пагражаў яго родным. Агульны тэрмін пакарання для Мікіты склаў 4 гады і 6 месяцаў выхаваўчай калоніі.

ГУБАЗіК затрымаў хлопца праз бел-чырвона-белыя палосы на куртцы

Як паведамляюць праўладныя тэлеграм-каналы, раней хлопца ўжо затрымлівалі з-за "экстрэмісцкай" татуіроўкі, якую яго прымусілі "перабіць".

Ён зрабіў гэта і прыйшоў адсправаздачыцца да сілавікоў. Мяркуючы па допісе, хлопцу прызначылі 15 сутак арышту за куртку з белымі і чырвонымі палоскамі.

За пікет у сацсетках і распаўсюд "экстрэмізму" ў Полацку арыштавалі будаўніка з Масквы

Вадзім Берднікаў — жыхар аграгарадка Гараны, бацька траіх непаўналетніх дзяцей, які працуе будаўнікам у маскоўскай кампаніі. Суддзя суда Полацкага раёна і г. Полацка Уладзімір Бясецкі 16 жніўня арыштаваў мужчыну на 25 сутак за распаўсюд "экстрэмісцкіх" матэрыялаў у сацсетках і "несанкцыянаванае пікетаванне".

Затрыманне адбылося пасля таго, як ягоны сусед Пётр Дударонак данёс у міліцыю аб тым, што на назе ў Берднікава ёсць татуіроўка ў выглядзе герба "Пагоня".

Пры затрыманні Берднікава было ўстаноўлена, што ў яго сапраўды на ікры правай нагі ёсць татуіроўка з выявай герба.

Пры разглядзе справы ў судзе, таксама было ўстаноўлена, што Вадзім у сацыяльнай сетцы "УКантакце" на сваёй старонцы 10 снежня 2020 г. размясціў і захоўваў інфармацыю, якая змяшчае лагатып "TUT.ВY", які ўлады ўключылі ў рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.

Журналіста "Ранка" Андрэя Ліпскага аштрафавалі на 20 базавых

Раніцай 2 жніўня ў кватэру журналіста ўварваліся людзі з ГУБАЗіКа разам з АМАПам. Яны паказалі санкцыю пракурора адносна "зняваг і пагроз у Telegram-чаце на адрас супрацоўніка Следчага камітэта".

У кватэры шукалі беларускую сімволіку. Нічога не знайшлі, але вынялі два смартфоны: адзін — журналіста, другі — ягонай маленькай дачкі, паведамляе "Гомельская вясна".

Пасля ператрусу Ліпскага даставілі ў РАУС — там участковы інспектар склаў пратакол пра "экстрэмісцкія матэрыялы". Падставай для пратаколу стала тое, што Ліпскі быў падпісаны на Youtube на каналы "Жыве Беларусь" і "Телеканал "Прямий"", а ва "Укантакце" — на суполку "Чай с малиновым вареньем". Усе гэтыя старонкі раней унеслі ў спіс "экстрэмісцкіх". Да суда Ліпскага змясцілі ў ІЧУ Светлагорскага РАУС.

3 жніўня суддзя Гулевіч прысудзіла журналісту штраф у 20 базавых велічынь і канфіскавала смартфон у прыбытак дзяржаве.

За пікет у сацсетках на буйную суму аштрафавалі жыхарку Оршы

Суддзя суда Аршанскага раёна і Оршы Мікалай Драгуноў 27 ліпеня за правядзенне пікету ў сацыяльных сетках пастанавіў аштрафаваць на 1110 рублёў аршанку Інгу Тыльчык.

У судзе было ўстаноўлена, што "правапарушальніца", з 14 лістапада 2020 года па 18 ліпеня 2023 года ў парушэнне парадку правядзення пікетавання, з мэтай публічнага выказвання сваіх грамадска-палітычных настрояў, прыняла ўдзел у масавым мерапрыемстве.

Гэта выявілася ў тым, што Інга была сфатаграфаваная на фоне "палотнішча бел-чырвона-белага колеру", пры гэтым яна не атрымала дазволу мясцовага кіраўніцтва Аршанскага райвыканкама, піша "Віцебская Вясна".

Арыгінальная публікацыя на сайце "Вясны"

Глядзiце таксама

«І вы гатовыя даць гэтым судам права пазбаўляць жыцця?» У Варшаве паглядзелі фільм пра смяротнае пакаранне
07 кастрычніка 2024, 09:07
«І вы гатовыя даць гэтым судам права пазбаўляць жыцця?» У Варшаве паглядзелі фільм пра смяротнае пакаранне
Дыскусія і паказ фільма "Жыццё Дэвіда Гейла" прайшлі ў Беларускім Моладзевым Хабе, што ў Варшаве.
«Мы вернемся ў краіну разам з канстытуцыйнай законнасцю»: Леаніда Судаленку шукае беларуская міліцыя
19 верасня 2024, 15:12
«Мы вернемся ў краіну разам з канстытуцыйнай законнасцю»: Леаніда Судаленку шукае беларуская міліцыя
Асуджанага завочна праваабаронцу Леаніда Судаленку абвясцілі ў вышук у Беларусі. Ягонае фота з’явілася на гомельскіх стэндах «Іх шукае міліцыя».
Трое новых «хросных» з Германіі для палітвязняў у Беларусі
19 верасня 2024, 14:59
Трое новых «хросных» з Германіі для палітвязняў у Беларусі
У межах кампаніі #WeStandBYyou Петэр Хайдт, Луіза Ліцына-Бадэ і Бруна Хенэль сталі "хроснымі" Аляксея Бародкі, Сяргея Шамецькі і Чэслава Канановіча.
Павел Сапелка аб прызнанні віны пры памілаванні
18 верасня 2024, 14:30
Павел Сапелка аб прызнанні віны пры памілаванні
Праваабаронца "Вясны" Павел Сапелка распавядае, што значыць прызнанне віны пры памілаванні і ці будзе ўлічвацца гэты фактар пры рэабілітацыі палітвязняў.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці