Агляд «Вясны»: «Нават за мяжой ты застаешся ў полі дасяжнасці дзяржавы». Як у 2025 годзе беларусаў пераследавалі па-за краінай

10 студзеня 2026, 15:27
Агляд «Вясны»: «Нават за мяжой ты застаешся ў полі дасяжнасці дзяржавы». Як у 2025 годзе беларусаў пераследавалі па-за краінай

Ілюстрацыя створана на падставе калажа bostonglobe.com

У 2025 годзе дзяржава з новым моцам разгарнула практыку транснацыянальных рэпрэсій, працягнуўшы запалохваць і пераследаваць не толькі тых, хто знаходзіцца ў краіне, а і тых, хто выехаў з яе. Міжнародная сетка стратэгічных дзеянняў у галіне бяспекі ISAN адзначала, што Беларусь — у топ-10 краін, што практыкуюць транснацыянальныя рэпрэсіі.

Транснацыянальныя рэпрэсіі — гэта практыка, калі дзяржава ці яе структуры рознымі сродкамі і намаганнямі пераследуюць за межамі сваёй тэрыторыі прадстаўнікоў апазіцыі і дыяспары, журналістаў, актывістаў, былых палітвязняў, праваабаронцаў і іншых беларусаў, якія жывуць у выгнанні.

Гэта парушэнне асноўных правоў чалавека і суверэннасці іншых краін — гэта заклікаюць прызнаваць і міжнародныя арганізацыі. Напрыканцы кастрычніка 2025 года Еўрапарламент прыняў Рэзалюцыю па сітуацыі ў Беларусі, у якім прызнаў транснацыянальныя рэпрэсіі інструментам запалохвання беларусаў, якія жывуць за мяжой. 

Яшчэ раней — у красавіку 2025 года — Еўрапарламент прыняў рэзалюцыю аб пераследзе беларусаў за мяжой. У дакуменце разглядаецца "пераслед грамадзян Беларусі за іх мірную дэмакратычную дзейнасць за мяжой, як наўпроставае парушэнне тэрытарыяльнага суверэнітэту дзяржаў-чальцоў ЕС", а таксама "заклікае да агульнаеўрапейскай прававой падтрымкі і абароны беларусаў у выгнанні", у тым ліку тых, хто не мае магчымасці абнавіць дакументы, што сведчаць пра асобу, і супраць якіх ужываецца экстэрытарыяльны пераслед.

Інструменты транснацыянальных рэпрэсій накіраваны на тое, каб прымусіць замаўчаць і пакараць праціўнікаў у выгнанні, а таксама запалохаць іншадумцаў, якія застаюцца ўнутры краіны. Распавядаем пра асноўныя практыкі такога пераследу, якія дзяржава выкарыстоўвала ў 2025 годзе.

Гвалтоўнае перамяшчэнне вызваленых палітвязняў

У 2025 годзе дзяржава стала выкарыстоўваць новы метад транснацыянальных рэпрэсій. Пасля вызвалення з беларускіх турмаў палітвязні па памілаванні ўсё часцей апынаюцца не дома, а за мяжой — прымусова вывезеныя з мяхамі на галовах пад наглядам сілавікоў. Так па памілаванні з краіны былі дэпартаваныя ўжо 189 беларусаў. Самая вялікая група палітвязняў — 123 чалавекі — была вывезеная ў сярэдзіне снежня 2025 года. Тады ж большасць памілаваных прымусова вывезлі на тэрыторыю Украіны: туды дэпартавалі 114 чалавек, сярод іх 104 — беларусы, а таксама пяць грамадзян Украіны.

Такое “вызваленне пад умовай выезду” праваабаронцы называюць новым інструментам палітычнага ціску. Гэта супярэчыць Канстытуцыі і міжнародным актам. Эксперты ААН заявілі, што выгнанне парушае шэраг правоў чалавека, у тым ліку права на грамадзянства, свабоду перамяшчэння і права не зазнаваць адвольнае або незаконнае ўмяшанне ў прыватнае жыццё.

Праваабаронца "Вясны" Павел Сапелка адзначае:

"Прымусовы вываз вызваленых палітвязняў за мяжу без пашпартоў — гэта ўжо не новая, але па-ранейшаму цынічная форма транснацыянальных рэпрэсій. Дэпартацыя ў краіну, якая знаходзіцца ў стане вайны, не толькі груба парушае іх базавыя правы, але і стварае для іх рэальную пагрозу бяспецы і свабодзе. Толькі салідарныя і цывілізаваныя паводзіны ўрадаў краін, якія апынуліся ўцягнутымі ў працэсы прыёму і транзіту вызваленых, дазволілі абыйціся без прычынення ім дадатковых пакут. Але трэба разумець, што адсутнасць пашпарта – гэта ўпэўнены крок да безграмадзянства. Міжнароднае права прызнае як юрыдычнае, так і фактычнае безграмадзянства. Нават пры фармальным наяўнасці грамадзянства асоба можа лічыцца фактычна безграмадзянiнам, калі дзяржава не забяспечвае ёй рэальную абарону і доступ да дакументаў, што пацвярджаецца пазіцыяй УВКБ ААН і практыкай органаў ААН".

Завочныя суды і канфіскацыя маёмасці

Беларускія ўлады працягваюць крымінальныя справы супраць людзей, якія знаходзяцца за мяжой у выгнанні. Яны асуджаюць іх у адсутнасць, а таксама арыштоўваюць і канфіскуюць маёмасць людзей. На 25 снежня 2025 года праваабаронцам вядома не менш чым пра 200 завочных судоў, 30 з іх былі праведзеныя ў 2025 годзе. Гэта робіць вяртанне беларусаў на радзіму небяспечным.

Напрыклад, летам 2025 года Гомельскі абласны суд разгледзеў крымінальную справу паводле абвінавачвання супрацоўнікаў фондаў BYSOL і BY_Help — адзін з самых гучных завочных прысудаў года. Андрэя Стрыжака, Аляксея Лявончыка, Яраслава Ліхачэўскага, Аляксея Кузьмянкова, Аляксандра Лапко, Аляксандры Жук і Аляксандра Падгорнага асудзілі на тэрміны ад 16 да 18 гадоў калоніі. 

Тым жа летам блогера і заснавальніка цяпер ужо закрытага праекта па маніторынгу вайсковай актыўнасці “Беларускі гаюн” Антона Матольку завочна асудзілі да 20 гадоў калоніі. Працэс доўжыўся амаль паўгода. Таксама яму прызначылі штраф у памеры 2 000 базавых велічыняў (84 тысячы рублёў). 

Эканаміста Паўла Данэйку завочна асудзілі да 12 гадоў калоніі па справе "Каардынацыйнай рады". Таксама яму прызначылі штраф у памеры 13 000 базавых велічыняў (546 000 рублёў). Паводле версіі абвінавачання, Данэйка ў жніўні 2020 года ўвайшоў у склад Каардынацыйнай рады і "як яго ўдзельнік здзяйсняў актыўныя дзеянні для дасягнення мэт неканстытуцыйнага захопу дзяржаўнай улады".

Улады працягваюць канфіскоўваць маёмасць асуджаных паводле палітычных крымінальных справаў. Так, канфіскавалі кватэру былога супрацоўніка АНТ і блогера Івана Падрэза — з яе выкінулі ягоную 78-гадовую маці.

Міжнародны вышук

Рэжым выкарыстоўвае базы даных у межах СНД для уключэння пратэстоўцаў і крытыкаў у “спісы вышуку”, што падвышае рызыку арышт-эскстрадыцыі ў іншай краіне. Праз злоўжыванне міжнародным супрацоўніцтвам адбываецца палітычны пераслед. 

Так, у расійскім крымінальным вышуку знаходзіцца па меншай меры 5000 беларусаў — журналістаў, актывістаў, экспертаў, экс-палітвязняў і г.д. Праз знаходжанне ў вышуку беларусы працягваюць знаходзіцца ў небяспецы замяжой. Так, восенню 2025 года беларуска Наталля прызямлілася ў Арменіі, пасля чаго ёй паведамілі, што яна не можа пакінуць краіну, бо знаходзіцца ў міжнародным вышуку па запыце рэжыму Лукашэнкі. Пасля розгаласу і падтрымцы дэмакратычных сілаў і праваабаронцаў Пракуратура выдала афіцыйны дазвол на выезд жанчыны.

Аднак не ўсе выпадкі ў 2025 годзе заканчваліся так добра. У кастрычніку затрымалі коміка з Пінска Васіля Краўчука, які тры гады хаваўся пасля прысуду за “абразу міліцыянткі” – яго экстрадыявалі ў Беларусь.

Фотаздымкі людзей, якіх шукаюць па палітычных справах, можна заўважыць на стэндах “Іх шукае міліцыя”. У снежні стала вядома, што на такіх стэндах ёсць фотаздымкі опернай спявачкі Маргарыты Ляўчук, фігурантаў “справы карагодаў” Андрэя і Паліны Ляшко, а таксама былога палітвязня Ягора Пракапчука і ягонай маці Святланы. 

Пагрозы сваякам, якія застаюцца ў Беларусі

Працягваюцца рэпрэсіі супраць сям’і або блізкіх людзей, якія знаходзяцца ў выгнанні. Гэта вобшукі, арышты, крымінальны пераслед, допыты, а таксама збор генетычнага матэрыялу. Яшчэ раней былі зафіксаваныя выпадкі, калі сілавікі прыходзілі да сваякоў актывістаў і былых палітвязняў і бралі ў іх генетычны матэрыял (сліну). 

Так, летам 2025 года стала вядома, што да родных рагачоўскага актывіста Дзяніса Дашкевіча зноў сталі прыходзіць сілавікі. "Нядаўна дайшло да таго, што ў поўным складзе выклікалі ў РАУС, у тым ліку непаўналетніх дзяцей, і прымусілі паказваць тэлефоны, дапытвалі, пыталі пра маё месцазнаходжанне. Казалі, што я ў вышуку і допыты праводзяць па санкцыі пракурора. Прычым у РАУС зацягнулі нават сямігадовую дачку",распавядаў Дашкевіч. 30 ліпеня пракурор выдаў следчаму санкцыю на правядзенне агляду камп'ютарнай тэхнікі маці, жонкі і дзяцей Дашкевіча. 

Да маці палітвязня Дзяніса Сальмановіча, асуджанага да 10 гадоў, прыходзілі з ператрусам. "Сказалі, што я ў вышуку, хацелі даведацца мой нумар тэлефона і ў якім еўрапейскім горадзе я пражываю. Цяпер яны хочуць мяне прыцягнуць за маршы", — распавяла Галіна "Вясне". Івацэвіцкія сілавікі летам двойчы за тыдзень наведаліся да маці журналіста Сяргея Скулаўца: яе выклікалі на допыт, фатаграфавалі змесціва тэлефона. Маці казалі, што справа журналіста звязаная з “Белсатам”. Сілавікі прыходзілі да пажылой маці былога палітвязня, праваабаронцы Леаніда Судаленкі. Гэта далёка не ўсе выпадкі ціску на сваякоў — далёка не ўсе хочуць, каб здарэнні былі апублічаныя.

Вярбоўка 

У 2025 годзе відавочна больш стала спробаў вярбоўкі актывістаў праз месенджэры — людзі атрымліваюць паведамленні ў фэйсбук, тэлеграм і інстаграм з блізкімі па сэнсе прапановамі. Такім чынам дзяржава хоча прымусіць сачыць за дзейнасцю беларускай дыяспары, прымушае эмігрантаў супрацоўнічаць з рэжымам. 

Беларускія спецслужбы спрабавалі завербаваць супрацоўнікаў Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, выкарыстоўваючы шантаж, грашовыя прапановы і прамыя пагрозы ў адрас іх сем'яў. Паводле слоў Паўла Латушкі, вярбоўшчыкі прапаноўвалі “пачаць жыццё з чыстага ліста і вярнуцца ў Беларусь у абмен на супрацоўніцтва”.

З лета беларускім актывістам за мяжой у фэйсбуку пачалі прыходзіць паведамленні з прапановамі аб супрацоўніцтве з аднаго і таго ж акаўнту. Меркавана, піша гэта супрацоўнік Камітэта дзяржаўнай бяспекі. Праваабаронцам вядома не меней за пяць такіх выпадкаў. Усе паведамленні зафіксаваны з аднаго акаўнта — Maria Pulkovskay. Некаторым абяцаюць бяспеку іх родных у Беларусі ў абмен на супрацу з беларускімі спецслужбамі. 

Таксама зафіксаваныя выпадкі, калі ў эмігранцкіх чатах Варшавы шукалі людзей, каб здымаць пратэсныя акцыі — меркавана, гэта было заданне беларускіх спецслужбаў.

Барацьба з “экстрэмізмам”

Улады працягваюць прызнаваць незалежныя медыя, арганізацыі за мяжой “экстрэмісцкімі фармаваннямі”. Гэта абмяжоўвае іх працу і падтрымку нават у эміграцыі, а таксама ўскладняе зносіны з міжнароднымі партнёрамі. Не толькі арганізацыі, але і пэўныя інфармацыйныя матэрыялы, каналы і кантэнты, якія распаўсюджваюць праваабаронцы, актывісты і журналісты, трапляюць у спісы “экстрэмісцкіх матэрыялаў”, што пераследуецца дзяржавай. Таксама беларусаў уключаюць у спіс “экстрэмістаў” — цяпер у ім ужо 6116 чалавек — і “тэрарыстаў”, у якім 660 чалавек з 1398 — беларусы. 

Юрыдычныя абмежаванні

Працягваюцца абмежаванні, звязаныя з дакументамі. Беларусам, якія жывуць замяжой, не падаўжаюць пашпарты, адмаўляюць у консульскіх паслугах. Усё гэта пакідае людзей у нявызначанасці.

У жніўні 2025 года паведамлялася, што беларускія палітычныя эмігранты атрымлівалі лісты з патрабаваннем замяніць свае пратэрмінаваныя пашпарты, прычым у адваротным выпадку пагражалі штрафамі, што можа стаць інструментам прававога ціску нават за межамі краіны. Аднак яшчэ ў верасні 2023 года Лукашэнка забараніў амбасадам і консульствам Беларусі падаўжаць або выдаваць пашпарты замяжой.  


Юрыстка “Вясны” Святлана Галаўнёва пракаментавала тэндэнцыі ў транснацыянальных рэпрэсіях за 2025 год

— Якія новыя формы транснацыянальнага ціску на беларусаў праявіліся ў 2025 годзе і як яны парушаюць міжнародна-прававыя абавязкі Беларусі?

— Вядома, гэта дэпартацыі былых палітвязняў. Раней мы казалі пра дэпартацыі звычайна ў дачыненні людзей, якіх улады вымусілі з’ехаць з краіны пад пагрозай палітычна матываванага пераследу – пра гэта была заява пракуратуры Літвы ў Міжнародны крымінальны суд, каб распачаць справу супраць Беларусі. Зараз мы маем і больш “класічныя” дэпартацыі, калі людзей літэральна з мяхом на галаве вывозяць з краіны.

Таксама заўважна больш актыўнае запужванне з’ехаўшых — званкі, паведамленні ў мэссенджэрах

— Як дзяржава выкарыстоўвалі міжнародныя канвенцыі або дамовы для легітымацыі рэпрэсій супраць сваіх грамадзян за мяжой? 

— Па-першае, улады Беларусі шырока злаўжываюць мерамі супраць экстрэмізму і тэрарызму, пераствараючы пад свае патрэбы іх сутнасць. Фармальна дзеянні ўладаў абапіраюцца на міжнародныя абавязацельствы дзяржавы змагацца з тэрарызмам, фактычна – гэта пераслед іншадумства.

Па-другое, Беларусь актыўна выкарыстоўвае інстытуты міжнароднага вышуку, асабліва Red Notice Інтэрпола, каб стварыць "легальны след" за грамадзянамі, якія знаходзяцца за мяжой. Пры гэтым абвяшчэнне ў вышук часта афармляюцца па тэрарыстычных, экстрэмісцкіх ці крымінальных артыкулах, а фармулёўкі наўмысна пакідаюць прастору для “тлумачэння” як дзеянні дзяржавы ў межах нацыянальнай бяспекі.

— Як у практыку ўпісваюцца выпадкі пераследу сем’яў і блізкіх асоб грамадзян, якія знаходзяцца за межамі Беларусі? 

— Сутнасць транснацыянальных рэпрэсій у тым, што гэта пераслед, які ажыццяўляецца ўладамі краіны па-за яе тэрытарыяльнымі межамі. Пры гэтым запужванне сваякоў, застаўшыхся ў Беларусі, таксама разглядаецца як частка транснацыянальнага пераследу, нават калі ўсё фактычна адбываецца ў межах тэрыторыі краіны. Бо мэта тут – ціск на людзей па-за краінай.

— Якія тэндэнцыі ў 2025 годзе адрозніваюць транснацыянальны рэпрэсіўны механізм ад практыкі мінулых гадоў?

— Я б не сказала, што сёлета з'явілася нешта прынцыпова новае. Больш слушна будзе казаць не аб з'яўленні новых інструментаў, а аб эвалюцыі, нармалізацыі і інстытуцыяналізацыі транснацыянальнага рэпрэсіўнага механізму.

Мы бачым, што за апошнія гады транснацыянальныя рэпрэсіі ператварыліся з кропкавых кейсаў у руцінную практыку. Дыяспара ператвараецца з другаснага аб'екта ўвагі ў мэтавую групу.

Пры гэтым, па маім ўласным адчуванні, менваіта ў 2025 годзе замест кропкавых мер усё часцей стал выкарыстоўвацца дробныя, фонавыя і ў той жа час масавыя меры ціску на з’ехаўшых. Гэта паведамленні ад праваахоўных органаў у месэнджарах і сацсетках, прапанова супрацоўніцтва з КДБ, апавяшчэнні аб пратэрмінаваных пашпартах і г.д. Разам яны працуюць як пастаянны напамін: нават за мяжой ты застаешся ў полі дасяжнасці дзяржавы.

— Якія старыя практыкі дзяржава працягвае выкарыстоўваць для гэтых мэтаў? 

— Гэта спецвытворчасць і завочныя суды, канфіскацыя маёмасці, ціск на сем’і, якія засталіся ў Беларусі, запужванне саміх людзей, якія з’ехалі, хейтспіч і прапаганда ў дзяржСМІ.

Асобна я б адзначыла стан пэўнай нявызначанасці ў адносінах да свайго працэсуальнага статусу і дэталяў пераследу. З'ехаўшы з краіны, людзі часта не могуць атрымаць працэсуальныя дакументы і іншыя пацверджанні пераследу.

— Ці ёсць асобнае пакаранне для злачынстваў супраць правоў чалавека, якія звязаныя з транснацыянальнымі рэпрэсіямі?

Асобнага "злачынства транснацыянальных рэпрэсій" няма ні ў міжнародным праве, ні ў беларускім заканадаўстве. Але такія дзеянні могуць трапляць пад злачынствы супраць чалавечнасці і кампетэнцыю Міжнароднага крымінальнага суда ці пад асобныя нормы беларускага заканадаўства — напрыклад, злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі. Усё ўпіраецца ў тое, у якой прававой плоскасці мы гэта разглядаем.

Таксама транснацыянальны аспект можа быць важным матыватарам пачатку разбіральніцтва супраць Беларусі ў Міжнародным судзе адносна катаванняў. Такі працэс выглядае як пазоў адной дзяржавы супраць іншай. А значыць, павінна знайсціся дзяржава-пазоўнік, гатовая ініцыяваць такую ​​спрэчку. У дадзеным выпадку транснацыянальныя рэпрэсіі не будуць юрыдычнай падставай пачаць разбіральніцтва ў Міжнародным судзе, а хутчэй могуць выступіць матывацыйным фактарам.

Падзялiцца

Глядзiце таксама

«Я ведаю, што значыць быць у выгнанні»: Cпецдакладчык ААН Нільс Муйжніекс — пра Беларусь, рэпрэсіі ды асабісты досвед
10 студзеня 2026, 15:49
«Я ведаю, што значыць быць у выгнанні»: Cпецдакладчык ААН Нільс Муйжніекс — пра Беларусь, рэпрэсіі ды асабісты досвед
Спецдакладчык ААН па Беларусі Нілс Муйжніекс не бачыць прыкметаў змены рэпрэсіўнай палітыкі, нягледзячы на нядаўнія вызваленні палітвязняў.
Дакументаванне як форма супраціву забыццю: пра што распавядалі «Вясне» сведкі катаванняў у 2025 годзе
10 студзеня 2026, 15:02
Дакументаванне як форма супраціву забыццю: пра што распавядалі «Вясне» сведкі катаванняў у 2025 годзе
Летась "Вясна" задакументавала 73 гісторыі пацярпелых ад дзеянняў уладаў.
«Б’е ў мозг са страшнай сілай, ад яго цяжка дыхаць». Гісторыі катаванняў, пра якія стала вядома «Вясне» ў 2025 годзе
10 студзеня 2026, 14:10
«Б’е ў мозг са страшнай сілай, ад яго цяжка дыхаць». Гісторыі катаванняў, пра якія стала вядома «Вясне» ў 2025 годзе
"Вясна" ўзгадвае найбольш гучныя гісторыі катаванняў, пра якія стала вядома ў 2025 годзе.
Агляд «Вясны»: За 2025 год асудзілі не меней за 1254 чалавекі. Вынікі крымінальнага пераследу
10 студзеня 2026, 13:53
Агляд «Вясны»: За 2025 год асудзілі не меней за 1254 чалавекі. Вынікі крымінальнага пераследу
Паводле інфармацыі «Вясны», не меней за 1254 чалавекі асуджаныя па палітычных крымінальных справах у Беларусі за 2025 год.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці