Агляд «Вясны»: Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Ліпень 2023

07 жніўня 2023, 09:24
Агляд «Вясны»: Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Ліпень 2023

Праваабарончы цэнтр «Вясна» апублікаваў чарговы аналітычны агляд стану правоў чалавека ў Беларусі за ліпень 2023 году.

  • глыбокі крызіс правоў чалавека па-ранейшаму вызначае становішча ў Беларусі; рэпрэсіўная палітыка ўладаў уключае адвольныя арышты, асуджэнне, катаванні і іншыя віды забароненага абыходжання ў дачыненні да палітычных праціўнікаў рэжыму і іншадумцаў;

  • на канец ліпеня 2023 года ў Беларусі ў месцах пазбаўлення волі знаходзіліся 1488 палітвязняў, за месяц праваабарончая супольнасць прызнала такімі 42 чалавекі;

  • сябры ПЦ "Вясна" — старшыня арганізацыі, лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі, сябра Рады ПЦ "Вясна", юрыст, віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH) Валянцін Стэфановіч, юрыст, каардынатар кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Уладзімір Лабковіч, каардынатарка Валанцёрскай службы "Вясны" Марфа Рабкова, валанцёр Андрэй Чапюк, асуджаныя да пазбаўлення волі, адбываюць пакаранне ў папраўчых калоніях; кіраўнік Гомельскага аддзялення "Вясны" Леанід Судаленка цалкам адбыў тэрмін пакарання і выйшаў на волю;

  • праваабаронца Наста Лойка асуджана да сямі гадоў пазбаўлення волі па адвольных палітычна матываваных абвінавачваннях, яна знаходзіцца ў следчым ізалятары і чакае апеляцыйнага перагляду прысуду;

  • працягваюцца адвольныя рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзянаў за рэалізацыю сваіх грамадзянскіх правоў: у ліпені "Вясне" стала вядома пра не менш за 350 фактаў пераследу паводле адміністрацых справаў, а таксама пра не менш за 260 выпадкі палітычна матываванага адміністрацыйнага разбіральніцтва ў судзе. Суддзямі прызначана не менш за 55 адміністрацыйных арыштаў і 34 штрафы; астатнія спагнанні невядомыя. Амаль трэць рэпрэсаваных — жанчыны;

  • па-ранейшаму праваабаронцамі "Вясны" рэгулярна выяўляюцца і дакументуюцца факты прымянення катаванняў і забароненых відаў абыходжання ў ходзе расследавання палітычна матываваных крымінальных спраў, а таксама забароненых відаў абыходжання ў адміністрацыйным працэсе;

  • на штогадовай сесіі Парламенцкай асамблеі АБСЕ, якая праходзіла з 30 чэрвеня па 4 ліпеня, прынятыя Дэкларацыя і Рэзалюцыя ў падтрымку дэмакратычнай Беларусі; беларускі рэжым заклікалі адмяніць прысуды ўсім, хто пераследуецца па палітычных матывах, у тым ліку Святлане Ціханоўскай, Паўлу Латушку, Алесю Бяляцкаму, Валянціну Стэфановічу, Уладзіміру Лабковічу, Анджэю Пачобуту і Ігару Лосіку; парламенты ў рэгіёне АБСЕ заклікалі падтрымліваць палітвязняў праз няўрадавыя арганізацыі, такія як "Вясна", дамагацца іх вызвалення і прасоўваць схемы падтрымкі, якія абараняюць сем'і, маёмасць і здароўе зняволеных;

  • Спецыяльная дакладчыца ААН па Беларусі Анаіс Марэн прадставіла свой новы даклад на 53-й сесіі Савета ААН па правах чалавека. Яна адзначыла, што сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі "катастрафічная і толькі пагаршаецца". 13 ліпеня ў Савеце па правах чалавека прайшоў разгляд і галасаванне па рэзалюцыі па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. Рэзалюцыя была прынятая 20 галасамі "за", яна прадугледжвае падаўжэнне мандата спецдакладчыка па правах чалавека ў Беларусі на адзін год і заклікае ўлады ўзаемадзейнічаць з ім і вярнуцца да дыялогу, а таксама даць яму магчымасць наведваць Беларусь і камунікаваць з зацікаўленымі асобамі ва ўрадзе і з ліку грамадзянскай супольнасці;

  • Праваабарончы цэнтр "Вясна" стаў лаўрэатам прэстыжнай прэміі Арганізацыі Аб'яднаных Нацый у галіне правоў чалавека за 2023 год. Цырымонія ўручэння прэміі адбудзецца ў штаб-кватэры ААН у Нью-Ёрку ў снежні 2023 года ў межах мерапрыемстваў, прысвечаных Дню правоў чалавека.

Палітычныя вязні. Пераслед праваабаронцаў

На канец ліпеня ў Беларусі налічваецца 1488 палітвязняў, прызнаных такімі праваабарончай супольнасцю. Сярод іх — 165 жанчын. Акрамя таго, больш за 900 палітвязняў ужо вызваленыя з месцаў пазбаўлення волі ў сувязі з адбыццём пакарання, зменай меры стрымання, амністыяй і памілаваннем. За месяц праваабаронцамі прызнаныя палітвязнямі 42 чалавекі. 

Усяго "Вясне" вядома пра больш за 3550 асуджаных па палітычна матываваных крымінальных справах; у канцы лютага гэтага года Генеральны пракурор А. Швед паведаміў пра тое, што з 2020 года судамі разгледжана амаль 3000 "экстрэмісцкіх" спраў у дачыненні да 3645 чалавек, 62% якіх (каля 2250 чалавек) асуджаныя да пазбаўлення волі і абмежавання волі з накіраваннем у папраўчыя ўстановы адкрытага тыпу.

11 ліпеня стала вядома, што беларускі мастак, палітвязень Алесь Пушкін памёр у рэанімацыі бальніцы г. Гродна. Паведамлялася, што ў выніку несвоечасовага і непрафесійнага аказання медыцынскай дапамогі супрацоўнікамі медчасткі турмы №1 г. Гродна ў яго развіўся перытаніт, быў сэптычны стан і паліорганная недастатковасць. Праваабарончая супольнасць выступіла з адпаведнай заявай, у якой запатрабавала ад уладаў правесці аб'ектыўнае і ўсебаковае расследаванне для вызначэння прычын гэтай трагедыі і праінфармаваць грамадскасць аб яго выніках, а таксама прыняць меры па недапушчэнні падобных выпадкаў. Гэта трэці вядомы выпадак гібелі палітвязняў ва ўстановах пенітэнцыярнай сістэмы. Гэтыя выпадкі, а таксама самагубства асуджанага па палітычных матывах да абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу Дзмітрыя Дудойдзя засталіся без належнага расследавання і прававой ацэнкі. Улады працягваюць утрымліваць у зняволенні ў ліку адвольна асуджаных па палітычных матывах сотні людзей, якія маюць сур'ёзныя праблемы са здароўем, у тым ліку інваліднасць. Існуе сур'ёзная пагроза іх жыццю і здароўю, а іх утрыманне ў месцах пазбаўлення волі часта з'яўляецца формай забароненага абыходжання.

Па-ранейшаму няма дакладных звестак пра лёс вядомых апазіцыйных палітыкаў, якіх улады ўтрымліваюць у строгай ізаляцыі, у сувязі з чым ад іх не паступае карэспандэнцыі, яны пазбаўленыя права на тэлефонныя перамовы і спатканні, у тым ліку на спатканні з адвакатамі, у родных няма звестак пра стан іх здароўя. Марыю Калеснікаву і Мікалая Статкевіча больш за пяць месяцаў, Сяргея Ціханоўскага больш за чатыры месяцы, Віктара Бабарыку больш за тры месяцы — ўтрымліваюць інкамунікада. Як сцвярджае адміністрацыя наваполацкай калоніі, Віктара Бабарыку змясцілі ў памяшканне камернага тыпу, дзе забароненыя званкі і спатканні. За што і на які тэрмін палітвязень трапіў у ПКТ — невядома.

У праваабаронцаў і дэмакратычных актывістаў ёсць таксама звесткі пра падобныя сітуацыі з іншымі палітвязнямі; практычна ўсе з іх істотна абмежаваныя ў перапісцы і спатканнях з роднымі і адвакатамі.

Больш за два гады ў зняволенні ўтрымліваюць Валянціна Стэфановіча, Уладзіміра Лабковіча і лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру Алеся Бяляцкага. Абсерваторыя па абароне праваабаронцаў — супольная праграма Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH) і Сусветнай Арганізацыі супраць катаванняў (OMCT) — прэзентавала даклад аб парушэннях на судзе над заснавальнікам "Вясны" Алесем Бяляцкім, віцэ-прэзідэнтам FIDH Валянцінам Стэфановічам, каардынатарам кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Уладзімірам Лабковічам, праваабаронцам "Вясны" Дзмітрыем Салаўёвым. Прэс-канферэнцыя прайшла 12 ліпеня ў офісе FIDH у Парыжы і была прымеркаваная да другой гадавіны затрымання праваабаронцаў. Даклад падрыхтаваны, у тым ліку, на падставе інфармацыі з двух сакрэтных місій судовага назірання за працэсам над праваабаронцамі, праведзеных Абсерваторыяй.

У калоніях знаходзяцца каардынатарка Валанцёрскай службы "Вясны" Марфа Рабкова і валанцёр Андрэй Чапюк, асуджаныя да пазбаўлення волі. Леанід Судаленка 21 ліпеня быў вызвалены з калоніі пасля цалкам адбытага пакарання. У зняволенні ён правёў два з паловай гады.

На палітвязняў працягваюць аказваць жорсткі ціск у месцах пазбаўлення волі.

У судзе Бабруйскага раёна і горада Бабруйска ў закрытым судовым пасяджэнні разгледжаная крымінальная справа палітвязня Сяргея Франчука паводле абвінавачвання ў абразе А. Лукашэнкі (ч. 1 арт. 368 КК). Да першага прысуду па шэрагу пратэстных артыкулаў тэрмінам у тры гады пазбаўлення волі Франчуку дадалі яшчэ паўгода. У выніку палітвязень будзе адбываць тры з паловай гады пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

16 ліпеня палітвязень Рыгор Кастусёў з калоніі патэлефанаваў жонцы і паведаміў, што яго не толькі пазбавілі спатканняў, але і забралі асабістыя запісы, у тым ліку чарнавік кнігі і адрасы для перапіскі.

Палітзняволенаму анархісту Аляксандру Францкевічу, асуджанаму на 16 гадоў і 9 месяцаў калоніі ва ўмовах строгага рэжыму, у чарговы раз працягнулі тэрмін утрымання ў штрафным ізалятары ў папраўчай калоніі № 5 г. Івацэвічы. У ШІЗА палітвязня ўтрымліваюць з 28 сакавіка, туды яго змясцілі адразу пасля "каранціну". Цяпер Аляксандру працягнулі тэрмін у ШІЗА да 5 жніўня. Такім чынам, яго бесперапынна ўтрымліваюць у ШІЗА чацвёрты месяц.

Палітвязняў Кірыла Казея і Артура Жвірыдоўскага таксама часта змяшчаюць у ШІЗА.

Гродзенскі абласны суд 6 чэрвеня пакінуў прысуд палітвязню Уладзіміру Гундару без зменаў — 20 гадоў калоніі. Ужо на наступны дзень адразу з карцэра яго этапавалі ў калонію. Пры гэтым жонцы Гундара дазволілі спатканне з ім, але яна не паспела трапіць на яго з-за хуткага этапу. У апошнім лісце Уладзімір напісаў, што ўжо двойчы яго адпраўлялі ў штрафны ізалятар: спачатку на чатыры дні, а праз два дні пасля выхаду — яшчэ на тры дні. Ён лічыць, што ў бліжэйшы час яго зноў некалькі разоў кінуць у ШІЗА, пасля чаго пройдзе суд па замене рэжыму на турэмны.

Па рашэнні суда г. Наваполацка палітвязня Алега Рубца перавялі на тры гады з калоніі ў жодзінскую турму № 8. Усяго ў штрафным ізалятары за апошні год яго ўтрымлівалі амаль 200 сутак.

Палітвязень Уладзімір Гарох у зняволенні моцна схуднеў і губляе зубы. Яго турбуе артроза-артрыт каленных суставаў. Ён настолькі аслабеў, што хадзіў, трымаючыся за сцены, паведаміў hrodna.life. Усю зіму Уладзімір правёў у ШІЗА, а за апошнія паўгода яму ўдалося перадаць усяго адну перадачу.

У судзе Бабруйскага раёна і г. Бабруйска па новай крымінальнай справе асудзілі палітвязня Яўгена Прапольскага. Суддзя Павел Карцінін прызнаў яго вінаватым паводле арт. 411 Крымінальнага кодэкса (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі) і прызначыў да васьмі гадоў калоніі яшчэ паўтара года зняволення.

Яўгена Зашчытава, які адбывае пакаранне ва ўмовах строгага рэжыму, у дадатак да тэрміну, на які ён быў асуджаны раней, суд Ленінскага раёна Магілёва 13 ліпеня асудзіў па ч. 1 арт. 411 КК яшчэ на шэсць месяцаў пазбаўлення волі. Цяпер агульны тэрмін, які будзе адбываць Зашчытаў, — тры гады і шэсць месяцаў, паведаміла "Гомельская Вясна".

У судзе Горацкага раёна 25 ліпеня палітвязня Алега Яфрэменку асудзілі ўжо па трэцяй крымінальнай справе. Яго ў другі раз абвінавацілі паводле ч. 1 арт.  411 КК і прызначылі дадатковы год зняволення. Раней палітвязню ўжо ўзмацнялі рэжым: у верасні 2021 года з калоніі, дзе ён адбываў тэрмін за супраціў пры разгоне мірнага сходу, Алега перавялі на турэмны рэжым у Магілёў, пасля дадалі год калоніі за "непадпарадкаванне" патрабаванням адміністрацыі магілёўскай турмы.

Агулам не менш за 27 палітвязняў адвольна асуджаныя да дадатковых тэрмінаў пазбаўлення волі па арт. 411 Крымінальнага кодэксу.

Парушэнне свабоды мірных сходаў. Падаўленне свабоды выказвання меркаванняў

Улады працягваюць палітычна матываваны пераслед удзельнікаў пратэстаў 2020 года: у бягучым годзе стала вядома аб вынесеных прысудах за гэта ў дачыненні да каля 470 чалавек (часам у сукупнасці з іншымі абвінавачваннямі ў пратэстнай дзейнасці).

У судзе Фрунзенскага раёна Мінска 10 ліпеня за ўдзел у паслявыбарчых акцыях пратэсту асудзілі адразу пяць чалавек: Уладзіміра Ганусевіча, Аляксандра Конанава, Альберта Гарбуза, Сяргея Глінскага, Максіма Сташулёнка. Іх прызналі вінаватымі паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Суддзя Юлія Крэпская прызначыла ім па году калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Да суда ўсе абвінавачаныя ўтрымліваліся пад вартай.

Суд Жлобінскага раёна пакараў удзельніцу паслявыбарчай масавай акцыі пратэсту 2020 года. Паліну Кіб абвінавацілі паводле ч.1 арт. 342 КК, з 14 сакавіка яна была змешчаная пад варту. Суд прызначыў Паліне пакаранне ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу на тэрмін адзін год і шэсць месяцаў. 10 красавіка 2023 года таксама быў асуджаны яе муж, Дзмітрый Кіб.

Судамі выносяцца жорсткія прысуды за выказванні ў дачыненні да прадстаўнікоў улады: у судзе Ленінскага раёна Гродна 5 ліпеня асудзілі Дзяніса Салагуба па ч.1 арт. 368 КК (абраза А. Лукашэнкі), арт. 369 КК (абраза прадстаўніка ўлады), ч. 1 арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх) да двух гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму, штрафу 100 базавых велічынь (3700 рублёў) і кампенсацыі маральнай шкоды пацярпелым у 4500 рублёў.

У судзе Баранавіцкага раёна 6 ліпеня вынесены прысуд Алегу Кардашу. Яго абвінавацілі ў абразе А. Лукашэнкі (ч. 1 арт. 368 КК) і апаганьванні збудаванняў і псаванні маёмасці (арт. 341 КК): у лютым 2023 года ён распісаў некалькі сцен у пад'ездзе шматпавярховага дома, а ў надпісах утрымліваліся абразы Лукашэнкі. Справу разглядала суддзя Аксана Літвінчык, яна асудзіла Кардаша да пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму тэрмінам на адзін год і шэсць месяцаў.

У судзе Лунінецкага раёна ў выязным пасяджэнні ў будынку РАУС вынесены прысуд Дзмітрыю Сафановічу, якога абвінавацілі ў тым, што 25 кастрычніка 2020 года ён напісаў у тэлеграм-чаце паведамленні з заклікам перакрываць дарогі. Паводле версіі абвінавачвання і суда, такім чынам Сафановіч "заклікаў да актыўнага ўдзелу ў групавых дзеяннях у Лунінецкім раёне, якія груба парушаюць грамадскі парадак" (ч. 1 арт. 342 КК). Таксама Сафановіча абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 367 КК Рэспублікі Беларусь, г. зн. у публічным паклёпе на Лукашэнку ў тым жа чаце. У выніку яго асудзілі да пазбаўлення волі тэрмінам на два гады.

Улады пераследуюць і за іншыя формы выказвання меркавання. Так, у судзе Барысаўскага раёна разгледжаная крымінальная справа Міхаіла Анціпава, які абвінавачваўся ў здзеку з дзяржаўных сімвалаў (арт. 370 КК). У міліцыю пра пашкоджанне сцягоў паведаміла яго маці, а сам ён мае ўкраінскае грамадзянства. Уначы 20 сакавіка хлопец сарваў чатыры сцягі ў аграгарадку Лошніца, пашкодзіў палотнішча і разламаў дрэўкі. У выніку яго асудзілі да аднаго года і шасці месяцаў пазбаўлення волі.

Працягваюцца палітычна матываваныя затрыманні і асуджэнні з грубымі парушэннямі грамадзянскіх правоў.

У Мінскім абласным судзе суддзя Уладзімір Арэшка 5 ліпеня абвясціў прысуд палітвязню Эдуарду Бабарыка — восем гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Яго асудзілі паводле ч. 3 арт. 130 КК (распальванне іншай сацыяльнай варожасці), ч. 2 арт. 243 КК (ухіленні ад выплаты падаткаў) і п. 6 арт. 16 і ч. 1 арт. 342 КК (пасобніцтва ў арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Эдуарда да суда ўтрымлівалі пад вартай больш за тры гады. Як стала вядома праваабаронцам "Вясны", у тэрмін не залічылі паўтара года яго ўтрымання ў СІЗА КДБ (з 18 ліпеня 2020 года да 14 снежня 2021 года). Першапачаткова Бабарыку ўтрымлівалі максімальныя 18 месяцаў у СІЗА па абвінавачванні паводле ч. 2 арт. 243 КК (ухіленне ад выплаты падаткаў і збораў, што пацягнула прычыненне шкоды ў асабліва буйным памеры), а пасля Эдуард стаў падазраваным па новай крымінальнай справе, па якой яго і асудзілі. Такім чынам, Э. Бабарыку ўтрымлівалі пад вартай даўжэй прадугледжанага КПК тэрміну, следчыя органы выкарыстоўвалі маніпулятыўны прыём, адвольна трактуючы прабелы і недахопы працэсуальнага заканадаўства — прад'яўленне новага абвінавачвання наўзамен папярэдняга.

Адміністрацыйны пераслед па-ранейшаму актыўна выкарыстоўваецца для пераследу па палітычных матывах. У ліпені "Вясне" стала вядома пра 350 выпадкаў рэпрэсій, а таксама пра не менш за 260 выпадкі палітычна матываванага адміністрацыйнага разбіральніцтва ў судзе. Суддзямі прызначана не менш за 55 адміністрацыйных арыштаў, 34 штрафы; астатнія спагнанні невядомыя. Амаль траціна рэпрэсаваных (61 чалавек) — жанчыны.

Напрыклад, у Мінску 10 ліпеня паўторна супрацоўнікі міліцыі затрымалі і склалі адміністрацыйны пратакол на 53-гадовую Людмілу Слуцкую. У той жа дзень прайшоў суд, але рашэнне — невядома. Да гэтага Слуцкую затрымалі ў Мінску 27 чэрвеня і асудзілі да арышту тэрмінам на 13 сутак паводле арт. 19.11 КаАП (распаўсюд, выраб і захоўванне экстрэмісцкіх матэрыялаў).

Верніка царквы "Святло праўды" Максіма Дуброўскага затрымалі 18 ліпеня. Ноч ён правёў у ІЧУ на Акрэсціна, пасля чаго ягоную справу разгледзела суддзя Цэнтральнага раёна Мінска Вікторыя Шабуня. Яна прызнала яго вінаватым у непадпарадкаванне міліцыянту (арт. 24.3 КаАП) і прызначыла бацьку чацвярых дзяцей 14 сутак арышту.

Парушэнне правоў і свабод на падставе барацьбы з экстрэмізмам і тэрарызмам

Няўхільна павялічваецца колькасць арыштаваных і асуджаных за ўдзел у дзейнасці ініцыятыў і арганізацый, прызнаных адвольнымі рашэннямі МУС і КДБ экстрэмісцкімі фарміраваннямі, а таксама за ахвяраванне гэтым суб'ектам.

Да сямі гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму асудзілі палітвязня Андрэя Фаміна. Яго абвінавацілі паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса: ч. 3 арт. 361 (заклікі да санкцый), ч.1 арт. 342 (актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак), ч. 3 арт. 361-1 (стварэнне экстрэмісцкага фармавання). Пасля затрымання Андрэя паведамлялася, што ён быў рэдактарам і аўтарам артыкулаў для сеткі самвыдату "Веснікі", якую праз паўтара месяца пасля затрымання мужчыны прызналі "экстрэмісцкім фарміраваннем". Таксама Андрэя абвінавацілі ва ўдзеле ў пратэстным Маршы 30 жніўня 2020 года.

Дзмітрыя Слука асудзілі ў судзе Заводскага раёна Мінска 4 ліпеня паводле абвінавачвання ў фінансаванні тэрарыстычнай дзейнасці (ч. 1 арт. 290-1 КК): 20 жніўня 2021 года ён перавёў крыптавалюту на віртуальны кашалёк пратэстнай супольнасці, адвольна прызнанай тэрарыстычнай, у суме эквівалентнай 2 160 даляраў ЗША. Суддзя Дзмітрый Астапенка асудзіў яго да пазбаўлення волі на тэрмін восем гадоў і шэсць месяцаў са штрафам у памеры 300 базавых велічынь (11 100 рублёў).

Палітвязня Юрыя Адамава асудзілі на тры гады пазбаўлення волі 24 ліпеня 2023 года ў Мінскім гарадскім судзе. Справу разглядала суддзя Дзіна Кучук. Суд прызнаў палітвязня вінаватым паводле арт. 361-2 КК (фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці). Падставай для асуджэння сталі 24 ахвяраванні ініцыятывам BYSOL і BY_help на агульную суму 1 590 даляраў.

27 ліпеня ў Мінскім гарадскім судзе да сямі гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму асудзілі 34-гадовага палітвязня Яўгена Верхаводкіна. Яго абвінавацілі ў адміністраванні Telegram-канала "Чижовка Чыжоўка (Семь чижей ИнфоПоле)", прызнанага экстрэмісцкім фарміраваннем 2 снежня 2022 года. Таксама яго прызналі вінаватым у закліках да санкцый.

У ліпені былі прызнаныя экстрэмісцкімі фармаваннямі два суб'екты, усяго ў спісе на канец месяца — 137 пазіцый.

У спіс асоб, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці, куды ўключаюць імёны асуджаных за пратэстную дзейнасць, у ліпені дададзеныя дадзеныя 94 чалавек. Цяпер у гэтым спісе значыцца 3086 імёнаў.

Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў папоўнены звесткамі пра інфармацыйныя рэсурсы, якія былі прызнаныя экстрэмісцкімі матэрыяламі на падставе 58 рашэнняў судоў.

Парушэнне правоў журналістаў, супрацоўнікаў СМІ і блогераў

На канец ліпеня ў месцах пазбаўлення волі ўтрымліваецца 36 журналістаў і супрацоўнікаў СМІ.

Журналістцы польскага інфармагенцтва РАР па рашэнні КДБ забаранілі ўезд у Беларусь на 5 гадоў: Юстына Прус працавала ў краіне з 2016 года, на працягу гэтага перыяду яна мела акрэдытацыю пры МУС. Прус знаходзілася ў Беларусі падчас масавых пратэстаў пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года, асвятляла міграцыйны крызіс, які пачаўся ў 2021 годзе.

У Мінску затрымалі журналіста Ігара Карнея. Як стала вядома "Еўрарадыё", супраць журналіста распачалі крымінальную справу.

Палітзняволенага журналіста Паўла Мажэйку асудзілі на шэсць гадоў пазбаўлення волі па ч. 2 арт. 361-4 КК (іншае садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці, здзейсненае паўторна, групай асобаў па папярэдняй змове) за перадачу інфармацыі "Белсату".

Гомельскі абласны суд 27 ліпеня пачаў разгляд крымінальнай справы вядомай журналісткі і дзяячкі культуры Ларысы Шчыраковай. Яе абвінавачваюць па арт. 369-1 КК (дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь), ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці і тое ж дзеянне, здзейсненае паўторна). Судовы працэс праходзіць у закрытым рэжыме.

Катаванні і іншыя жорсткія, бесчалавечныя або прыніжаюць годнасць віды абыходжання і пакарання

Права не падвяргацца катаванням і іншым жорсткім, бесчалавечным або прыніжаючым годнасць відам абыходжання ў Беларусі сістэматычна парушаецца пры затрыманні, адбыцці адміністрацыйнага арышту, утрыманні пад вартай, у месцах абмежавання або пазбаўлення волі. Пра катаванні, іншыя віды забароненага абыходжання распавядаюць зняволеныя, якія вызваліліся.

Працягваецца практыка запісу зневажальных відэа з прызнаннямі затрыманых за пратэсты і іншадумства. Так, ГУБАЗіК за ўдзел у пратэстах затрымаў двух жыхароў Мінска. Падчас затрымання аднаго з іх паставілі на калені, надзелі кайданкі, загарнулі ў БЧБ-сцяг, на галаву паклалі прэзерватывы, а ў трусы — фалаімітатары.

Сілавікі прымушаюць беларусаў пазбаўляцца ад пратэстных татуіровак: жыхара Камянца прымусілі відазмяніць татуіроўку "Пагоня" на шыі. Праўладны тэлеграм-канал апублікаваў "пакаяльнае" відэа, дзе хлопец "прызнаецца" ў тым, што ў яго ёсць некалькі татуіровак з тэкстам "ACAB", а таксама — татуіроўка герба "Пагоня" на шыі, і абавязваецца іх "звесці або перакрыць". Пасля з'явілася новая публікацыя: на фота бачна, што ўсе татуіроўкі (у тым ліку "Пагоня") перабітыя новымі зверху. У сваім каментары сілавікі адзначылі, што хлопец зрабіў гэта адразу ж пасля ІЧУ.

Таксама ГУБАЗіК прымусіў дзяўчыну "выправіць татуіроўку апазіцыйнага характару". Гаворка ідзе пра сімвал дэмакратычнага руху ў 2020 годзе —сэрца, кулак і знак "Victory". На "пакаяльным" відэа дзяўчыну прымусілі сказаць, што яна больш "не прытрымліваецца ніякіх палітычных поглядаў, чаго і іншым жадае".

Паводле інфармацыі праваабаронцаў "Вясны", палітзняволеную актывістку Паліну Шарэнду-Панасюк, супраць якой распачатая новая крымінальная справа, збілі ў папраўчай калоніі № 24. Па словах былой зняволенай, якая бачыла Паліну ў канцы чэрвеня ў СІЗА на Валадарскага, у "яе было пабітае пераноссе і былі бачныя два фінгалы" — гэта зрабілі іншыя зняволеныя, якіх да Паліны падсадзіла адміністрацыя папраўчай калоніі. Акрамя таго, муж палітзняволенай Андрэй Шарэнда распавёў, што ў чэрвені Паліне выклікалі хуткую дапамогу і адпраўлялі яе на некаторы час у санчастку. На яго думку, жонка магла быць збітая менавіта ў гэты час.

Падчас ператрусу 13-14 ліпеня ў плябаніі Мінскага архікатэдральнага касцёла сілавікі збівалі ксяндзоў, якія апынуліся там у момант іх прыходу. У аднаго з ксяндзоў застаўся сіняк на твары. Паводле інфармацыі "Хрысціянскай візіі", факты збіцця святароў мелі месца і раней. Аднак служыцелі не былі гатовыя рабіць публічнай гэтую інфармацыю або распавядаць дэталі таго, што здарылася.

Парушэнне свабоды асацыяцый

У ліпені ў Вярхоўным Судзе распачатая судовая працэдура ліквідацыі сямі з 16 зарэгістраваных беларускіх палітычных партый. У іх ліку — чатыры апазіцыйныя партыі: Беларуская партыя "Зялёныя", Партыя "Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада", Партыя БНФ, Кансерватыўна-Хрысціянская Партыя — БНФ. 

27 ліпеня ліквідаваная Беларуская партыя "Зялёныя": рашэнне Вярхоўнага Суда ўступіла ў сілу неадкладна, абскарджанню ў апеляцыйным парадку яно не падлягае.

Пераслед адвакатаў

14 ліпеня 2023 года адбылося пасяджэнне кваліфікацыйнай камісіі па пытаннях адвакацкай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь. Па выніках атэстацыі кваліфікацыйнай камісіяй прыняты рашэнні аб немагчымасці выканання адвакатамі Вараб'ёвай М., Пятроўскай С. сваіх прафесійных абавязкаў з прычыны недастатковай кваліфікацыі і аб магчымасці спынення ліцэнзій на ажыццяўленне адвакацкай дзейнасці ў дачыненні да Бірылава А., Дразда А., Казака І., Каліноўскага С., Міронава П. Падставай для прыняцця адпаведных рашэнняў паслужылі рашэнні камісіі, прынятыя па выніках атэстацыі ў траўні і чэрвені 2023 г.

Палітзняволеную адвакатку Юлію Юргілевіч асудзілі на шэсць гадоў пазбаўлення волі па ч. 2 арт. 361-4 КК (іншае садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці, здзейсненае паўторна, групай асобаў па папярэдняй змове). Справу ў Гродзенскім абласным судзе разглядаў суддзя Максім Філатаў. Юлію Юргілевіч і журналіста Паўла Мажэйку пачалі судзіць за перадачу інфармацыі "Белсату". На судовым працэсе адвакатка знаходзілася ў робе "Карцэр 2": верагодна, яе прывезлі на суд прама з карцэра. Следства сцвярджала, што Юлія распавяла ў тэлефоннай размове Паўлу пра сваё звальненне з адвакатуры і пра прысуд Алесю Пушкіну, а Павел размясціў гэтую інфармацыю на старонцы "Белсата". Юргілевіч заяўляла, што яе трымаюць у "скоцкіх умовах" і не далі азнаёміцца са справай. Юлію прыводзілі на працэс у кайданках, якія здымалі на час пасяджэння.

Падтрымка беларускімі ўладамі агрэсіі РФ, вайсковых злачынцаў. Пераслед за падтрымку Украіны і антываенную пазіцыю

У Беларусь па запрашэнні А. Лукашэнкі ўведзеныя падраздзяленні расійскай прыватнай вайсковай кампаніі "Група Вагнера", якім для размяшчэння і стварэння вайсковай базы аддадзеная тэрыторыя і будынкі былой вайсковай часткі на тэрыторыі Магілёўскай вобласці.

Дзейнасць ПВК раней была прадметам расследавання экспертаў ААН па правах чалавека: расійскія найміты дапусцілі падчас удзелу ў канфлікце ў Лівіі шматлікія парушэнні правоў чалавека, частка з якіх можа быць кваліфікаваная як ваенныя злачынствы або злачынствы супраць чалавечнасці. Да такіх высноваў прыйшла незалежная расследавальная місія, якая працавала ў Лівіі пад эгідай Савета ААН па правах чалавека ў кастрычніку 2021 году. Паводле расследаванняў Міжнароднага французскага радыё (RFI), якое спасылаецца на апавяданні мясцовых жыхароў і дакументы рабочай групы ААН, найміты з Расіі, якія ваявалі на баку ўрадавай арміі ў Цэнтральнаафрыканскай Рэспубліцы, абвінавачваюцца ў рабаванні, згвалтаваннях і забойствах у перыяд з 1 студзеня па сярэдзіну красавіка 2021 года. У студзені 2023 года члены рабочай групы па наймітах, а таксама спецдакладчыкі па пытаннях контртэрарыстычнай дзейнасці, катаваннях, правах жанчын, прымусовых знікненнях і правах меншасцяў паведамілі, што па іх звестках на працягу некалькіх дзён у пачатку сакавіка 2022 года ўзброеныя сілы Малі разам, як мяркуецца, з членамі "Групы Вагнера" пакаралі смерцю некалькі сотняў чалавек у гэтай краіне. Кіраўніца маніторынгавай місіі ААН Мацільда Богнер абвінаваціла наймітаў ПВК ва ўчыненні ваенных злачынстваў ва Украіне — забойствах украінскіх ваеннапалонных.

"Адсутнасць галоснасці і нявызначанасць легальнага статусу "Групы Вагнера" разам з пераследам тых, хто адважваецца выказвацца па гэтым пытанні, ствараюць атмасферу тэрору і поўнай беспакаранасці за злачынствы, учыненыя "Групай Вагнера", — папярэдзілі незалежныя эксперты ААН.

Такім чынам, размяшчэнне ў Беларусі наймітаў, абвінавачаных у здзяйсненні злачынстваў супраць чалавечнасці, з'яўляецца актам ігнаравання меркавання міжнароднай супольнасці і падтрымкі ўчыненых ваенных злачынстваў, пацвярджае абгрунтаванасць абвінавачванняў у саўдзельніцтве расійскай агрэсіі ў дачыненні да Украіны, уносіць новы элемент у пагрозы бяспекі ў Еўропе. З іншага боку, гэта стварае пагрозу бяспецы грамадзян Беларусі, нацыянальнай бяспецы і суверэнітэту.

У той жа час беларускія ўлады бязлітасна распраўляюцца з грамадзянамі за антываенную пазіцыю, падтрымку барацьбы ўкраінскага народа і войска з агрэсарам, у прыватнасці — толькі за намеры далучыцца да вайсковых падраздзяленняў абаронцаў Украіны. Варта адзначыць, што такім грамадзянам не можа быць прад'яўлена абвінавачванне ў найміцтве, і іх пераследуюць толькі за парушэнне фармальнай забароны на ўдзел у баявых дзеяннях на тэрыторыі іншай дзяржавы без дазволу — "ўпаўнаважання" беларускіх уладаў. Гэтая забарона невыразна адлюстраваная ў крымінальным законе, яе парушэнне з'яўляецца менш цяжкім злачынствам, тым не менш, вінаватых караюць пазбаўленнем волі. Так, 23-гадоваму Васілю Якімаву паводле ч. 1 арт. 361-3 КК суддзя Гродзенскага абласнога суда Васіль Скок прызначыў пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін два гады з адбываннем у папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму толькі за тое, што той "выказаў жаданне, а затым абазначыў намер уступіць у адно з падраздзяленняў батальёна імя Кастуся Каліноўскага".

Смяротнае пакаранне

Беларускія праваабаронцы прынялі ўдзел у варкшопе "Смерць — гэта не правасуддзе: адвакацыя адмены смяротнага пакарання", які быў арганізаваны Саветам Еўропы ў супрацоўніцтве з няўрадавай арганізацыяй "Разам супраць смяротнага пакарання" (ECPM).

У ліпені прайшоў "Фестываль абуджаных "Тутака". Праваабаронцы "Вясны" далучыліся да яго, каб распавесці пра праблему смяротнага пакарання ў Беларусі. Вясноўцы раздалі футболкі з лагатыпам кампаніі "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі", а ўдзельнікі вядомага беларускага гурта "Dzieciuki" выступілі на знак пратэсту супраць смяротнага пакарання ў гэтых футболках.

Арыгінальная публікацыя на сайце "Вясны"

Глядзiце таксама

«І вы гатовыя даць гэтым судам права пазбаўляць жыцця?» У Варшаве паглядзелі фільм пра смяротнае пакаранне
07 кастрычніка 2024, 09:07
«І вы гатовыя даць гэтым судам права пазбаўляць жыцця?» У Варшаве паглядзелі фільм пра смяротнае пакаранне
Дыскусія і паказ фільма "Жыццё Дэвіда Гейла" прайшлі ў Беларускім Моладзевым Хабе, што ў Варшаве.
«Мы вернемся ў краіну разам з канстытуцыйнай законнасцю»: Леаніда Судаленку шукае беларуская міліцыя
19 верасня 2024, 15:12
«Мы вернемся ў краіну разам з канстытуцыйнай законнасцю»: Леаніда Судаленку шукае беларуская міліцыя
Асуджанага завочна праваабаронцу Леаніда Судаленку абвясцілі ў вышук у Беларусі. Ягонае фота з’явілася на гомельскіх стэндах «Іх шукае міліцыя».
Трое новых «хросных» з Германіі для палітвязняў у Беларусі
19 верасня 2024, 14:59
Трое новых «хросных» з Германіі для палітвязняў у Беларусі
У межах кампаніі #WeStandBYyou Петэр Хайдт, Луіза Ліцына-Бадэ і Бруна Хенэль сталі "хроснымі" Аляксея Бародкі, Сяргея Шамецькі і Чэслава Канановіча.
Павел Сапелка аб прызнанні віны пры памілаванні
18 верасня 2024, 14:30
Павел Сапелка аб прызнанні віны пры памілаванні
Праваабаронца "Вясны" Павел Сапелка распавядае, што значыць прызнанне віны пры памілаванні і ці будзе ўлічвацца гэты фактар пры рэабілітацыі палітвязняў.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці