Агляд "Вясны": Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Люты 2023

13 сакавіка 2023, 13:06
Агляд "Вясны": Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Люты 2023

Праваабарончы цэнтр "Вясна" апублікаваў чарговы аналітычны агляд за люты 2023 года.

Высновы:

  • Грамадска-палітычная і эканамічная абстаноўка ў Беларусі з'яўляецца вынікам глыбокага крызісу правоў чалавека; на працягу месяца ўлады працягвалі пераслед грамадзян паводле палітычных матываў;

  • на 28 лютага 2023 года ў Беларусі ў месцах пазбаўлення волі знаходзіліся 1 463 палітвязні, за месяц праваабарончая супольнасць прызнала такімі 69 чалавек; наогул "Вясне" вядома пра не менш як 2 900 асуджаных паводле палітычна матываваных крымінальным спраў;

  • у лютым у судзе Ленінскага раёна г. Мінска працягваўся разгляд крымінальнай справы сябраў ПЦ "Вясна": старшыні арганізацыі Алеся Бяляцкага, сябра Рады ПЦ "Вясна", юрыста, віцэ-прэзідэнта Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH) Валянціна Стэфановіча, юрыста, каардынатара кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Уладзіміра Лабковіча, якіх утрымліваюць у следчым ізалятары, і Дзмітрыя Салаўёва (завочна) паводле адвольных абвінавачванняў;

  • апеляцыйныя скаргі каардынатаркі Валанцёрскай службы "Вясны" Марфы Рабковай, валанцёра Андрэя Чапюка і іншых фігурантаў справы разгледжаны Вярхоўным Судом; прысуд збольшага пакінулі без зменаў; сябар ПЦ "Вясна", кіраўнік Цэнтра стратэгічнай цяжбы Леанід Судаленка, асуджаны да трох гадоў пазбаўлення волі, адбывае пакаранне ў папраўчай калоніі;

  • праваабаронца Наста Лойка знаходзіцца ў СІЗА пад вартай паводле палітычна матываванага абвінавачвання;

  • працягваюцца адвольныя затрыманні грамадзян за рэалізацыю сваіх грамадзянскіх правоў; у лютым 2023 года "Вясне" стала вядома пра 258 выпадкаў затрымання, 195 выпадкаў палітычна матываванага адміністрацыйнага пераследу. Суддзямі прызначана не менш за 31 адміністрацыйны арышт, 11 штрафаў;

  • праваабаронцы па-ранейшаму фіксуюць факты ўжывання катаванняў і забароненых відаў абыходжання падчас расследавання палітычна матываваных крымінальных спраў, а таксама забароненых відаў абыходжання падчас адбывання крымінальнага і адміністрацыйнага пакарання паводле палітычна матываваных судовых рашэнняў;

  • працягваецца пераслед грамадзян пад выглядам барацьбы з экстрэмізмам і тэрарызмам;

  • Рада Еўропы 1 лютага запусціла план дзеянняў па падтрымцы дэмакратычных сіл і грамадзянскай супольнасці Беларусі. Генеральная сакратарка Марыя Пейчынавіч-Бурыч апублікавала план дзеянняў з 15 пунктаў па падтрымцы прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці і дэмакратыі, якія імкнуцца да будучай вольнай і дэмакратычнай Беларусі. Спіс пунктаў распрацаваны супольна з Кантактнай групай Рады Еўропы па Беларусі.

Палітычныя зняволеныя і палітычна матываваны пераслед

Па-ранейшаму крымінальны пераслед застаецца найболей жорсткай формай рэпрэсій у дачыненні да апанентаў улады і іншадумцаў у Беларусі. Па стане на 28 лютага 2023 года палітычнымі зняволенымі ў Беларусі прызнаныя 1 463 чалавекі. Акрамя таго, больш за 660 палітвязняў, прызнаных такімі з пачатку прэзідэнцкай кампаніі 2020 года, вызваленыя ў сувязі са зменай меры стрымання ці адбыццём пакарання.

У лютым праваабарончай супольнасцю прызнаныя палітычнымі зняволенымі 69 чалавек. Абвінавачванні ў дачыненні да іх злучаныя з удзелам у мірных сходах, абразай прадстаўнікоў улады і Аляксандра Лукашэнкі, распальваннем сацыяльнай варожасці ў дачыненні да прадстаўнікоў улады, удзелам у дзейнасці і падтрымцы суб'ектаў, прызнаных экстрэмісцкімі фармаваннямі.

"Вясне" вядома пра не менш за 72 асобы, асуджаныя ў лютым у крымінальным парадку, 43 з якіх асуджаныя да пазбаўлення волі.

У судзе Ленінскага раёна г. Мінска працягваўся разгляд крымінальнай справы сябраў ПЦ "Вясна": лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру, старшыні арганізацыі Алеся Бяляцкага, сябра Рады ПЦ "Вясна", юрыста, віцэ-прэзідэнта Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH) Валянціна Стэфановіча, юрыста, каардынатара кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Уладзіміра Лабковіча, якіх утрымліваюць у следчым ізалятары, і сябра "Вясны" Дзмітрыя Салаўёва (завочна). На пачатак лютага ў судовым пасяджэнні былі дапытаныя сведкі, якія з'явіліся на працэс, і абвешчаныя матэрыялы 284 тамоў крымінальнай справы. 2 лютага ў судзе выступілі зняволеныя праваабаронцы. Дзяржаўнае абвінавачванне мяркуе, што віна праваабаронцаў паводле ч. 4 арт. 228 (Кантрабанда арганізаванай групай) і ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (Фінансаванне групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак) цалкам даказаная. Прадстаўнік дзяржаўнага абвінавачвання Аляксандр Кароль запатрабаваў для праваабаронцаў: Алесю Бяляцкаму — 12 гадоў, Валянціну Стэфановічу — 11 гадоў, Уладзіміру Лабковічу — 9 гадоў, Дзмітрыю Салаўёву — 10 гадоў пазбаўлення волі; усім са штрафам па пяць тысяч базавых велічынь (185 тысяч беларускіх рублёў кожнаму). 13 лютага праваабаронцы выступілі з апошнім словам. Юрысты "Вясны" праінфармавалі спецдакладчыкаў ААН пра парушэнне падчас суду правоў і свабод калегаў.

Кіраўнік Цэнтра стратэгічнай цяжбы Леанід Судаленка асуджаны да трох гадоў і адбывае пакаранне ў папраўчай калоніі.

28 лютага ў Вярхоўным судзе ў закрытым рэжыме адбыўся разгляд апеляцыйных скаргаў праваабаронцы, каардынатаркі Валанцёрскай службы "Вясны" Марфы Рабковай і валанцёра "Вясны" Андрэя Чапюка, а таксама васьмі палітвязняў паводле справы "Рэвалюцыйнага дзеяння". Раней, 6 верасня, у Мінску вынеслі прысуд адразу дзесяці палітычным зняволеным. Суддзя Сяргей Хрыпач прызначыў ім наступныя тэрміны: Аляксандру Францкевічу — 17 гадоў, Акіхіра Гаеўскаму-Ханадзе — 16 гадоў, Марфе Рабковай — 15 гадоў, Аляксею Галаўко — 12 гадоў, Паўлу Шпетнаму, Мікіту Дранцу, Аляксандру Казлянку, Андрэю Чапюку — па 6 гадоў, Андрэю Марачу, Даніілу Чулю — па 5 гадоў пазбаўлення волі. Судовая калегія пад старшынствам суддзі Аляксея Рыбакова пакінула без задавальнення скаргі шасці фігурантаў, а тэрміны пакарання Марфы Рабковай і Андрэя Чапюка, а таксама актывістаў анархісцкага руху Акіхіра Гаеўскага-Ханады і Аляксандра Францкевіча былі скарочаныя на тры месяцы. Прысуд набыў моц і палітвязняў неўзабаве этапуюць у калоніі.

З 24 снежня 2022 года ў СІЗА паводле палітычна матываванага абвінавачвання знаходзіцца праваабаронца Наста Лойка, якой выставілі абвінавачванне згодна з арт. 342 КК (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх), а таксама паводле ч. 3 арт. 130 КК (Распальванне варожасці ці варажнечы) — за ўдзел праваабаронцы ў напісанні справаздачы пра пераслед анархісцкай супольнасці ў Беларусі за 2018 год: у дакладзе даецца крытычная ацэнка дзейнасці супрацоўнікаў міліцыі.

У Гродзенскім абласным судзе 8 лютага быў вынесены прысуд вядомаму гродзенскаму журналісту і сябру "Саюза палякаў Беларусі" Андрэю Пачобуту. Суддзя Дзмітрый Бубенчык разгледзеў справу ў закрытым пасяджэнні. Палітзняволенага журналіста абвінавачвалі ў закліках да дзеянняў абмежавальнага характару, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь (ч. 3 арт. 361 Крымінальнага кодэкса), а таксама ў распальванні іншай сацыяльнай варожасці ці варажнечы (ч. 3 арт. 130 Крымінальнага кодэкса). Пакаранне — 8 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

У Мінскім гарадскім судзе 2 лютага абвешчаны прысуд палітзняволенаму адвакату Віталю Брагінцу. Яго прызналі вінаватым паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэкса: ч. 3 арт. 130 (Распальванне іншай сацыяльнай варожасці ці варажнечы), ч. 3 арт. 361 (Заклікі да санкцый), ч. 1 арт. 361-1 (Стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім) і ч. 1 арт. 342 (Актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) і прызначылі пакаранне ў выглядзе 8 гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі. Справу ў закрытым рэжыме разглядала суддзя Алена Ананіч.

Гомельскі абласны суд вынес 8 лютага ў закрытым рэжыме прысуд "рэйкавым партызанам" з Мазыра — Сяргею Плешкуну і Юрыю Сельвічу. Працэс вёў суддзя Алег Харошка. Канчатковае абвінавачванне мазырчукам выставілі паводле сямі артыкулаў Крымінальнага кодэкса: акт тэрарызму; арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх; наўмыснае прывядзенне ў непрыдатнасць транспартнага сродку ці шляхоў зносін; апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці; распальванне іншай сацыяльнай варожасці ці варажнечы; садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці. Сяргея Плешкуна асудзілі да 16, Юрыя Сельвіча — да 14 гадоў пазбаўлення волі.

У Магілёўскім абласным судзе 10 лютага вынеслі прысуд "рэйкавым партызанам" — Дзмітрыю Клімаву і Уладзіміру Аўрамцаву з Бабруйска. Ім прызначылі па 22 гады зняволення ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. У адпаведнасці з версіяй абвінавачвання, яны датычныя да знішчэння дзвюх рэлейных шафаў сігнальнай усталёўкі пад Асіповічамі. Падчас затрымання Дзмітрый Клімаў быў паранены сілавікамі. Дзмітрыя Клімава і Уладзіміра Аўрамцава судзілі паводле пяці цяжкіх артыкулаў Крымінальнага кодэкса, у тым ліку за "акт тэрарызму", "здраду дзяржаве" і "ўдзел у тэрарыстычнай арганізацыі". Справу ў закрытым рэжыме разгледзеў суддзя Ігар Шведаў

У калоніях палітвязні зазнаюць дадатковыя рэпрэсіі: зняволеных утрымліваюць у забароненых міжнароднымі абавязальніцтвамі Беларусі ўмовах, ім прызначаюць дысцыплінарныя спагнанні з надуманых нагодаў, змяшчаюць у штрафныя ізалятары, узмацняюць ім жорсткасць рэжыму ўтрымання, адвольна падаўжаюць тэрмін пазбаўлення волі. Парушаецца права на ліставанне, палітвязні пазбаўляюцца спатканняў з блізкімі з надуманых прычынаў.

Так, палітзняволенага філосафа Уладзіміра Мацкевіча перавялі ў магілёўскую турму. Да гэтага адміністрацыя шклоўскай калоніі № 17 перавяла Уладзіміра ў памяшканне камернага тыпу на тры месяцы. Пры гэтым у пачатку студзеня паведамлялася, што працяглы час палітвязню было фактычна заблакаванае ліставанне, яго пазбавілі тэлефонных размоваў. 13 лютага ў судзе Шклоўскага раёна адбыўся суд па замене Уладзіміру Мацкевічу рэжыму ўтрымання і пераводзе яго на турэмны рэжым. Стала вядома, што палітвязень этапаваны ў магілёўскую турму № 4.

У судзе г. Жодзіна 14 лютага пачалі разглядаць новую крымінальную справу супраць аднаго з лідараў пратэстаў у 2020 годзе, аўтара YouTube-канала "Страна для жизни"  палітзняволенага Сяргея Ціханоўскага. Яго абвінавацілі паводле арт. 411 Крымінальнага кодэкса (Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы). 27 лютага суддзя Іван Грынкевіч прызнаў палітвязня вінаватым і прызначыў яму ў дадатак да 18 гадоў калоніі яшчэ паўтара года пазбаўлення волі. Сваю віну Ціханоўскі не прызнаў. Вядома, што ў жодзінскай турме Сяргея два месяцы бесперапынна ўтрымлівалі ў ШІЗА ў нечалавечых умовах.

Згодна з інфармацыяй праваабаронцаў, за "злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы" ўжо асуджана не менш за 16 палітвязняў.

Працягваецца пераслед за выказванне антываеннай пазіцыі і іншую пратэсную актыўнасць. У гадавіну нападу Расіі на Украіну ПЦ "Вясна" распавёў пра пераслед беларусаў за антываенную пазіцыю.

Парушэнне свабоды мірных сходаў. Задушэнне свабоды выказвання меркаванняў

Праваабарончыя арганізацыі Беларусі — Беларускі Хельсінкскі Камітэт, "Прававая ініцыятыва", ПЦ "Вясна", Міжнародны камітэт па расследаванні катаванняў і "Lawtrend" — падрыхтавалі даклад на тэму прыцягнення да крымінальнай адказнасці за сур'ёзныя парушэнні правоў на свабоду асацыяцый і мірных сходаў. Даклад быў накіраваны ў межах закліку Спецыяльнага дакладчыка па пытанні аб правах на свабоду мірных сходаў і асацыяцыі для яго выступу на 53-й сесіі Рады па правах чалавека ААН.

Тым часам, пазбаўленне і абмежаванне волі ўдзельнікаў мірных пратэстаў і іншадумцаў працягвае заставацца найболей цяжкімі парушэннямі свабоды мірных сходаў і свабоды выказвання меркаванняў.

Мінулі два з паловай гады, але суды і цяпер выносяць прысуды ў дачыненні да тых, хто пратэставаў улетку-ўвосень 2020 года.

Суд Савецкага раёна Мінска 10 лютага вынес прысуд палітзняволенаму Аляксею Кірэеву, абвінаваціўшы яго ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўным удзеле ў іх (ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса). Справу разглядаў суддзя Аляксандр Волк. Суд прызнаў Кірэева вінаватым і асудзіў актывіста да пазбаўлення волі тэрмінам на два гады ва ўмовах агульнага рэжыму.

Па-ранейшаму вялікую колькасць прысудаў выносяць паводле дыфамацыйных артыкулаў — за абразу А. Лукашэнкі і прадстаўнікоў улады. Абвінавачаных асуджаюць да пазбаўлення ці абмежавання волі, а таксама да буйных штрафаў.

Так, суд Цэнтральнага раёна Мінска 27 студзеня вынес прысуд 36-гадоваму Алегу Юшкевічу, якому інкрымінаваліся публічныя абразы Аляксандра Лукашэнкі (ч. 1 арт. 368), суддзі (арт. 391) і прадстаўнікоў улады (арт. 369 Крымінальнага кодэкса). Справу разглядаў суддзя Дзмітрый Карсюк. У адпаведнасці з матэрыяламі следства,  абвінавачаны з лістапада 2020 года па сакавік 2022 года з выкарыстаннем мабільнага тэлефона ў чатах Telegram-каналаў, прызнаных судом экстрэмісцкімі матэрыяламі, апублікаваў 17 каментароў абразлівага характару з нецэнзурнай лаянкай у бок суддзі, супрацоўнікаў органаў унутраных спраў і іншых прадстаўнікоў улады, а таксама Лукашэнкі. Пакаранне — пазбаўленне волі на тэрмін два гады са штрафам у памеры 200 базавых велічыняў (7,4 тыс. рублёў).

Суд Ленінскага раёна Магілёва 2 лютага прызнаў Міхаіла Карпешку вінаватым у абразе Аляксандра Лукашэнкі (ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса). Справу разглядала суддзя Вікторыя Палякова. У адпаведнасці з матэрыяламі абвінавачвання, Міхаіл пасля пачатку поўнамаштабнага ваеннага ўварвання расійскіх войскаў ва Украіну ў сакавіку 2022 года пакінуў паведамленне ў "публічным чаце ў мэсэнджары Telegram", у якім выказваліся перажыванні наконт магчымага пачатку вайны на тэрыторыі Беларусі. Гаворка ішла пра закрыты чат на трох чалавек, у якім удзельнічаў абвінавачаны і двое ягоных сяброў. Пакаранне — пазбаўленне волі ў калоніі тэрмінам на адзін год і шэсць месяцаў ва ўмовах агульнага рэжыму.

Пад крымінальны пераслед падпадаюць іншыя формы рэалізацыі свабоды выказвання меркаванняў: у судзе Дрыбінскага раёна 1 лютага асудзілі Уладзіслава Мазурава і Іллю Кавалёва паводле арт. 370 Крымінальнага кодэкса (Знявага дзяржаўных сімвалаў). Суддзя Людміла Новікава прызначыла Уладзіславу і Іллю па тры месяцы арышту кожнаму. Хлопцаў абвінавацілі ў тым, што 27 кастрычніка 2022 года яны сарвалі чырвона-зялёны сцяг, які вісеў на будынку сельскага клуба. Пры гэтым яны зламалі дрэўка. Затым, вяртаючыся з аграгарадка Цёмны Лес па месцы жыхарства, зладзілі фотасесію са сцягам.

Суд Маскоўскага раёна Брэста 9 лютага завяршыў разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да 20-гадовага жыхара абласнога цэнтра Артура Джамбурыева, якога абвінавацілі ў апаганьванні збудаванняў і псаванні маёмасці паводле арт. 341 Крымінальнага кодэкса. Справу разглядала суддзя Таццяна Лаўранюк. Увечары 4 снежня 2022 года Артур нанёс на сцены гандлёвага аб'екта, размешчанага на прыпынку, абрэвіятуру "ACAB" і двойчы "Жыве Беларусь"; шкода склала 18 беларускіх рублёў. Пакаранне — два месяцы арышту.

У Брэсцкім абласным судзе 9 лютага дзевяць гадоў калоніі прызначылі 40-гадоваму Аляксандру Сумару. Справу ў закрытым рэжыме разглядала суддзя Вера Філонік. Сумара асудзілі паводле пяці артыкулаў Крымінальнага кодэкса: ч. 1 арт. 361-1 (Кіраванне экстрэмісцкім фармаваннем); ч. 1 арт. 342 (Падрыхтоўка асобаў для ўдзелу ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак); ч. 2 арт. 367 (Паклёп на Лукашэнку); арт. 369 (Абраза прадстаўніка ўлады); ч. 3 арт. 361 (Заклікі да санкцый і іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды Рэспубліцы Беларусь), у тым ліку за кіраванне Telegram-чатам "Жыве Лунінец!", які быў прызнаны "экстрэмісцкім фармаваннем" праз чатыры месяцы пасля затрымання Аляксандра.

У Гомельскім абласным судзе 13 лютага да трох гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму асудзілі навуковага супрацоўніка Уладзіміра Буцькаўца. Яго абвінавацілі ў адміністраванні суполкі ў "ВКонтакте" "ЗА АДЗІНУЮ дзяржаўную МОВУ ў Беларусі!" і асудзілі паводле ч. 1 арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса (стварэнне экстрэмісцкага фармавання), паведамляла "Гомельская вясна". Прысуд вынес суддзя Руслан Царук. 5 жніўня 2022 г. інфармацыйную прадукцыю суполкі "ЗА АДЗІНУЮ дзяржаўную МОВУ Беларусі!" прызналі "экстрэмісцкімі матэрыяламі", 18 жніўня саму суполку прызналі "экстрэмісцкім фармаваннем".

У судзе Баранавіцкага раёна і горада Баранавічы 16 лютага вынеслі прысуд дырэктару крамы аўтазапчастак Віктару Макаранку за тое, што ён адмовіўся прадаваць тавар вайскоўцам Расійскай Федэрацыі і назваў іх акупантамі. Мужчыну абвінавацілі паводле арт. 190 Крымінальнага кодэкса (Парушэнне раўнапраўя грамадзян). Суддзя Арцём Падалянец прызначыў яму штраф у памеры 300 базавых велічынь (11 100 беларускіх рублёў). Індывідуальная прадпрымальніцкая дзейнасць Макаранкі, якую ён ажыццяўляў з 1993 года, спыненая згодна з рашэннем эканамічнага суда паводле пазову мясцовага пракурора.

Працягваецца пераслед за выказванні ў дачыненні да прадстаўнікоў улады, прытым такія паведамленні як правіла з'яўляюцца рэакцыяй на розныя формы рэпрэсій, у той час як прадстаўнікі ўлады разглядаюцца як прадстаўнікі розных сацыяльных груп: "супрацоўнікі міліцыі", "супрацоўнікі міліцыі, якія падтрымліваюць цяперашнюю ўладу" і г. д., а крытыка, абмеркаванне праблемы і асуджэнне парушэнняў кваліфікуецца як распальванне нянавісці па прыкмеце прыналежнасці да сацыяльнай групы.

У Гродзенскім абласным судзе 13 лютага вынеслі прысуд палітзняволенаму лекару са Смаргоні Яўгену Бужынскаму — шэсць гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і штраф у памеры 50 базавых велічынь (1850 рублёў). Яго абвінавацілі паводле шасці артыкулаў Крымінальнага кодэкса: арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады); ч. 2 арт. 368 (абраза Лукашэнкі); ч. 1 арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці і варажнечы); ч. 3 арт. 361 (заклікі да санкцый); ч. 2 арт. 366 (пагроза ў дачыненні да службовай асобы, якая выконвае службовыя абавязкі); ч. 2 арт. 367 (паклёп на Лукашэнку). Суддзя Ілля Собалеў разглядаў справу ў закрытым рэжыме. Пад вартай Яўген утрымліваецца восем месяцаў. Яшчэ да суда КДБ дадаў яго ў спіс "асобаў, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці".

На сайце ПЦ «Вясна» падсумавалі вынікі пераследу па так званай "справе Зельцэра" — крымінальнай справе, у межах якой былі затрыманыя каля 200 падазраваных, не менш за палову з іх ужо асудзілі паводле розных абвінавачванняў да пазбаўлення волі.

Адміністрацыйны пераслед: у лютым 2023 года "Вясне" стала вядома пра 258 выпадкаў затрымання, 195 выпадкаў палітычна матываванага адміністрацыйнага пераследу. Суддзямі прызначана не менш як 31 адміністрацыйны арышт, 11 штрафаў.

Смяротнае пакаранне

Кампанія "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі" паведаміла, што стала вядомая дата прывядзення ў выкананне смяротнага прысуду ў дачыненні да жыхара Слуцка Віктара Скрундзіка. Прысуд набыў моц 4 траўня 2021 года. Згодна з дакументамі, якія ёсць у распараджэнні праваабаронцаў, Віктар Скрундзік быў расстраляны 16 ліпеня 2022 года. Беларускія ўлады прывялі ў выкананне смяротны прысуд праз адзін год і паўтара месяца пасля вынясення. Раней вынесены прысуд адмяняўся Вярхоўным Судом паводле скаргі абвінавачанага і ягонага абаронцы і накіроўваўся на паўторны судовы разгляд, які не ўхіліў недахопаў папярэдняга.

Катаванні і забароненае абыходжанне

Жорсткія бесчалавечныя зневажальныя ўмовы ўтрымання адміністрацыйна затрыманых і арыштаваных паводле палітычна матываваных спраў па-ранейшаму выкарыстоўваюцца ў ізалятарах органаў унутраных спраў.

Вызваленыя вязні рэгулярна паведамляюць праваабаронцам пра забароненае абыходжанне: палітзняволенага Дзмітрыя Кубарава за апошнія два з паловай гады ўжо двойчы асудзілі паводле "палітычных" спраў. Агульны тэрмін пакарання для яго склаў восем гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Тэрмін палітвязень адбывае ў вядомай частымі выпадкамі жорсткага абыходжання наваполацкай калоніі № 1. Адміністрацыя ўстановы ўвесь час цісне на хлопца: начальнік папраўчай установы Андрэй Пальчык асабіста ставіў Дзмітрыя на "расцяжку", яго рэгулярна змяшчаюць у ШІЗА, нядаўна адправілі ў ПКТ, а зараз яго збіраюцца пераводзіць на турэмны рэжым. Праз жудасныя ўмовы ўтрымання ў палітвязня пачаліся сур'ёзныя праблемы са здароўем, але ў калоніі яму не аказваюць неабходную медыцынскую дапамогу. "Вясна" распавяла, як улады пераследуюць 27-гадовага палітзняволенага Дзмітрыя Кубарава і як нечалавечыя ўмовы ў ШІЗА і ПКТ адбіліся на ягоным здароўі.

Міжнародная платформа для Беларусі па прыцягненні вінаватых да адказнасці (IAPB) выпусціла трэцюю справаздачу аб выніках працы за люты-верасень 2022 года.

У справаздачы адзначаецца, што, нягледзячы на рэпрэсіі і іншыя цяжкасці, з якімі сутыкаюцца цяпер беларусы, яны ўсё гэтак жа гатовыя дакументаваць выпадкі грубых парушэнняў правоў чалавека ў краіне. Праваабарончы цэнтр "Вясна" і Міжнародны камітэт па расследаванні катаванняў у Беларусі працягваюць збіраць інфармацыю і сведчанні ў пацярпелых/сведак, якія Платформа кансалідуе, захоўвае і аналізуе разам з інфармацыяй з адкрытых крыніц дзеля садзейнічання працэсам прыцягнення да адказнасці.

Свабода асацыяцыі

На канец лютага ў Беларусі ліквідавана ці знаходзіцца ў працэсе ліквідацыі больш за 1200 НДА.

Працягваецца крымінальны пераслед удзельнікаў разнастайных пратэсных ініцыятыў.

У Гомельскім абласным судзе 17 лютага вынеслі прысуд па "справе Рабочага руху". Дзесяць палітвязняў — Сяргей Шэлест, Уладзімір Жураўка, Андрэй Пагерыла, Ганна Аблаб, Аляксандр Гашнікаў, Сяргей Дзюба, Ігар Мінц, Валянцін Цераневіч, Сяргей Шамецька, Аляксандр Капшуль — асуджаныя да тэрмінаў ад 11 да 15 гадоў калоніі. Іх усіх абвінавацілі ў здрадзе дзяржаве, а таксама паводле шэрагу іншых артыкулаў Крымінальнага кодэкса. Усе палітвязні па справе не прызналі сваёй віны. Працэс вёў суддзя Аляксандр Піскуноў. Згодна з матэрыяламі справы, удзельнікі "Рабочага руху" "ажыццяўлялі супрацьпраўную дзейнасць па зборы і перадачы замежнай дзяржаве і арганізацыі, іх прадстаўнікам (у тым ліку спецслужбам ЗША і Літвы) службовай інфармацыі абмежаванага характару ў дачыненні да беларускіх суб'ектаў гаспадарання пра спосабы абыходу мер абмежавальнага характару (санкцый), а таксама механізмы процідзеяння такім спосабам". Паведамляецца, што некаторыя абвінавачаныя планавалі варыянты блакавання вытворчасці на "Гродна Азот" і "БМЗ".

Пераслед журналістаў і супрацоўнікаў СМІ

На канец студзеня ў месцах пазбаўлення волі ўтрымліваюцца 32 журналісты і супрацоўнікі СМІ.

Пракурор Барысаўскага раёна звярнуўся ў суд з заявай аб прызнанні інфармацыйнай прадукцыі, размешчанай на інтэрнэт-рэсурсе ex-press.bу, экстрэмісцкімі матэрыяламі. Згодна з інфармацыяй ведамства, "на названым рэсурсе рэгулярна размяшчаюцца матэрыялы, накіраваныя на распальванне сацыяльнай варожасці і варажнечы. У іх утрымліваюцца свядома непраўдзівыя звесткі, якія дыскрэдытуюць краіну, пра палітычнае, эканамічнае, сацыяльнае, вайсковае і міжнароднае становішча Рэспублікі Беларусь, прававое становішча яе грамадзян". Суд Барысаўскага раёна задаволіў заяву пракурора ў поўным аб'ёме і дапусціў неадкладнае выкананне прынятага рашэння.

Парушэнне і задушэнне свабоды сходаў, выказвання меркаванняў, асацыяцый пад выглядам барацьбы з экстрэмізмам

На канец лютага ў Пераліку асобаў, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці, налічвалася 2 487 чалавек, за месяц у спіс дадалі 117 чалавек.

Пералік экстрэмісцкіх фармаванняў, які папаўняецца рашэннямі КДБ і МУС Беларусі, утрымоўвае 116 пунктаў. У лютым у яго ўключылі "Экстрэмісцкае фармаванне «Маланка»": "Маланка Медыя" і "Маланка.LIVE".

Арыгінальная публікацыя на сайце "Вясны"

Глядзiце таксама

«І вы гатовыя даць гэтым судам права пазбаўляць жыцця?» У Варшаве паглядзелі фільм пра смяротнае пакаранне
07 кастрычніка 2024, 09:07
«І вы гатовыя даць гэтым судам права пазбаўляць жыцця?» У Варшаве паглядзелі фільм пра смяротнае пакаранне
Дыскусія і паказ фільма "Жыццё Дэвіда Гейла" прайшлі ў Беларускім Моладзевым Хабе, што ў Варшаве.
«Антывестэрнізм, затыканне дзірак ды рэпрэсіўная нага». Агляд БХК
30 верасня 2024, 14:08
«Антывестэрнізм, затыканне дзірак ды рэпрэсіўная нага». Агляд БХК
Эксперты БХК апублікавалі новы агляд трэндаў дзяржаўнай палітыкі.
«Мы вернемся ў краіну разам з канстытуцыйнай законнасцю»: Леаніда Судаленку шукае беларуская міліцыя
19 верасня 2024, 15:12
«Мы вернемся ў краіну разам з канстытуцыйнай законнасцю»: Леаніда Судаленку шукае беларуская міліцыя
Асуджанага завочна праваабаронцу Леаніда Судаленку абвясцілі ў вышук у Беларусі. Ягонае фота з’явілася на гомельскіх стэндах «Іх шукае міліцыя».
Трое новых «хросных» з Германіі для палітвязняў у Беларусі
19 верасня 2024, 14:59
Трое новых «хросных» з Германіі для палітвязняў у Беларусі
У межах кампаніі #WeStandBYyou Петэр Хайдт, Луіза Ліцына-Бадэ і Бруна Хенэль сталі "хроснымі" Аляксея Бародкі, Сяргея Шамецькі і Чэслава Канановіча.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці