Агляд «Вясны». Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Чэрвень 2024 года

08 ліпеня 2024, 13:01
Агляд «Вясны». Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Чэрвень 2024 года

Праваабарончы цэнтр "Вясна" апублікаваў чарговы агляд сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі ў чэрвені 2024 года.

Высновы:

  • Становішча з правамі чалавека ў Беларусі ўжо на працягу чатырох гадоў пасля пачатку апошняй кампаніі па выбарах прэзідэнта вызначаюць шырокамаштабныя сістэматычныя парушэнні абавязковых нормаў міжнароднага права, рэпрэсіі ў дачыненні да палітычных праціўнікаў рэжыму і іншадумцаў, адвольны крымінальны і адміністратыўны пераслед, які прыводзіць, сярод іншага, да жорсткага пазбаўлення волі.

  • Катаванні, а таксама жорсткае, бесчалавечнае і зневажальнае абыходжанне па-ранейшаму выкарыстоўваюцца ў паўсядзённай практыцы сілавых ведамстваў Беларусі, пераўтвараючыся ва ўсё больш латэнтны працэс з прычыны створанай уладамі агульнай атмасферы страху і бездапаможнасці перад беспакаранымі злачынствамі прадстаўнікоў улады.

  • Свабода сходаў, асацыяцый, свабода меркаванняў і іх выказвання абмяжоўваюцца адвольна і татальна; сутнасць гэтых свабод тым самым зводзіцца на нішто. Некаторыя зніжэнні паказчыкаў рэпрэсій у параўнанні з перыядам 2020-2021 гадоў абумоўлены памяншэннем колькасці спробаў адкрытай рэалізацыі грамадзянамі сваіх правоў і свабод перад тварам непазбежных рэпрэсій.

  • Права не зазнаваць прымусовую працу паўсюдна парушаецца, асабліва ў месцах пазбаўлення волі, да якіх праваабаронцы адносяць і лячэбна-працоўныя прафілакторыі.

  • З пачатку кампаніі па выбарах прэзідэнта 2020 года праваабарончая супольнасць прызнала палітзняволенымі ў Беларусі 3 330 чалавек, у тым ліку 595 жанчын, з якіх на канец чэрвеня 2024 года ў месцах пазбаўлення волі знаходзіліся 1 413 палітзняволеных, з іх 168 жанчын. За месяц праваабарончая супольнасць прызнала палітычнымі зняволенымі 58 чалавек; таксама праваабаронцы запатрабавалі рэабілітацыі 51 былога палітвязня.

  • Праваабаронцы, асуджаныя да пазбаўлення волі, — лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі, віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH) Валянцін Стэфановіч, юрыст Уладзімір Лабковіч, каардынатарка Валанцёрскай службы "Вясны" Марфа Рабкова, валанцёр Андрэй Чапюк, а таксама Наста Лойка — па-ранейшаму адвольна ўтрымліваюцца ў папраўчых калоніях.

  • На канец чэрвеня адвольна пазбаўлены волі 38 журналістаў і супрацоўнікаў СМІ.

  • Працягваюцца рэпрэсіі за рэалізацыю грамадзянскіх правоў: у чэрвені "Вясне" стала вядома пра не менш як 222 выпадкі рэпрэсій (судоў і затрыманняў, звязаных з крымінальным і адміністрацыйным пераследам), у тым ліку не менш як 220 выпадкаў палітычна матываванага адміністрацыйнага разгляду ў судзе, 135 з іх — за распаўсюд інфармацыі са спісу экстрэмісцкіх матэрыялаў.

Палітычныя зняволеныя. Пераслед праваабаронцаў

На канец чэрвеня ў Беларуси налічвалася 1 413 палітзняволеных, з іх 168 жанчын. Акрамя таго, не менш за 1 917 палітзняволеных, з іх 427 жанчын, ужо вызвалены з месцаў пазбаўлення волі ў сувязі з адбыццём пакарання, зменай меры стрымання, прызначэннем пакарання, не звязанага з пазбаўленнем волі, амністыяй і памілаваннем. Такім чынам, сумарная колькасць палітзняволеных і былых палітвязняў няўхільна расце, іх агульная колькасць складае 3 330 чалавек, сярод якіх 595 жанчын.

За месяц праваабаронцы прызналі палітвязнямі 58 чалавек. Так, 26 чалавек прызнаны палітзняволенымі (заява ад 6 чэрвеня і ад 20 чэрвеня), бо іх узяцце пад варту, абмежаванне волі, пазбаўленне волі і накіраванне на прымусовае лячэнне спалучана з рэалізацыяй права на ўдзел у мірных сходах.

Дзесяць чалавек прызнаны палітвязнямі, бо іх узяцце пад варту і пазбаўленне волі звязана з рэалізацыяй права на свабоднае выказванне меркавання і ажыццяўляецца ў межах абвінавачванняў паводле дыфамацыйных артыкулаў Крымінальнага кодэкса.

Пяць чалавек прызнаны палітвязнямі, бо іх узяцце пад варту і пазбаўленне волі грунтуецца на абвінавачваннях у экстрэмізме. Празмерна шырокае і расплывістае паняцце экстрэмізму дае магчымасці для адвольнага пераследу асобных грамадзян і іх асацыяцый, якія крытыкуюць дзеянні ўладаў і патрабуюць змен у дзяржаве і палітыцы, што яна праводзіць.

Пятнаццаць чалавек прызнаны палітвязнямі, бо іх узяцце пад варту і пазбаўленне волі злучана з грубымі парушэннямі прынцыпаў справядлівага суда і працэсуальных правоў абвінавачаных, у тым ліку з неабгрунтаваным абмежаваннем права на публічны разгляд.

Каталіцкі святар Анджэй Юхневіч, які сутыкнуўся з неправамернай практыкай утрымання ў няволі на гэты момант больш за 45 дзён шляхам накладання аднаго за другім адміністрацыйных арыштаў, прызнаны палітычным вязнем.

Прызналі палітзняволенай журналістку Алену Цімашчук, асуджаную да пяці гадоў пазбаўлення волі паводле абвінавачванняў у дыфамацыі і экстрэмізме.

Таксама праваабаронцы запатрабавалі рэабілітацыі 51 былога палітвязня (заявы ад 3 чэрвеня і ад 24 чэрвеня). Іх імёны ці акалічнасці спраў сталі вядомыя пасля іх вызвалення. Гэтыя людзі знаходзіліся ў няволі ў пакаранне за ажыццяўленне свабоды выказвання меркаванняў і свабоды сходаў, а на гэты момант вызвалены.

Праваабаронцам вядома пра шасцярых палітзняволеных, затрыманых непаўнагадовымі. На сёння Марыі Місюк 16 гадоў, а Трафіму Барысаву — 17. У няволі дасягнулі 18 гадоў Мікіта Залатароў, Павел Піскун, Алег Дабрыднёў і Мікіта Бруй.

У чэрвені стала вядома, што цалкам адбылі свае тэрміны пакарання і выйшлі на волю як мінімум 36 палітвязняў. Акрамя таго, з’явілася інфармацыя пра вызваленне пяці грамадзян Украіны, чацвёра з якіх былі прызнаны беларускай праваабарончай супольнасцю палітзняволенымі. Гэта адбылося ў межах абмену палоннымі.

Палітвязні — як тыя, што знаходзяцца ў няволі, гэтак і тыя, што выйшлі на волю, — працягваюць сутыкацца з паўторным пераследам. Паўторна асуджаны паводле дыфамацыйнага абвінавачвання СяргейГняўко, раней асуджаны да 4 гадоў і 6 месяцаў пазбаўлення волі згодна з тымі ж абвінавачваннямі. Сяргей Дзяцук пасля вызвалення з калоніі затрыманы паводле абвінавачванняў у злосным непадпарадкаванні патрабаванням адміністрацыі калоніі (арт. 411 КК). Прызначаны даты пачатку судовых разглядаў паводле справаў аб злосным непадпарадкаванні патрабаванням адміністрацыі калоніі (арт. 411 КК) у дачыненні да Эдуарда Бабарыкі і Мікіты Залатарова.

Стала вядома пра ўзмацненне рэжыму адбывання пазбаўлення волі — перавод на турэмны рэжым — палітвязню АляксандруГашнікаву. Таксама з'явілася інфармацыя пра суды аб пераводзе на турэмны рэжым палітвязняў Андрэя Любецкага і Дзмітрыя Слука.

Палітвязні сутыкаюцца з працяглымі перапынкамі і абмежаваннямі ў кантактах са сваімі сем'ямі, уключаючы абмежаванні ліставання, тэлефонных размоваў, спатканняў са сваякамі і сустрэч з адвакатамі. Вядома пра восем палітвязняў, якія ўтрымліваюцца працяглы час у рэжыме інкамунікада: гэта Паліна Шарэнда-Панасюк, Марыя Калеснікава, Віктар Бабарыка, Уладзімір Гундар, Мікалай Статкевіч, Сяргей Ціханоўскі, Максім Знак і Ігар Лосік. З'явілася інфармацыя, што адміністрацыя жаночай калоніі забараняе зняволеным кантактаваць з Марыяй Калеснікавай. Таксама паведамляецца, што больш за месяц няма сувязі з Яўгенам Афнагелем.

Палітзняволенай Паліне Шарэндзе-Панасюк прызначылі чацвёртую за час ейнага зняволення псіхолага-псіхіятрычную экспертызу. З пачатку 2024 года яна правяла сумарна 70 сутак у штрафным ізалятары.

Па-ранейшаму знаходзяцца ў зняволенні праваабаронцы "Вясны" Алесь Бяляцкі,Валянцін Стэфановіч,Уладзімір Лабковіч,Марфа Рабкова і Андрэй Чапюк, а таксама праваабаронца Наста Лойка.

Катаванні і жорсткае абыходжанне

Працоўная група па барацьбе з катаваннямі Платформы "Грамадзянская салідарнасць", у якую ўваходзяць прадстаўнікі праваабарончых і грамадскіх арганізацый з сямі краінаў рэгіёна АБСЕ (Арменія, Беларусь, Казахстан, Кыргызтан, Малдова, Расія і Украіна), прадставіла штогадовыя вынікі замеру Індэксу забароны катаванняў у гэтых краінах: Беларусь знаходзіцца на апошнім месцы ўжо пяты год.

Пасля масавых затрыманняў удзельнікаў пратэсных акцый 2020 года маштабы прымянення катаванняў і жорсткага абыходжання ў пенітэцыярных установах Беларусі рэзка павялічыліся і не спадаюць дагэтуль. Распаўсюджанымі формамі катаванняў, зафіксаванымі праваабаронцамі, з'яўляюцца: збіванне, задушванне, прымус знаходзіцца ў фіксаваным становішчы цела працяглы час (стаянне на насках, з выцягнутымі рукамі, у скручаных і ненатуральных позах), уздзеянне на органы пачуццяў (напрыклад, яркае штучнае асвятленне ўначы), выкарыстанне электрашокера, сэксуалізаваны гвалт, змяшчэнне ў перапоўненую камеру, працяглае адзіночнае зняволенне ў штрафным ізалятары, утрыманне ў рэжыме інкамунікада і інш.

У дачыненні да затрыманых паводле палітычна матываваных абвінавачванняў працягваецца актыўнае ўжыванне зневажальнай практыкі прымусу да запісу на відэа выбачэнняў і прызнання віны ("пакаяльныя відэа"). 

Адным з яркіх прыкладаў жорсткага абыходжання з'яўляецца практыка змяшчэння зняволеных у металічную клетку ва ўнутраным двары жаночай Папраўчай калоніі № 4 у г. Гомелі.

Таксама з'явілася інфармацыя аб абмежаванні жанчын-асуджаных, якія адбываюць тэрмін у Папраўчай калоніі № 4 і Папраўчай калоніі № 24, у колькасці перадач гігіенічных сродкаў, у тым ліку пракладак: згодна з новымі правіламі, перадаць гігіенічныя сродкі будзе магчыма толькі два разы на год.

Адсутнасць справядлівага судовага разгляду палітычна матываваных спраў

Судовая сістэма працягвае быць інструментам рэпрэсій супраць нязгодных з цяперашнімі ўладамі. У тым ліку, працягваюць актыўна выносіцца абвінаваўчыя прысуды ўдзельнікам мірных пратэсных акцый 2020 года.

Апеляцыя застаецца неэфектыўным інструментам абароны правоў у палітычна матываваных крымінальным справах. Апеляцыйнае абскарджанне не прыводзіць да адмены прысуду ці істотнай яго змене і не ўлічвае патрабаванні міжнародных дамоў Рэспублікі Беларусь у сферы правоў чалавека.

Крымінальны пераслед у межах спецыяльнай вытворчасці дазваляе праводзіць завочны судовы разгляд і выносіць прысуды без удзелу абвінавачаных (in absentia): такім чынам распачалі справы ў дачыненні да 108 чалавек. БДПЧ АБСЕ выказала асуджэнне такой практыцы, заявіўшы, што яна парушае права на справядлівы судовы разгляд і прынцып вяршэнства права. Прадэмакратычнаму палітыку Франаку Вячорку ў межах завочнага судовага разгляду было прызначана 20 гадоў пазбаўлення волі. Праваабаронца "Вясны" і былы палітзняволены Леанід Судаленка ў межах завочнага судовага разгляду быў асуджаны да пяці гадоў зняволення і штрафу.

Парушэнне свабоды мірных сходаў. Задушэнне свабоды выказвання меркаванняў

Крымінальны пераслед за ўдзел у мірных пратэсных акцыях, выкліканых нязгодай з вынікамі прэзідэнцкіх выбараў 2020 года, працягваецца.

Часта, да вынясення судом рашэння, абвінавачваных затрымлівалі і змяшчалі пад варту ў адсутнасць належных прычын. Так, двухразовая чэмпіёнка Беларусі па таэквандо, пісьменніца і хірургіня Алена Церашкова, затрыманая 20 траўня, знаходзілася пад вартай да вынясення прысуду. Суд Цэнтральнага раёна Мінска 20 чэрвеня прызначыў ёй абмежаванне волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на тры гады. Абвінавачванні выставілі за ўдзел у масавых мерапрыемствах у 2020 годзе (ч. 1 арт. 342 КК). Алену Церашкову вызвалілі з-пад варты ў зале суда.

У чэрвені людзей прыцягвалі да адказнасці паводле ч. 1 арт. 342 КК, караючы абмежаваннем ці пазбаўленнем волі. Суд Ленінскага раёна Магілёва 13 чэрвеня прызнаў Андрэя Цімоніна вінаватым у арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, ці актыўным ўдзеле у іх і прызначыў пакаранне ў выглядзе двух гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Прысуды паводле ч. 1 арт. 342 КК выносілі і сямейным парам. Так, суд Ленінскага раёна Магілёва 13 чэрвеня прызначыў Дзянісу і Святлане Котавым два гады і шэсць месяцаў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу і два гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, адпаведна. Муж з жонкай маюць непаўнагадовых дзяцей.

У чэрвені апублікаваны даклад A/HRC/56/65 Спецыяльнай дакладчыцы па пытанні аб сітуацыі ў галіне правоў чалавека ў Беларусі. Анаіс Марэн рэкамендавала ўраду Беларусі, сярод іншага, адмяніць артыкулы 368 і 369 Крымінальнага кодэкса, якія прадугледжваюць пакаранне за абразу прэзідэнта і прадстаўнікоў улады. Аднак практыка прыцягнення да крымінальнай адказнасці за абразу Лукашэнкі ці іншых службовых асобаў працягваецца. Так, 17 чэрвеня суд Ленінскага раёна Магілёва прызнаў Антона Пугача вінаватым у абразе Аляксандра Лукашэнкі (ч. 1 арт. 368 КК) і абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК) і прызначыў пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на адзін год і шэсць месяцаў з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Адміністратыўны пераслед працягвае актыўна выкарыстоўвацца дзеля аказання ціску паводле палітычных матываў. У чэрвені "Вясна" атрымала інфармацыю пра не менш як 220 выпадкаў палітычна матываванага адміністратыўнага разгляду ў судзе. Сталі вядомыя вынікі толькі некалькіх судовых пасяджэнняў: прызначана не менш за восем адміністрацыйных арыштаў і два штрафы. Вынікі астатніх судоў невядомыя.

Вынікі адміністратыўнага пераследу і колькасць затрыманняў, звязаных з крымінальным і адміністратыўным пераследам, часта не робяцца вядомымі праваабаронцам або паступаюць з затрымкай праз атмасферу страху і пагрозу дадатковых рэпрэсій. Гэтыя звесткі нельга ацэньваць як паказчык змены ўзроўня рэпрэсій, асабліва на кароткіх адрэзках часу і без уліку змены ўмоваў для збору інфармацыі.

Парушэнне правоў і свабод пад выглядам барацьбы з экстрэмізмам і тэрарызмам

Працягваюць нарошчвацца і ўзмацняцца разнастайныя рэпрэсіўныя практыкі, якія маюць на мэце пераслед людзей за выказванне альтэрнатыўнага меркавання, але дзяржавай называюцца барацьбой з экстрэмізмам і тэрарызмам. 

Паводле начальніка ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі УУС аблвыканкама Андрэя Майсейкава, з пачатку 2024 года толькі ў Гомельскай вобласці распачалі каля 300 крымінальных спраў і склалі больш як 500 адміністрацыйных пратаколаў за "дзеянні, звязаныя з экстрэмізмам". 

Спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў рэгулярна папаўняецца: за сёлетні чэрвень суды Беларусі вынеслі 100 рашэнняў аб прызнанні ад адной да трох адзінак інфармацыйнай прадукцыі "экстрэмісцкімі матэрыяламі" (у траўні было вынесена 65 адпаведных рашэнняў). 

Прызнанне нежаданых крыніц "экстрэмісцкімі" заканадаўча дазваляе ўладам праводзіць палітыку забароны і цэнзуравання інфармацыі. У той жа час практыка прызнання матэрыялаў экстрэмісцкімі ўжо механічна адпрацавана і мае канвеерны характар. 

Суд Партызанскага раёна Мінска прызнаў "экстрэмісцкімі матэрыяламі" допіс у тэлеграм-канале Belsat пра тое, як мінскі Свята-Елісавецінскі манастыр падтрымлівае вайну з Украінай. Раней Belsat быў прызнаны "экстрэмісцкім фармаваннем", а ягоныя сацыяльныя сеткі дадаткова — "экстрэмісцкімі матэрыяламі". Гэта значыць, што кожны пост у сацсетках ужо з’яўляецца экстрэмісцкім матэрыялам і не патрабуе індывідуальнага прызнання. 

Суд Мядзельскага раёна 12 чэрвеня прызнаў "экстрэмісцкімі матэрыяламі" адразу дзесяць відэаролікаў блогера "FreshMeatOMG". Сярод іх і ролік "В Беларуси мужчину задержали за видео о плохих дорогах". 

Асабліва непакоіць, што прызнаецца экстрэмісцкай класіка беларускай літаратуры. Суд Жыткавіцкага раёна 24 траўня прызнаў "экстрэмісцкімі матэрыяламі" прадмову Язэпа Янушкевіча да збора твораў Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. Двухтомнік Дуніна-Марцінкевіча быў прызнаны "экстрэмісцкімі матэрыяламі" ў лістападзе 2023 года тым жа судом Жыткавіцкага раёна. Пазней, 11 сакавіка 2024 года, рашэнне раённага суда адмяніў прэзідыум Гомельскага абласнога суда. Цяпер гэты самы двухтомнік беларускага класіка зноў з'явіўся ў адпаведным спісе на сайце Мінінфарма — аднак гэтым разам "экстрэмісцкай" названая толькі прадмова да яго. 

Пад забарону трапляюць сацсеткі крамаў і сувеніраў у нацыянальным стылі, як, напрыклад, крамы "Князь Вітаўт". 

Адна з мэтаў прызнання рэсурсаў экстрэмісцкімі — спыніць спробы свабоднага грамадскага абмеркавання і кааперацыі. Пацверджаннем гэтаму з’яўляецца тое, што 17 чэрвеня ў Спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў дадалі праект "moladz.hеlp" і ягоныя сацсеткі. Гаворка пра сайт, старонку ў Instagram, лагатып, а таксама тэлеграм-каналы і чаты "moladz.hеlp|центр прав молодёжи", "Распределение 2024 РБ|Обсуждение", "Призыв 2024 РБ|Обсуждение". 

Таксама ў чэрвені ў спіс трапілі: Telegram-каналы і чаты "МОВА ТУТ", "Mikałaj Łukašenka Ž # КрывiяТг", "ШапитоДичь", "Народный репортер"; YouTube-каналы "БелДиаспораТВ", "Belarusian Americans Org"; Facebook-старонкі "Беларускi нацыянальны кангрэс", "Сергей Петрухин"; старонка ва "УКантакце" "NEXTA Белоруссия 97%. Поддержка. Помощь"; старонкі ў "Аднакласніках" "Новости Беларуси от Reform.nеws", "Сяргей Пятрухiн"; Instagram-старонка "kaciaberlin" і інш. 

Паводле даклада Анаіс Марэн, прысвечанага правам чалавека ў Беларусі з 1 красавіка 2023 па 31 сакавіка 2024 года, "нягледзячы на ​​працяг рэпрэсій, у выніку якіх палітычная апазіцыя была прымушаная да самацэнзуры і апынулася ў турме або выгнанні, і працяглую зачыстку грамадзянскай прасторы, урад, як падаецца, імкнецца абараніць сябе ад любых будучых выклікаў свайму кіраванню. Такім чынам, у гэты перыяд урад прыкладаў нястомныя намаганні па прыняцці законаў, накіраваных на яшчэ большае абмежаванне правоў чалавека".

На падставе арт. 19.11 КаАП (Распаўсюд, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або прапагандуе такую дзейнасць) улады прыцягваюць да адміністратыўнай адказнасці ўсё больш людзей. Такім чынам, улады ў ліку сваіх мэтаў маюць запужванне людзей і дэманстрацыю непазбежнага пакарання за непадпарадкаванне дзяржаўнай ідэалогіі. 

Асобы затрыманых і прычына іх затрымання часцей за ўсё робяцца вядомымі з "пакаянных відэа", якія публікуюцца ў праўладных Telegram-каналах сілавых ведамстваў. Гэтая практыка ідзе насуперак прэзумпцыі невінаватасці і груба парушае свабоду ад катаванняў і жорсткага, негуманнага і прыніжальнага чалавечую годнасць абыходжання. 

Сярод затрыманых — вартаўнік мсціслаўскага будаўнічага каледжа Станіслаў Сцепчанка і выкладчык БДУ Алег Насань. Таксама працягнуліся рэпрэсіі ў дачыненні да затрыманага на пачатку траўня каталіцкага святара Анджэя Юхневіча, які не выйшаў на волю пасля 45 сутак і быў арыштаваны чацвёрты раз запар. 

Відавочна, што беларускія суддзі прымяняюць такую законную падставу, як затрыманне паводле падазрэння ў здзяйсненні правапарушэння, прадугледжанага арт. 19.11 КаАП, з мэтай адвольнага затрымання непажаданых людзей. Затрыманых судзяць некалькі разоў запар, такім чынам чалавек адбывае кожнае пакаранне па чарзе і можа сядзець месяцамі. Практыка "каруселяў" непасрэдна парушае артыкул 7.4 КаАП "Накладанне адміністрацыйнага спагнання за здзяйсненне некалькіх адміністратыўных правапарушэнняў", які прадугледжвае, што за здзяйсненне некалькіх правапарушэнняў, якія ўтвараюць паўторнасць, спагнанне накладаецца ў межах санкцыі адпаведнага артыкула і ў выпадку арышту не можа перавышаць 30 сутак.

Уладам нашмат прасцей вылічваць тых, хто прытрымліваецца альтэрнатыўных ідэалогіі А. Лукашэнкі і таму забароненых поглядаў, праз праверку тэлефонаў, прыватных размоваў ў іх і падпісак на Telegram-каналы. Спецыфіка гэтага інструменту палягае ў тым, што кожны чалавек правяраецца асабіста і індывідуальна, ніхто не абаронены ад парушэння права на прыватнае жыццё з боку сілавых органаў і ад праверкі ўласнага тэлефона на прадмет наяўнасці ў ім экстрэмісцкіх матэрыялаў.

Яшчэ прасцей пераследваць людзей пасля праверкі іх асабістых тэлефонаў, калі яны ўсе сабраныя ў адным месцы, напрыклад, на працы, у адным горадзе. Такая практыка нагадвае "чысткі", якія могуць рабіць як прадстаўнікі органаў унутраных спраў, так і кіраўнікі прадпрыемстваў у дачыненні да супрацоўнікаў пасля панясення імі пакарання ў выглядзе арышту або штрафу. Так, у Гомелі звольнілі дваіх анколагаў — Сяргея і ВольгуІвановых

Міліцыянты 16 чэрвеня зладзілі рэйд на металатканым заводзе HaverBY, у выніку чаго былі затрыманыя прынамсі сямёра працаўнікоў. У апублікаваным сілавікамі роліку бачна, як прадстаўнікі МУС з аўтаматамі і ў поўным абмундзіраванні ўрываліся ў цэхі, адцягвалі рабочых ад станкоў, укладвалі людзей на зямлю і заводзілі рукі за спіну. 

У Глыбокім затрымалі як мінімум траіх мясцовых жыхароў. На "пакаяльным відэа" ўсе яны кажуць, што былі падпісаныя на "экстрэмісцкія" суполкі ў сацсетках і рабілі адтуль рэпосты. Сярод затрыманых — Руслан Рагоўскі

Пералік арганізацый, фармаванняў, індывідуальных прадпрымальнікаў, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці, за чэрвень папоўніўся, як мінімум, суполкай "Жыве Беларусь" ва "Укантакце" і YouTube-шоў "Женщины тяжелого поведения". Паводле МУС, дачыненне да апошняга праекту маюць Анастасія Карасёва, Марына Ментусава і Кацярына Раецкая, а гэта значыць, што ім пагражае прыцягненне да крымінальнай адказнасці за "стварэнне альбо ўдзел у экстрэмісцкім фармаванні". Як пазначана ў апісанні праекту, гэтае шоў "створанае беларускамі для беларусак", і ў ім "разам з каляжанкамі, жанчынамі са сферы медыя, палітыкі, навукі і культуры" абмяркоўваецца, "што можна зрабіць, каб жыццё дзяўчат, дзяўчын і жанчын зрабілася лепшым". Такім чынам, дзяржава адкрыта забараняе і гатова пераследваць жанчын за распаўсюд ідэй фемінізму. 

Выказванне свайго меркавання, пры гэтым без ажыццяўлення гвалтоўных дзеянняў, трактуецца ўладамі з пункту гледжання закона "Аб процідзеянні экстрэмізму" і адносіцца да злачынстваў экстрэмісцкай скіраванасці. Так, у чэрвені быў затрыманы Раман Ліхадзіеўскі, які падчас размовы у чат-рулетцы з правакатарам сказаў у адказ "Героям слава" і "Жыве вечна". Таксама, мяркуючы па кантэксце, беларус сказаў, што лепш адрэжа сабе руку, чым пойдзе ваяваць супраць украінцаў. Праўладныя Telegram-каналы пісалі, што гэтымі дзеяннямі беларус "распальваў нянавісць" і "прапагандаваў экстрэмізм".

Паводле даклада Анаіс Марэн, прысвечанага правам чалавека ў Беларусі, насельніцтва краіны не мае ніякага ўплыву на падзеі, звязаныя з агрэсіяй Расіі на тэрыторыі Украіны. Тых, хто выказвае нязгоду з унутранай і знешняй палітыкай урада, залічаюць да "экстрэмістаў" і пераследуюць у судовым парадку. Заканадаўства па супрацьдзеянні тэрарызму і экстрэмізму працягвае выкарыстоўвацца дзеля пакарання і запалохвання палітычнай апазіцыі.

Акцёра Кірыла Алахвердзяна затрымалі за супрацу з незалежным СМІ. Яго абвінавачваюць у "садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці" (арт. 361-4 КК) праз тое, што ён здымаўся ў міліцэйскай форме ў роліках Belsat. 

Працягваецца ціск на людзей, якія ахвяравалі грошы на падтрымку рэпрэсаваных і на пратэсныя ініцыятывы, а таксама беларускім добраахвотнікам ва Украіне. 

У Мінскім гарадскім судзе 6 чэрвеня распачаўся чарговы суд за данаты. 56-гадовага праграміста Анатоля Валадзько абвінавачваюць паводле ч. 1 арт. 290-1 (Фінансаванне тэрарыстычнай дзейнасці) і арт. 361-2 (Фінансаванне дзейнасці экстрэмісцкага фармавання) Крымінальнага кодэкса. Мужчыну пагражае да 12 гадоў зняволення. Паводле звестак ад сукамерніка Анатоля Валадзько, той адмовіўся выплачваць "ахвяраванні", якія супрацоўнікі КДБ пад пагрозамі прапаноўваюць выплаціць тым, хто рабіў данаты. 

У той жа час сотні людзей пазбягаюць зняволення і крымінальнага пераследу, бо пагаджаюцца на прапанаваныя супрацоўнікамі КДБ і ДФР умовы — заплаціць суму, якая ў шмат разоў перавышае ўласна ахвяраванне, на канкрэтную, абраную супрацоўнікамі дзяржорганаў арганізацыю, а фактычна — патрымаць бюджэт.

19 чэрвеня стала вядома, што у Калодзішчах затрымалі мужчыну, які сарваў чырвона-зялёны сцяг з мясцовай крамы. У гэты ж дзень у Гродне вынеслі прысуд дзвюм 23-гадовым дзяўчынам, якіх прызналі вінаватымі паводле арт. 370 КК (Знявага дзяржсімвалаў) — суд прызначыў ім па годзе пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Суд прайшоў у выязным пасяджэнні на базе юрыдычнага факультэта Гродзенскага універсітэта.

У іншым універсітэце — ГДУ імя Ф. Скарыны — адбылася дыялогавая пляцоўка на тэму прафілактыкі экстрэмізму ў маладзёжным асяроддзі: удзел для юнакоў быў абавязковы і, як звычайна, адміністратыўна прымусовы. 

У Гомельскім абласным судзе вынеслі жорсткі прысуд Васілю Прохараву: 11 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі. Ягоная жонка Ларыса і сын Павел асуджаныя да васьмі гадоў калоніі. Яшчэ аднаму фігуранту справы, настаўніку беларускай мовы Руслану Прахарэнку, прысудзілі дзесяць гадоў зняволення. Іх абвінавачвалі паводле ч. 1 арт. 356 (Здрада дзяржаве), ч. 1 арт. 130 (Распальванне варожасці ці варажнечы), ч. 1 арт. 361-4 (Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) і ч. 1 арт. 406 (Неданясенне пра злачынства) Крымінальнага кодэксу. Справу ў закрытым рэжыме разглядаў суддзя Вадзім Бобыраў. Удзельнікі закрытага працэсу маюць падпіскі аб невыдаванні. З неафіцыйнай крыніцы вядома, што крымінальная справа тычыцца фатаграфавання розных аб’ектаў на тэрыторыі Беларусі, а за фігурантамі справы нейкі час перад арыштам сачылі спецслужбы.

На працягу чэрвеня МУС рабіла традыцыйныя пятнічныя аднаўленні Пераліку грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асобаў без грамадзянства, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці. Падстава для ўключэння ў спіс — прысуд, які набыў моц, паводле любога артыкулу экстрэмісцкай накіраванасці. Сярод іншых, у спіс дадалі журналіста-фрылансера з Палесся Аляксандра Ігнацюка і велактывістку з Гомеля Святлану Кароль.

Арыгінальная публікацыя на сайце "Вясны"

Глядзiце таксама

«І вы гатовыя даць гэтым судам права пазбаўляць жыцця?» У Варшаве паглядзелі фільм пра смяротнае пакаранне
07 кастрычніка 2024, 09:07
«І вы гатовыя даць гэтым судам права пазбаўляць жыцця?» У Варшаве паглядзелі фільм пра смяротнае пакаранне
Дыскусія і паказ фільма "Жыццё Дэвіда Гейла" прайшлі ў Беларускім Моладзевым Хабе, што ў Варшаве.
«Мы вернемся ў краіну разам з канстытуцыйнай законнасцю»: Леаніда Судаленку шукае беларуская міліцыя
19 верасня 2024, 15:12
«Мы вернемся ў краіну разам з канстытуцыйнай законнасцю»: Леаніда Судаленку шукае беларуская міліцыя
Асуджанага завочна праваабаронцу Леаніда Судаленку абвясцілі ў вышук у Беларусі. Ягонае фота з’явілася на гомельскіх стэндах «Іх шукае міліцыя».
Трое новых «хросных» з Германіі для палітвязняў у Беларусі
19 верасня 2024, 14:59
Трое новых «хросных» з Германіі для палітвязняў у Беларусі
У межах кампаніі #WeStandBYyou Петэр Хайдт, Луіза Ліцына-Бадэ і Бруна Хенэль сталі "хроснымі" Аляксея Бародкі, Сяргея Шамецькі і Чэслава Канановіча.
Павел Сапелка аб прызнанні віны пры памілаванні
18 верасня 2024, 14:30
Павел Сапелка аб прызнанні віны пры памілаванні
Праваабаронца "Вясны" Павел Сапелка распавядае, што значыць прызнанне віны пры памілаванні і ці будзе ўлічвацца гэты фактар пры рэабілітацыі палітвязняў.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці