Агляд «Вясны». Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Студзень 2025

05 лютага 2025, 09:20
Агляд «Вясны». Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Студзень 2025

Чарговы выпуск рэгулярнага агляда "Вясны" пра стан правоў чалавека ў Беларусі ў студзені 2025 года.

Коратка:

  • Глыбокі крызіс правоў чалавека абумовіў кантэкст фальшывых выбараў прэзідэнта ў Беларусі: А. Лукашэнка падоўжыў свае паўнамоцтвы і працягвае ўтрымліваць дзяржаўную ўладу;

  • праведзены кампаніяй "Праваабаронцы за свабодныя выбары" маніторынг усіх этапаў выбарчай кампаніі дазваляе зрабіць выснову, што выбары прэзідэнта не адпавядалі міжнародным стандартам правядзення дэмакратычных і свабодных выбараў, а таксама суправаджаліся шматлікімі парушэннямі Выбарчага заканадаўства Рэспублікі Беларусь. Усе этапы выбарчага працэсу не проста кантраляваліся ўладамі адміністрацыйна, а былі імі арганізаваныя для ўтрымання Аляксандрам Лукашэнкам улады пры імітацыі яго шырокай народнай падтрымкі;

  • на 31 студзеня 2025 года ў Беларусі ў месцах зняволення знаходзіліся 1 244 палітвязні, за месяц праваабарончая супольнасць прызнала такімі 18 чалавек; усяго з траўня 2020 года рашэнні аб прызнанні палітвязнямі прымаліся ў дачыненні да больш чым 3 715 чалавек;

  • агулам "Вясне" вядома пра больш чым 6 560 асуджаных па палітычна матываваных крымінальных справах;

  • Праваабаронцы "Вясны": лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі, віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH) Валянцін Стэфановіч, а таксама Уладзімір Лабковіч, Марфа Рабкова, валанцёр Андрэй Чапюк, а таксама праваабаронца Наста Лойка, асуджаныя да пазбаўлення волі, утрымліваюцца ў зняволенні;

  • працягваюцца адвольныя затрыманні людзей за рэалізацыю сваіх грамадзянскіх правоў; у студзені 2025 года "Вясна" зафіксавала мінімум 506 выпадкаў палітычна матываваных рэпрэсій (затрыманні, ператрусы і г.д.), якія вынікаюць з крымінальнага і адміністрацыйнага пераследу.

  • праваабаронцы па-ранейшаму рэгулярна выяўляюць, збіраюць і сістэматызуюць факты прымянення катаванняў і забароненых відаў абыходжання ў ходзе расследавання палітычна матываваных крымінальных спраў, а таксама забароненых відаў абыходжання падчас адбыцця крымінальнага і адміністрацыйнага пакарання паводле палітычна матываваных справаў;

  • улады Беларусі рыхтуюць магчымасці для новых шырокамаштабных, у тым ліку трансгранічных рэпрэсій: у працэсе прыняцця знаходзяцца змены ў Крымінальны кодэкс, паводле якіх могуць быць асуджаныя грамадзяне Рэспублікі Беларусь або асобы без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць у рэспубліцы, якія здзейснілі злачынствы па-за межамі Рэспублікі Беларусь: у пералік дадаюцца артыкулы 130 – 130-2, 289 – 290-5, 367 – 369-1, 370, 373, 374 Крымінальнага кодэкса – папулярныя артыкулы для пераследу па палітычных матывах.

Палітычна матываваны пераслед і палітвязні

На працягу студзеня зафіксавана мінімум 506 выпадкаў палітычна матываваных рэпрэсій (затрыманні, ператрусы і г.д.), якія вынікаюць з крымінальнага і адміністрацыйнага пераследу.  У тым ліку працягваліся дадатковыя праверкі і затрыманні на мяжы з Беларуссю.

Агулам з 2020 года як мінімум 7 915 чалавек сутыкнуліся з крымінальным пераследам па палітычных матывах. У дачыненні да мінімум 6 650 чалавек былі вынесеныя палітычыя прысуды.

Грамадская ініцыятыва Free Belarus Center запусціла кампанію салідарнасці з палітвязнямі "Тэма #1", якая прапануе даступныя магчымасці падтрымкі палітвязняў і адвакацыі іх вызвалення.

За студзень праваабаронцы прызналі палітвязнямі 18 чалавек. Агульная колькасць палітвязняў на канец месяца склала 1 244 чалавекі, з іх 158 жанчын і 79 чалавек з сур'ёзнымі праблемамі са здароўем. Пры гэтым, колькасць былых палітвязняў перавышае 2 500 чалавек: у студзені стала вядома аб вызваленні некалькіх дзясяткаў палітвязняў, у тым ліку 31 – у парадку памілавання.

Праваабаронцам вядома пра як мінімум 11 палітвязняў, якія ўтрымліваюцца ад некалькіх месяцаў да некалькіх гадоў у рэжыме інкамунікада – то-бок без якой-небудзь сувязі з сям'ёй і знешнім светам: Максім Знак – з 8 лютага 2023 года, Мікалай Статкевіч – з 10 лютага 2023 года, Марыя Калеснікава – з 15 лютага 2023 года, Ігар Лосік – з 20 лютага 2023 года, Сяргей Ціханоўскі – з 9 сакавіка 2023 года, Віктар Бабарыка – з 26 красавіка 2023 года, Уладзімір Кніга – з 5 верасня 2023 года, Мікалай Банькоў – са снежня 2023 года, Андрэй Навіцкі – з красавіка 2024 года, Аляксандр Арановіч – з 6 чэрвеня 2024 года, Аляксандр Францкевіч – з кастрычніка 2024 года. Таксама, у сям'і Дзяніса Сальмановіча на працягу двух месяцаў няма сувязі з палітвязнем, а таксама інфармацыі пра яго стан і месцазнаходжанне.

Шэраг палітвязняў, у тым ліку тых, каго ўтрымліваюць у рэжыме інкамунікада, на працягу апошніх месяцаў былі паказаны ў публікацыях і відэасюжэтах праўладных медыя. Так, у прысутнасці прапагандыстаў Марыі Калеснікавай раней была дазволена кароткая сустрэча з бацькам, а ў студзені Віктару Бабарыка і Ігару Лосіку – сказаць пару слоў родным на камеру і перадаць праз прапагандыстаў лісты. Тым не менш, такая паказальная дэманстрацыя палітвязняў ва ўмовах поўнай кантраляванасці і цэнзуры з боку ўладаў, пасля больш за 600 дзён адсутнасці ўсякай інфармацыі, не спыніла іх ізаляцыю ад знешняга свету і родных.

Мікалай Статкевіч, палітзняволены лідар незарэгістраванай Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада), быў намінаваны на Нобелеўскую прэмію міру 2025.

Стала вядома пра асуджэнне палітвязня Мікалая Хілы, пратэстанцкага прапаведніка ў царкве евангельскіх хрысціян-баптыстаў "Дабравесце", супрацоўніка дэлегацыі Еўразвяза ў Беларусі. Таксама ў студзені праходзіў суд над палітвязнем грамадзянінам Японіі Наканісі Масатосі. Вясна сабрала інфармацыю пра пераслед 36 палітвязняў– замежных грамадзян.

Палітвязні, якіх ужо асудзілі да пазбаўлення волі, працягваюць сутыкацца з прад'яўленнем новых крымінальных абвінавачванняў і асуджэннем на новыя тэрміны. Так, у студзені Сяргей Франчук быў асуджаны да шасці месяцаў пазбаўлення волі паводле арт. 369 КК. У дачыненні да Міхаіла Лабаня пачалося судовае разбіральніцтва па абвінавачванні ў арт. 361-2 КК, у дачыненні да Сяргея Белага была прызначаная дата суда па арт. 369 КК, па справе Арцёма Ліцевіча была прызначаная дата суда па арт. 361 і арт. 369 КК.

З абвінавачваннямі ў злосным непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы (арт. 411 КК) у другі раз сутыкнуўся актывіст анархісцкага руху Мікіта Емяльянаў, а таксама Уладзімір Кніга, які ўтрымліваецца ў рэжыме інкамунікада.

Пераслед праваабаронцаў

Праваабаронца з Мазыра Уладзімір Целяпун адбыў 15-суткавы адміністрацыйны арышт, прызначаны судом па абвінавачванні ў «распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў» (ч. 2 арт. 19.11 КаАП).

Amnesty International паўтарыла заклік да беларускіх уладаў вызваліць Насту Лойку, палітзняволенуюправаабаронцу Human Constanta, якая падвяргаецца ў няволі катаванням і жорсткаму абыходжанню. Раней арганізацыя абвясціла яе вязнем сумлення.

Працягваюць утрымлівацца ў няволі праваабаронцы Вясны. Больш за чатыры гады і чатыры месяцы знаходзяцца ў няволі Марфа Рабкова і валанцёр Андрэй Чапюк, больш за тры гады і шэсць месяцаў – Валянцін Стэфановіч і Уладзімір Лабковіч і лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі.

Адсутнасць справядлівага судовага разбіральніцтва па палітычна матываваных справах

Суды працягваюць адыгрываць актыўную ролю ў палітычна матываваным пераследзе. На працягу студзеня было вынесена мінімум 175 палітычна матываваных прысудаў і мінімум 295 палітычна матываваных рашэнняў па адміністрацыйных справах.

Так, напрыклад, 30 студзеня ў судзе Першамайскага раёна г. Мінска пачалося судовае разбіральніцтва ў дачыненні да Алены Шарафанавіч, вядомай дзіцячай анкалагіні, паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса за ўдзел у мірных акцыях пратэсту 2020 года. Справа прызначаная да разгляду суддзі Наталлі Дзядковай, унесенай у санкцыйны спіс Еўразвяза і якая мае шырокі бэкграўнд палітычна матываваных спраў: шэраг дыстанцыйных судовых працэсаў па адміністрацыйных справах над затрыманымі ўдзельнікамі мірных пратэстаў, каля 60 прысудаў па крымінальных справах, у асноўным у дачыненні да ўдзельнікаў мірных сходаў, а таксама рашэнне аб пакіданні пад вартай Марыі Калеснікавай.

Спецдакладчыкі ААН і прадстаўнікі Рабочай групы па адвольных затрыманнях зрабілі заяву ў дачыненні да парушэнняў правоў чалавека ў рамках завочных вытворчасцяў па справах, якія расследуюцца ў рамках спецыяльнай вытворчасці.

Адзначаецца практыка правядзення ў закрытым судовым пасяджэнні завочных судоў па крымінальных справах. Так, стала вядома, што на 4 лютага прызначаны разгляд у закрытым рэжыме крымінальнай справы ў дачыненні да экс-супрацоўніц TUT.BY Вольгі Лойкі, Алены Талкачовай і Кацярыны Ткачэнкі, якія знаходзяцца ў выгнанні. Закрыццё ад публікі завочнага крымінальнага разбіральніцтва ў такіх выпадках стварае дадатковыя перашкоды для магчымасці абвінавачаных даведацца сутнасць абвінавачванняў і абараніць свае правы.

Катаванні і іншыя жорсткія, бесчалавечныя і прыніжаюць чалавечую годнасць віды абыходжання. Парушэнне права на жыццё    

«Вясна» – сузаснавальніца міжнароднай платформы па прыцягненні да адказнасці для Беларусі (IAPB).

У 2024 годзе «Вясна» задакументавала 119 гісторый пацярпелых ад дзеянняў уладаў. Сведкі распавядалі пра ператрусы і затрыманні, фізічны і псіхалагічны гвалт, пра невыносныя ўмовы ўтрымання ў зняволенні і нечалавечае абыходжанне з боку сілавікоў, пра страту здароўя і вымушаную эміграцыю.

Сярод 119 чалавек, якія распавялі свае гісторыі пераследу праваабаронцам "Вясны", было 56 жанчын і 63 мужчыны ва ўзросце ад 20 да 70 гадоў. Большая частка задакументаваных гісторый тычыцца падзей 2020-2021 гадоў. У асноўным сведкі знаходзяцца ў Польшчы і Літве, а таксама ў іншых краінах Еўропы.

Падчас дакументавання сведкі паведамлялі пра пагрозы ім самім і іх блізкім з боку сілавікоў. Таксама пацярпелыя сутыкнуліся з фізічным гвалтам падчас затрымання, допытамі і зняволеннем. У некаторых выпадках сілавікі ўжывалі электрашокер. Рэспандэнты паведамлялі, што іх прымушалі запісваць "пакаяльныя відэа" – гэта ганебная практыка, якая прыніжае чалавечую годнасць. У гэтых відэа людзей пад пагрозамі збіцця прымушалі агаворваць сябе і прызнавацца ва ўдзеле ў пратэстнай або экстрэмісцкай дзейнасці. На запісах некаторыя затрыманыя зафіксаваныя збітымі. Да нядаўняга часу падобныя відэа рэгулярна публікаваліся ў праўладных тэлеграм-каналах.

Апісваючы ўмовы ўтрымання ў месцах зняволення, пацярпелыя шмат сведчылі пра тое, што ім даводзілася спаць з пастаянна ўключаным святлом у камеры. Затрыманым па розных прычынах не давалі спаць і адмаўлялі ў аказанні медыцынскай дапамогі, а таксама не выдавалі пасцельную бялізну і не вадзілі на шпацыр.

Важнай часткай сведчанняў беларусаў, якія пацярпелі ад дзеянняў уладаў, з'яўляюцца наступствы рэпрэсій. Падчас дакументавання апытаныя распавядалі пра пагаршэнне фізічнага і псіхічнага стану здароўя пасля працяглага знаходжання ў зняволенні або пасля збіцця сілавікамі. Сведкі казалі, што моцна гублялі вагу і ў іх з'яўляліся праблемы са сном.

Таксама сайт "Вясны" рэгулярна публікуе гісторыі людзей, якія падвергліся катаванням і іншым відам забароненага абыходжання:

Так, былы палітвязень Вадзім Ермашук распавёў пра тое, як спецслужбы скарысталіся яго ўразлівым становішчам прадстаўніка супольнасці ЛГБТК+ і арганізавалі бесчалавечныя прыніжаючыя ўмовы адбыцця ім пакарання ў калоніі. Акрамя гэтага, ён распавёў, як адміністрацыя калоніі эксплуатуе, заахвочвае і каардынуе нефармальныя правілы ў асяроддзі асуджаных для здзекаў над палітвязнямі і іншымі асуджанымі.

Па стане на 20 студзеня 2025 года праваабаронцам вядома не менш чым пра 282 палітвязняў, якія знаходзяцца за кратамі ў асаблівай рызыцы. У зняволенні мінімум 81 чалавек знаходзіцца ў цяжкім стане фізічнага здароўя, восем чалавек маюць інваліднасць, 35 пажылых людзей, чый узрост перавышае 60 гадоў (многія з іх маюць вялікія праблемы са здароўем), а таксама 12 чалавек з ментальнымі разладамі. Сярод палітвязняў — 30 шматдзетных маці і бацькоў. Вядома мінімум пра 10 сем'яў, дзе абодва бацькі знаходзяцца за кратамі.

Адвольна затрыманых і падвергнутых адміністрацыйнаму арышту па палітычных матывах па-ранейшаму ўтрымліваюць у бесчалавечных умовах.

Парушэнне свабоды мірных сходаў. Падаўленне свабоды выказвання меркаванняў

Рэалізацыю правоў на свабоду меркаванняў і іх свабоднае выказванне, а таксама права на свабоду мірных сходаў у Беларусі немагчыма ўявіць без рэпрэсій. Уладамі рэалізуецца палітыка дзяржаўнага тэрору і рэпрэсій, мэта якой – прымусіць людзей замаўчаць і не выказваць сваёй нязгоды з дзеяннямі службовых асобаў. Як было агучана А. Лукашэнкам на прэс-канферэнцыі 26 студзеня: "...мы пяць гадоў праводзілі такую палітыку, каб народ не раскрыў рот і не абвінаваціў нас. Вось і вынік".

У Магілёве перад выбарамі падчас этапу агітацыі, міліцыя наведвала каледжы і ліцэі, дзе папярэджвала навучэнцаў аб крымінальнай і адміністрацыйнай адказнасці за ўдзел у масавых мерапрыемствах, звязаных з выбарамі, а таксама за злачынствы "экстрэмісцкага характару". На прафілактычную інфармацыйную сустрэчу ў Магілёўскім сацыяльна-гуманітарным каледжы пры Магілёўскім дзяржаўным універсітэце імя А.Куляшова сабралі каля двухсот студэнтаў.

За студзень вядома пра не менш за 10 выпадкаў прыцягнення да крымінальнай адказнасці паводле артыкулаў 342 КК (актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак), 369 КК (абраза прадстаўніка ўлады), 368 КК (абраза Лукашэнкі), 130 КК (распальванне варожасці або варажнечы).

Захоўваецца практыка пераследу сем'яў. 16 студзеня суд Кастрычніцкага раёна горада Мінска прызнаў Дзмітрыя Жэрнасека і Лізавету Жэрнасек вінаватымі ва ўчыненні злачынства, прадугледжанага ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак), і асудзіў іх да пакарання ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на два гады і шэсць месяцаў.

Працягваецца пераслед былых супрацоўнікаў праваахоўных органаў, якія выказалі сваю нязгоду. 13 студзеня Мінскі абласны суд пачаў разглядаць крымінальную справу па абвінавачванні былых супрацоўнікаў праваахоўных органаў: Дзмітрыя Удовіна, Андрэя Дарошку, Вячаслава Ільіча, Ігара Кісляка і Віталя Папроцкага ў здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных артыкуламі 130 КК (распальванне варожасці або варажнечы) і 361 КК (нанясенне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі). 12 жніўня 2020 года абвінавачаныя запісалі зварот да сілавікоў з асуджэннем гвалту.

Працягваюць затрымліваць людзей, якія вяртаюцца дадому пасля пражывання за мяжой. Праўладныя тэлеграм-каналы паведамілі пра затрыманне пасля перасячэння мяжы цяжарнай жанчыны, якая ў 2020-м пакінула абразлівыя каментары на адрас міністра ўнутраных спраў І. Кубракова.

Парушэнне правоў і свабод на падставе барацьбы з экстрэмізмам і тэрарызмам

Улады Беларусі інструменталізавалі заканадаўства аб барацьбе з экстрэмізмам і тэрарызмам для палітычна матываванага пераследу за рэалізацыю сваіх грамадзянскіх і палітычных правоў.

Спісы суб'ектаў, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай і тэрарыстычнай дзейнасці, інфармацыйнай прадукцыі і экстрэмісцкіх фарміраванняў закладваюць аснову для пераследу, рэпрэсій і абмежаванні ў правах.

У студзені ўлады папоўнілі спіс экстрэмісцкіх фармаванняў яшчэ трыма пазіцыямі. Сярод новых суб'ектаў – сеткавыя выданні і тэлеграм-рэсурсы.

У пералік грамадзян Рэспублікі Беларусь, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці, за студзень унесена яшчэ больш за 90 чалавек. Усяго ў спісе знаходзяцца імёны 4 900 чалавек, і гэта не ўсе асуджаныя па палітычных матывах.

135 новых рашэнняў аб прызнанні інфармацыйнай прадукцыі экстрэмісцкімі матэрыяламі дапоўнілі адпаведны пералік.

Брэсцкі абласны суд 10 студзеня абвясціў прысуд Аляксандру Дарагакупцу. Суддзя Андрэй Сіз прызначыў палітвязню пяць гадоў і шэсць месяцаў пазбаўлення волі, а таксама штраф у памеры 50 000 базавых велічынь (2,1 мільёна беларускіх рублёў, каля 600 тысяч еўра). Аляксандра абвінавацілі ў пералічэнні "экстрэмісцкім фармаванням", у тым ліку Палку Каліноўскага", грашовых сродкаў і крыптавалюты ў суме не менш за 11 тысяч рублёў паводле пяці артыкулаў Крымінальнага кодэкса. У ходзе расследавання крымінальнай справы мужчына "добраахвотна пералічыў" на карысць ДУ "Чэрвеньскі дом-інтэрнат для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця", ДУ "Івянецкі дом-інтэрнат для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі фізічнага развіцця" і ДУ "Рэспубліканскі цэнтр арганізацыі медыцынскага рэагавання" 600 тысяч даляраў. Варта адзначыць, што да такіх "ахвяраванняў" падазраваных прымушаюць спецслужбы ў якасці альтэрнатывы прыцягненню да крымінальнай адказнасці; канчатковым бенефіцыярам такіх "ахвяраванняў" з'яўляецца дзяржаўны бюджэт.

Палітзняволеная Юлія Лаптановіч утрымліваецца за кратамі больш за тры гады і тры месяцы. Напачатку студзеня да «хатняй хіміі» асудзілі яе маці — Таццяну Васільеву, а муж Юліі Ігар Лаптановіч у 2023 годзе цалкам адбыў пазбаўленне волі. Жанчыну ўжо двойчы судзілі паводле крымінальных справаў, але цяпер яе зноў чакае суд. Гэтым разам Юлію абвінавачваюць паводле арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Справу пачнуць разглядаць у Брэсцкім абласным судзе 27 студзеня, суддзя — Кацярына Груда. Што менавіта ставіцца ў віну Юліі, невядома, напісала"Берасцейская Вясна".

Парушэнне правоў журналістаў, супрацоўнікаў СМІ і блогераў

Паводле звестак Беларускай асацыяцыі журналістаў, на канец студзеня 2025 года ў зняволенні знаходзяцца 42 супрацоўнікі медыя.

На 4 лютага прызначаны разгляд у закрытым рэжыме крымінальнай справы ў дачыненні да экс-супрацоўніц TUT.BY Вольгі Лойкі, Алены Талкачовай і Кацярыны Ткачэнкі, якія знаходзяцца ў выгнанні.

Намесніка старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыса Гарэцкага абвясцілі ў "міждзяржаўны" (на тэрыторыі Беларусі і РФ ) вышук, відавочна з ініцыятывы ўладаў Беларусі.

Арыгінальная публікацыя на сайце "Вясны".

Глядзiце таксама

Беларускі ПЭН: Маніторынг парушэнняў культурных правоў і правоў чалавека ў дачыненні да дзеячаў культуры. Беларусь, 2024 год
10 сакавіка 2025, 08:33
Беларускі ПЭН: Маніторынг парушэнняў культурных правоў і правоў чалавека ў дачыненні да дзеячаў культуры. Беларусь, 2024 год
Матэрыял падрыхтаваны на падставе абагульненых звестак, сабраных маніторынгавай групай Беларускага ПЭНа на працягу 2024 года.
«Нармальна не ўпісвацца ў нормы». Наста Базар — новы сезон «Жанчыны ў праваабароне»
04 сакавіка 2025, 10:00
«Нармальна не ўпісвацца ў нормы». Наста Базар — новы сезон «Жанчыны ў праваабароне»
Падкаст «Вясна прыйдзе» вяртаецца з новым сезонам «Жанчыны ў праваабароне».
Як мяняецца рэпрэсіўная практыка ўладаў Беларусі: разбіраемся разам з праваабаронцамі
04 сакавіка 2025, 09:40
Як мяняецца рэпрэсіўная практыка ўладаў Беларусі: разбіраемся разам з праваабаронцамі
Першая хваля адміністрацыйнага і крымінальнага пераследу і запалохвання грамадства, якая адбылася ў 2020-2022 гадах, ужо не можа задаволіць беларускія улады.
Выбары*2025. Фінальная аналітычная справаздача паводле вынікаў назірання за выбарамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь
04 сакавіка 2025, 08:56
Выбары*2025. Фінальная аналітычная справаздача паводле вынікаў назірання за выбарамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь
Чарговыя, сёмыя, прэзідэнцкія выбары* ў Беларусі адбыліся на фоне глыбокага крызісу правоў чалавека, выкліканага рэпрэсіямі пасля мірных пратэстаў супраць фальсіфікацый на папярэдніх прэзідэнцкіх выбарах.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці