Агляд «Вясны»: Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Верасень 2023 году

09 кастрычніка 2023, 09:35
Агляд «Вясны»: Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Верасень 2023 году

На фота: Алеся Лянцэвіч

Праваабарончая арганізацыя «Вясна» апублікавала чарговы аналітычны агляд стану правоў чалавека ў Беларусі за верасень 2023 году.

Высновы:

  • праваабаронцы па-ранейшаму ацэньваюць сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі як крытычную; улады працягваюць ажыццяўляць рэпрэсіўную палітыку, якая ўключае адвольныя арышты, асуджэнне, катаванні і іншыя віды забароненага абыходжання ў дачыненні да пратэстоўцаў, палітычных супернікаў рэжыму і іншадумцаў;

  • на канец верасня 2023 года ў Беларусі ў месцах пазбаўлення волі знаходзілася 1 490 палітвязняў, за месяц праваабарончая супольнасць прызнала такімі 36 чалавек; акрамя таго, каля 1 200 палітвязняў з 2020 года вызвалены ў сувязі з адбыццём тэрміну пакарання, зменай меры стрымання, прызначэннем у судзе пакарання, не злучанага з пазбаўленнем волі, ці з прычыны памілавання;

  • палітзняволеныя ў калоніях зазнаюць надзвычай жорсткае абыходжанне, ім нярэдка падаўжаюць тэрмін пазбаўлення волі падчас ці пасля адбыцця пакарання паводле прысуду;

  • асуджаныя да пазбаўлення волі сябры Праваабарончага цэнтру "Вясна": лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі, віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH) Валянцін Стэфановіч, юрыст Уладзімір Лабковіч, каардынатарка Валанцёрскай службы "Вясны" Марфа Рабкова, валанцёр Андрэй Чапюк — адбываюць пакаранне ў папраўчых калоніях;

  • праваабаронца Наста Лойка асуджаная да сямі гадоў зняволення згодна з адвольнымі палітычна матываванымі абвінавачваннямі і знаходзіцца ў следчым ізалятары ў чаканні апеляцыйнага перагляду прысуду;

  • працягваюцца адвольныя рэпрэсіі за рэалізацыю асобамі сваіх грамадзянскіх правоў; у верасні "Вясна" атрымала інфармацыю пра не менш як 386 фактаў пераследу, у тым ліку пра 339 судоў. Вядома пра 46 штрафаў агулам на 939 базавых велічыняў і 79 арыштаў агулам на 945 сутак;

  • праваабаронцы "Вясны" па-ранейшаму рэгулярна выяўляюць і дакументуюць факты ўжывання катаванняў і забароненых відаў абыходжання падчас расследавання палітычна матываваных крымінальных спраў, а таксама забароненых відаў абыходжання ў адміністрацыйным працэсе;

  • Вярхоўны суд ліквідаваў без права на апеляцыю вядомыя апазіцыйныя партыі: Беларускую сацыял-дэмакратычную партыю (Грамада) і Беларускую партыю левых "Справядлівы свет"; такім чынам, у Беларусі не засталося зарэгістраваных апазіцыйных партый, а наогул з 15 партый, што існавалі на пачатку 2023 года, у Беларусі засталіся тры.

Палітычныя зняволеныя. Пераслед праваабаронцаў

На 30 верасня 2023 года ў Беларусі налічвалася 1 490 палітычных зняволеных, 164 з іх — жанчыны. Агулам з траўня 2020 года палітычнымі зняволенымі прызнаны амаль 2 700 чалавек, уключаючы тых, хто былі вызвалены пазней у выніку змены меры стрымання, асуджэння да пакарання, не злучанага з пазбаўленнем свабоды, адбыцця пакарання, вызвалення ад пакарання. Каля 470 з іх — жанчыны.

За верасень праваабарончая супольнасць прызнала палітзняволенымі 36 чалавек. Вядома, што прысуды паводле палітычна матываваных спраў вынеслі 22 палітвязням, якія знаходзяцца пад вартай. У мінулым месяцы 30 палітвязняў адбылі свой тэрмін і выйшлі на волю.

Да 30 верасня — Дня спартовай салідарнасці — Праваабарончы цэнтр "Вясна" падрыхтаваў матэрыял пра спартоўцаў, трэнераў і прадстаўнікоў спартовай галіны, якія цяпер знаходзяцца за кратамі за сваю пазіцыю.

Найбольш цынічным інструментам ціску на палітвязняў працягвае заставацца адвольнае падаўжэнне ім тэрміну пазбаўлення волі: у дачыненні да іх ужываецца арт. 411 КК, які прадугледжвае магчымасць караць пазбаўленнем волі за здзяйсненне некалькіх дысцыплінарных правіннасцяў. Гэты артыкул па сваёй сутнасці парушае правы чалавека і актыўна ўжываецца паводле палітычных матываў. Так, палітвязня Дзмітрыя Сушчыка асудзілі паводле другой крымінальнай справы. За восем дзён да завяршэння паўтарагадовага тэрміну за абразу Лукашэнкі і "знявагу дзяржаўных сімвалаў" пачаўся судовы разгляд у дачыненні да Дзмітрыя за парушэнне парадку адбывання пакарання. У выніку мужчыну асудзілі да яшчэ 1 году і 15 дзён пазбаўлення волі.

Шэраг палітвязняў адносяцца да ўразлівых груп, а зняволенне ставіць пад пагрозу іх жыццё і здароўе. Напрыклад, у верасні 2023 года Брэсцкі абласны суд агучыў рашэнне па справе псіхалагіні-кансультанткі і выкладчыцы псіхалогіі Алесі Лянцэвіч, якая абвінавачвалася ў абразе прадстаўніка ўлады, абразе Лукашэнкі і фінансаванні дзейнасці экстрэмісцкага фармавання. Жанчына мае сур'ёзныя праблемы са здароўем — падазрэнне на цяжкае захворванне, якое ў месцах пазбаўлення свабоды ні дыягнаставаць, ні належным чынам лячыць немагчыма. Аднак стан здароўя Алесі ніяк не паўплываў на вынесены прысуд.

Пенсіянерку з інваліднасцю з Оршы Вольгу Стаброўскую суд прызнаў вінаватай у абразе Лукашэнкі і прызначыў пазбаўленне волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму тэрмінам на адзін год і тры месяцы. У адпаведнасці з матэрыяламі абвінавачвання, Вольга Стаброўская ў 2021 годзе ў сацыяльнай сетцы "Аднакласнікі" паставіла лайк і пакінула кароткі каментар, у якім экспертыза знайшла абразу ў адрас Аляксандра Лукашэнкі.

Асуджаныя да пазбаўлення волі сябры Праваабарончага цэнтру "Вясна": лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі, віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH) Валянцін Стэфановіч, юрыст Уладзімір Лабковіч, каардынатарка Валанцёрскай службы "Вясны" Марфа Рабкова, валанцёр Андрэй Чапюк — адбываюць пакаранне ў папраўчых калоніях.

Уручэнне дзясятай прэміі "Złoty Laur – 2023" за грамадскую і культурна-сацыяльную дзейнасць адбылося 19 верасня. Сёлетнім лаўрэатам у намінацыі "Асоба года" стаў Алесь Бяляцкі. У Гарміш-Партэнкірхене (Германія) 26 верасня ўручылі прэмію выбітным выпускнікам Цэнтра Джорджа Маршала. Першым лаўрэатам прэміі, заснаванай сёлета, стаў Алесь Бяляцкі, які ў 2000 годзе быў студэнтам Цэнтра.

У Віленскай прагімназіі імя Сіманаса Даўкантаса ў Дзень народзінаў Алеся Бяляцкага 25 верасня адбылася сустрэча з тутэйшымі школьнікамі. Яе арганізавала Міністэрства замежных спраў Літвы пры падтрымцы Праваабарончага цэнтра "Вясна". Менавіта на будынку гэтай прагімназіі раней была створана фрэска з выявай Алеся Бяляцкага.

Па-ранейшаму няма дакладных звестак пра лёс вядомых апазіцыйных палітыкаў, якіх улады ўтрымліваюць у строгай ізаляцыі: ад іх не прыходзіць карэспандэнцыі, яны пазбаўлены права на тэлефонныя перамовы і спатканні, у тым ліку спатканні з адвакатамі, родныя не маюць звестак пра стан іх здароўя. Гаворка пра Марыю Калеснікаву, Мікалая Статкевіча, Сяргея Ціханоўскага, Віктара Бабарыку і некаторых іншых палітвязняў, якіх працягла — на працягу некалькіх месяцаў — утрымліваюць інкамунікада. Таксама практычна ўсе палітзняволеныя істотна абмежаваныя ў ліставанні і спатканнях з роднымі і адвакатамі.

Парушэнне свабоды мірных сходаў. Задушэнне свабоды выказвання меркаванняў

Праз тры гады пасля пачатку масавых мірных пратэстаў з нагоды прэзідэнцкіх выбараў у 2020 годзе ўлады Беларусі працягваюць крымінальны пераслед удзельнікаў акцый. У верасні праваабаронцы прызналі палітзняволенымі дзесяць чалавек, асуджаных або абвінавачаных згодна з ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (Групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак) за ўдзел у мірных акцыях пратэсту ў 2020 годзе.

Сёлета 11 верасня вынесены прысуд шасці чалавекам за удзел у адным з маршаў у 2020 годзе. Мінскую настаўніцу геаграфіі Ірыну Мажарскую 19 верасня асудзілі да трох гадоў абмежавання волі за ўдзел у акцыях пратэсту. У судзе Ленінскага раёна Мінска 15 верасня паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса да двух гадоў і шасці месяцаў абмежавання волі асудзілі мінчука Станіслава Сяліцкага. Такі прысуд прызначыла Марына Клімчук за ўдзел мужчыны ў "Маршы міру і незалежнасці" 30 жніўня 2020 года. Да суда Станіслава ўтрымлівалі пад вартай.

Праваабарончая супольнасць Беларусі 18 верасня выступіла з супольнай заявай, у якой запатрабавала поўнай рэабілітацыі 150 чалавек, асуджаных за ўдзел у паслявыбарных мірных акцыях пратэсту паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса. З розных прычынаў гэтыя людзі не былі прызнаныя праваабаронцамі палітычнымі вязнямі падчас свайго зняволення, нягледзячы на адпаведнасць вызначаным крытэрам, таму заява змяшчае патрабаванне аб іх рэабілітацыі як былых палітычных зняволеных і кампенсацыі ім нанесенай шкоды.

Працягваецца адміністрацыйны пераслед згодна з абвінавачваннямі ў "несанкцыянаваным пікетаванні" фактычна за формы выказвання меркавання, якія не з'яўляюцца мірным сходам, але прыраўноўваюцца ўладамі да такіх. Напрыклад, вядомы выпадак прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці паводле арт. 24.23 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях (Парушэнне парадку арганізацыі ці правядзення масавых мерапрыемстваў) за публікацыю ў сацыяльнай сетцы фатаграфіі з мірнага пратэсту ў 2020 годзе.

Працягваецца паслядоўнае задушэнне свабоды выказвання меркавання, адбываецца крымінальны пераслед за розныя формы выказвання іншадумства, у тым ліку крытыку праваахоўных органаў. Не спыняюцца затрыманні за каментары ў сацыяльных сетках у адрас праваахоўных органаў, за падпіскі на медыярэсурсы, прызнаныя ўладамі экстрэмісцкімі, і г. д. Напрыклад, стала вядома пра затрыманне Іны Царовай за бел-чырвона-белы манікюр: у рэпартажы дзяржаўнага тэлеканала "Беларусь 4" такое спалучэнне колераў называюць "забароненай сімволікай", пазней затрыманай былі выстаўленыя абвінавачванні ва ўдзеле ў акцыях пратэсту ў 2020 годзе. Таксама стала вядома аб асуджэнні Аляксандра Ніканава на два гады пазбаўлення волі паводле арт. 368 (Абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь) і арт. 367 (Паклёп у дачыненні да прэзідэнта Рэспублікі Беларусь) Крымінальнага кодэкса за рэакцыю "клас" у сацыяльнай сетцы "Аднакласнікі" пад публікацыяй пра Аляксандра Лукашэнку.

Парушэнне правоў і свабод пад выглядам барацьбы з экстрэмізмам і тэрарызмам

За верасень спіс экстрэмісцкіх фармаванняў папоўніўся на сем пазіцый: Telegram-чат "Атолино", Светлагорскі тэлеканал "Ранак", "Честный Гродно", "Шклов 97%", "Задзіночанне Беларускіх Студэнтаў", "Prague Support Team", "Белорусский расследовательский центр". Раней з'яўлялася інфармацыя аб прыцягненні да адказнасці людзей, звязаных з гэтымі суб'ектамі.

Спіс асобаў, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці, павялічыўся на 183 пункты. Цяпер там 3 358 чалавек.

За верасень стала вядома пра больш як 300 выпадкаў ужывання ўжо класічнай рэпрэсіўнай практыкі затрыманняў за падпіскі на "экстрэмісцкія" рэсурсы. Мноства такіх затрыманняў суправаджаецца прымусовым запісам "пакаяльных" відэа, у якіх людзі пад ціскам вымушаны распавядаць пра тое, што яны былі падпісаныя на "дэструктыўныя" каналы, пра ўдзел у акцыях пратэсту ў 2020 годзе і іншыя актыўнасці, якія пераследуюцца ўладамі як непажаданыя. Артыкул 19.11 КаАП шырока ўжываецца ў выпадках, калі падазраваныя паводле палітычных матываў ужо затрыманыя, але крымінальная справа на іх яшчэ не гатовая. Таксама гэты артыкул выступае падставай для пазбаўлення чалавека волі на больш працяглы тэрмін, чым гэта прадугледжана адміністрацыйным заканадаўствам. Практыка асуджэння адразу на некалькі адміністрацыйных арыштаў запар актыўна выкарыстоўваецца беларускімі ўладамі ў мэтах палітычна матываванага ціску.

Напрыклад, Міхаіл Лапуноў, бацька палітзняволенага Мікіты Залатарова, ужо правёў за кратамі больш за 45 дзён. Яму тройчы прызначалі адміністрацыйны арышт згодна з ч. 1 арт. 19.11 КаАП, і 8 верасня суд прызначыў яму адміністрацыйны арышт у чацвёрты раз. Сын Міхаіла — Мікіта — адзін з самых маладых затрыманых у выніку пратэстаў 2020 года. На той момант 16-гадовага хлопца, хворага на эпілепсію, абвінавацілі паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса і асудзілі да 5 гадоў выхаваўчай калоніі. Пазней у дачыненні да яго распачалі і разгледзелі ў судзе яшчэ адну крымінальную справу — за тое, што ён нібыта напаў на супрацоўніка СІЗА і пагражаў ягоным родным. Агульны тэрмін пакарання для Мікіты склаў 4 гады і 6 месяцаў выхаваўчай калоніі.

Сярод арыштаваных паводле арт. 19.11 КаАП: слесар з Мёрскага раёна Сяргей Мацюк, паводле звестак "Віцебскай Вясны"; студэнт БГПУ Герман Лебедзеў; студэнт другога курсу Беларускай дзяржаўнай акадэміі сувязі; два заўзятары Магілёўскага хакейнага клуба — Яўген Кугукаў і Алег Леснікоў, згодна з інфармацыяй "Нашай Нівы"; жыхар Ліды Павел Клімашэўскі, паводле канала "Суды, задержания. Гродно и область"; фельчар-лабарант мікрабіялагічнай лабараторыі ДУ "Наваполацкі гарадскі Цэнтр гігіены і эпідэміялогіі" Генадзь Вазьміцель, у адпаведнасці са звесткамі "Віцебскай Вясны".

Сярод тых, хто атрымаў штраф паводле арт. 19.11 КаАП, — 80-гадовы краязнавец, які перажыў нацысцкі канцлагер, паведаміў “Витебск, я гуляю”. Гаворка пра старшага навуковага супрацоўніка мясцовага гісторыка-краязнаўчага музея і ганаровага грамадзяніна Верхнедзвінска Антона Буболу. Напрыканцы студзеня яго ўжо аштрафавалі на 20 базавых велічыняў (740 рублёў) паводле таго ж артыкула за публікацыю "экстрэмісцкіх матэрыялаў" у Facebook.

У верасні КДБ абнавіў "Пералік арганізацый і фізічных асобаў, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці" і дадаў у яго дзесяць чалавек, сярод якіх адзін грамадзянін Украіны. У пералік увайшлі абвінавачаныя ў тэракце (арт. 289 КК) Барыс Пухальскі, Іван Бародзіч і грамадзянін Украіны Іван Ліхалат. Іх імёны згадваліся ў фільме "Азбука тэрарыста", паказаным на дзяржаўным тэлебачанні. Акрамя іх, у спісе апынуліся асуджаныя паводле артыкулу аб распальванні варожасці (арт. 130 КК) Аляксей Бародка, Вадзім Багаўкоў, Максім Зуеў, Сяргея Рабушка, Аляксандр Напрэенка і Аляксандр Галуза. Таксама ў пералік уключылі асуджанага паводле артыкулу аб закліках да дзеянняў супраць нацыянальнай бяспекі (арт. 361 КК) Андрэя Фаміна.

У судзе Першамайскага раёна Мінска 12 верасня другі раз за тры месяцы асудзілі палітзняволенага мінчука Мікалая Васілевіча. На пачатку чэрвеня яго ўжо асудзілі да шасці гадоў калоніі за "фінансаванне экстрэмісцкага фармавання" (арт. 361-2 КК) і "фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці" (арт. 361-1 КК). Гэтым разам яго абвінавацілі ў "фінансаванні тэрарыстычнай дзейнасці" (арт. 290-1 КК). Агулам за ахвяраванні яму прызначылі дзевяць з паловай гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Парушэнне правоў журналістаў, супрацоўнікаў СМІ і блогераў

У адпаведнасці са звесткамі БАЖ, на канец верасня ў месцах пазбаўлення волі ўтрымліваюцца 35 журналістаў і супрацоўнікаў медыя.

Палітзняволенага відэааператара Вячаслава Лазарава суддзя Віцебскага абласнога суда Яўген Буруноў у закрытым пасяджэнні асудзіў да пяці з паловай гадоў пазбаўлення волі ў калоніі, а ягоную жонку, палітзняволеную Таццяну Пыцько, — да трох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі. Віцебскага відэааператара-фрылансера Вячаслава Лазарава затрымалі ў лютым пасля вобшуку. Пазней стала вядома, што яму выставілі абвінавачванне паводле арт. 361-4 КК (Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Жонку Вячаслава — Таццяну — затрымалі сёлета 6 чэрвеня. Пазней стала вядома, што яе абвінавачваюць ва ўдзеле ў дзейнасці экстрэмісцкага фармавання (арт. 361-1 КК). Мужчыну прызналі вінаватым у супрацоўніцтве з тэлеканалам "Белсат". Беларускай асацыяцыі журналістаў стала вядома, што Таццяну Пыцько таксама абвінавачвалі ў тым, што яна супрацоўнічала з тэлеканалам. У СК патрапіў архіў відэааператара, які захоўваўся на ягоных камп'ютарах і ў тэлефоне. Там знайшлі відэаздымкі, на якіх прысутнічала і Таццяна Пыцько. На думку следства, такім чынам яна ўзяла ўдзел у дзейнасці экстрэмісцкага фармавання. Дачку Таццяны і Вячаслава, якой споўніўся год і адзін месяц, адразу накіравалі на ўтрыманне ў дзіцячую лякарню, але пазней перадалі бабулі.

Катаванні і іншыя жорсткія, бесчалавечныя ці зневажальныя годнасць віды абыходжання і пакарання

Праваабаронцы працягваюць фіксаваць катаванні і іншыя акты жорсткага, бесчалавечнага, зневажальнага годнасць абыходжання.

Права не зазнаваць катаванні і іншыя жорсткія, бесчалавечныя ці зневажальныя годнасць віды абыходжання сістэматычна парушаецца падчас затрымання, адбывання адміністрацыйнага арышту, утрымання пад вартай, у месцах абмежавання ці пазбаўлення волі. Пра катаванні, іншыя віды забароненага абыходжання распавядаюць вызваленыя вязні.

У верасні 2023 года стала вядома пра ўмовы ўтрымання ў ізалятары часовага ўтрымання Мінскага раёна ўвесну 2023 года, у якіх знаходзіўся былы палітвязень Дзяніс Князеў: “У ноч на 9-га траўня нам вырашылі зладзіць катаванні холадам. Уначы адчынілі ўсе акенцы ў дзвярах у камеры, уключылі на максімум вентыляцыю і адчынілі ўсе дзверы ў калідоры. На вуліцы было вельмі холадна. Мы ўсе думалі, што проста папруцянеем ад холаду. Дадаткова кожныя паўгадзіны дзяжурны міліцыянт прабягаў па калідоры і лупіў з усёй сілы дубінкай і нагамі ў дзверы. Таму мы дрыжалі і прачыналіся. Некаторыя людзі на трэці раз ужо проста вырашылі не класціся і не спаць”.

Ягор Марціновіч пасля вызвалення на сваёй старонцы ў Facebook падрабязна распавёў пра дзень свайго затрымання: “На тумбачцы губазікі заўважылі бюст заснавальніка "Нашай Нівы" Івана Луцкевіча. Калега па прыколе прычапіў яму на галаву байцоўскі шлем. І вось калі мы ўжо сабраліся на выхад пасля ператрусу, самы агрэсіўны з губазікаў прыдумаў прыкол. Прымерыў мне гэты шлем і з размаху заляпіў па галаве. Ну што ў такой сітуацыі адказваеш? Нешта накшталт "Што вы робіце?" ці "За што?". Пасля першага ўдара я не ўпаў, таму ён паўтарыў яшчэ раз. Тут я палічыў за лепшае заваліцца, чым выклікаў яго непасрэдную радасць”.

Сёлета 22 верасня ў межах 54-й сесіі Рады па правах чалавека ААН заслухалі даклад Вярхоўнага камісара па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. На сесіі агучылі, што за тры гады, якія мінулі пасля выбараў 2020 года, сітуацыя з правамі чалавека не палепшылася. Катаванні і іншыя жорсткія, бесчалавечныя ці зневажальныя годнасць віды абыходжання і пакарання працягваюць ужывацца. "У святле беспакаранасці, што пануе ў краіне, дзяржавы-чальцы павінны актыўна падтрымліваць іншыя формы адказнасці, у прыватнасці, з дапамогай нацыянальных разглядаў, заснаваных на вызначаных прынцыпах экстэрытарыяльнай і ўніверсальнай юрысдыкцыі ў адпаведнасці з міжнародным правам".

Працягваецца супрацьпраўная практыка запісу публічных выбачэнняў ("пакаяльныя" відэа).

Знаходзячыся сёлета 19 верасня ў аддзяленні пошты, затрыманы пабачыў мужчыну з шаўронам прыватнай вайсковай кампаніі “Вагнер” і налепленым дзяржаўным сцягам Рэспублікі Беларусь, пачаў здымаць яго на тэлефон і абразіў. Пасля гэтага чалавек з шаўронам паскардзіўся ў чат-бот сілавікоў — мужчыну затрымалі.

На іншым "пакаяльным" відэа затрыманы кажа, што ўдзельнічаў у акцыях пратэсту, а пасля вырашыў напісаць у чат-бот палка Каліноўскага. Праз некаторы час яму патэлефанавалі і прапанавалі прыехаць у Віцебск, бо там нібыта "будзе пункт на адпраўку ў полк". Пасля гэтага да хлопца прыехалі міліцыянты і затрымалі яго.

Парушэнне свабоды асацыяцый

Працягваецца працэс прымусовага скарачэння колькасці недзяржаўных арганізацый і палітычных партый.

Сёлета 15 верасня Мінгарвыканкам падаў у суд пазоў аб ліквідацыі царквы "Новае жыццё". Выканкам настойвае на ліквідацыі царквы, прыпісваючы ёй экстрэмісцкую дзейнасць і, адпаведна, парушэнне закона "Аб свабодзе веравызнання і рэлігійных арганізацый". Царква "Новае жыццё" — гэта рэлігійная абшчына хрысціян поўнага Евангелля, якая шматразова зазнавала нападкі ўладаў. Будынак царквы, узведзены на сродкі вернікаў, у чэрвені 2023 года быў знесены.

Вярхоўны суд паводле пазову Міністэрства юстыцыі 20 верасня ліквідаваў апазіцыйную Беларускую сацыял-дэмакратычную партыю (Грамада).

Сёлета 26 верасня Вярхоўны суд не задаволіў скаргу Беларускай партыі левых "Справядлівы свет" на адмову Міністэрства юстыцыі ў перарэгістрацыі партыі, праінфармаваў "Позірк". Ужо 29 верасня старшыня партыі Сяргей Калякін паведаміў пра тое, што Вярхоўны суд прыняў рашэнне аб ліквідацыі партыі.

Такім чынам, з 15 палітычных партый, зарэгістраваных у Беларусі на 1 студзеня 2023 года, захаваліся тры праўладныя. Акрамя таго, сёлета ў траўні была зарэгістраваная праўладная партыя "Белая Русь". Усе апазіцыйныя партыі на гэты момант ліквідаваныя.

Падтрымка беларускімі ўладамі агрэсіі РФ, ваенных злачынцаў, пераслед за падтрымку Украіны і антываенную пазіцыю

У Беларусі паводле запрашэння Аляксандра Лукашэнкі па-ранейшаму знаходзяцца падраздзяленні расійскай прыватнай вайсковай кампаніі "Вагнер", якім для размяшчэння і стварэння вайсковай базы далі тэрыторыю і збудаванні былой вайсковай часткі на тэрыторыі Магілёўскай вобласці.

Размяшчэнне ў Беларусі наймітаў, якія абвінавачваюцца ў здзяйсненні злачынстваў супраць чалавечнасці, з'яўляецца актам ігнаравання меркавання міжнароднай супольнасці і падтрымкі здзейсненых ваенных злачынстваў, пацвярджае абгрунтаванасць абвінавачванняў у дапамаганні расійскай агрэсіі ў дачыненні да Украіны, уносіць новы элемент у пагрозы бяспецы ў Еўропе. З іншага боку, гэта ставіць пад пагрозу і бяспеку грамадзян Беларусі, стварае пагрозу нацыянальнай бяспецы і суверэнітэту.

У той жа час беларускія ўлады мэтанакіравана бязлітасна распраўляюцца з грамадзянамі за антываенную пазіцыю, падтрымку барацьбы ўкраінскага народу і войска з агрэсарам, у прыватнасці — за спробы ці за намеры далучыцца да вайсковых падраздзяленняў абаронцаў Украіны.

КДБ паведаміў пра затрыманне трох "баявых ячэек", якія нібыта працавалі на Службу бяспекі Украіны пад кіраўніцтвам грамадзяніна Украіны і хацелі падарваць у Беларусі чыгунку. З рэпартажу дзяржаўнага тэлеканала стала вядома пра затрыманне шасці чалавек паводле абвінавачвання ў супрацоўніцтве з СБУ і падрыхтоўцы тэрактаў. Пазней Камітэт дзяржаўнай бяспекі уключыў траіх затрыманых у "Пералік арганізацый і фізічных асоб, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці": грамадзяніна Украіны Івана Ліхалата і двух грамадзян Беларусі — Барыса Пухальскага і Івана Бародзіча.

Таксама ў верасні праваабаронцам стала вядома пра тое, што быў затрыманы мужчына, які напісаў у створаны праваахоўнымі органамі фэйкавы чат-бот палка імя Кастуся Каліноўскага пра намер увайсці ў шэрагі абаронцаў Украіны. Таксама затрымалі мужчыну, які абразіў чалавека з шаўронам ЧВК “Вагнер”. З абодвума затрыманымі былі апублікаваныя “пакаяльныя” відэа.

Улады Беларусі працягваюць пераслед людзей, якія перадаюць інфармацыю наконт перасоўвання ваеннай тэхнікі на тэрыторыі краіны. Так, 4 верасня быў вынесены прысуд палітычнаму вязню Андрэю Рамановічу паводле ч. 1 арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса (Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) за тое, што ён пераслаў відэа ваеннай тэхнікі ў Telegram-канал, прызнаны ўладамі экстрэмісцкім. 11 верасня пачаўся судовы працэс над Дзмітрыем Гуліным, вайскоўцам у адстаўцы, які абвінавачваецца ў дзейнасці на карысць Службы бяспекі Украіны, у тым ліку ў перадачы інфармацыі аб перасоўванні і дыслакацыі расійскіх войскаў.

Працягваюцца рэпрэсіі ў дачыненні да людзей, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю адносна вайны, якую распачалі ўзброеныя сілы Расіі на тэрыторыі Украіны. З'явілася інфармацыя пра затрыманне мужчыны за тату з гербам Украіны і надпісам, які адсылае да адказу ўкраінскага памежніка на прапанову расійскага ваеннага карабля здацца ("Русский военный корабль, иди на х...!").

Арыгінал публікацыі на сайце "Вясны"

Глядзiце таксама

«І вы гатовыя даць гэтым судам права пазбаўляць жыцця?» У Варшаве паглядзелі фільм пра смяротнае пакаранне
07 кастрычніка 2024, 09:07
«І вы гатовыя даць гэтым судам права пазбаўляць жыцця?» У Варшаве паглядзелі фільм пра смяротнае пакаранне
Дыскусія і паказ фільма "Жыццё Дэвіда Гейла" прайшлі ў Беларускім Моладзевым Хабе, што ў Варшаве.
«Мы вернемся ў краіну разам з канстытуцыйнай законнасцю»: Леаніда Судаленку шукае беларуская міліцыя
19 верасня 2024, 15:12
«Мы вернемся ў краіну разам з канстытуцыйнай законнасцю»: Леаніда Судаленку шукае беларуская міліцыя
Асуджанага завочна праваабаронцу Леаніда Судаленку абвясцілі ў вышук у Беларусі. Ягонае фота з’явілася на гомельскіх стэндах «Іх шукае міліцыя».
Трое новых «хросных» з Германіі для палітвязняў у Беларусі
19 верасня 2024, 14:59
Трое новых «хросных» з Германіі для палітвязняў у Беларусі
У межах кампаніі #WeStandBYyou Петэр Хайдт, Луіза Ліцына-Бадэ і Бруна Хенэль сталі "хроснымі" Аляксея Бародкі, Сяргея Шамецькі і Чэслава Канановіча.
Павел Сапелка аб прызнанні віны пры памілаванні
18 верасня 2024, 14:30
Павел Сапелка аб прызнанні віны пры памілаванні
Праваабаронца "Вясны" Павел Сапелка распавядае, што значыць прызнанне віны пры памілаванні і ці будзе ўлічвацца гэты фактар пры рэабілітацыі палітвязняў.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці