Агляд «Вясны»: Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі ў верасні 2022 года

13 кастрычніка 2022, 09:27
Агляд «Вясны»: Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі ў верасні 2022 года

Як найменей 413 затрыманых і 237 судоў па адміністрацыйных справах: праваабарончы цэнтр «Вясна» падрыхтаваў аналітычны агляд аб парушэннях правоў чалавека ў Беларусі за мінулы месяц.

Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Верасень 2022

Высновы:

  • больш за паўгода працягваецца развязаная Расійскай Федэрацыяй агрэсіўная вайна ва Украіне, у якой задзейнічаны размешчаныя на тэрыторыі Беларусі войскі агрэсара і выкарыстоўваецца беларуская інфраструктура. Праваабарончы цэнтр "Вясна" рашуча асудзіў дзеянні беларускіх і расійскіх уладаў, якія падрываюць асновы мірнага суіснавання народаў, парушаюць Канстытуцыю і законы Беларусі, а таксама палажэнні падпісаных міжнародных дамоваў;

  • паглыбляецца грамадска-палітычны крызіс і крызіс правоў чалавека ў Беларусі; на працягу месяца ўлады працягвалі актыўна ўжываць крымінальны і адміністрацыйны пераслед грамадзян паводле палітычных матываў, у тым ліку за антываенныя выступы;

  • у месцах няволі паводле прысудаў судоў на 1 кастрычніка знаходзіліся 1 324 палітвязні, за месяц праваабарончая супольнасць прызнала такімі 44 чалавекі;

  • у следчым ізалятары згодна з новымі адвольнымі абвінавачваннямі працягваюць утрымлівацца сябры ПЦ "Вясна": старшыня арганізацыі Алесь Бяляцкі, сябра Рады ПЦ "Вясна", віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH) Валянцін Стэфановіч; юрыст, каардынатар кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Уладзімір Лабковіч. Следчы камітэт адмовіўся ад раней прад'яўленых ім абвінавачванняў, на падставе якіх праваабаронцы больш за год утрымліваліся ў турме, і выставіў новыя, якія прадугледжваюць больш жорсткае пакаранне;

  • каардынатарка Валанцёрскай службы "Вясны" Марфа Рабкова і валанцёр Андрэй Чапюк асуджаны да 15 і 6 гадоў зняволення адпаведна;

  • сябра ПЦ "Вясна", кіраўнік Цэнтра стратэгічнай цяжбы Леанід Судаленка асуджаны да трох гадоў зняволення і адбывае пакаранне ў папраўчай калоніі; асуджаная разам з ім да двух гадоў і шасці месяцаў калоніі Таццяна Ласіца была неспадзявана вызвалена незадоўга да заканчэння тэрміна;

  • працягваюцца адвольныя затрыманні грамадзян за рэалізацыю сваіх грамадзянскіх правоў; за верасень ПЦ "Вясна" мае інфармацыю пра 413 затрыманых і пра не менш за 237 судовых пасяджэнняў паводле адміністрацыйных спраў, па якіх вядома пра накладзеныя не менш за 35 штрафаў і не менш за 46 адміністрацыйных арыштаў;

  • праваабаронцы і журналісты працягваюць фіксаваць шматлікія факты жорсткага абыходжання ў дачыненні да грамадзян, пазбаўленых волі паводле палітычных матываў, затрыманых і асуджаных да адміністрацыйнага арышту за ўдзел у мірных сходах. Наўмысна створаныя адміністрацыяй ЦІП, ІЧУ і іншых месцаў зняволення бесчалавечныя ўмовы ўтрымання для дадзенай катэгорыі арыштаваных расцэньваюцца экспертамі ПЦ "Вясна" як катаванні;

  • па-ранейшаму фіксуюцца факты ўжывання катаванняў і забароненых відаў абыходжання падчас расследавання палітычна матываваных крымінальных спраў;

  • Праваабарончаму цэнтру "Вясна" была ўручаная прэмія The Albie Awards 2022, заснаваная Фондам "Клуні за справядлівасць", у намінацыі "Справядлівасць для абаронцаў дэмакратыі".

Палітычныя зняволеныя і палітычна матываваны пераслед

Крымінальны пераслед апанентаў улады, удзельнікаў пратэсных выступаў і іншадумцаў па-ранейшаму застаецца найбольш жорсткай і запатрабаванай уладамі формай рэпрэсій. дазваляе ацэньваць іх як злачынства супраць чалавечнасці. Безумоўна бачныя рысы пераследу паводле палітычных матываў дазваляюць ацэньваць іх як злачынства супраць чалавечнасці.

Колькасць палітвязняў, прызнаных такімі праваабарончай супольнасцю, за месяц склала 44 чалавекі, іх агульная колькасць па стане на 1 кастрычніка склала 1 324 чалавекі. 

У СІЗА па-ранейшаму ўтрымліваюцца сябры ПЦ "Вясна": старшыня арганізацыі Алесь Бяляцкі, сябра Рады ПЦ "Вясна", віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH) Валянцін Стэфановіч, юрыст, каардынатар кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары Уладзімір Лабковіч. Следчы камітэт адмовіўся ад раней выстаўленых ім абвінавачванняў, на падставе якіх праваабаронцы больш за год ўтрымліваліся ў турме, і прад’явіў новыя, якія прадугледжваюць больш жорсткае пакаранне.

6 верасня 2022 г. калегія Мінскага гарадскога суда пад старшынствам суддзі Сяргея Хрыпача асудзіла праваабаронцу, каардынатарку Валанцёрскай службы Праваабарончага цэнтра "Вясна" Марфу Рабкову, валанцёра "Вясны" Андрэя Чапюка, а таксама васьмярых палітзняволеных анархістаў: Аляксандра Францкевіча, Акіхіру Гаевскага-Ханаду, Аляксея Галаўко, Аляксандра Казлянку, Паўла Шпетнага, Мікіту Дранца, Андрэя Марача, Данііла Чуля да працяглых тэрмінаў зняволення, у тым ліку Марфу Рабкову — да 15 гадоў, Андрэя Чапюка да 6 гадоў у папраўчай калоніі. З гэтай нагоды ПЦ "Вясна" выступіў з заявай, выказаўшы рашучы пратэст з нагоды асуджэння Марфы Рабковай, Андрэя Чапюка, працягу рэпрэсій у дачыненні да сябраў арганізацыі і супраць грамадзянскай супольнасці Беларусі наогул, падкрэсліваючы недапушчальнасць асуджэння васьмярых палітзняволеных анархістаў выключна ў сувязі з іх перакананнямі і негвалтоўнай рэалізацыяй сваіх правоў і свабод.

У той жа дзень улады адвольна затрымалі Насту Лойку, якая знаходзілася ў Мінскім гарадскім судзе на абвяшчэнні прысуду. 7 верасня 2022 гады ёй прызначылі паводле надуманых абвінавачванняў 15 сутак адміністрацыйнага арышту, а пасля зноў адвольна адміністрацыйна асудзілі.

Абсерваторыя па абароне праваабаронцаў, супольная праграма Сусветнай арганізацыі супраць катаванняў (OMCT) і Міжнароднай федэрацыі па правах чалавека (FIDH), была праінфармаваная пра вынясенне прысуду каардынатарцы Валанцёрскай службы Праваабарончага цэнтра "Вясна" Марфе Рабковай і валанцёру "Вясны" Андрэю Чапюку, а таксама пра адвольнае затрыманне і арышт праваабаронцы Насты Лойкі.

Сябар ПЦ "Вясна", кіраўнік Цэнтра стратэгічнай цяжбы Леанід Судаленка асуджаны да трох гадоў і адбывае пакаранне ў папраўчай калоніі; асуджаная разам з ім да двух гадоў і шасці месяцаў пазбаўлення волі Таццяна Ласіца была неспадзяваная вызвалена незадоўга да заканчэння тэрміна.

Год назад, 29 і 30 верасня 2021, па ўсёй Беларусі прайшлі масавыя затрыманні за каментары ў сацыяльных сетках пра гібель IT-спецыяліста Андрэя Зельцэра і супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка. Хуткім часам Следчы камітэт заявіў, што супраць 136 затрыманых былі распачатыя крымінальныя справы ў адпаведнасці з арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады) і арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці ці варажнечы) Крымінальнага кодэкса. Праваабаронцам вядомыя імёны 104 затрыманых па справе, палову з якіх ужо асудзілі.

Палітзняволеныя зазнаюць дадатковы, акрамя ўласна факту пазбаўлення волі, пераслед:

10-гадовая дачка затрыманай за ўдзел у пратэстах палітзняволенай Наталлі Карнеевай дагэтуль знаходзіцца ў прытулку. Вядома, што на апеку над дзяўчынкай падалі заявы трое блізкіх людзей Наталлі, але ніхто з іх не адпавядае фармальна вызначаным крытэрам — забяспечанасць жыллём, даходам, крэўнае сваяцтва.

4 верасня супрацоўнікі міліцыі затрымалі дома праваабаронцу Уладзіміра Целяпуна ў межах адміністрацыйнай справы паводле арт. 19.11 КаАП за "распаўсюд экстрэмісцкай інфармацыі" ў сеціве. Стала вядома, што сваякі мужчыны хацелі перадаць яму лекаў, аднак супрацоўнікі адмовіліся іх узяць. У выніку Уладзімір прапусціў час прыёму прэпаратаў ад ціску. Акрамя таго, праваабаронцу, як і іншым "палітычным", не давалі ні матраца, ні коўдры.

Парушэнне свабоды мірных сходаў. Здушэнне свабоды выказвання меркаванняў

На працягу апошніх двух гадоў у Беларусі не адбылося ніводнага санкцыянаванага ўладамі масавага мерапрыемства апазіцыі. Закон "Аб масавых мерапрыемствах" вызначае непераадольныя перашкоды для правядзення мірных сходаў. Найболей цяжкім парушэннем свабоды мірных сходаў і свабоды выказвання меркаванняў працягвае заставацца пазбаўленне і абмежаванне свабоды ўдзельнікаў мірных пратэстаў і іншадумцаў. Міліцыя затрымлівае, а суды дагэтуль выносяць прысуды ў дачыненні да ўдзельнікаў пратэсных выступаў 2020 года.

Таццяна Талочка — анестэзіёлаг-рэаніматолаг, працавала ў 2-й гарадской дзіцячай клінічнай бальніцы ў Мінску. Доктарку затрымалі 12 траўня 2022 года наўпрост на працоўным месцы. У жніўні 2020 года палітзняволеная выратавала ад пераследу падлетка Цімура Міцкевіча, які пасля збівання сілавікамі трапіў у кому. Супраць Таццяны распачалі крымінальную справу за ўдзел у акцыях пратэсту. За кратамі дзяўчына ўтрымлівалася амаль пяць месяцаў. Справу палітзняволенай разглядалі 30 верасня ў судзе Кастрычніцкага раёна Мінска. Суддзя Вольга Няборская прызнала яе вінаватай у "актыўным удзеле ў дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак" (арт. 342 Крымінальнага кодэкса), і прызначыла Таццяне тры гады абмежавання волі без накіравання ў ПУАТ.

Па-ранейшаму вялікая колькасць прысудаў выносіцца паводле дыфамацыйных артыкулаў — за абразу А. Лукашэнкі і прадстаўнікоў улады. Абвінавачаным прызначаюць пазбаўленне ці абмежаванне волі, а таксама велізарныя штрафы.

Напрыклад, Паўла Варапая суд асудзіў за абразу А. Лукашэнкі і прадстаўнікоў улады да трох гадоў і шасці месяцаў пазбаўлення волі, таксама з яго спагналі больш як 20 000 рублёў; Аляксандр Адзярыха за каментары ў сеціве Інтэрнэт пакараны трыма гадамі зняволення і 6400 рублямі штрафу.

Суд Ленінскага раёна Гродна 1 верасня вынес прысуд у дачыненні да 70-гадовага пенсіянера з Нясвіжа Васіля Дземідовіча, якога абвінавачвалі ў абразе прадстаўніка ўлады, суддзі, Лукашэнкі, а таксама ў арганізацыі масавых беспарадкаў.

Згодна з матэрыяламі абвінавачвання, Дземідовіч, з'яўляючыся актыўным удзельнікам канала "Карнікі Беларусі" і групы "Чат групы Карнікі" размяшчаў у Telegram паведамленні і каментары, "якія ўтрымліваюць падбухторванні, жаданне, зацікаўленасць і гатовасць да стварэння ўзброеных аб'яднанняў, накіраваныя на прычыненне шкоды", а таксама абразлівыя выказванні ў дачыненні да А. Лукашэнкі і прадстаўнікоў улады, суддзі. Рашэннем суда Васіль Дземідовіч прызнаны вінаватым паводле ўсіх прад'яўленых абвінавачванняў і канчаткова яму прызначана пазбаўленне волі на тэрмін 6 гадоў з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму са штрафам у 1600 рублёў. На карысць пацярпелых з яго таксама спагнана грашовая кампенсацыя маральнай шкоды на агульную суму 32 000 беларускіх рублёў.

Падставай для прыцягнення да крымінальнай адказнасці можа зрабіцца размяшчэнне інфармацыі ці спасылкі на асабістай старонцы ў сацыяльных сетках: у судзе Жыткавіцкага раёна суддзя Аляксандр Аношка вынес прысуд па справе Дзмітрыя Крывулькі паводле ч. 1 арт. 368 КК — за капіяванне і размяшчэнне ў інтэрнэце допіса, які быў расцэнены як абразлівы. Крывулька ў сваім акаўнце ў "Аднакласніках" размясціў відэаролік, у якім журналісты іншай дзяржавы эмацыйна абмяркоўвалі палітычную сітуацыю. У палеміцы неаднаразова гучалі рэплікі непаважлівага і абразлівага характару на адрас кіраўнікоў некаторых дзяржаваў, у тым ліку — А. Лукашэнкі. Пакараннем сталася пазбаўленне волі тэрмінам на адзін год і шэсць месяцаў у папраўчай калоніі.

У судзе Ленінскага раёна Мінска суддзя Таццяна Шоцік 6 верасня вынесла прысуд па крымінальнай справе палітзняволенага сябра БСДП з Барысава Ігара Ледніка. Ветэран партыйнага руху быў абвінавачаны ў паклёпе на А. Лукашэнку (ч. 2 арт. 367 Крымінальнага кодэкса) і пазбаўлены волі тэрмінам на тры гады ў папраўчай калоніі.

Ігар Леднік з чэрвеня па снежань 2020 года перадаў для публікацыі ў адзін з часопісаў артыкул з загалоўкам "Міжнародна прызнаны нейтралітэт Беларусі — гарантыя бяспекі ў рэгіёне АБСЕ". Гэты матэрыял быў апублікаваны ў друкаваным выданні "Пазіцыя" 28 снежня 2020 года, а 7 чэрвеня 2021 года размешчаны на ягоным сайце ў сеціве Інтэрнэт. У ім утрымліваліся звесткі, "якія ганяць і зневажаюць гонар і годнасць" А. Лукашэнкі, спалучаныя з абвінавачваннем у асабліва цяжкіх злачынствах, у тым ліку супраць бяспекі чалавецтва.

У судзе Маскоўскага раёна 15 верасня вынесены прысуд пяці зняволеным — у тым ліку чатыром палітвязням. Суддзя Сяргей Кацэр асудзіў да трох гадоў калоніі Іллю Давыдзенку, да 2,5 гадоў калоніі — Марыну Маркевіч, да паўтара года калоніі — Ганну Кісялёву, Віктару Хімароду і Максіма Мацулевіча паводле арт. 368 КК за спальванне пудзіла А. Лукашэнкі, а Давыдзенку і Маркевіч — яшчэ паводле ч. 1 арт. 342 КК за ўдзел у мірных пратэстах.

19 верасня ў закрытым пасяджэнні Магілёўскі абласны суд пад старшынствам Паўла Клімава вынес рашэнне па справе Алены Лазарчык паводле абвінавачвання ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак (арт. 342). Пазней ёй таксама паставілі ў віну ч. 1 арт. 368 КК (абраза Лукашэнкі), ч. 3 арт. 130 КК (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай ці іншай сацыяльнай варожасці ці варажнечы) і ч. 1 арт. 361-1 (стварэнне экстрэмісцкага фармавання ці ўдзел у ім). Палітзняволеную асудзілі да 8 гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі.

Супрацоўнікі МУС па-ранейшаму праводзяць "адпрацоўку" гарадоў у рэгіёнах, розных раёнаў Мінска і прыгарадаў, урываюцца ў дамы і кватэры ў пошуках доказаў нелаяльнасці, затрымліваюць на працы; праводзяць ператрусы і допыты. Рэпрэсіі па-ранейшаму могуць закрануць кожнага; прыкметай апошняга двухгадовага перыяду зрабіліся частыя арышты і іншы пераслед святароў, якія ў верасні закранулі пастара пратэстанцкай царквы Антонія Бокуна.

У ПЦ "Вясна" працягваюць прыходзіць звесткі пра адміністрацыйны пераслед за рэалізацыю права на мірны сход і свабоду выказвання меркаванняў у дачыненні да удзельнікаў мірных акцый пратэсту, у тым ліку антываенных, а таксама пра адвольныя затрыманні грамадзян за рэалізацыю свабоды выказвання меркаванняў, выкарыстанне бел-чырвона-белай сімволікі, у тым ліку ў прыватным жыллі і тэрыторыях, за распаўсюд інфармацыі.

За верасень ПЦ "Вясна" вядома пра 413 затрыманых і пра не менш за 237 судовых пасяджэнняў паводле адміністрацыйных спраў, па якіх вядома пра накладзеныя не менш як 35 штрафаў і не менш як 46 адміністрацыйных арыштаў. Гэта далёка не поўныя звесткі пра колькасць палітычна матываваных адміністрацыйных спраў: у шматлікіх выпадках далейшы лёс затрыманых невядомы праваабаронцам, паводле палітычна матываваных адміністрацыйных спраў суддзі праводзяць пасяджэнні як правіла таемна, у фактычна закрытым рэжыме пасродкам відэаканферэнцыі без абвяшчэння пра дату і месца слухання, што груба парушае працэсуальныя і канстытуцыйныя правы асобаў, у дачыненні да якіх вядзецца адміністрацыйны працэс. Адначасова назіральнікаў пераследуюць за сваю легітымную дзейнасць.

Артыкул 19.11 КаАП, паводле якога караецца распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў, увесь час выкарыстоўваецца беларускімі ўладамі дзеля рэпрэсій у дачыненні да іншадумцаў. Як правіла, караецца рэпост розных матэрыялаў грамадска-палітычнага характару з рэсурсаў, чыя інфармацыйная прадукцыя адвольна прызнаная экстрэмісцкай. За верасень спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў быў папоўнены забароненымі інфармацыйнымі рэсурсамі на падставе амаль 50 рашэнняў судоў, экстрэмісцкай прызналі ў тым ліку кнігу "Кароткі курс гісторыі Беларусі XIX — XXI стст." Анатоля Тараса. У гэты ж час МУС і КДБ прызналі экстрэмісцкімі фармаваннямі пяць суб'ектаў, уключылі ў спіс экстрэмістаў 104 новыя імені.

Катаванні. Жорсткае, нечалавечае, зневажальнае абыходжанне

"Вясна" працягвае фіксаваць наўмыснае пагаршэнне ўмоваў утрымання для арыштаваных па палітычна матываваных справах, якія ў выніку мяжуюць з катавальнымі, з'яўляюцца жорсткімі, зневажальнымі і бесчалавечнымі. Праваабаронцам і журналістам працягвае паступаць інфармацыя аб нечалавечых умовах утрымання ў ізалятарах Мінска. Затрыманыя і арыштаваныя па палітычных матывах утрымліваюцца ў перапоўненых камерах, не атрымліваюць медыцынскай дапамогі, прагулак, перадач.

Вызваленыя палітзняволеныя Арцём Майсіёнак і Наталля Падлеўска распавялі пра знаходжанне ў СІЗА, а ўдзельнік акцыі антываеннага пратэсту — пра ўмовы ўтрымання на Акрэсціна.

Ад палітвязняў даходзяць навіны пра пагаршэнне здароўя. Шмат такіх выпадкаў суправаджаецца неаказаннем медыцынскай дапамогі з боку адміністрацый калоній і СІЗА. Так, шматлікія звароты Васіля Бераснева аб аказанні медыцынскай дапамогі альбо накіраванні на абследаванне застаюцца без адказу. У актывіста аршанскага незалежнага прафсаюза РЭП, які знаходзіцца за кратамі ўжо пяць месяцаў, значна пагоршылася здароўе. Пра гэта паведамляюць сваякі палітвязня, якія атрымалі спатканне з ім. Паводле іх слоў, Васіль пакутуе ад моцных боляў у адзінай нырцы. Другую з прычыны анкалагічнага захворвання выдалілі раней — у 2018 годзе. На шматлікія просьбы і заявы палітвязня аб аказанні медыцынскай дапамогі альбо накіраванні на абследаванне яму нічога не адказваюць. Адзінае — у крытычныя моманты ставяць абязбольвальную кропельніцу, што не вырашае праблемы. Бераснева затрымалі па "справе прафсаюзаў" 19 красавіка 2022 года. Яго абвінавачваюць паводле ч. 1 арт. 342 КК.

У якасці ціску на палітзняволеных выкарыстоўваецца змяшчэнне ў ШІЗА некалькі разоў запар. Так, Яўген Прапольскі знаходзіцца ў ШІЗА цягам 2 месяцаў. Паліна Шарэнда-Панасюк пасля 40 сутак у ШІЗА змешчана туды яшчэ на 10 сутак. Сяргей Ціханоўскі з 19  жніўня знаходзіцца ў ШІЗА, Аляксандр Целяшман — з 16 жніўня. Мікалай Статкевіч таксама працягвае ўтрымлівацца ў ШІЗА. Сцяпан Латыпаў глытаў лязо і рэзаў вену на знак пратэсту супраць змяшчэння ў ШІЗА агулам на 49 дзён цягам 5 месяцаў і супраць блакавання ліставання.

Таксама сталі вядомыя падрабязнасці ціску на палітзняволенага Анатоля Латушку — пасля затрымання яго збівалі, а паказанні выцягнуты фізічным ціскам. Вядома таксама пра збіццё пры затрыманні Сяргея Ламана.

Працягваецца негуманная практыка публікацыі "пакаяльных відэа". З большасцю затрыманых пад прымусам запісваюцца пастановачныя прыніжальныя чалавечую годнасць відэа. На гэтых роліках затрыманыя людзі прызнаюцца ва ўдзеле ў акцыях пратэсту, рэгістрацыі ў плане "Перамога" ці чат-боце "Мотолько помоги", падпісцы на экстрэмісцкія каналы, а таксама напісанні абразлівых каментароў у Інтэрнэце. Пералічанае з’яўляецца шэрагам тыповых фармальных падставаў для таго, каб пазбавіць чалавека волі і распачаць пераслед за іншадумства. У верасні такія відэа з’явіліся з Юрыем Пашыным, Алегам Гайдуком, Дзмітрыем Стасевічам, Мікітам Карпенкам, Аляксандрам Захожым, Вольгай Манкевіч, Яўгенам Юнцэвічам, Кірылам Малянтовічам, Яўгенам Ганулем, Іванам Янчуком, Іллём Салаўёвым, Генадзем Драздовым, Аляксандрам Дураевым, Алегам Галубоўскім, Сяргеем Калядой разам з Уладзімірам Стасевічам, Віктарам Жаркевічам, Максімам Галавінскім, Янам Габісам, з Людмілай Віцязь, Надзеяй Шкудай, Аляксандрам Хадко, Міхаілам Апановічам, Аляксеем Марчанкам, а таксама з 53-гадовым мінчуком, 37-гадовым таксістам і дзвюма жанчынамі з Гродна, імёны якіх невядомыя.

Мазырскі праваабаронца Уладзімір Целяпун адбываў адміністрацыйныя арышты два разы запар: праз два дні пасля 10-дзённага арышту ён быў затрыманы зноў і асуджаны яшчэ на 15 сутак. Паміж першым і другім затрыманнем Уладзімір паспеў паведаміць, што ўмовы ўтрымання яму наўмысна пагаршаюць і на яго аказваюць ціск. Праваабаронца мае сур’ёзныя праблемы са здароўем, але адміністрацыя ізалятара часовага ўтрымання некалькі дзён адмаўляла яму ў перадачы лекаў. Таксама вядома, што аднойчы ў ІЧУ да яго не пусцілі хуткую дапамогу праз тое, што Уладзіміра трэба было даставіць у суд. Як паведамлялі сваякі, толькі падчас судоў яму выклікалі хуткую дапамогу, якая дапамагала яму адчуць сябе лепш.

Мінскія міліцыянты ўжылі дзіўнае "пакаранне" затрыманага Віктара Жаркевіча — яго прымусілі цягнуць у аддзяленне міліцыі дзверы ад халадзільніка з "пратэснымі" стыкерамі.

Палітвязень Аляксандр Велясніцкі, якога Лукашэнка пазбавіў вайсковага звання, распавёў пра катаванні пасля затрымання па "справе Зельцэра".

Па-ранейшаму не расследаваныя абуральныя выпадкі катаванняў, пра якія раней заяўлялі палітвязні.

Пераслед за антываенную пазіцыю

Больш за сем месяцаў доўжыцца актыўная фаза распачатай Расійскай Федэрацыяй поўнамаштабнай вайны ва Украіне, у якой задзейнічаны размешчаныя на тэрыторыі Беларусі войскі агрэсара і выкарыстоўваецца беларуская інфраструктура. Грамадзянаў пераследуюць за любыя формы антываеннага пратэсту і выказвання меркаванняў.

У прыватнасці, за каментары ў інтэрнэце ў Гродне затрыманы вартаўнік дзіцячага садка Валянцін Дуброўшчык. Яго абвінавачваюць у абразлівых каментарах у дачыненні да А. Лукашэнкі, кіраўніка вобласці У. Караніка, а таксама расійскіх салдатаў, якія ваююць ва Украіне.

1 верасня падчас лінейкі ў гімназіі № 1 Наваполацка праходзіў выступ людзей у вайсковай форме. Ганна Тукава ў сярэдзіне выступу выйшла з антываеннай акцыяй — яна стала перад імі і паказала знак "V", пасля чаго была затрымана на працяглы тэрмін (больш за тыдзень), нягледзячы на наяўнасць непаўнагадовага дзіцяці. Праваабарончы цэнтр "Вясна" праінфармаваў Спецыяльных дакладчыкаў і Працоўныя групы ААН аб парушэнні правоў затрыманай Ганны Тукавай. Паведамленні былі накіраваны Спецдакладчыкам па пытанні аб палажэнні ў галіне правоў чалавека ў Беларусі, аб заахвочванні і абароне права на свабоду меркаванняў і іх свабодным выказванні, а таксама ў Працоўныя групы па адвольных затрыманнях і па пытанні дыскрымінацыі ў дачыненні да жанчын.

У Магілёве стала вядома пра затрыманне супрацоўнікамі ГУБАЗіКа Юрыя Пашына. Прычынай гэтага сталі відэа, якія той выкладваў у сваім TikTok-акаўнце. Яны датычылі ваеннай агрэсіі Расіі ва Украіне, прычым Пашын досыць выразна займаў праўкраінскую пазіцыю. На "пакаяльным відэа" мужчыну прымусілі прызнацца ў тым, што ён не меў рацыі, падтрымліваючы Украіну, а таксама заявіць, што ён падтрымлівае дзеянні Расіі ў суседняй краіне.

У Брэсцкім абласным судзе 1 верасня суддзя Мікалай Сянько вынес прысуд Антону Малюгу паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса: ч. 1 арт. 361-4 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) і ч. 1 арт. 375-1 (незаконнае збіранне звестак, якія складаюць дзяржаўныя сакрэты). Мужчыну абвінавацілі ў тым, што ён у першыя дні вайны ва Украіне "збіраў каля Пінска звесткі пра размяшчэнне вайсковых частак", на карце Беларусі адзначыў месцазнаходжанне вайсковых частак і адправіў звесткі ва Украіну, а таксама адпраўляў тэксты ў "экстрэмісцкі тэлеграм-бот". Пакаранне — тры гады пазбаўлення волі. Суд праходзіў у закрытым рэжыме.

У Гомельскім абласным судзе 30 жніўня шэсць з паловай гадоў калоніі суддзя Анатоль Сотнікаў прызначыў 19-гадоваму Іллю Верамееву. За паведамленні ў тэлеграм-чатах сёлета ў лютым яго абвінавацілі па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч. 1 арт. 14, ч. 1 арт. 293 (замах на арганізацыю масавых беспарадкаў) і ч. 1 арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці). Такія паведамленні ў групавым чаце сталіся рэакцыяй на распачатую ўзброенымі сіламі Расіі вайну ва Украіне, у тым ліку з тэрыторыі Беларусі.

У Гомельскім абласным судзе 1 верасня да трох гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму суддзя Ірына Уладыка асудзіла 31-гадовага палітзняволенага digital-мастака Віктара Кулінку. За перадачу ў тэлеграм-канал "Беларускі Гаюн" здымка калоны расійскай вайсковай тэхнікі, якая накіроўвалася ў бок Гомеля, яго абвінавацілі ў садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці згодна з арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса.

7 верасня суддзя Гомельскага абласнога суда Анатоль Сотнікаў прызначыў палітзняволенаму Алегу Храмых 3 гады і 6 месяцаў зняволення ў папраўчай калоніі паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 КК "Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці".

Сёлета ў сакавіку Алег пабачыў расійскую вайсковую тэхніку, якая рушыла ў бок цэнтра Гомеля, зняў яе на відэа, а праз некаторы час даслаў фота, відэа, тэкставае апісанне таго, што адбывалася, а таксама характарыстыкі вайсковай тэхнікі і яе геалакацыю ў адзін з тэлеграм-каналаў, прызнаных на той момант "экстрэмісцкім", агулам не менш за 8 паведамленняў. Свой учынак мужчына растлумачыў тым, што ў інтэрнэце ён убачыў банар, які заклікае беларусаў выратаваць украінцаў, націснуў на яго і апынуўся ў тэлеграм-канале, пасля чаго даслаў у ягоны чат-бот вышэйапісаныя фота і відэа.

Віцебскі абласны суд 16 верасня вынес прысуд па крымінальнай справе наконт наўмысных дзеянняў, накіраваных на распальванне нацыянальнай і іншай сацыяльнай варожасці ці варажнечы, падрыхтоўкі да здзяйснення акту тэрарызму і наўмыснага прывядзення ў непрыдатны стан сродкаў сувязі. Абвінавачаны — палітзняволены Сяргей Канавалаў. Судовы працэс у закрытым рэжыме вёў суддзя Яўген Буруноў. Сяргей Канавалаў з'яўляўся супрацоўнікам Віцебскай дыстанцыі сігналізацыі і сувязі УП "Віцебскае аддзяленне Беларускай чыгункі". Быў затрыманы 6 сакавіка 2022 года за "падрыхтоўку акту тэрарызму". Згодна са звесткамі МУС, мужчына нібы планаваў вывядзенне з ладу сістэм, якія забяспечваюць бяспеку чыгуначнага руху. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, абвінавачванні вылучылі ў межах процідзеяння перакрыццю беларускіх шляхоў злучэння для расійскіх эшалонаў з вайсковай тэхнікай і грузамі.

Увечары 3 жніўня на тэрасе бара ў цэнтры Мінска адбыўся вулічны канцэрт мінскай спявачкі Мерыем Герасіменкі. Сярод выкананага дзяўчынай былі і песні ўкраінскай групы "Акіян Эльзы". Гледачоў на канцэрт сабралася шмат, яны публікавалі відэа ў сацсетках, нярэдка — са стыкерамі ў жоўта-сініх колерах і іншымі знакамі падтрымкі Украіны. Гэта абурыла прапагандыстаў, у выніку спявачка была асуджана да адміністрацыйнага арышту.

Гэтыя і іншыя справы фармуюць аб'ектыўнае разуменне выразнага адрознення пазіцыі беларускіх уладаў і беларускіх грамадзянаў адносна вайны і ўдзелу ў ёй Беларусі.

Пераслед журналістаў і ціск на СМІ

Працяг рэпрэсій накіраваны на знішчэнне незалежных крыніцаў аб'ектыўнай інфармацыі. У зняволенні знаходзяцца 30 журналістаў і супрацоўнікаў СМІ.

У Гродзенскім абласным судзе 14 верасня быў вынесены прысуд палітзняволенаму журналісту Дзянісу Івашыну — 13 гадоў і 1 месяц калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Таксама яму прысудзілі штраф памерам 150 базавых велічыняў (4800 рублёў). Акрамя таго, Івашын, які ўтрымоўваецца за кратамі ужо паўтара года, павінен выплаціць маральную кампенсацыю дзевяці пацярпелым — па 2000 рублёў кожнаму. Яго абвінавачвалі паводле арт. 365 (умяшанне ў дзейнасць супрацоўніка ўнутраных спраў) і ч. 1 арт. 356 Крымінальнага кодэкса (здрада дзяржаве). Такі прысуд вынес суддзя Валерый Раманоўскі. Суд доўжыўся месяц у закрытым рэжыме, таму што на працэсе "разглядалі дадзеныя, што складаюць дзяржаўную таямніцу".

У Гомелі затрымалі журналіста Яўгена Меркіса. Гэта адбылося ўвечары 13 верасня, вядома, што дома ў яго быў праведзены ператрус. Ранкам 14 верасня з'явілася інфармацыя пра тое, што Меркіса змясцілі ў ізалятар, а ў бацькі журналіста прайшоў ператрус. Былі забраныя ноўтбук і тэлефоны. У пастанове на ператрус пазначаная ч. 1 арт. 361 КК "Заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцыяў), іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспубліцы Беларусь". У цяперашні час пакаранне ў межах гэтага артыкула прадугледжвае да шасці гадоў пазбаўлення волі.

Мінскі гарадскі суд 23 верасня распачаў разгляд крымінальнай справы журналіста, рэдактара "Ежедневника" Сяргея Сацука. Журналіста абвінавацілі паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса: ч. 2 арт. 430 (атрыманне хабару), ч. 2 арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варажнечы), ч. 2 арт. 426 (перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў). Да суда журналіста змясцілі ў СІЗА № 1 Мінска.

У Мінскім гарадскім судзе 28 верасня вынесены суровы прысуд былой журналістцы Белтэлерадыёкампаніі Ксеніі Луцкіной — 8 гадоў пазбаўлення волі. Ксенію абвінавацілі ў змове ці іншых дзеяннях, здзейсненых з мэтай захопу дзяржаўнай улады (ч. 1 арт. 357 Крымінальнага кодэкса). Разглядала справу суддзя Таццяна Фалькоўская. Палітзняволеная Ксенія Луцкіна да жніўня 2020 года працавала ў Белтэлерадыёкампаніі. Пасля прэзідэнцкіх выбараў далучылася да страйку супрацоўнікаў холдынгу, а пасля пакінула пазіцыю карэспандэнткі тэлеканала "Беларусь 2" і ўвайшла ў асноўны склад Кардынацыйнай рады. Пазней Ксенія казала пра тое, што разам з іншымі журналістамі, якія звольніліся, яны планавалі стварыць "альтэрнатыўнае тэлебачанне" на YouTube. Праект развіваўся ў тым ліку пры ўдзеле Акадэміі Прэс-клуба. Першыя перадачы былі запісаны, запуск меўся адбыцца ў студзені 2021.

Пераслед адвакатаў

Нарастае ціск на адвакатаў і адвакатуру. 67 адвакатаў пазбаўлены ліцэнзій ці выключаны з тэрытарыяльных калегій, шмат хто пераследуецца паводле крымінальных і адміністрацыйных спраў. У цяперашні час у няволі ўтрымліваюцца мінімум сем адвакатаў: Максім Знак, Віталь Брагінец, Аляксандр Данілевіч, Анастасія Лазарэнка, Юлія Юргілевіч, Дзмітрый Пігуль, Максім Макараў і Анастасія Сагановіч.

Матэрыял з сайта "Вясны"

Глядзiце таксама

«І вы гатовыя даць гэтым судам права пазбаўляць жыцця?» У Варшаве паглядзелі фільм пра смяротнае пакаранне
07 кастрычніка 2024, 09:07
«І вы гатовыя даць гэтым судам права пазбаўляць жыцця?» У Варшаве паглядзелі фільм пра смяротнае пакаранне
Дыскусія і паказ фільма "Жыццё Дэвіда Гейла" прайшлі ў Беларускім Моладзевым Хабе, што ў Варшаве.
«Антывестэрнізм, затыканне дзірак ды рэпрэсіўная нага». Агляд БХК
30 верасня 2024, 14:08
«Антывестэрнізм, затыканне дзірак ды рэпрэсіўная нага». Агляд БХК
Эксперты БХК апублікавалі новы агляд трэндаў дзяржаўнай палітыкі.
«Мы вернемся ў краіну разам з канстытуцыйнай законнасцю»: Леаніда Судаленку шукае беларуская міліцыя
19 верасня 2024, 15:12
«Мы вернемся ў краіну разам з канстытуцыйнай законнасцю»: Леаніда Судаленку шукае беларуская міліцыя
Асуджанага завочна праваабаронцу Леаніда Судаленку абвясцілі ў вышук у Беларусі. Ягонае фота з’явілася на гомельскіх стэндах «Іх шукае міліцыя».
Трое новых «хросных» з Германіі для палітвязняў у Беларусі
19 верасня 2024, 14:59
Трое новых «хросных» з Германіі для палітвязняў у Беларусі
У межах кампаніі #WeStandBYyou Петэр Хайдт, Луіза Ліцына-Бадэ і Бруна Хенэль сталі "хроснымі" Аляксея Бародкі, Сяргея Шамецькі і Чэслава Канановіча.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці